У Залессі адкрылася адноўленая сядзіба кампазітара.
Многія нашы слаўныя суайчыннікі знайшлі сабе надзейную «прапіску» ў культурах іншых народаў. І мы не можам скардзіцца на суседзяў за тое, што быццам прысвоілі сабе наша. Яны папросту своечасова сабралі ўсе гістарычныя звесткі, што яднаюць дзеячаў з іх зямлёй, адразу ўвекавечылі іх — у памятных дошках, кнігах, назвах вуліц, гэтым паспрыяўшы замацаванню ў свядомасці сваіх народаў. А мы, шчыра кажучы, проста паленаваліся тое зрабіць, добраахвотна аддаўшы сваю спадчыну іншым.
Аднак ёсць герой, якога сапраўды можна лічыць беларускім нацыянальным. Гэта Міхал Клеафас Агінскі. Суседнія народы шануюць яго, але не прэтэндуюць на поўнае валоданне памяццю. Літоўцы і рады б запісаць у шэрагі сваіх дзеячаў Агінскага, ды ў іх краіне жылі толькі яго дзеці і ўнукі. Палякі часам абвінавачваюць Агінскага ў здрадзе за тое, што ён вымушаны быў ісці на паклон да расійскага імператара. Рускія, натуральна, не прэтэндуюць на гэтага дзеяча, які ў межах Расійскай імперыі імкнуўся адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае, нават склаў яго канстытуцыю. Украінцы прызнаюць і шануюць талент кампазітара, аднак з іх зямлёй яго біяграфія пераплецена не надта шчыльна. Затое ў Беларусі ён пражыў самыя шчаслівыя 20 гадоў, менавіта ёй прысвечаны славуты паланэз «Развітанне з Радзімай».
Агінскі марыў пра аднаўленне вольнай Бацькаўшчыны. З дзяцінства ён рыхтаваўся да дыпламатычнай кар’еры, ужо ў маладым узросце займаў палітычныя пасады. Але праславіўся ён найперш як кампазітар. Калі Агінскі прыйшоў на прыём да імператрыцы Кацярыны, каб дамагчыся вырашэння сваіх палітычных інтарэсаў, яна заўважыла, што ўсе дваране танцуюць пад яго паланэз. Ва ўсіх музычных салонах Еўропы таксама нязменна гучала музыка гэтага кампазітара.
Планы Агінскага па аднаўленні краіны ў межах Расійскай імперыі не спраўдзіліся. Не ажыццявіліся і яго спадзяванні на Напалеона, які таксама не праявіў цікавасці да аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага. Усё тое, чым жыў наш суайчыннік, абрынулася. Нічога не заставалася яму, як толькі ў родавым маёнтку ў Залессі стварыць сваю маленькую ідэальную краіну. І гэта яму ўдалося.
Калі трапляеш у Залессе, адразу адчуваеш яго асаблівы рамантызм. Нават сам парк вакол сядзібы быццам захоўвае дух кампазітара. Дрэвы растуць на невялічкіх узгорках. Сцежкі то пераплятаюцца адна з адной, то хаваюцца, то зноў выслізгваюць дзесьці наперадзе. Сентыментальныя белыя лавачкі быццам запрашаюць цябе прысесці і паразважаць пра нешта высокае. Да сядзібы вядзе прасторная дарога, абсаджаная высачэзнымі дрэвамі. Аднак гэта толькі частка таго, што было пры творцы. Пасля аднаўлення сядзібы пачалі весці размовы, што наступны крок — аднаўленне парку.
На ўрачыстым адкрыцці сядзібы, якое адбылося ў дзень народзінаў кампазітара — 25 верасня, прысутнічала шмат шаноўных гасцей: прадстаўнікі дыпламатычных місій, нашчадкі творцы, прадстаўнікі літоўскіх гарадоў-пабрацімаў Смаргоні, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і многія іншыя. Якой жа ўбачылі яны адноўленую сядзібу?..
Рэстаўрацыя закранула не толькі знешні выгляд колішняга ўладання кампазітара. Адноўлена і ўнутранае аздабленне інтэр’ераў, якое цяпер не саступае Міру і Нясвіжу. У гэтым упэўнена аўтар экспазіцыі — дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. Менавіта яе руплівымі рукамі аднаўляліся шыкоўныя пакоі.
Прызнацца, тое, што створана ўнутры палаца, сапраўды ўразіла. Веліч і прыгажосць. Гэта павінен убачыць кожны. Некалькі вестыбюляў, вялікая і малая гасцёўні, кабінет кампазітара, тэатральна-музычная зала. Усталяваны тут нават більярдны стол — ён быў традыцыйным атрыбутам сядзіб таго часу. Маецца нават уласная аранжарэя: кампазітар вельмі любіў экзатычныя расліны, піў гарбату са сваімі гасцямі пасярод такога незвычайнага саду. У адной з галерэй зроблена элегантная кавярня — пасярод высокіх белых калон размешчаны плеценыя столікі са шкляной паверхняй, побач — такія ж крэслы. Наведвальнікі могуць зайсці сюды не толькі на кубачак кавы, але і каб падсілкавацца.
Зінаіда Кучар адзначае, што ўся мэбля, размешчаная тут, тыповая для XІX стагоддзя. Яе замаўлялі па каталогах антыкварных крам.
