Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Крылы майстроў

$
0
0

Днямі, калі адзначалі 75-годдзе сістэмы прафтэхадукацыі ў Беларусі, увагу мінчан і гасцей сталіцы прыцягвала выстава-кірмаш, размешчаная каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Колькі там было паказана дзівосаў — твораў маладых майстроў разьбы па дрэве, саломапляцення, мастацкага роспісу, керамікі, інкрустацыі!.. Расказвалася тут, і як атрымліваюць рабочую прафесію будучыя муляры, тынкоўшчыкі, сталяры, цесляры.

13-5

А ў каго пераймаюць гэта майстэрства навучэнцы? З такім пытаннем я звярнуўся да Ганны Бойкі, дырэктара прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. У адказ пачуў расповед пра калектыў выдатных вопытных настаўнікаў. Пад іх кіраўніцтвам у майстэрнях і вучэбных кабінетах учарашнія школьнікі атрымліваюць глыбокія тэарэтычныя і практычныя веды. У каледж паступае моладзь з няпоўнай і поўнай сярэдняй адукацыяй, таму і вучэбны курс тут разлічаны на тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Каб засвоіць тэхніку інкрустацыі міліметровымі кавалачкамі саломкі ці кладку важкіх цаглін у сцяну будынка, патрэбны спецыяльныя вучэбныя месцы. Так, на адпаведных стэндах адточваюць сваё майстэрства будучыя тынкоўшчыкі, муляры. Для керамістаў адведзена прасторная майстэрня, такія ж умовы створаны для мастакоў роспісу па дрэве, цесляроў.

13-4

Па словах кіраўніка навучальнай установы, клапоцяцца тут не толькі пра прафесійную адукацыю моладзі, але і пра яе далейшае працаўладкаванне. Так, напрыклад, сёлета каледж заключыў дагавор з ЖРЭА Савецкага раёна Мінска, згодна з якім навучальная ўстанова дасць адпаведную прафесійную адукацыю групе навучэнцаў. У час вучобы моладзь будзе мець магчымасць праходзіць практыку побач са спецыялістамі, а пасля выпуску атрымае гарантаваныя працоўныя месцы ў камунальных установах гэтага раёна.

13-3

І яшчэ адзін яскравы факт да расказу пра сённяшні дзень найстарэйшага сталічнага каледжа: побач з вучэбным корпусам адкрыўся вучэбны салон-магазін «Праф-майстар», дзе можна набыць мастацкія творы, зробленыя ў вучэбных майстэрнях. Прыбыткі ад гэтага новаўвядзення яшчэ належыць падлічыць эканамістам, а для пакупнікоў — выгада відавочная. Сёння тут можна танна набыць арыгінальныя творы маладых майстроў — магчыма будучых вядомых мастакоў, дызайнераў.

Яўген Пясецкі. Фота аўтара

На здымках: 1. Настаўніца, член Саюза майстроў Беларусі Алена Гурэцкая, са сваімі вучнямі; 2. Майстар вытворчага навучання Вольга Дзінгілевіч і навучэнец Мікіта Аціцкі ў майстэрні, дзе займаюцца будучыя муляры і тынкоўшчыкі; 3. Настасся Грышчанка паспяхова авалодвае прафесіяй мастака-настаўніка


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277