Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

«Самай абаяльнай…» — 30 гадоў

$
0
0

10 лістапада споўніцца роўна 30 гадоў, як у кінатэатрах СССР адбылася прэм’ера мастацкага фільма «Самая абаяльная і прывабная». У 1985-м гэтая камедыя стала лідарам кінапракату — яе паглядзелі без малога 45 мільёнаў гледачоў у Савецкім Саюзе, а таксама набылі для паказу 69 краін свету. Напярэдадні круглай даты прапануем узгадаць колькі цікавых фактаў з «біяграфіі» юбіляра.

6-4

У ролі сціплай «шэрай мышкі», інжынера Надзі Клюевай, рэжысёр Геральд Бежанаў ад самага пачатку бачыў менавіта Ірыну Мураўёву. Актрыса ж, у сваю чаргу, імкнулася выйсці за межы навязанага ёй амплуа мілай, але непрыгожай жанчыны і катэгарычна адмаўлялася здымацца ў фільме — пачатковец вялікага кіно Бежанаў паўгода хадзіў у тэатр імя Массавета на ўсе яе спектаклі, пільнаваў Мураўёву пасля рэпетыцый, спрабаваў схіліць на свой бок яе мужа, рэжысёра Леаніда Эйдліна… І нейкім чынам усё ж пераканаў. Пра што, як часта прызнаваўся, не шкадаваў ніводнага імгнення: «Адно задавальненне было працаваць з Мураўёвай на здымачнай пляцоўцы: вельмі засяроджаная, адказная, прафесійная актрыса».

На ролю сяброўкі галоўнай гераіні, псіхолага Сусанны, разглядаліся некалькі прэтэндэнтак. Мантру «я самая абаяльная і прывабная…» маглі данесці з экрана да савецкіх жанчын Любоў Палішчук або Іна Чурыкава. І, мабыць, адзін з гэтых варыянтаў мог стаць найлепшым, бо Таццяна Васільева, якая ў выніку і ўвасобіла вобраз Сусанны, даводзіла рэжысёра ледзь не да інфаркту. У адзін цудоўны дзень актрыса пафарбавала валасы ў чырвоны колер і адмовілася «вяртаць, як было» — з гэтага моманту яе гераіня з’яўлялася ў кадры выключна ў каптурку. Папіў крыві рэжысёра і Аляксандр Абдулаў, які пасярод здымак раптоўна на два тыдні з’ехаў з Масквы для ўдзелу ў іншым праекце.

Забаўна, але ні Ірына Мураўёва, ні Уладзімір Носік не ўмелі гуляць у пінг-понг, які, паводле сцэнарыя, звёў галоўную гераіню з яе сапраўдным шчасцем. Давялося абаім перад здымкамі спецыяльна трэніравацца, прычым Носік падышоў да пытання з такім імпэтам, што нават зламаў палец на назе.

Пакутніцкі выраз твару Міхаіла Какшэнава, якога калегі ўзмоцнена паілі газаванай вадой з аўтамата «для супрацоўнікаў інстытута», тлумачыцца не толькі бліскучай гульнёй акцёра. Насамрэч, гэтая сцэна здымалася добры дзясятак дубляў: так партнёры па фільме пажартавалі з акцёра. «Пі, Лёха, пі!» — з сур’ёзнымі тварамі падбухторвалі яны, і гэтая рэпліка ўвайшла ў фільм.

А за бяскрыўдны, здавалася б, жарт «Яна што, з Урала?» рэжысёру давялося пісаць тлумачальны ліст і выбачацца асабіста перад абураным Барысам Ельцыным, тады кіраўніком Свярдлоўскага абкама, а ў будучыні прэзідэнтам Расіі.

Крылатыя фразы з фільма

«Штосьці вы ўсё печаце дзяўчаты, печаце! Лепш бы ўжо капусту квасілі, ці што…»

«Мне не зразумела, якія наступствы могуць выцекчы з кубачка кавы…»

«Глядзі-ка, у джынсы ўжо апрануліся нават самыя адсталыя слаі насельніцтва».

«Некаторыя ўсё замуж выходзяць і выходзяць, усё разлічваюць і разлічваюць!»

«Заначаваў у сябра… у доме калгасніка… Не паспеў пераапрануцца».

«Першы раз бачу дрэсіроўшчыкаў, у якіх няма ананасаў».


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277