Наша роля ў стварэнні ВКЛ і яго «залатым веку».
Упершыню ў беларускай сталіцы прайшла маштабная канферэнцыя па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Многія айчынныя даследчыкі змаглі данесці да шырокай аўдыторыі свае напрацоўкі. А таксама падзяліцца меркаваннямі з замежнымі калегамі — іх, для ўдзелу ў дыскусіях і дзеля ўласных выступленняў, сюды прыехала каля 40. Відавочна, што мы пазней за суседзяў сталі на шлях асэнсавання сваёй ролі і значнасці ў мінулым. Аднак цяпер, калі гісторыя сабрана па кавалачках, калі склалася агульная карцінка, можам нарэшце разам з іншымі ўсвядоміць сябе спадкаемцамі дзяржавы, што ў часы росквіту сягала «ад мора да мора…».

Рамуне Шмігельскітэ-Стукене, Ірына ГАНЕЦКАЯ і Валянцін ГОЛУБЕЎ вялі рэй
на адной з секцый канферэнцыі.
«Свабодныя ў выбары тэм»
Загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў дапамог панарамна зірнуць на праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца айчынным даследчыкам:
— Да пачатку 1990-х гадоў беларуская гістарыяграфія Вялікага Княства Літоўскага прыйшла з вельмі сціплымі дасягненнямі. Гэтаму шмат прычын, галоўная з іх — адсутнасць у беларусаў сапраўднай дзяржаўнасці ў саюзе краін. Даследаванні па гісторыі ВКЛ фактычна адсутнічалі да канца 1970-х гадоў. Сітуацыя змянілася ў пачатку 1980-х гадоў, калі вучоныя сталі свабоднымі ў выбары тэм даследаванняў, калі былі расстаўлены іншыя прыярытэты. У выніку за 1990-я гады з’явілася больш прац па гісторыі беларускіх зямель у складзе ВКЛ, чым за папярэднія 60 гадоў, разам узятыя. Аднак нельга казаць пра фундаментальны характар гэтых даследаванняў. Праўда ў тым, што стала публікавацца больш навукова-папулярных ці папулярных артыкулаў, аўтары якіх апісвалі выбраныя імі праблемы без спасылак на выкарыстаную літаратуру і іншых навукоўцаў. Толькі ў апошнія 10–15 гадоў назіраецца яшчэ адзін паварот — да дасканалага вывучэння гісторыі ВКЛ і абгрунтавання сваіх высноў.
Можна сцвярджаць, што нам было больш складана вызначыцца з роляй беларускіх зямель у станаўленні і развіцці Вялікага Княства, бо мы ўступілі на шлях даследавання ўжо пасля польскіх і літоўскіх калег. Давялося на самым пачатку пошуку гістарычнай ісціны сутыкнуцца з поглядамі суседзяў, якія досыць суб’ектыўна ацэньвалі нашу ролю ў вялікай дзяржаве і яе «залатым веку». Аднак гісторыкам удалося падняцца над чужымі думкамі і самастойна прааналізаваць факты. Цяпер мы маем уласнае бачанне і разуменне, што з’яўляемся спадкаемцамі магутнай дзяржавы, на рахунку якой мноства светлых старонак і велічных перамог.
Валянцін Голубеў асобна вылучыў працы беларускага гісторыка-аматара Міколы Ермаловіча, які яшчэ ў 1980-х гадах выступіў супраць папулярнага сярод савецкіх ідэолагаў сцвярджэння, што Вялікае Княства Літоўскае было чужой для беларусаў дзяржавай. Яго работы ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай гістарычнай навукі і гістарычнай публіцыстыкі. На думку навукоўца, гэта быў сапраўдны змагар за старажытную Беларусь.
Варта згадаць і працы Алеся Краўцэвіча. Згодна з яго канцэпцыяй, Вялікае Княства Літоўскае фарміравалася на падставе беларуска-літоўскага вайсковага і палітычнага супрацоўніцтва, аднак пры пераважнай палітычнай і эканамічнай ролі беларускіх зямель.
«Паляванне на ведзьмакоў»
Падчас канферэнцыі давялося пачуць цікавыя факты з жыцця вялікай дзяржавы. Напрыклад, доктар гуманітарных навук, прарэктар Літоўскага эдукалагічнага ўніверсітэта Айвас Рагаўскас распавёў пра ведаўскія (вядзьмарскія) працэсы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Праўда, пра гэтую з’яву нам даводзілася чуць і раней. Уладзімір Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» падрабязна апісвае, як з-за незразумелых абвінавачванняў спальвалі людзей…
Згодна з дакументамі, якія захаваліся, такія судовыя справы вяліся перыядычна, а прысуды ў іх выносіліся досыць хутка.
Напрыклад, адна жанчына абвінавачвалася ў тым, што зачаравала курэй, і яны неслі недастаткова яек і не клапаціліся пра куранят. Падсудная сваёй віны не прызнала і была адпраўлена на вогнішча.
Іншую жанчыну асудзілі за тое, што яна памыла чалавеку ногі вадой і ён стаў здаровым. У судовых кнігах значылася, што паддопытныя прызнаваліся, што адракліся ад Бога і цалкам аддаліся д’яблу. Палёты лічыліся яшчэ адным абавязковым атрыбутам ведзьмаў. А таксама іх удзел у шабашы з нячыстай сілай.
Часам пад асуджэнне траплялі нават непаўналетнія дзяўчаты, хоць гэта і не дазвалялася Статутам. Толькі ў 1786 годзе выйшла пастанова, якая забараняла катаваць ведзьмаў і прыгаварыць іх да смяротнай кары.
Айвас Рагаўскас спрабаваў патлумачыць, чаму праводзіліся такія суды. На яго думку, тагачасныя людзі такім чынам змагаліся з рэшткамі паганскіх традыцый у грамадстве. А таксама гэта было спосабам кантраляваць жанчын.
