Сваякі і іншыя асобы паважалі Міхала Клеафаса Агінскага.
Пра тое, што ў сям’і Агінскіх (паміж рознымі прадстаўнікамі гэтага роду) былі няпростыя адносіны, можна больш не гаварыць. Што гэта было зусім не так, сведчыць, у прыватнасці, ліст да Міхала Клеафаса яго дзядзькі Францішка Ксаверыя Агінскага. Ён быў сярод 4 лістоў і дакументаў роду Агінскіх, якія прадставілі беларускаму грамадству падчас урачыстасцей у гонар 250-годдзя Міхала Клеафаса, арганізаваных пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.
Гэтая асоба яднае нас, таму ўсё, што тычыцца Агінскага, з’яўляецца агульнай спадчынай некалькіх народаў і наогул усіх еўрапейцаў, якія ўпадабалі музыку Агінскага. «Не толькі адзін паланэз, іх у яго 24, — засведчыў Рыгор Сарока, дырэктар Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага, — яшчэ мазуркі, вальсы, рамансы засталіся ў музычнай спадчыне творцы». І нават той славуты паланэз «Развітанне з радзімай» (які можа ўспрымацца як паланэз Надзеі) не стаў бы такім папулярным, калі б не гучала яна ў Агінскім нават у няпросты для яго радзімы час. «…Яго музыка па-за часам», — адзначыў Міхал Хабрас, Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.
Насамрэч, усё важна і цікава, што тычыцца асобы, якая належыць свету. Таму любыя дакументы, звязаныя з родам Агінскіх, маюць каштоўнасць для Беларусі, што па крупінках збірае сваю спадчыну. Таму, калі часам на замежных аўкцыёнах з’яўляюцца рэчы, якія тычацца Міхала Клеафаса Агінскага, яны прыцягваюць увагу знаўцаў, даследчыкаў ці шчырых сучасных прыхільнікаў гэтай асобы. «За апошнія 20 гадоў на аўкцыёнах Еўропы з’явіліся толькі 15 рэчаў, звязаных з Міхалам Клеафасам Агінскім», — гаворыць Пётр Краўчанка, які адсочвае і набывае як прыватны калекцыянер карціны, лісты, дакументы, узнагароды, кнігі. Партрэт з жонкай Ізабэлай, узнагароды Агінскага, яго мемуары… Але менавіта дакументы з прыватнай калекцыі сталі адкрыццём, якое нам падаравалі напрыканцы года Агінскага. Гэта 4 лісты, 2 з іх напісаны самім Міхалам Клеафасам Агінскім. Але па-сваяцку цёплым падаецца прадэманстраваны ліст №1, напісаны дзядзькам Францішкам Ксаверыем Агінскім свайму пляменніку, які знаходзіўся з важнай дзяржаўнай місіяй Рэчы Паспалітай у Галандыі. Напісаны ў Маладзечне 3 ліпеня 1790 года ліст утрымлівае такія словы (пераклад з польскай Галіны Пальянавай): «…У распачатым падарожжы шчыра жадаю, каб ласкавы Бог міласцю сваёй асобу Вашу ахоўваў і ў добрым здароўі як мага хутчэй на радзіму вярнуў. На радасць сям’і і таго, хто піша».
Можа быць, пасля Андрэя Агінскага бацькоўскі клопат пра пляменніка стаў праяўляць менавіта Францішак Ксаверый. Яго маёмаснымі справамі Міхал Клеафас вымушаны быў займацца, калі дзядзька залажыў свае маёнткі. Пра атрыманне ў спадчыну аднаго з іх вядзецца гаворка ў лісце Агінскага, напісаным у Вільні. Дакумент, вельмі падобны на гросбух, дзе ўсё дакладна прапісана, пералічана. Дзіўна, таму што пра Агінскага часта гавораць як пра летуценніка, які быў далёкі ад правільнага вядзення матэрыяльных спраў, любіў раскошу і растраціў сваю маёмасць. Тое ж і наконт яго дзядзькаў — і Францішка Ксаверыя, і слонімскага мецэната Міхала Казіміра Агінскага. Нібыта заможныя людзі, а калі разабрацца — даўгі. Фінансавыя справы Міхала Клеафаса Агінскага былі яшчэ больш ускладнены ўдзелам у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі: яго маёмасць была канфіскавана. Вось і даводзілася прыкладаць намаганні, пісаць лісты, ды і асабіста звяртацца да расійскіх улад, каб атрымаць дазвол нешта мець. Але нават некаторыя былыя ворагі імкнуліся часам паспрыяць у вырашэнні лёсу чалавека, якога паважалі.
Гэта быў складаны час, калі былая шляхта ВКЛ і Рэчы Паспалітай шукала розныя варыянты аднавіць сваю краіну, таму Агінскі быў адным з тых, хто прыглядаўся да Напалеона, але хутка зразумеў: французскі імператар — надта прагматычны чалавек і мае свае планы, у якія гэтая краіна не вельмі ўпісваецца. Пэўныя надзеі для развіцця радзімы Міхал Клеафас Агінскі звязваў з расійскім імператарам-рэфарматарам Аляксандрам І. Той у 1815 годзе скасаваў даўгі Агінскага. Шмат акалічнасцей жыцця могуць удакладняць сучасныя даследчыкі дзякуючы новым дакументам, якія вяртаюцца ў краіну і тлумачаць, што, як і чаму тады адбывалася. Трэба адзначыць, што асаблівая цікавасць да асобы Агінскага ўзнікла з набыццём Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту: на доме ў Фларэнцыі, дзе ён жыў апошнія гады да смерці, з’явілася мемарыяльная дошка. У Маладзечне пастаўлены помнік кампазітару. І яшчэ адзін помнік — музычны: яму прысвечана опера Алега Залётнева, пастаўленая сіламі навучэнцаў вучылішча. Адзін з былых выпускнікоў Уладзімір Александровіч, які цяпер выступае ў Італіі, прызнаўся, што для яго — вялікі гонар спяваць партыю Агінскага, дзе ёсць такія словы: «Дзе ты, мая краіна?..»
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by