Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

І нават тралейбус стаў паэтычным

$
0
0

Гэты год стаў для Брэста асаблівым, горад над Бугам жыве ў статусе культурнай сталіцы краіны. Яшчэ ў студзені ў інтэрнэце з’явіўся сайт пад назвай «Брэст — культурная сталіца Беларусі» і, што цікава, адразу набраў папулярнасць. Для 300-тысячнага горада 800 праглядаў за дзень тэматычнага партала, згадзіцеся, — паказчык вельмі нядрэнны. З адным з адміністратараў сайта, дырэктарам Брэсцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, дэпутатам абласнога Савета Святланай СЯМАШКАЙ (на фота) мы згадваем некаторыя знакавыя падзеі гэтага года.

6-31

— На пачатку студзеня, на закрыцці міжнароднага фестывалю класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары», старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук атрымаў сімвалічныя знакі, якія сталі пацверджаннем статусу горада як культурнай сталіцы. Вось гэтыя мерапрыемствы, а таксама іншыя, накшталт конкурсу юных піяністаў, сталі першымі паведамленнямі новага сайта, які стварыла гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна. Мы паставілі задачу акумуляваць на сваім электронным рэсурсе ўсе асноўныя падзеі культурнага напрамку. Кажу «асноўныя», бо паведаміць пра ўсе альбо большасць немагчыма, іх праходзіць вялікае мноства. А вось на асноўных мы завастраем увагу сваіх наведвальнікаў. Стараемся даваць не толькі інфармацыю, але і падмацоўваць яе добрай ілюстрацыяй. І людзі цікавяцца, пакідаюць свае водгукі, каментарыі, часам з канструктыўнымі ідэямі або прапановамі, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Адметнасцю нашага сайта, у пэўным сэнсе яго славутасцю стаў блог, які вядзе кіраўнік нашага горада Аляксандр Рагачук. На сваёй старонцы мэр разважае пра культуру ў цэлым: музыку, літаратуру, тэатры, музеі; а таксама пра культурнае развіццё гарадоў і народаў у гістарычным кантэксце; яшчэ пра культуру як неад’емную частку чалавечых адносін, пра культуру як выхаванасць кожнага індывідуума.

У сваіх допісах Аляксандр Рагачук выказвае стаўленне да гарадскіх падзей і мерапрыемстваў, а таксама да людзей, якія вызначыліся на ніве культуры ці ў іншых галінах гарадскога жыцця. І гэта важна.

Сёння далёка не кожны кіраўнік такога рангу кантактуе з гараджанамі ў сацыяльных сетках. Тым больш па пытаннях культуры.

А падзей — цікавых, змястоўных, павучальных, відовішчных — за гэты год было столькі, што пра ўсе не раскажаш, а вылучыць галоўныя з іх не так і проста. Ну, напрыклад, адкрыццё гістарычнага тралейбуса. Ён і цяпер ходзіць па гарадскіх маршрутах, я часам пад’язджаю на ім некалькі прыпынкаў. І хоць ужо добра ведаю тэкст, які гучыць падчас руху, але мне цікава зноў і зноў разглядаць інфармацыйныя стэнды з датамі і апісаннем асноўных падзей амаль 1000-гадовай гісторыі Брэста. Заўважаю, што іншыя пасажыры таксама чытаюць.

Не менш змястоўным аказаўся праект нашай бібліятэкі «Рыфмы Перамогі», які яшчэ называлі «паэтычны тралейбус». Вы здагадаліся, напэўна: у тралейбусе гучалі вершы. Ва ўмовах студыі мы запісалі творы пра вайну. Іх чыталі вядомыя ў горадзе людзі. І хоць чытальнікамі сталі непрафесіяналы, у дэкламацыю ваеннай паэзіі яны, несумненна, уклалі душу. Напрыклад, кіраўнік паштовага ведамства Валянціна Пух выбрала верш «Мой дзед не вярнуўся з вайны» невыпадкова: яе родны дзед загінуў на фронце. Таму і выкананне стала такім пранікнёным.

Запомніўся незвычайнасцю сцэнарыя, мноствам падзей сёлетні Дзень горада. На свяце аддалі даніну гісторыі: была выраблена сімвалічная манета ў гонар 350-годдзя Брэсцкага манетнага двара. Шмат эмоцый падарыў гледачам форум вулічных тэатраў. А яшчэ гэтым разам прайшоў карнавал, які пакінуў незабыўныя ўражанні. Казалі, што традыцыю карнавалаў у горадзе маюць намер працягнуць, было б вельмі добра.

І яшчэ вельмі хочацца спадзявацца, што гараджане зробяць рэальныя крокі на шляху працягу традыцыі вяртання культурных каштоўнасцяў у Брэст. Як гэта важна, мы адчулі падчас імпрэзы ў Музеі гісторыі горада. Заўважу, наш Брэст мае багатую, але, на жаль, у многім трагічную гісторыю. І ад славутага некалі старадаўняга Берасця, з яго палацамі і храмамі, багатымі асабістымі бібліятэкамі, засталося вельмі мала. Па сутнасці, крупінкі. Таму, калі ў горад вяртаецца нешта з былых часоў, з’яўляецца духоўная повязь пакаленняў. Падобныя думкі выказвалі ўдзельнікі мерапрыемства, прысвечанага перадачы музею карцін ураджэнца Брэст-Літоўска, мастака Парыжскай школы Якава Балглея. Работы ў дар музею перадаў ганаровы консул Францыі ў Брэсце Леанід Стаецкі. Ён набыў іх, дарэчы, за свае грошы.

Наступны крок на гэтым шляху — набыццё поўнага асобніка Брэсцкай Бібліі. Гісторыя гэтай кнігі тоіць у сабе нямала загадак. Ёсць звесткі, што пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага яго сын загадаў спаліць усе выданні Брэсцкай друкарні. Некаторыя фаліянты ўсё ж захаваліся, іх у свеце налічваецца некалькі дзясяткаў. Таму цалкам верагодна набыць кнігу ў аднаго з калекцыянераў.

Пра гэта, дарэчы, у сваім блогу піша старшыня гарвыканкама. Мэр заклікае ўсіх неабыякавых гараджан прыняць удзел у фінансаванні праекта. Вяртанне на радзіму Брэсцкай Бібліі стане для ўсіх нас асаблівай, знакавай падзеяй. Бо менавіта ў духоўнай спадчыне хаваюцца карані таго, што можна назваць падмуркам зместу сённяшняй культурнай сталіцы. Знаходзячыся побач з такімі рарытэтамі, можна ўсвядоміць, што ўсё на гэтым свеце праходзіць і толькі культурныя каштоўнасці застаюцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277