«Сымон-музыка» адзначае 90-годдзе.
З гэтым віншавалі яго бацьку — у музеі Якуба Коласа праходзяць «Каласавіны», свята, якое 30-ты раз зладзілі ў дзень нараджэння народнага паэта Беларусі, дзеля таго, каб канцэнтрацыя талентаў на гэтай зямлі не змяншалася. Учора ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка Коласу ў Мінску. І абмеркавалі тэму, зададзеную Песняром: на што здольны талент і яго носьбіт-творца.
Якуб Колас меў на гэта свой погляд. Ён разумеў, што носіць у сабе часцінку таго таленту, які ўласцівы яго народу. Толькі абудзіць трэба той талент. Рабіў гэта — як настаўнік, калі нёс бедным сялянскім дзецям асвету. Шмат думаў аб прызначэнні талентаў, калі быў асуджаны за сваю настаўніцкую дзейнасць. Але нягоды не прытушылі, наадварот, распалілі агонь, які прарваўся праз цемру на волю — у выглядзе яго твораў. Менавіта тады, калі Колас-настаўнік адбываў пакаранне, яму прыходзіць задума паэмы «Сымон-музыка» — пра тое, што талент жыве ў народзе і ёсць людзі, якім дадзена магчымасць тварыць. Ён пісаў доўга, некалькі гадоў; некаторыя часткі паэмы друкаваліся, потым яна перапрацоўвалася. А ў 1925 годзе паэма «Сымон-музыка» ўбачыла свет. Ужо 90 гадоў, як мы яе чытаем.
Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхась Мушынскі, вядомы даследчык творчасці Якуба Коласа, падкрэсліў:
— У паэме адлюстраваная тэма гераічнага змагання за сваю незалежнасць, за права мець сваю мову, культуру… У ёй Якуб Колас паспяхова выкарыстоўваў сімволіка-алегарычныя моманты, разнастайныя выяўленчыя сродкі. «Сымон-музыка» — твор глыбока наватарскі не толькі паводле фармальных адзнак, жанру, кампазіцыі, але і паводле зместу. Паэма прасякнутая думкай аб жыватворнай сіле мастацтва, нескаронасці мастака, калі ён арганічна звязаны з роднай глебай, роднымі каранямі. Твор цалкам, асабліва ў фінальнай сцэне, мае глыбокі алегарычны сэнс. Калі нацыянальнае мастацтва нясе жыццесцвярджальныя ідэі дабрыні, любові да чалавека; калі з’яўляецца ўвасабленнем народнага духу, выяўленнем ментальнасці народа — яно здольнае адрадзіць краіну да новага жыцця.
Наогул уся спадчына Якуба Коласа дае багата падстаў для асэнсавання і пераасэнсавання. Прычым яна цікавая і прываблівае аматараў паэзіі не толькі з Беларусі. У Коласа шмат прыхільнікаў за межамі нашай краіны. Дарэчы, калі б арганізавалі маршрут «Шляхамі Коласа», то ён аб’яднаў бы вялікую колькасць краін. І, на жаль, не ва ўсіх з тых, дзе ён бываў і жыў, ёсць нават памятныя знакі пра Песняра. Але «Каласавіны» і навуковая канферэнцыя кожную восень збірае ў Доме-музеі Якуба Коласа даследчыкаў яго творчасці. Сёлета прыехалі госці з Літвы, Украіны і розных рэгіёнаў Расіі.
Георгій Васілевіч, дырэктар дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С. Пушкіна «Міхайлаўскае», звярнуўся да прысутных па-беларуску, каб падзякаваць за дружбу паміж музеямі, патлумачыў зацікаўленасць у супрацоўніцтве:
— Усе мы ў той ці ў іншай ступені дзеці, унукі і праўнукі пісьменнікаў і паэтаў, гэта застаецца назаўсёды. І мы з’яўляемся сябрамі ці сваякамі адзін аднаму праз гэтыя адносіны да вялікай літаратуры, якую стварае кожны народ на сваёй мове, але яна можа быць зразумелай для іншых народаў.
Каб адчуць самога Коласа, лепш паездзіць па яго мясцінах. Тады зразумелая крыніца таленту народнага паэта Беларусі. Сядзібы, звязаныя з дзяцінствам, сталеннем і жыццём Коласа, захаваныя і маюць цікавыя музейныя экспазіцыі ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні. Падчас свята «Каласавіны» госці маюць магчымасць іх наведаць, а ў вёсцы Мікалаеўшчына ўскласці кветкі да помніку Песняру. Шануюць яго землякі: у гарадскім доме культуры Стоўбцаў завершацца «Каласавіны» літаратурна-музычным святам «Тое не музыка — натхненне».
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by