Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Месяцовая кераміка

$
0
0

Сям’я Берднікавых, якая «нарадзілася» ў студыі дзіцячай творчасці, — пра тое, як ператварыць хобі ў працу.

Наталля і Віктар ласкава запрасілі мяне ў сваю керамічную майстэрню Moon Ceramіc («Месяцовая кераміка») на духмяную гарбатку. Налівалі яе з мілага імбрыка, зробленага ўласнымі рукамі. Палічкі, спрэс застаўленыя яркімі, рознакаляровымі талерачкамі ды кубачкамі, уздымалі «дажджлівы» настрой і натхнялі на душэўную размову.

1-12

Узяла ў рукі — і палюбіла назаўсёды

— Ці можна сказаць, што менавіта гліна «зляпіла» з вас не толькі сям’ю, але і трывалы творчы саюз? І калі пачаўся «раман з глінай» у кожнага з вас?

Наталля: — Мы пазнаёміліся 5 гадоў таму ў студыі керамікі. Я на той момант ужо актыўна ляпіла, а Віця прыйшоў вучыцца гэтаму рамяству. Так склалася, што мы сустрэліся менавіта ў той час, калі вельмі былі адно аднаму патрэбны (пераглядваюцца).

Віктар: — 5 гадоў таму ў мяне ў жыцці быў пераломны момант: я адлічыўся з аднаго ўніверсітэта і ўжо вучыўся ў іншым на інжынера-праграміста, але зразумеў, што і гэта — не маё. Доўга шукаў, дзе змагу навучыцца працаваць з глінай, і ў выніку прыйшоў у студыю дзіцячай творчасці на вуліцы Славінскага.

Наталля: — Першы кавалачак гліны я ўзяла ў рукі яшчэ ў школе, гадоў у 13. У той момант зразумела, што гэта маё. З таго часу ляплю практычна штодзень. …Калі пажаніліся, мы з Віцем адкрылі ўласную краму хэндмэйду. Прадавалі цацкі і ўпрыгажэнні іншых рамеснікаў. Але цяпер мала бяром чужога. Амаль усё месца займае наш посуд.

Віктар: — Мы палічылі, што нам больш выгадна самім рабіць прадукцыю, чым браць у некага на рэалізацыю. Гэта справа, якой цяпер прысвечаны амаль увесь наш час.

1-14

— Як адважыліся на стварэнне сямейнай керамічнай майстэрні? Ці згодны вы, што для таго, каб дасягнуць поспеху, патрэбна адсутнасць грошай і вялізнае жаданне?

Наталля: — Спачатку мы ляпілі дома і ў дзіцячых студыях у сваё задавальненне і не прадавалі кераміку… І ўвесь гэты час марылі пра сваю майстэрню. У нашай сітуацыі аднаго жадання было мала, бо прыкладны старт для кераміста — $10 000. Гэтыя грошы мы збіралі вельмі доўга і вырашылі ўкласці іх у сямейную справу.

— Што для вас было самым складаным?

Наталля: — Знайсці месца і набыць абсталяванне для майстэрні, бо яно вельмі дарагое. Сёння мы рады, што рызыкнулі.

Віктар: — Самым складаным для нас было асвоіць ганчарны круг. Калі гліна ператвараецца ў пластычную масу, якая рухаецца ў руках. Цяжка навучыцца кіраваць ёй, зрабіць яе паслухмянай. Але калі майстэрства прыходзіць — гэта проста неперадавальнае адчуванне. Мы выкарыстоўваем белую і чырвоную гліны, фарфор і фаянс. Практычна ўсе матэрыялы даводзіцца купляць у Літве, Польшчы і Германіі, бо ў нашай краіне наогул нічога не прадаюць, акрамя чырвонай гліны. У гэтым асноўная складанасць для майстроў па кераміцы.

— Наташа, наколькі ведаю, вы вучыліся на эколага, а гліна з’яўлялася вашым хобі. Ці лёгка было адмовіцца, перакрэсліць гады вучобы па спецыяльнасці і займацца тым, да чаго ляжыць душа?

