Добры падарунак атрымала магілёўская міліцыя напярэдадні Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленай залы гісторыі магілёўскай міліцыі, рэканструяванай спецыялістамі таварыства «Будпраектінвест».
— Магілёўскі абласны савет ветэранаў актыўна займаецца захаваннем гісторыі міліцыі і аднаўленнем светлай памяці супрацоўнікаў, якія загінулі пры абароне нашай Радзімы ў гады вайны і ў мірны час, — адзначыў у сваёй прамове першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама, начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Васільеў. — Летась была адкрыта галерэя партрэтаў начальнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, сёлета ў маі абноўлены памятны знак з імёнамі загінулых пры выкананні службовага і воінскага доўгу. А сёння мы адкрываем залу гісторыі магілёўскай міліцыі, экспанаты якой напоўнены прыкладамі мужнасці і самаахвярнай адданасці справе, гераізму і адвагі.
У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі міліцыі з усёй вобласці, вайскоўцы тэрміновай службы в/ч 6713. Ветэраны атрымалі ўзнагароды МУС, а маладыя прадаўжальнікі іх справы першыя афіцэрскія пагоны з рук ветэрана — генерал-маёра міліцыі Барыса Алданава.
Нэлі ЗІГУЛЯ