Высокаарганізаваныя іншапланетныя формы жыцця не могуць нападаць без прычыны: у гэтым няма ніякай логікі! Нарэшце гэта заяўлена нашымі фантастамі — у супрацьвагу поглядам замежных мэтраў жанру. Паміж мыслячымі стварэннямі не можа быць бездані, гэта так. Але ж канфлікт цывілізацый заўсёды патрабуе ахвяр…
Гэтая місія закончылася тым, што… Не, лепш не раскрываць вам раней часу тое, чым дакладна яна закончылася. Сяргей Белаяр кожнай старонкай трымае чытача ў напружанні і не дае забыцца, што на касмічнай станцыі «Ёган Кеплер»… шмат пылу.
Image may be NSFW.
Clik here to view.
Фатонны зоркалёт «Слейпнір» імкліва набліжаўся да канчатковага пункту маршруту — міжнароднай касмічнай станцыі «Ёган Кеплер».
— Як думаеш, чаму знікла сувязь са станцыяй? — спытаў Кінбут Бянткоўскі, гледзячы ў манітор, на якім, вылучаючыся на фоне вугальна-чорнай прасторы з сотнямі немігатлівых зорак, расла Asteroіdea.
— Не ведаю, камандзір, — паціснуў плячыма Едка Гедройц, — прычын можа быць шмат, пачынаючы ад паломкі перадатчыка і заканчваючы сонечнай бурай. Чаго гадаць? Састыкуемся і ўсё высветлім!
Бянткоўскі кіўнуў. Зямля атрымала сігнал SOS тыдзень таму, пасля чаго экіпаж МКС на сувязь больш не выходзіў.
— Будзем спадзявацца, што нічога сур’ёзнага не адбылося.
— Гэта апошняе, у што б я паверыў. Рацыянальней зыходзіць з таго, што ў іх — праблемы! Прычым сур’ёзныя.
— Ты ператвараешся ў закаранелага цыніка, Едка!
— Космас робіць мяне такім. Пройдзе яшчэ не адна тысяча, калі не мільён гадоў, перш чым зоркі перастануць быць варожымі людзям. Заўсёды трэба настройвацца на горшае.
«Ёган Кеплер» паступова запаўняў сабой увесь экран.
— Бачных пашкоджанняў не адзначаю, — паведаміў Доўкгал Геліч, скарыстаўшыся трансфакатарам. — Зваротны бок разгледзець не магу!
— Як толькі скінем хуткасць да самай малой, высылай бот.
— Ёсць высылаць бот пасля тармажэння!
— Пераходжу на тармажэнне, — папярэдзіў таварышаў Скумін Разыцень. «Слейпнір» слаба скалануўся. Слупок акселераметра хутка папоўз уніз, паказваючы адмоўнае паскарэнне.
Праз некалькі хвілін, калі да станцыі заставалася пяцьсот кіламетраў, інжынер-радыст выпусціў бот, карэктуючы яго курс пры дапамозе джойсціка. Разведчык не баяўся ні паскарэння, ні рэзкага змянення курсу, ні звышвысокіх і звышнізкіх тэмператур, што дазваляла выкарыстоўваць яго ў шырокім дыяпазоне даследаванняў.
Астранаўты не адрывалі позіркаў ад манітораў. Напружанне расло.
— Выява выразная! Адхіленні тэхнагеннага характару адсутнічаюць!.. Што за чорт?
— Што здарылася, Доўкгал?
— Я страціў кантроль над ботам! — Геліч рухаў джойсцікам, аднак нічога не мянялася: разведчык куляй нёсся да станцыі. Усачыць за сапраўдным вадаспадам даных не ўяўлялася магчымым.
Праз імгненне камера бота адключылася.
Інжынер-радыст вылаяўся і паспрабаваў аднавіць кантроль. Нічога не атрымалася — разведчык урэзаўся ў адну з сонечных батарэй. Яна выбухнула мільёнам аскепкаў і дробных абломкаў. Куляючыся, бот пачаў адыходзіць ад МКС.
