Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Чараўнік для Дэйсі Мэй. Урывак з аповесці

$
0
0

Калі ўжо варта варажыць на будучыню, як некалі, па радочках кніг, то лепш за ўсё, калі гэта будуць кнігі брэсцкай пісьменніцы Кацярыны Мядзведзевай, у якой ледзь не кожная старонка змяшчае запавет, назіранне, параду, падказку або падбадзёрванне. Яе казкі — гэта, вядома ж, казкі. Але прыдатныя для чытання дарослымі. Вельмі-вельмі прыдатныя.

Тут прапануецца толькі пачатак аповесці, інтрыга якой — інтрыга «наадварот» — у тым, што гераіня да апошняй старонкі не ведае таго, пра што чытач здагадаўся, прачытаўшы загаловак.

22-8

Калі ў маіх сясцёр у дзяцінстве пыталіся, што яны любяць, Эма адказвала, што любіць маму і тату, Аліса згадвала слівавы ўзвар і прафітролі з персікавым джэмам, а я заўсёды маўчала. Таму што я люблю быць. Проста быць. Быць дома. Ці быць у садзе. Быць ля вады. Глядзець на дрэвы і траву, адчуваць скурай, як пячэ сонца ці мароз. Слухаць, як стукаціць паціху дожджык. Вязаць. Чытаць. Думаць што-небудзь прыемнае. Марыць. Калі няма ні сябровак, ні жаніха, застаецца шмат часу на мары.

— Дэйсі, ты зноў сядзіш дома, — бурчыць бабуля. — Чаму не пайшла з сёстрамі на танцы? Чакаеш, што ў кавалераў прарэжацца трэцяе вока і яны ўбачаць цябе скрозь сцены?

Бабуля старамодная. Маладых людзей заве «кавалеры» і дзівіцца, што Эма ды Аліса не бяруць з сабой нататнічак і аловак, каб запісваць, каму абяцалі кадрылю. А цяпер жа ўсё прасцей. Дзяўчыны пакорліва стаяць і чакаюць, хто іх запросіць. І іх запрашаюць. Амаль усіх. Акрамя мяне. Я ж невідзімка. Не, скрозь мяне не прасвечваюць шпалеры: наадварот, гэта я зліваюся з імі. Ведаеце выраз «wall flower» — «насценная кветачка»? Так завуць дзяўчын на балі, незаўважных настолькі, што ўвесь вечар яны праводзяць ля сценкі. Прастаяўшы так раз і другі, я палічыла за лепшае заставацца дома — там хаця б можна прысесці.

Мае улюбёныя колеры — лавандавы і экру. Але ў цёткі Аўгусты свая тэорыя. «Яркай знешнасці — спакойныя ўборы, — кажа яна, — сціплай знешнасці — эфектную абгортку». У перакладзе на чалавечую мову гэта азначае, што страхоццю накшталт мяне варта апранацца ярка, каб мінакі яшчэ здалёк, за тры кварталы маглі заўважыць гэткую агіднасць і своечасова звярнуць з дарогі. Кожны раз, калі мы адпраўляемся ў краму гатовай вопраткі ці па тканіны, цётка купляе бледна-ружовае Алісе, палевае Эме, а мне дастаюцца фуксія ці аранж. Пэўна, цётка крыўдзіцца, што я не нашу ўсе гэтыя рэчы. Нічога, калі-небудзь яны зноў увойдуць у моду, і мае траюрадныя пляменніцы вельмі ім узрадуюцца. «Наша бабуля Дэйсі ў маладосці была заўзятай модніцай», — падумаюць яны, і я не стану іх пераконваць у адваротным.

Наогул цётку Аўгусту варта было б зваць мамай, але я не магу: я была ўжо занадта дарослая, калі бацька прывёў яе ў дом. Мне было пяць гадоў, калі я раскідвала пялёсткі руж на іх вяселлі. Не падумайце, мяне ніхто не крыўдзіць і падчаркай не называе: у цёткі Аўгусты цудоўны характар, і мае малодшыя сёстры таксама лёгкага нораву, дружалюбныя і гаваркія, вось-вось выпырхнуць замуж. Яны пайшлі ў маці — цёмнавалосыя, смуглыя, высокія. А я — бледная, рудаватая, праставатая. Адразу відаць, што я іншай пароды.

— З цыбуліны не вырасце ружа, — кажа пра мяне бабуля. А ўжо ў ружах бабуля разбіраецца, яна заўзятая садоўніца і агародніца. Наша бручка нават перамагла аднойчы на сельскагаспадарчай выставе акругі. Я не крыўджуся на бабуліны словы: якая там з мяне ружа! Калі казаць шчыра, такіх, як я, бяруць за лядашчую шыйку і выдзіраюць прэч з градкі, каб не псавалі выгляд.

— Мне шкада Дэйсі, цяжка будзе знайсці ёй мужа, — сказала неяк цётка Аўгуста, папіваючы з сяброўкай пасляабедзенную гарбату ў садовай альтанцы.

