Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Культура не можа цалкам сябе фінансаваць,

$
0
0

але ў Маладзечанскім раёне вучацца зарабляць самастойна.

У наступным годзе Маладзечна стане культурнай сталіцай Беларусі. Дадам, што горад заўсёды называлі некаранаванай сталіцай культуры Міншчыны. Штогод тут праходзіць безліч мерапрыемстваў як мясцовага, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Бясспрэчна, без адукаваных прафесійных кадраў, без маральнай і матэрыяльнай падтрымкі з боку ўлады творчыя дасягненні не былі б настолькі значнымі. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.

У хуткім часе ў Беларусі з’явіцца Кодэкс аб культуры. Пасля разгляду ў другім чытанні праект дакумента паступіць у Верхнюю палату — Савет Рэспублікі.

— Нам хацелася больш глыбока вывучыць пытанне на прыкладзе Маладзечанскага раёна, улічваючы, што ў сацыяльнай сферы дзяржава робіць шмат, — канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі Мікалай КАЗАРАВЕЦ. — Штогод на сацыяльную сферу выдаткоўваецца 12,5% сродкаў ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта вельмі значная сума, і мы павінны разумець, як выкарыстоўваюцца гэтыя асігнаванні. Каля 70% — гэта выдаткі мясцовага бюджэту. Гэта, лічу, вельмі правільна, таму што рэгіянальныя ўлады бачаць праблемы зблізку, разумеюць, куды лепш укладваць грошы.

На рамонт аб’ектаў культуры Маладзечаншчыны летась выдаткавана 2980,8 млн рублёў. Найбольш іх выкарыстана на ўпарадкаванне будынка дзіцячага цэнтра культуры «Расток». Цяпер рамантуецца раённая цэнтральная бібліятэка імя Максіма Багдановіча. Летась былі набыты мікрааўтобус, музычныя інструменты, касцюмы для калектываў мастацкай творчасці, камп’ютарнае, светлавое і акустычнае абсталяванне, мэбля… Райвыканкамам распрацавана рэгіянальная праграма па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў на 2012-2016 гады. У гэтым кірунку ўжо шмат зроблена.

— Маладзечанскі раён — адзін з лідараў Мінскай вобласці ў плане культурнага развіцця, — лічыць першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок. — Тут многія ўстановы маюць моцную матэрыяльную базу і кваліфікаваныя прафесійныя кадры.

Але, падкрэсліла Святлана Аляксандраўна, культура не можа быць цалкам на самафінансаванні — такога няма нідзе ў свеце. Разам з тым на Міншчыне імкнуцца, каб доля пазабюджэтных паступленняў пастаянна павялічвалася. І ў гэтым плане Маладзечанскі раён паказальны. У сярэднім па вобласці за 9 месяцаў гэтага года колькасць пазабюджэтных паступленняў у агульным утрыманні галіны — 8,3%. У Маладзечанскім раёне — 12,7%. Інакш кажучы, тут самастойна зарабілі 5,2 млрд рублёў. Уменне зарабляць грошы, разуменне таго, за якія культурныя паслугі чалавек можа сёння заплаціць, — гэты вопыт маладзечанцаў варты таго, каб яго распаўсюдзіць у іншых рэгіёнах.

Што датычыцца аптымізацыі, то сёння закрываюцца ўстановы неплацежаздольныя, куды не ідуць людзі, дзе слабыя матэрыяльная база, кадры. У такім выпадку ставіцца пытанне: ці патрэбна такая ўстанова? Установы, дзе ўмеюць працаваць, зацікавіць людзей, маюць права на жыццё. І гэта не толькі паказ канцэртных праграм і тэатральных пастановак. Спектр платных паслуг нашмат шырэйшы: грошы зарабляюць і музеі, і бібліятэкі, і сельскія клубы.

Пытанні кадравага забеспячэння ў галіне культуры знаходзяцца ў полі зроку кіраўніцтва раёна, у тым ліку — замацаванне маладых спецыялістаў, стварэнне ўмоў для іх працы і пражывання. У 2014—2015 гадах у Маладзечна і раён было размеркавана
15 спецыялістаў. І амаль усе яны засталіся тут.

У Маладзечне працуюць дзве сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць спецыялістаў для культурнай галіны: дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага і гімназія-каледж мастацтваў. Пасля іх заканчэння выпускнікі, як правіла, атрымліваюць у далейшым вышэйшую адукацыю ў кансерваторыі, іншых навучальных установах. Праз кожныя пяць гадоў у раёне чакаюць прытоку новых спецыялістаў.

— Мы пад вялікім уражаннем ад таго, як развіваецца культура ў рэгіёне, — падсумаваў вынікі пасяджэння Мікалай Казаравец. — Тут мы не ўбачылі нейкіх глабальных праблем. Пытанні вырашаюцца правільна і эфектыўна. І вопыт Маладзечанскага раёна варта перанесці на іншыя раёны краіны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277