Калі я чытаю ці пішу пра фільмы Чарльза Чапліна, узнікае нястрымнае, амаль фізічнае жаданне іх перагледзець, бо магія яго фільмаў вызывае прыемную ломку і абяцае толькі задавальненне. Мастацтва пантамімы, бясконцы гуманізм — любоў да маленькага чалавека, талент стварэння камічных сітуацый і сур’ёзныя пытанні чалавечага існавання за формай камедыі робяць Шарло не проста персанажам, а Чарльза Чапліна не толькі камедыянтам.
Нямыя чорна-белыя камедыі рэжысёра нязменна карысталіся попытам яшчэ з яго першых спроб ствараць фільмы, з першых крокаў Шарло на экране ў несуразмерна вялікіх чаравіках, з першага задаволенага выгуку гледача.
Парадокс у тым, што глядач і пасля эпахальнага пераходу да гукавога кіно ў 1927 годзе застаўся верным нямым карцінам любімага рэжысёра. Майстар пантамімы са зразумелых прычын не адразу прыняў гук у кіно і прагназаваў яму нядоўгае існаванне — шэсць месяцаў. Таму і пасля выхаду на экраны фільма «Спявак джаза» зняў нямыя стужкі «Цырк», «Агні вялікага горада» і нарэшце ў 1936 годзе «Новыя часы», што сталі першай прыступкай Чапліна да чалавечай гаворкі ў кіно.
Гэтая карціна пра тое, як машына — канвеер — змяняе жыццё вялікіх гарадоў, дзе амаль не застаецца месца для маленькага чалавека, а значнасць чалавечай працы і адпаведна самога жыхара зніжаецца.
Валацуга працуе на прадпрыемстве, якое аказалася для Чапліна раздоллем для стварэння шэрагу камічных сцэн. На адным баку барыкад у «Новых часах» — багатыя прадпрымальнікі, на другім — беспрацоўныя, што шукаюць для сябе лепшага жыцця і спрабуюць за яго змагацца. Напрыклад, з дапамогай мітынгу — па сюжэце Шарло выпадкова аказваецца ў натоўпе мітынгуючых, на транспарантах якіх знайшлася і беларуская мова (альбо руская з памылкай) з надпісам на кірыліцы «Свабода!».
Шарло ў карціне «Новыя часы» зноў разгублены, непрыкаяны, нікому не патрэбны. Ён шукае лепшага жыцця і на гэтым шляху ўвесь час сустракаецца з абыякавасцю ўсяго, што ўяўляе «ўладу» ці «дзяржаву», і перашкодамі недасканалай сістэмы.
Жыццёвыя перыпетыі прыводзяць яго на сцэну аднаго з гарадскіх шынкоў, дзе ён павінен спець песню. Не ведаючы тэксту, ён спадзяецца на падказку, але ў момант, калі на яго ўтаропіліся шматлікія пары вачэй у чаканні выступлення, аказваецца, што падказка знікла. Тады ён спявае песню на выдуманай мове — гэты эпізод і стаў пераходам Чарльза Чапліна да гукавога кіно.
Наступная карціна — «Вялікі дыктатар», якая з’явілася на экранах у 1940 годзе як пародыя на Адольфа Гітлера, — была ўжо поўнасцю гукавой. У наступных фільмах «Месье Верду», «Агні рампы», «Кароль у Нью-Ёрку» персанаж Шарло больш не з’яўляўся. Сусветны кінематограф узбагаціўся кардынальна іншымі драматычнымі ролямі Чарлі Чапліна.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
katsyalovich@zviazda.by