Вядзьмаркамі звычайна прызнавалі тых, хто паходзіў з ніжняга саслоўя. Вядома толькі пару выпадкаў, калі шляхцянак палічылі варажбітакамі. Затое шляхта з задавальненнем выступала ў ролі суддзяў. Часцей за ўсё адбываліся папросту самасуды. Тым, каго абвінавачвалі, катавалі канечнасці, палілі свечкай, прымушаючы прызнаць сваю віну. Судовыя запісы па такіх справах звычайна вельмі сціплыя — адзін абзац, не болей за старонку. Часта абвінавачванні запісвалі проста на шматках паперы.
Адметна, што ў Еўропе (як і ў Вялікім Княстве Літоўскім) такія працэсы вяліся часцей за ўсё ў дачыненні да жанчын (часам асуджалі і мужчын-ведзьмакоў), якія ва ўяўленнях тагачаснага грамадства дзейнічалі супраць Бога і чалавека. А вось у Расіі 75% асуджаных складалі мужчыны, і іх каралі як злачынцаў, што ідуць супраць дзяржавы і цара.
Увогуле ведаўскія працэсы даследаваны слаба. Адной з прычын з’яўляецца тое, што запісаў па такіх справах пакідалі зусім мала. На тэрыторыі сучаснай Беларусі, па звестках навукоўца, не знойдзена ніводнай кнігі з запісамі пра судовыя працэсы над ведзьмакамі. Аднак маюцца яны ў іншых частках Вялікага Княства Літоўскага.

Даклад Змітра САСНОЎСКАГА суправаджалі музычныя ілюстрацыі ў выкананні гурта «Стары Ольса».
«У пагоні за аўтэнтычным гучаннем»
Кіраўнік гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, які займаецца рэканструкцыяй старажытнай музыкі, прыйшоў на канферэнцыю разам са сваім калектывам. Яны дапамаглі прысутным перанесціся на некалькі стагоддзяў назад, пачуць тое, што гучала ў каралеўскіх дварах і гарадскіх корчмах. Сасноўскі расказаў пра пераасэнсаванне еўрапейскіх музычных уплываў у магнацкім і гарадскім асяроддзях Вялікага Княства Літоўскага:
— Уплыў заходнееўрапейскай музыкі на творчасць магнацкіх і гарадскіх асяроддзяў адбываўся па самых розных кірунках. Першы — гэта імітацыя вясковымі майстрамі музыкі розных краін, у першую чаргу Італіі, Германіі, Францыі, пры каралеўскіх рэзідэнцыях, а таксама запрашэнне замежных музыкаў у краіну і іх мецэнацкая падтрымка. Напрыклад, у палацы Жыгімонта ІІ Аўгуста працавала цэлая музычная капэла, у якой ігралі майстры з Польшчы, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, а асабліва палюбілася там італьянская музыка. Менавіта дзякуючы ім тут распаўсюдзіліся лютневыя і струнныя інструменты, а таксама розныя віды віёл.
Вялікай папулярнасцю калісьці карыстаўся славуты «Астрамечаўскі рукапіс», які іначай называецца «Полацкі сшытак». Можна сцвярджаць, што многія творы ў ім італьянскага і французскага паходжання. Сасноўскі адзначае, што творы ў гэтым зборніку не мелі строгай формы. Выкарыстоўваючы іх, тагачасныя музыкі маглі дазволіць сабе імправізаваць. Часам яны перайначвалі не толькі музыку, але і назву.
— Хачу адзначыць, што мы мелі на мэце не проста рэстаўрацыю манеры выканання старажытнай музыкі, — адзначае лідар «Старога Ольсы». — Хацелі, каб у выканні ўдзельнічалі інструменты, якія гістарычна абгрунтавана выкарыстоўваліся на нашых землях у той або іншай культуры…
Асобныя творы з «Полацкага сшытка» — мясцовага паходжання. Некаторыя з іх увогуле не мелі аналагаў не толькі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, але і суседніх краін. Адзін з іх, напрыклад, называецца «Цюпа». У пагоні за аўтэнтычным гучаннем мы знарок не выкарыстоўвалі для вырабу сваіх інструментаў сінтэтычных матэрыялаў, таму даводзіцца перыядычна падстройвацца, у залежнасці ад навакольнай тэмпературы і вільготнасці. Некаторыя элементы інструментаў, напрыклад «пішчыкі», рэгулярна мяняліся, ад чаго вельмі пакутавалі тагачасныя музыканты.
У «Полацкім сшытку» запісваліся толькі тыповыя верхнія і ніжнія рытмы, а сярэднія галасы прапускаліся для таго, каб тыя, хто іх выконвае, маглі праявіць сваю творчасць. У ХVІІ стагоддзі музыкам лічыўся той, хто адначасова з’яўляўся і кампазітарам, і аранжыроўшчыкам, і тэхнічным выканаўцам гэтай мелодыі. Музыка ўспрымалася як публічная форма імправізацыі. Карыстацца дакладнай музычнай формулай перад дасведчанымі слухачамі лічылася кепскім тонам. Таму, у адрозненне ад многіх іншых краін Еўропы, нашы музыкі мелі магчымасць імправізаваць падчас выканання.
* * *
На канферэнцыі гучала і шмат іншых цікавых дакладаў. Напрыклад пра тое, як археалогія дапамагае разуменню тых працэсаў, што адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прыгадвалася тапанімічная спадчына, якая з даўніх часоў перайшла да сённяшніх дзён. Гісторыкам удалося зрабіць важнае падсумаванне. І, узгадваючы пра «залаты век», пераняць яго вопыт для сучаснай краіны.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by
Фота аўтара