Наталля: — Мы з мужам ні дня не працавалі па прафесіі. Яшчэ падчас вучобы пачалі займацца рамяством. І зразумелі, што хочам працаваць на сябе. Вось і пачалі збіраць грошы на сваю студыю і адточваць майстэрства, ляпілі вельмі шмат і з любоўю. Можа быць, і добра, што ні я, ні Віця не скончылі ВНУ па спецыяльнасці «кераміка», бо там не вучаць таму, што робім мы…

Віктар: — Наша перавага ў тым, што выкарыстоўваем глазуры і ярка размалёўваем посуд. Магчыма, адвучыўшыся ва ўніверсітэце, мы і не дамагліся б свайго стылю — а тут самі вучыліся, самі асвойвалі новыя тэхнікі. Нацыянальныя тэмы таксама ўзнімаем, але па-свойму. Цяпер вось робім серыю посуду з беларускімі словамі, фразамі і прыказкамі — гэта вельмі натхняе вучыць родную мову.

1-13

Вакол столькі прыгажосці, трэба проста яе ўбачыць

— Сапраўды, сёння на кірмашах вялікая колькасць вырабаў з гліны, але яны збольшага падобныя адзін да аднаго. Вашы ж адметныя. Як прыйшлі да свайго стылю?

Наталля: — Свой стыль яшчэ шукаю, амаль знайшла, але яшчэ ў пошуках (усміхаецца). Для таго, каб асвоіць усе тэхнікі і спосабы работы
з глінай, можа спатрэбіцца ўсё жыццё. Кераміка зацягвае. Табе хочацца пастаянна эксперыментаваць з глінамі і глазурамі, формамі і памерамі, прыдумляць і ўвасабляць у жыццё ўсё новыя і новыя ідэі. Заўсёды ляплю ў розных тэхніках, бо аднолькавае рабіць сумна. Ды і людзі ўсе розныя, і мы хочам, каб кожны, хто штосьці ў нас купляе, знайшоў блізкую яму рэч. Вельмі люблю тонкі роспіс па фарфоры, экапосуд і тэхніку з раслінамі. Збіраем лісце, кветкі. Усё гэта сушым. А потым прыкладваем да гліны, каб застаўся ўзор. Вакол столькі прыгожага, трэба проста ўмець яго ўбачыць!

— Ёсць такая прыказка «Ганчар у чарапку есці варыць, а шавец у атопках ходзіць» — пра вас так можна сказаць? Альбо ў вас дома посуд выключна зроблены сваімі рукамі?

Наталля: — Сваім посудам карыстаемся і любім. З яго заўсёды смачней і прыемней есці (усміхаюцца).

— Дзе чэрпаеце натхненне? Што стымулюе развівацца далей?

Наталля: — Гліна — маё натхненне! Праца з ёй — гэта сапраўднае чараўніцтва. Натхняе сам працэс, калі з бясформеннага кавалачка гліны нараджаецца выраб са сваім настроем, душой і характарам. Шмат усяго гляджу ў інтэрнэце, вучуся ад іншых майстроў. Таксама натхняе музыка. І прырода: кветкі, птушкі, жывёлы, якія ўвасабляюцца ў малюнках на нашым посудзе. Але найбольш натхняе поспех: калі ты бачыш, што тое, што ты робіш, некаму патрэбна, хочацца рухацца далей. Я люблю кожную рэч, якую ляплю. І вельмі прыемна, калі людзі падыходзяць і кажуць, што посуд, які яны купілі ў нас, становіцца іх любімым.

— Ці лёгка сумяшчаць творчасць і бізнес?

Віктар: — Вельмі складана! Калі ты лепіш у задавальненне — цудоўна. Але калі пры гэтым яшчэ і плаціш за арэнду, кучу падаткаў, то ўсё ўскладняецца… Гэта становіцца працай, але любімай. Як і ад любой працы, мы стамляемся. Працуем звычайна больш за 8 гадзін на дзень. Але гэта вельмі прыемна — знайсці справу свайго жыцця!

