Напярэдадні Новага года і Каляд усе мы пачынаем верыць, марыць і чакаць цудаў. Падводзім вынікі года, які літаральна праз тыдзень стане гісторыяй. Строім планы, дзе і з кім будзем сустракаць святы. А можа, і ўвогуле думаем пачаць жыццё з белага ліста ці з’ехаць у іншы горад хоць на дзень, набыўшы спантанна квіток… Пры жаданні здзейсніць падарожжа па пераднавагодняй беларускай сталіцы паглядзіце фільм «Усё, што нам трэба…» (2011) рэжысёра Івана Паўлава (вядомага беларускаму гледачу па такіх фільмах, як «Свежына з салютам», «Глыбокая плынь», «На спіне ў чорнага ката», «Навагоднія прыгоды ў ліпені»).
Clik here to view.

«Усё, што нам трэба…»
Галоўны пасыл карціны працягласцю ў чатыры серыі ў тым, што для людзей няма нічога немагчымага. І найлепшае месца для такой гісторыі — гэта вялікі горад. У нашым выпадку ўсе падзеі адбываюцца ў беларускай сталіцы за чатыры дні да надыходу Новага года. Тут жывуць бізнесвумен Дзіяна Арцем’ева, пісьменнік Вадзім Буржэ, хакеіст Дзяніс Чашчын, студэнтка Даша Качаліна, хатняя гаспадыня Святлана Астахава і многія іншыя персанажы. Яны звычайныя людзі, за якімі можна назіраць у звычайным жыцці…
Дарэчы, першае ўражанне ад герояў можа аказацца падманным. Святлана мае мужа і дваіх сыноў. Даша вучыцца ва ўніверсітэце і любіць кнігі. Дзіяна кіруе ўласнай кампаніяй. Вера працуе правадніцай. Кожнаму сваё, як той казаў. Аднак узнікае пытанне: ці дастаткова «засвоіць» у жыцці пэўную ролю, каб быць шчаслівай? Калі ёсць грошы, то цану ведаеш не ўсяму. Аднастайнасць сямейнага жыцця, дзе кожнае «заўтра» паўтараецца, «дзень сурка», аднойчы набівае аскому… І што тады? Бывае, у справу ўмешваецца лёс і дарыць сустрэчу з новым чалавекам, а потым мы самі крок за крокам мяняем сваю гісторыю… Як, напрыклад, Даша, якая ў кніжнай краме, дзе кнігі класікаў ляжаць на падлозе, а побач сучасны аўтар жаночых раманаў раздае аўтографы, просіць падпісаць і для яе экзэмпляр. Яна нават не ведае, чым абернецца для многіх гэтая просьба. Робіш крок — рыхтуйся да наступстваў…
Нам заўсёды даецца шанц пачаць жыццё спачатку. Але, як адзначае адзін з герояў фільма, «навошта мне купляць востраў, калі я буду на ім адзін»?
Clik here to view.

«Хто тут добры, адгадайце».
Бізнес-лэдзі Дзіяна — добрая «ілюстрацыя» жанчыны, якая мае поспех і мужчыну (ён, дарэчы, любіць не яе, а яе грошы), і ўсё ж адчувае сябе няшчаснай. Вырашае ўзяць на выхаванне дзяўчынку з дзіцячага дома. Ці стане такі ўчынак магчымасцю рэалізаваць сябе ў новай ролі і як гэта паўплывае на яе ўспрыманне навакольнага свету? У фільме гучыць яшчэ адно важнае пытанне: дзе сёння знайсці дастойнага мужчыну? Разгледзець яго ў прывабным пакупніку ў краме альбо ў «бяздомным» безбілетніку на вакзале, які потым можа аказацца вядомым хакеістам? Слухайце сваё сэрца!..
Акцёрам верыш і не ўспрымаеш іх жыццё на экране як ігру. Зачароўвае і музыка ў выкананні гурта «Мегаполіс». (Сярод станоўчых водгукаў знайшла такі: «Цудоўны пераднавагодні фільм пра рэальнае каханне. Падыдзе для сямейнага прагляду. Добрая музыка, выдатная ігра акцёраў і чароўныя зімовыя пейзажы… Фільм атрымаўся па-сапраўднаму душэўным. А гэта тое, што нам трэба».)
Clik here to view.

