Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Ёсць у Оршы такая вуліца…

$
0
0

Не сакрэт, што ў нашай краіне вуліцы ў гарадах часта мянялі свае назвы. У старажытнай Оршы сумным «рэкардсменам» па перайменаваннях можна смела называць невялікую вуліцу, якая знаходзіцца амаль у цэнтры горада. Пасля таго, як на ёй прадпрымальнікам Вайнбергам у 1883 годзе быў заснаваны піваварны завод, на карце горада і з’явіўся Вайнбергаў завулак. Піва, дарэчы, славілася далёка за межамі Оршы. Нават атрымала некалькі залатых медалёў на міжнародных выставах.

29-20

«Велічны гмах піўзавода» сёння

Дзесьці ў другой палове 1920-х гадоў завулак быў названы ў гонар Усевалада Ігнатоўскага, выдатнага вучонага і арганізатара асветы ў БССР, адметнага дзеяча новага беларускага Адраджэння. Для аршанцаў ён асабліва дарагі як аўтар думкі, што ў 850-х гадах Орша была цэнтрам удзельнага княства, а ў 1928 годзе Ігнатоўскі наведаў горад і выступіў у «Доме асветы». Праўда, калі яго беспадстаўна абвінавацілі ў «нацыянал-дэмакратызме» (каб пазбегнуць смерці ад рук сталінскіх катаў, ён у 1931 годзе скончыў жыццё самагубствам), была «рэпрэсавана» і назва вуліцы.

Яна стала насіць імя «першага чырвонага афіцэра» — сталінскага маршала Кліма Варашылава. Наогул, 1930-я гады — гэта вельмі складаны час, калі энтузіязм будаўніцтва новага жыцця спалучаўся з трагедыяй палітычных рэпрэсій. Вуліцу канца 1930-х гадоў можна смела назваць «расстралянай», бо, па сведчанні яе жыхара Я. Сакалова, на вуліцы было тады 26 дамоў, і толькі ў трох з іх не пабывалі агенты НКУС…

У 1941 годзе фашысты і іх мясцовыя памагатыя хутка перайменавалі вуліцу ў нейтральную Браўэрштрасэ (Півавараная вуліца). А ў другой палове 1940-х гадоў на вуліцы пачалося будаўніцтва прыватных дамоў. «Інтэлігенцкай» яна стала называцца, бо большасць пабудаваных дамоў належала настаўнікам, урачам, бухгалтарам.

Менавіта на ёй, у доме №10, у пасляваенны час жыла сям’я Уладзіміра Караткевіча. Тут ён жыў і ў 1956—1958 гадах, калі працаваў настаўнікам у Оршы. Сюды, на гэтую вуліцу, часта прыязджаў у родную хату, дзе добра пісалася. У яго было сваё працоўнае месца на гарышчы, у зацішку. Тут з-пад пяра Караткевіча выйшла славутая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Каля роднай хаты цяпер расце каштан, які Уладзімір Сямёнавіч прывёз з Кіева і пасадзіў у памяць сяброў і родных, якія загінулі.

29-21

Мемарыяльная дошка Уладзіміру Караткевічу

24 лістапада 1961 годзе вуліца была перайменавана ў вуліцу Касманаўтаў. З такой назвай яна назаўсёды ўвайшла ў гісторыю прыгожага беларускага пісьменства. «Самай мне любай вуліцай з усіх, што ёсць на зямлі» прысвечаны верш паэта «Вуліца Касманаўтаў». «Адзіная з тысяч вуліц, ты — святло маё і любоў», — усхвалявана пісаў малады творца. Было б цудоўна, каб так пра сваю вуліцу мог сказаць кожны гарадскі жыхар! А вуліца ў 1987 годзе атрымала імя Уладзіміра Караткевіча — вялікага сына Аршанскай зямлі. У дні святкавання 60-годдзя пісьменніка на вуліцы з’явіліся дзве мемарыяльныя дошкі. Адна — на пачатку вуліцы — з гарэльефам і аўтографам пісьменніка, выкананая скульптарам Юрыем Паляковым. Дарэчы, на ёй Караткевіч названы народным пісьменнікам Беларусі (хоць і не меў такога звання афіцыйна, але, безумоўна, яго заслужыў). Другая — на доме сям’і Караткевічаў. На жаль, пасля смерці сёлета ягонага апошняга гаспадара — мужа роднай пляменніцы Караткевіча, дом стаіць пусты і лёс яго пакуль невядомы…

А спускаецца вуліца да ўсімі любімага Дняпра, дзе знаходзіцца яшчэ адна важная і неабходная арганізацыя — станцыя выратавання на вадзе. Згадваюць тут і цікавую гісторыю з ліпамі, што растуць на самым беразе ракі, насупраць дома №19. Іх пасадзілі ў 1914 годзе, 14 дрэўцаў (па годзе пачатку Першай сусветнай вайны). Захавалася да нашага часу 11 (тры паваліла моцная бура ў жніўні 2000 года).

Вось такая маленькая вуліца з такой вялікай і багатай гісторыяй.

Віктар Лютынскі. Фота аўтара


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277