Для вызначэння археалагічных артэфактаў будуць створаны спецыяльныя камісіі.
Згодна з Указам Прэзідэнта № 485, падпісаным літаральна нядаўна і скіраваным на ахову археалагічных аб’ектаў і артэфактаў, усе прыватныя ўладальнікі такіх каштоўных рэчаў павінны да 1 студзеня 2017 года ўключыць іх у дзяржаўны рэестр археалагічных артэфактаў. З гэтай нагоды пачалі з’яўляцца пытанні, што ж будзе лічыцца артэфактам і ці не трапяць туды выпадкова, напрыклад, сямейныя рэліквіі?..
Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі патлумачыў, што ў наступным годзе ў Беларусі будзе створана спецыяльная камісія для вызначэння археалагічных артэфактаў. Прадуманы спецыяльны механізм, з дапамогай якога будзе адбывацца такая працэдура. У склад камісіі ўвойдуць спецыялісты адпаведнага профілю. Яна будзе дзейнічаць пры Мінскім гарвыканкаме і аблвыканкамах, куды можна будзе падаць свае прадметы, і камісія вызначыць — артэфакт гэта ці не.
Калі прадмет сапраўды з’яўляецца каштоўнасцю, яго трэба будзе зарэгістраваць у спецыяльным рэестры Нацыянальнай акадэміі навук. Але гэта не значыць, што Акадэмія навук забярэ артэфакт, адзначае Ігар Чарняўскі. Гэта робіцца з мэтай даведацца, што ў каго ёсць, каб мець магчымасць увесці прадметы ў навуковы і культурны ўжытак.

Адзін са шматлікіх пярсцёнкаў (гэты, верагодна, — XVІІ стагоддзя), выстаўленых на Беларускім скарбашукальніцкім партале.
Спецыяліст адзначыў, што аматарам прыборнага пошуку і калекцыянерам не будзе чыніцца вялікіх перашкод у іх дзейнасці. Але рабіць гэта трэба згодна з заканадаўствам. Ва ўказе Прэзідэнта прапісана, што для правядзення пошуку археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў могуць прыцягвацца грамадзяне падчас студэнцкай практыкі, падсобныя рабочыя і спецыялісты на дагаворных асновах. Але галоўнае, што за такімі дзеяннямі ўсё роўна павінен стаяць прафесійны археолаг, пэўная профільная арганізацыя, на адрас і імя якой выдадзены адкрыты ліст — дазвол Нацыянальнай акадэміі навук на правядзенне археалагічных раскопак
Ніна Шчарбачэвіч