У фільме знакамітага аўтара Аляксандра Міндадзэ.
Расійскі сцэнарыст і рэжысёр Аляксандр Міндадзэ прадставіў на XXII Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” сваю трэцюю поўнаметражную работу “Мілы Ханс, дарагі Пётр”. Аўтар вядомы сваёй супрацай з Вадзімам Абдрашытавым (які сёлета стаў старшынёй міжнароднага журы асноўнага конкурса ігравога кіно), сумесна з ім у якасці сцэнарыста стварыў адзінаццаць праектаў, апошнім з якіх быў фільм “Магнітныя буры”. У пяцьдзесят восем гадоў Аляксандр Міндадзэ зняў сваю дэбютную работу “Адрыў”, потым была карціна “У суботу”. Нарэшце трэці фільм рэжысёра 9 лістапада быў упершыню паказаны на сталічным вялікім экране. Мяркуецца, што пасля заканчэння кінафорума карціна “Мілы Ханс, дарагі Пётр” выйдзе ў пракат.
Гэта знакавы праект, па-першае, з-за імя аўтара, якое ў сучаснай расійскай культурнай прасторы асацыюецца з якасным артхаусным, авангардным кіно. Па-другое, таму што праект прайшоў усе кругі пошуку сродкаў: адмову ў фінансаванні з боку расійскага Міністэрства культуры, далучэнне агульнагерманскага фонда German Federal Filmboard, што спансуе ў асноўным нацыянальныя фільмы, знікненне значнай часткі дапамогі ад Украіны з-за агульнай сітуацыі на тэырторыі, з’яўленне брытанскага спансавання і зноў далучэнне расійскага бюджэту. Па-трэцяе, фільм запоўніў своеасаблівую гістарычную лакуну – час пасля падпісання пакта Молатава-Рыбентропа паміж Германіяй і СССР, што стымуляваў эканамічнае і навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі. Так, у карціне “Мілы Ханс, дарагі Пётр” група нямецкіх інжынераў прыязджае працаваць на савецкі шкляны завод. Чатыры чалавекі – тры мужчыны і адна жанчына – жывуць асобна, спрабуюць стварыць зверх’якасную лінзу і кантактуюць з расійскімі калегамі.
Рускія і немцы тут паказваюцца падобнымі, а мне падалося, што і ў нейкім сэнсе роднаснымі, народамі. Можна апеляваць да аднаго прамога выказвання эпізодам, дзе Пётр называе Ханса (галоўнага героя) сваім братам-блізнюком.
“Падобнасць рускіх і немцаў бачная ў маім фільме. Але мы прыйшлі ў другі час – людзі змяніліся, кінуліся спажываць (нічога заганнага ў гэтым няма, нашы бацькі марылі пра такое жыццё) і краіна ўжо іншая, падобнасці да немцаў менш. Яны таксама вельмі змяніліся, усходнія адрозніваюцца ад заходніх. Але ў той час, перад вайной, такая падобнасць была”, — каментуе Аляксандр Міндадзэ. – “Кім бы мае персанажы ні былі – рускімі ці немцамі – яны ўсе знаходзяцца перад катастрофай, набліжэнне якой адчуваюць. Гэта прадчуванне страшных падзей на іх уздзейнічае, а ў аднаго героя снарад будучай вайны проста “ўзарваўся ў руцэ”. Таму і матывы дваістасці тут актуальныя, у адной сцэне героі бачаць сябе ў паралельна ідучым саставе. Мне здаецца, гэты матыў нейкім чынам падымае нас над жыццём і з’яўляецца абагульненнем”.
