Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Маскоўскі тэатр пакажа ў Мінску спектаклі паводле Астроўскага і Чэхава

$
0
0

Дзяржаўны акадэмічны Малы тэатр, а некалі Імператарскі маскоўскі малы тэатр, мае такі слаўны і багаты вопыт, што гісторыя гэтай установы ў нейкім сэнсе з’яўляецца гісторыяй рускага тэатра. Створаны яшчэ ў 1756 годзе, названы «домам Астроўскага» таму, што на яго сцэне ставіліся ўсе творы драматурга, Малы тэатр па сённяшні дзень захоўвае высокую планку, трымаецца традыцый і заўсёды актуальнай класікі. У першы зімні дзень ён распачаў свае гастролі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага ў Мінску.

У нашу сталіцу каманда тэатра прыехала па праграме ўзаемадзеяння з рускамоўнымі замежнымі (для Расіі) тэатрамі «Вялікія гастролі—2015. Замежная праграма», што фінансуецца Федэральным цэнтрам падтрымкі гастрольнай дзейнасці (міністэрствам культуры Расіі). Дзякуючы гэтаму чатыры дні, да 4 снежня, на сцэне тэатра імя Горкага ў Мінску паказваюць два спектаклі — камедыю «Ваўкі і авечкі» Астроўскага ў пастаноўцы аднаго з вядучых рэжысёраў Малага тэатра Віталія Іванова і ім жа пастаўлены спектакль «Вяселле, вяселле, вяселле!» па творах Чэхава «Прапанова» і «Мядзведзь». Пачалі з «Ваўкоў і авечак», дзе вобразы жывёльнага свету праецыруюцца на адносіны паміж людзьмі. У камедыі задзейнічаны народныя артысты Расіі Людміла Палякова, Барыс Неўзораў, Яўгенія Глушэнка і Людміла Цітова.

— Рэпертуар гастроляў вызначаўся жаданнем паказаць нашы найлепшыя спектаклі; акрамя гэтага, выбар быў абумоўлены тэхнічнымі магчымасцямі сцэны тэатра імя Горкага ў Мінску, — патлумачыў намеснік генеральнага дырэктара ДАМТ Віктар Барабашкін.

Спектаклі «Ваўкі і авечкі» і «Вяселле, вяселле, вяселле!» будуць паказаны ў тым жа выглядзе, у якім яны ставяцца на маскоўскай сцэне, — для гэтага Малы тэатр прывёз поўны камплект дэкарацый і апаратуру. Частку выдаткаў па арганізацыі гастроляў, акрамя ўласна расійскага міністэрства культуры, узяў на сябе і сам тэатр імя Горкага. Добра было б, калі б падобная гастрольная праграма была арганізавана для беларускіх тэатраў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277