— Што гэта было?
— Не ведаю, капітан! Бот быў спраўны — я двойчы пратэсціраваў усе сістэмы… — У голасе інжынера-радыста гучалі ноткі разгубленасці. — Сувязь нібы абсеклі…
Бянткоўскі і Гедройц пераглянуліся. На твары работніка службы бяспекі з’явіўся выраз «я ж казаў!».
— Адмовіла і асноўная, і дублюючая сістэмы. У маёй практыцы такое ўпершыню!.. Паспрабуем другі бот?
Бянткоўскі думаў нядоўга:
— Толькі асцярожна!
— Ёсць асцярожна! — Словы Геліча не разышліся са справай: ён акуратна падвёў бот да меркаванай мяжы мёртвай зоны, гатовы ў любы момант вярнуць разведчыка. Апаратура нічога не рэгістравала. Нервова аблізаўшы вусны, інжынер-радыст плаўна штурхнуў джойсцік.
Бот перасёк нябачную рысу і працягваў рух. Геліч падвёў разведчыка ўшчыльную да «Ёгана Кеплера», што дазволіла разгледзець паверхню МКС у дробных дэталях, пасля чаго накіраваў на іншы бок.
— Герметычнасць корпуса не парушаная!.. Ніякіх слядоў экстраннай эвакуацыі!
— Паспрабуй звязацца з імі!
— Ёсць!.. Выратавальнае судна «Слейпнір» выклікае міжнародную касмічную станцыю «Ёган Кеплер»!.. «Ёган Кеплер», адкажыце «Слейпніру»!.. — Інжынер-радыст перабраў шэраг частот, але на кожнай з іх адказам быў толькі белы шум.
— Доўкгал, вяртай бот!.. Экіпажу падрыхтавацца да стыкоўкі!.. — Астранаўты заварушыліся ў крэслах, правяраючы прывязныя рамяні і ўладкоўваючыся ямчэй. Пераканаўшыся ў тым, што ўсе гатовыя, капітан загадаў: — Скумін, пачынай!
Працэдура заняла каля паўгадзіны — «Слейпнір» зблізіўся са станцыяй і выпусціў злучальныя аўтаматычныя фермы, увянчаныя магутнымі магнітнымі прысоскамі. Дакрануўшыся да спецыяльных прыёмных пляцовак, яны намёртва зафіксавалі зоркалёт. Для ўзлёту патрабавалася адключыць электрычны ток, які сілкаваў магніты.
— Едка, бяры Геліча, Валовіча і Хурду!
— Зразумеў, камандзір!.. За мной!
Астранаўты апранулі скафандры, праверылі сістэму жыццезабеспячэння, рыштунак і зброю. На адмысловую самаходную каляску было загружана ўсё неабходнае для правядзення выратавальнай аперацыі.
— З Богам! — сказаў Бянткоўскі і праводзіў падначаленых вачыма да таго моманту, пакуль за групай не зачыніліся створкі шлюзавой камеры, затым зноў вярнуўся да экрана.
— Камандзір, як сувязь?
— Чую і бачу цябе добра, Едка!
— Уваходзім!
***
У корпусе прыйшлося выразаць дзірку — дзверы аказаліся заблакіраванымі. Прычым механічна — у крэмальерны замок быў устаўлены лом. Астранаўты ўключылі ліхтары на вінтоўках — святло не гарэла. Прамяні заскакалі па падлозе, сценах і столі.
— Яны нібы спрабавалі ад чагосьці абараніцца! — Гедройц, пакруціўшы ў руках лом, адкінуў яго, падняўшы воблака пылу, які на здзіўленне хутка асядаў.
— Дзіўна! Прайшоў усяго тыдзень, а пылу столькі, як пасля некалькіх тысяч гадоў запусцення…
Сяргей Белаяр