Таму, завітаўшы ў Залессе, трэба абавязкова не толькі паблукаць па ўзнёслых ваколіцах сядзібы, але і прагуляцца па аранжарэі з экзатычнымі раслінамі, наведаць напоўненую святлом бялюткую кавярню. Дарэчы, падчас адкрыцця нас, акрамя іншых прысмакаў, частавалі выдатнай беларускай стравай — цэпелінамі. Таму будзьце ўпэўнены, што гатуюць у гэтай кавярні вельмі смачна.
Сядзіба толькі адкрылася, а на выхадных тут ужо няспынна, адна за адной, ішлі экскурсіі. Дырэктар сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Людміла Градзіцкая адзначыла:
— У мінулым годзе, калі ў нас працавала толькі адна зала, прынялі 4000 турыстаў. А сёлета да нас ужо завітала 13 000 наведвальнікаў. Верагодна, што пасля адкрыцця адноўленых інтэр’ераў іх будзе ў два разы больш. Людзі ўжо цікавяцца, тэлефануюць. У суботу і нядзелю мы праводзілі экскурсіі праз кожныя 15 хвілін… Тут жыве дух Міхала Клеафаса Агінскага, ён лунае над намі. Тут прысутнічае пэўны рамантызм і людзі сябе вельмі добра адчуваюць. У кнізе водгукаў нашы наведвальнікі часта пакідаюць нават… свае вершы. Мы, мясцовыя, даўно марылі, каб сядзіба адкрылася. І цяпер для нас гэта вялікі гонар.
Нельга не згадаць і пра адну цікавую традыцыю, якая з’явілася падчас адкрыцця сядзібы — дарыць ёй аўтэнтычныя рэчы. Так старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі прафсаюзаў Ганна Джумкова падарыла аўтэнтычную скрыню XІX стагоддзя для лістоў. Цяпер у ёй будзе захоўвацца ліставанне кампазітара. Для таго, каб набыць такі каштоўны падарунак, усе ўдзельнікі арганізацыі рабілі добраахвотныя ўнёскі. Сапраўды добры прыклад для пераймання.
Свята 250-годдзя Агінскага ў Залессі гуло і спявала. Тут прайшлі спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра «Паланэзы на вяртанне», выступленне залескага тэатра «Батлейка». Правялі пленэр па стварэнні сучасных пейзажаў ваколіцы. Гледачы ўбачылі тэатралізаваны паказ конна-спартыўнага клуба «Залатая шпора».
У суботу ў Залессі прайшоў сапраўдны баль. Яго — згодна з усімі традыцыямі і канонамі арыстакратычнага мерапрыемства — правялі вопытныя рэканструктары. Танцавала ў сядзібе кампазітара ў гэты дзень каля 60 гасцей.

Даследчыца жыцця і творчасці Агінскага Святлана Немагай сваё выступленне на навукова-практычнай канферэнцыі суправаджала музычнымі «ілюстрацыямі».
Мясцовы настаўнік гісторыі распавёў карэспандэнту «Звязды», што за часам незалежнасці ў Беларусі дзень народзінаў Агінскага ў Залессі заўсёды адзначаўся надзвычай весела. Гэта сапраўднае свята для ўсіх месцічаў. Яшчэ з пачатку 1990-х гадоў залесцы збіраліся тут і ладзілі свае імправізаваныя пастаноўкі. Пасля частаваліся мясцовым напоем, так званай «амброзіяй», і цешылі сябе думкай, што ўжываюць напітак, які даваў маладосць і бяссмерце жыхарам Старажытнай Грэцыі. Заядалі ўсё вялізным пірагом, складзеным з канапэ з хлеба і сала. Да свята заўсёды далучалася 30-40 студэнтаў з Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Дзякуючы такому вясёламу кагалу народзіны кампазітара гулі амаль на ўсю Беларусь.
Сам Агінскі вельмі любіў прымаць гасцей і добра рабіў гэта. Захавалася архіўная кніга з запісамі яго сяброў, у якой шмат допісаў уплывовых і вядомых людзей таго часу. Нездарма сядзібу называлі «Паўночнымі Афінамі» — усе тагачасныя «багі» збіраліся ў кампазітара…
Нельга не прыгадаць і бяссмертны паланэз «Развітанне з Радзімай», напісаны менавіта тут. Агорнуты меланхоліяй і сумам з прычыны неабходнасці пакінуць мілы сэрцу край, кампазітар стварыў свой шэдэўр.
Музычная спадчына кампазітара нарэшце запісваецца і выпускаецца на пэўных носьбітах. Так, фонд «Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага», пры падтрымцы кампаніі «Еўразія», спецыяльна да юбілею выдаў дыск з усімі 27 паланэзамі кампазітара. Сустаршыня фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Уладзімір Сівуха распавёў, што ў іх запісаны дыск з 19 рознымі выкананнямі паланэза «Развітанне з Радзімай». Аднак абодва дыскі створаны не для продажу, абмежаваным тыражом: іх можна атрымаць толькі ў падарунак.
Уладзімір Сівуха жартам адзначае, што, перасякаючы мяжу, яны заўсёды ўключаюць «Развітанне з Радзімай» — і ні адзін памежнік не мае ніякіх прэтэнзій. Іх кіроўца ўжо так прывык да класічнай музыкі нашага вялікага кампазітара, што катэгарычна супраць слухаць нешта іншае.
Варта прыгадаць, што «Паланэз Агінскага» калісьці разглядалі ў якасці магчымага афіцыйнага гімна нашай краіны. Ён і сапраўды заварожвае, абуджае гонар, адкрывае ў душы схаваную памяць пра тое велічнае і неверагоднае, што ёсць у нашай гісторыі…
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Фота аўтара
Залескі раён