«Часам трэба толькі азірнуцца».
Кажуць, хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага. Аднак не ўсе і не заўсёды застаюцца ў выйгрышы… Не заўсёды «келіх чароўнага напою» (няхай гэта новыя пачуцці, жаданне рэалізавацца ў працы) нам на карысць. Тут варта спыніцца і прыслухацца да сябе, агледзецца навокал і проста не забываць пра тое, што адносіны патрабуюць штодзённай працы, адказнасці за словы і ўчынкі. Напрыклад, руціна сямейнага жыцця не знікне, калі «асвяжыць» яе раманам з незнаёмцам (так адбываецца ў Святланы з палкоўнікам Сяргеем). Разам з тым можна выйсці замуж дзеля штампа (так робяць героі Дзіяны і Анатоля), а потым і ўсё астатняе прыйдзе.
Калі вельмі моцна верыць і чакаць цудаў, то яны абавязкова здараюцца. Фільм «Усё, што нам трэба…» можна лічыць проста чарговай варыяцыяй на тэму «Каханне — аснова ўсяго», пакуль не пачынаеш разумець, што ўсё неадназначна. Акрамя белага і чорнага колераў, у жыцця існуе безліч адценняў. І толькі тыя людзі, якія даражаць намі, здольны дапамагчы нам у барацьбе з абставінамі. Як кажа гераіня Святланы Зелянкоўскай: «Нашы каханыя заўсёды ў нашых думках і ў сэрцы. І ўсё, што нам трэба, — проста быць побач… А калі гэтага няма, то навокал шэрая цемра, холад і няма чым дыхаць»… Хто ведае, можа, у гэты Новы год і вы сустрэнеце героя свайго рамана? Выпадковасць — гэта ж псеўданім Бога, калі той не хоча падпісвацца. І калі свет уратуецца не прыгажосцю, то абавязкова — каханнем!
Clik here to view.

«Сяброўства паміж мужчынам
і жанчынай магчымае».
Алена ДРАПКО.
drapko@zviazda.by
Прыгоды з каларытам
Можна параіць для прагляду яшчэ на два фільмы рэжысёра Івана Паўлава, якія таксама прасякнуты атмасферай навагодніх свят. Першая кінакамедыя «Свежына з салютам» (2001), а другая гісторыя — «Навагоднія прыгоды ў ліпені» (2008).
Калядная камедыя «Свежына з салютам» — гэта аповед пра двух прыяцеляў, Язэпа і Сцяпана, якія жывуць у адной вёсцы. Першы — аматар рыбачыць і паляваць, а другі вядомы ў вёсцы майстар на ўсе рукі. А пачынаюцца ўсе прыгоды з прыезду Анатоля (сына Сцяпана). Наваспечаны лейтэнант атрымаў трохдзённы водпуск для жаніцьбы. Перадвясельныя клопаты ў вёсцы і становяцца падставай для вясёлай блытаніны і мітусні… У фільме зняліся Генадзь Аўсяннікаў, Вольга Клебановіч, Вольга Петрачкова, Яўген Лявонцьеў і іншыя акцёры. У іх кампаніі фільм працягласцю ў гадзіну з лішнім праляціць як адно імгненне.
Clik here to view.

«Свежына з салютам».
І, калі раптам пажадаеце працягу, то глядзіце карціну «Навагоднія прыгоды ў ліпені» (пры яе стварэнні Іван Паўлаў працаваў у тандэме з рэжысёрам Аленай Туравай). Сярод акцёрскага складу Ігар Бочкін, Ліза Лазарэвіч, Марыя Забара, Васіль Кубекін, Сяргей Журавель, Данііл Співакоўскі… Прыгоды, добрая музыка і камп’ютарныя эфекты складаюць аснову фільма. Яго можна глядзець усёй сям’ёй альбо ў вясёлай кампаніі сяброў. Тады ўсе змогуць даведацца, што ліхадзеі, якія не любяць Новы год, нават летам на варце. Нашы юныя героі «перанясуцца» ў віртуальны свет, каб прадухіліць страшную змову зламыснікаў, якія хочуць знішчыць усе святы на нашай планеце. Калі нейкім святам дзеці і гатовы ахвяраваць, то Дзеда Мароза і Снягурку будуць абараняць да апошняга. А ўлічваючы, што нашы юныя героі добра арыентуюцца ў віртуальным свеце, ліхадзеям прыйдзецца нясоладка. Але ці ўдасца дабру чарговы раз перамагчы зло? І ці на ўсё гатовы дзеці, каб любімыя святы засталіся на сваіх месцах і працягвалі радаваць зямлян?
Clik here to view.

«Навагоднія прыгоды ў ліпені».