Тэма падпісання пакта Молатава-Рыбентропа ўспамінаецца як табуіраваная ў савецкім саюзе, таму гэты час у нейкім сэнсе выпаў з кантэксту, з агульнага пласта асэнсоўвання гісторыі культурай. Паводле слоў рэжысёра факт існавання афіцыйнай дамоўленасці паміж дзвюма дзяржавамі ў Германіі ўвогуле вядомы толькі гісторыкам: “Тут пакт Молатава-Рыбентропа – зусім белая пляма, у гэтым сэнсе людзі недасведчаныя. У нас гэтая тэма падрабязна асвятлялася, былі прадстаўлены дакументы. Я вывучаў гэтыя дакументы, розныя крыніцы, ездзіў па заводах і на адным з іх вельмі сталы чалавек расказаў, як ён хлопчыкам працаваў пры немцах, што жылі асобна. У фільме абсалютная рэальнасць і праўда, хоць гэта тэма і белая пляма, але яна пацверджана дакументамі”.
“Фільм аб прадчуванні вайны”, як ахарактарызаваў яго сам аўтар, аказаўся вельмі своечасовым, бо выйшаў у той час, калі яшчэ два падобныя-роднасныя народы са стадыі прадчування перайшлі ў стадыю адкрытай варожасці.
“Калі я працаваў над фільмам, вайны яшчэ не было. Калі я здымаў ва ўкраінскім горадзе Нікапаль, вайна была ад нас за 250 кіламетраў. Я нічога не імкнуўся прадказаць, не хацеў гаварыць пра нешта спецыяльна (увогуле, калі ты ставіш сабе публіцыстычныя задачы, лічы, што карціна не атрымаецца), але, безумоўна, фільм мае адносіны да сённяшняга дня, бо так трагічна сугучны з той распаленай патэльняй, на якой мы аказаліся і жывем”.
Немцаў у фільме іграюць нямецкія акцёры, запамінаецца невялікая, але важная, абсалютна маўклівая, роля рускай жанчыны, якую выразна выканала актрыса Роза Хайруліна.
“У савецкія часы немцаў, выключна адмоўных, ігралі з-за свайго акцэнту прыбалтыйскія акцёры. У мяне не было і ў думках ісці па гэтай дарозе, мы шукалі нямецкіх акцёраў, пробы ў Берліне былі доўгімі і цяжкімі. Але мы знайшлі выканаўцаў галоўных роляў і гэтыя артысты аказаліся абсалютна цудоўнымі, дзіўна сціплымі (а мне ёсць з чым параўноўваць) людзьмі. Гэта сапраўдныя зоркі – не тыя, што здымаюцца ў масавых камедыях, а вядомыя акцёры высокага ўзроўню. Працаваць з імі было прыемна – яны вельмі развітыя людзі, на здымкі прыязджалі на роварах, чыталі Бернхарда Шлінка і абмяркоўвалі яго. Роза Хайруліна, што сыграла Ніну, абыходзіцца без слоў, але па ёй бачна і горыч, і дараванне. Калі б іншыя акцёры валодалі такой выразнасцю, я б усіх пазбавіў слоў. А ва Украіне мы здымалі нездарма, тут твары масоўкі больш нагадваюць простых людзей таго часу. Фільм “У суботу” я таксама тут здымаў”.
Рэжысёр выказаў радасць прысутнічаць на фестывалі і расказаў, што з Беларуссю ў яго звязаны прафесійныя ўспаміны: “Мая першая кароткаметражная карціна здымалася на кінастудыі “Беларусьфільм”, тут праходзілі здымкі карціны “Плюмбум, альбо Небяспечная гульня” (Аляксандр Міндадзэ стаў сцэнарыстам, Вадзім Абдрашытаў – рэжысёрам – Аўт.), частка фільма “Слуга” (такая ж супраца з Абдрашытавым – Аўт.) здымалася ў Нясвіжы, карціну “Адрыў” я здымаў тут цалкам. Вельмі люблю гэтую зямлю і цудоўных людзей, сярод якіх у мяне шмат сяброў”.
Фільм “Мілы Ханс, дарагі Пётр”, пабудаваны на рэальнасці і вывучэнні крыніц, змяшчае ў сабе вялікую колькасць метафар і алюзій. Прадчуванне, трывога, неспакой перададзены тут дакладна і ўспрымаюцца на ўзроўні падсвядомасці. Карціна мае адкрыты фінал, але каб зразумець сутнасць працягу, дастаткова будзе зазірнуць у агульны кантэкст гісторыі. У якой льецца кроў.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