Добры шанц адначасова адпачыць і зрабіць запасы на зіму будзе ва ўсіх, хто завітае ў гэтую суботу на фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок» у Бабруйскі раён. На маляўнічай пляцоўцы, стылізаванай пад даўніну, знойдзецца месца не толькі для майстроў і народных умельцаў, але і для ўсіх тых, хто нешта вырасціў на сваіх падворках ці градках.
— Заяўкі паступаюць кожны дзень, нават з іншых абласцей, — кажа старшыня Глушанскага сельскага Савета дэпутатаў Марыя Сушчанка. — Нядаўна тэлефанавалі з Віцебска, Жодзіна. Мы ўсіх чакаем, усім будзем рады!
У гасцей будзе добрая магчымасць паспытаць стравы беларускай кухні, якія тут гатуюцца на свежым паветры, далучыцца да народнай песеннай спадчыны, бо іскрынка фестывалю — конкурс беларускай песні і прыпеўкі. Наведвальнікаў чакаюць майстар-класы рамеснікаў, выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і сельскагаспадарчай прадукцыі, гульні, народныя забавы і атракцыёны.
Нэлі ЗІГУЛЯ