— Так, не пазайздросціш небарацы, з-за гэтага рабаціння яна падобная тварам да аржанога блінчыка. Здобнага румянага блінчыка, — адказала чуллівая сяброўка.

Яны не ведалі, што «блінчык» палівае кветкі непадалёк і ўсё чуе. Здаецца, у той дзень я ўпершыню расплакалася з-за сваёй знешнасці. Раней я разважала проста: калі маме, на якую я, пэўна, падобная, пашчасціла знайсці сабе мужа, майго добрага і прыстойнага бацьку, то і я змагу сустрэць добрага чалавека, калі прыйдзе час. Але пасля той падслуханай гутаркі мая вера пацьмянела. Аказваецца, я непрыгожая. Калі мяне і заўважаюць, то я здольная абудзіць толькі жаль. Я стала радзей глядзець у люстэрка і часцей задумвацца. Цяпер, калі мне мінула трыццаць, я не задумваюся наогул. Проста жыву, ды і ўсё. Аржаны блінчык ці цыбуліна — ну дык што, не ўсім жа быць ружамі. Роля ўсеагульнай цётачкі-векавухі не такая ўжо і дрэнная. Буду вязаць шкарпэткі пляменнікам і збіраць іх усіх на Каляды ў сваім вялікім і пустым доме. А можа, гэты дом застанецца Алісе ці Эме, калі іх жаніхі акажуцца недастаткова багатымі, і тады я стану нахлебніцай на старасці гадоў. «Слівавы пудынг сёння атрымаўся выдатны», — скажу я за абедам, і ўсё здзіўлена павернуцца ў мой бок: «Ой, а хто гэта тут?».

Не думайце, я не жалюся на жыццё. Я з радасцю сустракаю кожны новы дзень, а калі і злоўжываю часам разважаннямі, то выключна праз шкоднасць і начытанасць, а не ад журбы. Ад журбы, на шчасце, ніхто ў нашай сям’і не пакутуе. Ды і навошта пакутаваць, калі ва ўсіх ёсць справы куды цікавейшыя. Я абвязваю і абшываю ўсю сям’ю, бабуля садоўнічае, цётка Аўгуста кухарыць, і Эма ёй дапамагае, а самая наша малюпаценькая, Аліса, занятая больш за ўсіх: цэлымі днямі, з раніцы да позняй ночы, яна шукае сябе ў мастацтве. То пляце кошыкі з лазы, то піша санеты, то лепіць збаны, а апошнім часам сур’ёзна захапілася маляваннем на шоўку. Сям’я назірае за яе творчымі пошукамі замілавана і паблажліва. Так звычайна дарослыя глядзяць на малое, якое лепіць бабкі з пяску: маўляў, няхай сабе цешыцца дзіцятка.

Я лічу, кожная сям’я можа сабе дазволіць мець на ўтрыманні адну творчую асобу. Двое, трое — гэта ўжо перабор, а адна — у самы раз. Тым больш што ўсе займальныя справы — мыць, шыць, гатаваць ежу, выціраць пыл — мы разабралі сабе. Што ж заставалася рабіць небарацы Алісе, як не ўехаць па вушы ў мастацтва? Яна ўсё яшчэ не знайшла ў ім сябе, але і мастацтва яшчэ далёка не скончылася, таму ў хуткай будучыні, падазраю, нас чакаюць гукі флейты ці грук разца па камені, а можа быць, балет. Вядома, усё можа павярнуцца значна лепш, калі Аліса такі прыме прапанову каго-небудзь са сваіх шматлікіх паклоннікаў і выйдзе замуж. Цётка Аўгуста спадзяецца на гэта ўсёй душой. Калі ў Алісы быў перыяд захаплення опернымі спевамі, цётка ледзь утрымалася ад звароту да паслуг свацці. Але, на шчасце, Аліса хутка пераключылася на складанне філасофскага трактата пра сутнасць быцця, а гэты занятак, як вядома, патрабуе цішыні.

Бацька… Ледзь не забылася расказаць пра яго. Бацька таксама жыве з намі, але лічыць за лепшае рабіць выгляд, што яго тут няма. Адзіны мужчына ў доме, поўным жанчынамі, ён бліскуча выконвае свае мужчынскія абавязкі: чытае газету за сняданкам, курыць люльку на верандзе пасля вячэры, разразае гусака за святочным сталом. Яго цёплае паліто вывешваюць улетку на сонейка праветрыцца, яго шкарпэткі цыруюць з асаблівым стараннем, яго клапатліва ўкрываюць пледам, калі ён кладзецца адпачыць пасля абеду. Не ўпэўнена, што цётка чуе ад яго што-небудзь, акрамя «добрай раніцы», «дзякуй» і «дабранач», але гэта іх асабістая справа. Ды і не тое каб цётка Аўгуста нудзілася па гутарках, маючы ў наяўнасці бойкую на язык свякруху, дзвюх вельмі гаманкіх дочак і адну маўклівую, але ўсё ж здатную да маўлення падчарку. Часам жа прыемна і памаўчаць.

Кацярына Мядзведзева


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277