Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Пра мастака Барыса Заборава распавядаюць кнігі

$
0
0

Кнігі сталі галоўнымі героямі выставы, прысвечанай 80-годдзю Барыса Заборава.

31-20

Ён адчувае творчасць такіх беларускіх класікаў літаратуры, як Купала і Колас: рабіў ілюстрацыі да іх твораў. Кніг у яго жыцці наогул было шмат: на пачатку сваёй творчасці ў Беларусі Барыс Забораў працаваў у галіне кніжнай графікі. Пра гэта нагадалі ў музеі Янкі Купалы на выставе «Цэлы свет мне адкрыт…». Назву выбралі са слоў Купалы, але яна найлепш ілюструе жыццё Барыса Заборава і створана была для таго, каб мастака, які жыве ў Францыі, павіншаваць з 80-годдзем на радзіме.

Беларусь ён пакінуў на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Але памятаў і насіў у сэрцы, пра што сведчыў асабіста падчас першай пасля эміграцыі выставы яго жывапісу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выстава адкрыла нам зусім іншага творцу, з асаблівым светаадчуваннем, якое прымушае адлюстроўваць вобразы, якія нібыта выплываюць з памяці. Шмат што ў іх падавалася такім знаёмым… Нездарма ж: як асоба, як мастак Забораў пачынаўся тут. І справа не толькі ў атрыманай адукацыі (першыя ўрокі даў бацька, далей вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, пасля ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна, у Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава). І калі вярнуўся ў Мінск, то вельмі хутка стаў сябрам Саюза мастакоў Беларусі. На пачатку 60-х у яго шмат надзей і працы, звязанай у першую чаргу з афармленнем кніг. Не проста афармляе — ён знаёміцца і сябруе з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым, Рыгорам Барадуліным і іншымі творцамі. І так адна за адной з’яўляюцца кнігі беларускіх пісьменнікаў з яго ілюстрацыямі. Тая частка творчасці Барыса Заборава, якая засталася тут назаўсёды, на якой трымаліся пакаленні беларускіх чытачоў у савецкі час. Тая яе частка, якая дапамагала лепш разумець творы Якуба Коласа і Янкі Купалы, Янкі Брыля і Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна… Як шмат гэтых кніг, можна пабачыць на выставе. І калі яны выходзілі, значыць, у іх былі чытачы. Дзякуючы творам Заборава беларускія кнігі адзначаліся на ўсесаюзных і міжнародных выставах. Іх і цяпер узяць бы, пагартаць — паглядзець, пачытаць — падумаць. І пра тое, што кніга таксама твор мастацтва.

Для Заборава, які пасля ад’езду вельмі крута змяніў творчасць, пераключыўшыся з графікі на жывапіс, кніга ўсё роўна засталася важным культурным сімвалам. Ён стаміўся ад аднастайнасці, хацеў іншай творчасці, асабістай, калі свядомасць нараджае вобразы, памяць трымае, рукі адлюстроўваюць. Але вобраз кнігі ўсё роўна быў з ім, да яго ён звяртаецца ў сваёй іншай творчасці. Напрыклад, адна з яго выстаў у Парыжы мела назву «Кнігі». І яшчэ яго думкі адлюстраваны ў скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай «Кнізе і пісьменнасці», якая стаіць у Ізраілі. Але мы маглі бачыць мадэль гэтага манумента ў Мінску, на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў 2010 годзе. Помнік кнізе, якая рухала развіццё чалавецтва, у Беларусь прывезлі нездарма: адносіны да яе ў Барыса Заборава менавіта адсюль, гэта тая частка беларускай культуры, праз якую прасцей разумець далучанасць нашага народа да культуры сусветнай. І яшчэ праз асоб, якія нясуць вобраз радзімы ў свет.

Гэты вобраз у тых творах, якія ён хацеў паказаць на радзіме: нібыта са старых зацёртых фотаздымкаў сыходзяць яго героі, натуры, сюжэты. Жывапісны твор «Гумно» з таго часу прысутнічае ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Для мастака выстава была важнай, на адкрыцці ён прысутнічаў асабіста — пасля столькіх гадоў жыцця ў эміграцыі, пасля таго, як прыйшлося пачынаць з нуля і як чалавеку, і як творцу, ён вярнуўся тады шчырым і адкрытым, сваім.

На радзіме пра яго не забываліся, былі людзі, якія стараліся, каб сувязь не гублялася, і нагадвалі: Забораў — наш чалавек у Парыжы. З такой думкай у сярэдзіне 90-х быў створаны фільм Валерыя Рубінчыка «Барыс Забораў. Мастак». Яго арганізатары паказалі да закрыцця выставы, з удзелам аўтара сцэнарыя, мастацтвазнаўцы Веры Савінай. На жаль, выстава не працяглая. Але цудоўная сама ідэя паказаць таго, беларускага Заборава, без якога не было б сусветна вядомага мастака. Не было б — без яго ілюстрацый да класікі сусветнай літаратуры: твораў Шэкспіра, Уальда, Дастаеўскага, Пушкіна… Больш за 200 літаратурных твораў ён увасобіў у мастацкіх вобразах. Найбольш з іх — у Беларусі. І аказваецца, ёсць у нашай краіне яшчэ працы Заборава, створаныя ў тэхніцы лінагравюры ў 1966 годзе, — «Ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы», якія аўтар перадаў у музей Янкі Купалы. І няхай італьянская галерэя Уфіцы ганарыцца тым, што здолела набыць у сваю калекцыю (дорага) твор Барыса Заборава «Аўтапартрэт з мадэллю». Мы можам ганарыцца тым, што нам ён пакінуў штосьці ад сэрца. І самае галоўнае: да яго твораў беларускага перыяду можна будзе вяртацца. А то і кнігі з ілюстрацыямі пашукаць.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277