Наталля: — Усё залежыць ад майстра. Калі ён расце, стараецца і робіць кожную рэч лепш за папярэднюю, то ў яго заўсёды будуць пакупнікі, а калі майстар спыніўся на нейкім узроўні, то людзям надакучыць.

1-11

Гліна дапамагае пачуць сябе

— Як у вашай сямейнай справе размяркоўваюцца ролі? Вы дапаўняеце адно аднаго?

Наталля: — У нашай справе кожны выконвае свае функцыі, якія мы размяркоўваем разам. На мне ляжыць увесь творчы працэс і выкананне ідэй, а Віця прыдумляе, займаецца бухгалтэрыяй і крамай. Без падзелу было б вельмі складана!

— Што параіце тым, хто толькі марыць пра свой бізнес, у прыватнасці пра керамічную майстэрню?

Віктар: — Патрэбны практычныя веды ў працы з глінай! Наўрад ці атрымаецца пачаць усё гэта з нуля, без вопыту. Важныя таксама план і паслядоўнасць дзеянняў! Трэба быць гатовым укласці грошы ў справу, без матэрыяльнага старту амаль ніякі бізнес не пачнеш! Патрэбны яшчэ ўпэўненасць, упартасць і самаўдасканаленне. Мы шмат працуем і верым у сябе і поспех! Гэта не хобі, калі ты сёння хочаш паляпіць, а заўтра — не. Гэта наша праца, з якой мы жывём, таму лепім кожны дзень. Бывае, вядома, што не хапае ведаў у законах або працы з глінай, але мы вучымся і развіваемся дзень пры дні! Марым знайсці сабе больш прасторную студыю з вялізнымі вокнамі (бо цяперашняя майстэрня не здольна змясціць усіх ахвотнікаў навучыцца працаваць з глінай) і ездзіць на выставы ў Еўропу і Расію.

1-15

— Ведаю, што вы праводзіце майстар-класы для іншых. А чаму асабіста вас навучыла, вучыць гліна?

Наталля: — Гліна вучыць цярпенню. Выраб адной рэчы ў сярэднім займае каля трох тыдняў. Працэс доўгі, але вельмі займальны. Спачатку талерку або кубак лепяць, потым каля дзесяці дзён сушаць пры мінімальным доступе паветра, затым абпальваюць у печы, пасля фарбуюць і зноў абпальваюць… Для нас усе працэсы, звязаныя з глінай, напоўнены сэнсам. Калі мы пачалі выкладваць фота нашай студыі, многія сталі пісаць нам: «Мы б таксама хацелі паспрабаваць, не маглі б вы навучыць нас ляпіць з гліны?» Так і нарадзілася ідэя праводзіць майстар-класы. За курс звычайна лепім 3-4 рэчы. Попыт настолькі вялікі, што для вучняў Moon Ceramіc купілі другую печ для абпалу. Я імкнуся зрабіць так, каб людзі палюбілі гліну так, як люблю яе я. І паказаць, што з гэтага матэрыялу можна зляпіць што заўгодна. Працаваць з глінай можа навучыцца кожны, трэба толькі даверыцца ёй і сваім рукам.
І не баяцца эксперыментаваць.

Віктар: — Гліна жывая. Яна не толькі адлюстроўвае ўнутраны свет чалавека, але і дапамагае пачуць і зразумець самога сябе. У гліны ёсць свая хуткасць. Таго, хто спяшаецца, яна спыняе, павольнага — падганяе. Гліна гарманізуе. Нам вельмі пашанцавала — мы знайшлі справу свайго жыцця. Шукайце і вы, працуйце над гэтым. Так важна мець справу, якая па душы! Тады ўсё будзе рабіцца з любоўю.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота з архіва сям’і БЕРДНІКАВЫХ

4

3

2

1


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277