Пра гэта сёння мараць грамадскія актывісты і навукоўцы.
Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. І калыска нашай веры. Менавіта тут жыў першы беларускі князь Рагвалод з дачкою Рагнедай. Яна, у сваю чаргу, першай прыняла хрысціянства. Тут сваю асветніцкую дзейнасць наладзіла жанчына, першая сярод усходніх славян прылічаная да святых, — Еўфрасіння Полацкая. З гэтага горада родам і першадрукар Францыск Скарына. Падаецца, гэтага дастаткова, каб горад мог прэтэндаваць на тое, каб быць значным пунктам на беларускай карце. Аднак спецыялісты з болем канстатуюць, што сучасны Полацк — усяго толькі раённы цэнтр, дзе мала што нагадвае пра былую славу і веліч. Горад варты большага, чым мае сёння, аднагалосна пагаджаюцца археолагі і архітэктары, горадабудаўнікі і гісторыкі, прадстаўнікі ўлады і грамадскія актывісты.
Праблемы аднаўлення старажытнага горада разглядалі ў Нацыянальным мастацкім музеі на пасяджэнні, якое арганізавалі Беларускі фонд культуры і Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) на чале з Уладзімірам Гілепам і Грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якую ўзначальвае Анатоль БУТЭВІЧ. Вяліся гарачыя спрэчкі, абмяркоўваліся розныя падыходы да магчымага аднаўлення і захавання горада.
Палачанін Уладзімір Цялежнікаў шэсць гадоў патраціў на тое, каб распрацаваць уласную канцэпцыю рэгенерацыі горада. Усё задуманае ён прадставіў у выглядзе наглядных малюнкаў і схем. А таксама з дапамогай фотаздымкаў праілюстраваў тое, што сёння знаходзіцца на некалі значных месцах. Перад вачыма паўстала не самая радасная карціна: абрысы старога замчышча не праглядаюцца, дзесьці на ім стаяць гаспадарчыя пабудовы. Калісьці прывабная для прагулак набярэжная цяпер схавана ад вольнага вока выпадковымі дамамі. Аўтар канцэпцыі прапануе свой план расчысткі тэрыторыі. Пазначае ён і тыя будынкі, якія сёння, чыста тэарэтычна, могуць быць адбудаваны наноў.
Спецыялістамі гэта новая канцэпцыя ўхвалена не была, бо пры яе падрыхтоўцы адсутнічалі навуковыя абгрунтаванні і даследаванні. Аднак усімі яна была ўспрынята як выклік: нешта трэба рабіць, каб вярнуць Полацку той статус, які належыць яму па праве.
— Калі я прыйшоў на гэту працу, зразумеў, што паўнавартасная дакументацыя па аднаўленні гістарычнага цэнтра Полацка адсутнічае, многія пункты існуючай праграмы не ўзгоднены з адпаведнымі спецыялістамі, — адзначыў галоўны архітэктар Полацка ў 2008—2013 гадах Андрэй БАРАВІК, які спецыяльна прыехаў на абмеркаванне. — Таму найперш свае высілкі мы накіравалі на карэкціроўку дэталёвага плана. Мы рады, што сёння маем магчымасць абмеркаваць гэту праблему ў сталіцы, бо на месцы нам часта не хапала супрацоўнікаў, якія маглі б рэалізаваць гэты праект. Магчыма, удасца стварыць рабочую групу і атрымаць пэўную падтрымку ў выкананні праграмы.
Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі канстатуе:
— Варта адзначыць, што канцэпцыя, прапанаваная Уладзімірам Цялежнікавым, — гэта ўжо трэцяя ці нават чацвёртая падача матэрыялу па Полацку. Першая — гэта дзяржаўная праграма развіцця Полацка і полацкага запаведніка. Другая — сучасная праграма развіцця Полацка. Гэтыя праграмы сёння не рэалізуюцца цалкам, выконваюцца пэўныя іх пункты, але ж не да канца. Была ідэя стварыць турыстычны маршрут «Сцежка Еўфрасінні Полацкай» — слушная прапанова, аднак і ёй трэба грунтавацца на навуковых звестках: захавалася яшчэ шмат элементаў, за якія можна «зачапіцца» і нават паставіць усё на добрую камерцыйную аснову. Полацк — шматпластавы горад. Ёсць вельмі старажытныя сведчанні гісторыі, ёсць бліжэйшыя да нас. Таму пачынаць працу трэба з гісторыка-архітэктурнага апорнага плана, пачынаючы з XІ—XІІ стагоддзяў і нават больш ранніх часоў.
Пра адсутнасць дастатковых навуковых даследаванняў казалі і іншыя спецыялісты. А без іх ніякае аднаўленне ўявіць папросту немагчыма. Прарэктар Полацкага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс ДУК заўважае:
— Усе мы вельмі хацелі б бачыць Полацкі Сафійскі сабор у такім выглядзе, у якім ён быў у XІ—XІІ стагоддзях, але аднавіць яго менавіта так у нас не атрымаецца. Бо няма дакладнай інфармацыі пра тое, як ён выглядаў. Ёсць дзве навуковыя канцэпцыі аднаўлення сабора, аднак нават яны не стасуюцца паміж сабой. Калі мы правялі археалагічнае даследаванне падмуркаў Свята-Мяфодзьеўскай царквы, то зразумелі, што тое ўяўленне пра яе колішні выгляд, якое мы мелі, не адпавядала рэчаіснасці, — высветлілася, што царква была зусім іншай. Таму найперш, чым нешта аднаўляць, трэба праводзіць гістарычныя даследаванні… А любыя іншыя дзеянні нам папросту не даруюць нашчадкі.
Ёсць у Полацку і тое, што перайшло ад старажытнасці да сучаснасці і ўсё-такі захавалася. Гэта гістарычны ландшафт — акурат такі, якім яго бачылі Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына. Вельмі важна яго зберагчы, не зруйнаваць неабдуманымі дзеяннямі. І, вядома, добраўпарадкаваць тэрыторыю, каб нішто не замінала любавацца старажытнымі валамі, дарогамі і вуліцамі. Сёння шматлікія краявіды горада папросту заслонены іншымі аб’ектамі. Нават Сафійскі сабор выглядае не надта велічна побач з усім тым, што яго атачае. Таму прапановы па раскрыцці, расчыстцы некаторых відавых пунктаў падаюцца надзвычай актуальнымі і, магчыма, патрабуюць не так шмат выдаткаў.
На пасяджэнні некалькі разоў гучала прапанова стварыць полацкую археалагічную экспедыцыю. Ёсць і адпаведная база для яе — Полацкі ўніверсітэт, яго прарэктар прафесар, доктар навук Дзяніс Дук, вакол якога маглі б гуртавацца іншыя даследчыкі. Аднак сам Дзяніс Дук заўважыў, што на базе ўніверсітэта археалагічнымі даследаваннямі Полацка яны займаюцца ўжо не адзін год — праўда, без ніякай фінансавай падтрымкі.
Напрыканцы можна прыгадаць тое, што ў суседніх з намі краінах існуе адразу па дзве сталіцы: гэта Масква і Санкт-Пецярбург у Расіі, Варшава і Кракаў у Польшчы. Іх жыхары надзвычай ганарацца гэтым. Ці не пара і нам пачаць працаваць на тое, каб Полацку, гістарычнай сталіцы беларускай дзяржаўнасці і хрысціянства, вярнуць былую веліч і належнае прызнанне сёння?..
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА