У Віцебску ўпершыню правялі беларускамоўны лялечны Хэлаўін. У мінулую суботу тут адбыўся насычаны падзеямі квэст (у перакладзе з англійскай — «гульня», або «пошук»). «Містэрыя ў Белай панны» ў Беларускім тэатры «Лялька» запомніцца надоўга.
Гледачоў у паўцемры сустракалі «чорныя вартавыя гары», якія цікавіліся, ці ёсць квіткі. Здзівіла і фігура рыцара. Ён раптам ажываў і біў «мячом» па галаве тых, хто спрабаваў праверыць, статуя гэта або акцёр схаваўся пад латамі. Адной з «ахвяр» стаў і аўтар гэтых радкоў.
Публіку ўразілі незвычайна аформленыя залы фае тэатра. Тут можна было ўбачыць і патэльню, на якой, напэўна, «смажылі» грэшнікаў, «прывідаў», якія клікалі да сабе. Цудоўным сюрпрызам стаў міні-спектакль тэатра ценяў. Акцёры распавялі пра гісторыю Замкавай гары, дзе і знаходзіцца тэатр. Калісьці там стаяў Верхні замак. Яго гаспадыняй была прыгажуня, якую звалі Белая панна. Замак знішчылі, ды і гару сёння не ўбачыш. Але дух панны яшчэ шмат вякоў з’яўляўся гараджанам. Яе відаць было здалёк, бо яна была ўся ў золаце і каштоўных камянях. Ахоўвалі яе львы. Згодна з легендай, прывід паны паказваў каштоўнасці. Аднак, як толькі іх бралі ў рукі, яны знікалі…
Пасля адбыўся спектакль «Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка» паводле твораў Яна Баршчэўскага. Ён пра тое, як закаханы прадаў душу, каб стаць багатым.
У антракце не было сумна. У падземнай частцы тэатра народ пужалі лялькі, «пакараныя» артысты, здані. За шчырую ігру акцёры атрымалі бурныя апладысменты. Але на гэтым свята не скончылася. На развітанне гледачам падарылі цукеркі ад «Белай панны».
На пляцоўцы ля тэатра адбылося выступленне гурта «AGNІ show». Хлопцы і дзяўчаты — удзельнікі шматлікіх міжнародных фестываляў. Яны выпускалі агонь з рота, круцілі вогненныя «элементы».
Аляксандр ПУКШАНСКІ
pukshanski@zviazda.by