Шчодры на цяпло лістапад прыцерушыў золатам апалай лістоты абсягі роднай зямлі. Па-восеньску суцішанай, мудрай выглядае зараз прырода. Куды ні кінь позірк — перад вачамі паўстае прыгажосць маладой нашай краіны. Клапатліва дагледжаныя палі зелянеюць новаю рунню: гожыя вуліцы аграгарадкоў, гмахі старавечных і абноўленых гарадоў. І ўсюды — нястомны жыццёвы рух, паўсядзённы чалавечы занятак. Нашы суайчыннікі дужымі, энергічнымі рукамі нястомна працягваюць пачэсную справу папярэднікаў: будуюць маладую суверэнную краіну, імя якой — Рэспубліка Беларусь! І чым наша маладая краіна будзе пачута ва ўсім свеце, залежыць ад кожнага з нас. Ад нашай упартай працы і ад нашай духоўнай моцы. Мы, сучасныя жыхары Беларусі, заўсёды павінны памятаць, што на папялішчы самай кровапралітнай вайны нам выпала адбудавацца і жыць, што за наша мірнае зямное бытаванне заплачана неймаверна вялікая цана — у мільёны чалавечых жыццяў. Таму нашы памяць і свядомасць будуць заўсёды трывалымі, моцнымі. Таму непахісна гуманным застаецца погляд на свет і людзей. Мы зычым дабра і сабе, і іншым. Такі ён, міралюбівы і зычлівы, голас Бацькаўшчыны нашай у чалавечай супольнасці.
На маёй зямлі
спрадвечнай,
Дзе хадзілі часта войны,
Лёс заўсёды чалавечы
Быў журботна неспакойны.
То адны ішлі ватагі,
То другія неслі здзекі.
Тут крыжастыя іх сцягі
Ў прошласць канулі навекі.
На маёй зямлі пякельнай,
Дзе мярцвяча вецер
свішча,
Што была не раз
суцэльным
Вугляжарым папялішчам,
Да майго сюды прыходу
Пакаленняў не бывала,
Каб у розныя нягоды
За яе не ваявала.
Гэта я, дасюль адзіны,
Хто за ўсё жыццё ні разу
За захоп яе злачынны
Не даваў ружжом адказу.
Не хадзіў па жытнім полі,
Як дзяды мае, ў атаку.
Зубы сціснуўшы ад болю,
Над забітымі не плакаў.
Не хаваў астанкі-косці
У хатынях пагарэлых,
Тым, забіты,
не зайздросціў,
Хто зноў бачыць
ранак белы.
Я пражыў —
і працай-песняй
Год ад году быў заняты,
У раллю у ранак весні
Ўпалі з рук маіх зярняты.
Гарады — мае — усталі,
Дзе гарбелі скрозь руіны.
Дух мой горды гартавалі
Будні новае краіны.
На зямлі маёй сардэчнай
Вас сустрэнуць
хлебам-соллю,
Ўсмешкай цёплай
чалавечай,
Чаркай звонкай у застоллі.
* * *
Навучыліся многаму
мы за вякі.
Запускаем навейшыя
ў свеце станкі.
Здабываем з вады
кісларод, вадарод.
Арашаем пустыні,
дзе быў недарод.
У нябёсах лятаем,
плывём пад вадой.
Водзім ціха сакрэты
з урану рудой.
Хмарачосы будуем з бетону
і шкла.
Міжпланетнага чуем
размахі крыла.
За вякі навучыліся
многаму мы.
Навучыцца б яшчэ быць
заўсёды людзьмі.
* * *
Калі птушкаю стаць —
толькі не воранам,
Што на полі смерці
вочы клюе.
Калі хмараю стаць —
дык не тою прачорнаю,
Што жывое калоссе
градам паб’е.
Калі дрэвам стаць —
дык не здраднай асінаю,
Што саромна за ўчынены
грэх дрыжыць.
Калі стаць валуном —
дык не тым, пакінутым,
Што на даўняй магіле,
амшэлы, ляжыць.
Калі стаць агнём —
дык не тым, раз’юшаным,
Што ад хаты пакінуў
адны вугалі.
Калі песняй стаць —
толькі той, што душамі
Завалодала, роднай
служыць зямлі.
Мікола Мятліцкі,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусьімя Янкі Купалы і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА