Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

«Пінская шляхта» назаўсёды

$
0
0

У Бабруйску назвалі пераможцаў рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча.

3-26

Спектакль Маскоўскага тэатра імя Маякоўскага прымусіў задумацца.

Пяць дзён, насычаных тэатральнымі пастаноўкамі, творчымі эксперыментамі, абмеркаваннямі спектакляў, пошукамі сутнасці нашай нацыянальнай адметнасці ў творах сучасных беларускіх аўтараў, ужо ў мінулым. Тэатральнае свята скончылася нашумелай п’есай нашага таленавітага земляка Дзмітрыя Багаслаўскага ў выкананні акцёраў Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя Маякоўскага. На гледача абрынулася такая вострая сацыяльная драма, што стала зразумела: сучасная беларуская драматургія па сваёй псіхалагічнасці не саступае найлепшым творам беларускіх класікаў. Яе толькі трэба актыўна прасоўваць у масы. Бо яна — пра сённяшняе, набалелае, пра тое, пра што мы ўсе ведаем, але не можам або не хочам змяніць. «Каханне людзей» Багаслаўскага б’е пад самы дых, прымушае хвалявацца і думаць. Чаму людзі, якія любяць адно аднаго, няшчасныя разам? Чаму яны здольны кахаць прывіды, а жывога чалавека — не? Чаму яны здзекуюцца адно з аднаго і самі пакутуюць ад гэтага? Маёй суседцы па зале спектакль не спадабаўся. Кажа, што ў яе дома такое адбываецца кожны дзень. Думала адпачыць у тэатры, а тут зачапілі за жывое. Вось і кажы пасля гэтага, што тэатр не здольны перавярнуць усё ўнутры чалавека.

— Фестываль неабходны, — падкрэсліў доктар філасофскіх навук, тэатральны крытык Вадзім Салееў. — Тут можна пабачыць пэўны зрэз тэатральнага працэсу. Эксперыменты, якія былі зроблены двума цэнтрамі — эксперыментальнай рэжысуры і беларускай драматургіі — вельмі карысныя для выхавання маладых акцёраў. Для сябе адзначыў 5 спектакляў рознай ступені цікавасці. Сярод іх пастаноўка, зробленая тэатрам імя Якуба Коласа з Віцебска па п’есе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне», работа магілёўскага рэжысёра Уладзіміра Пятровіча «Час сэканд хэнд» па п’есе Алексіевіч. Я знаходжу пазітыўныя рэчы і ў эксперыменце бабруйскага тэатра «Чорная чарадзейніца», хаця не лічу яго цалкам дасканалым. Не дрэнны спектакль «Хто смяецца апошнім» тэатра-студыі кінаакцёра з Мінска, але ў мяне ёсць прэтэнзіі і да рэжысуры, і да шэрагу акцёраў. Хаця там ёсць два выдатныя выканаўцы — Уладзімір Мішчанчук і Дзмітрый Пустыльнік.

Сярод галоўных недахопаў, над якімі трэба працаваць, эксперты называюць адсутнасць на форуме найлепшых акадэмічных мінскіх тэатраў і, мякка кажучы, недастатковую інфармацыйную падтрымку. Шмат пытанняў выклікаў у тэатразнаўцаў адбор спектакляў на гэты фестываль. Ды і перыядычнасць форуму такая, што паспяваеш забыцца, існуе ўсё ж такі гэты форум ці не. «Фестываль трэба праводзіць з інтэрвалам не менш як раз у 2 гады, — лічыць Вадзім Салееў. — Усе ведаюць пра фінансавыя і арганізацыйныя цяжкасці, але для таго, каб тэатральны працэс быў якасны, трэба выконваць вызначаную рытмічнасць».

Пераможцам фестывалю ў намінацыі «Найлепшая сцэнаграфія» стаў мастак-пастаноўшчык спектакля «Ён. Яна. Вайна» Гомельскага абласнога драмтэатра Андрэй Меранкоў. Актрыса Алена Дудзіч адзначана за найлепшую жаночую ролю ў спектаклі Магілёўскага абласнога драмтэатра «Час сэканд хэнд», а рэжысёр пастаноўкі Аляксандр Пятровіч атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Любоў людзей» Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя Маякоўскага Мікіта Кобелеў адзначаны ў намінацыі «Найлепшая рэжысура». Спецыяльныя дыпломы «За пошук і рух наперад маладой беларускай драматургіі» атрымалі кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццяна Траяновіч і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка. А спектаклем-пераможцам фестывалю стала «Пінская шляхта» Палескага драмтэатра (рэжысёр Віталь Баркоўскі).

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

zigulya@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277