Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Вырашаюць не толькі грошы

$
0
0

Да гісторыка-культурных аб’ектаў ставяцца па-рознаму.

Па колькасці гістарычных помнікаў Гродзеншчына — самы багаты рэгіён у краіне. Амаль паўтары тысячы аб’ектаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэта сапраўднае багацце, якім трэба даражыць і, так бы мовіць, ператварыць у грошы, прыцягваючы ў вобласць турыстаў. Летась у Прынямонні іх пабывала каля 325 тысяч, у тым ліку 67 тысяч гасцей з замежжа. Быццам і нямала, але турыстычны паток можа быць значна большым.

Якім жа вопытам варта скарыстацца і на якіх праблемах засяродзіць увагу? Гэтыя пытанні абмеркавалі на сесіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

11-17

Гро­дзен­ская вя­лі­кая ха­раль­ная сі­на­го­га: ад за­пус­цен­ня…

Метад народнай будоўлі

Дзякуючы вялізным бюджэтным сродкам Нясвіжскі і Мірскі замкі адноўлены і сёння паспяхова выкарыстоўваюць свой турыстычны патэнцыял. Там ужо пабывалі дзясяткі тысяч вандроўнікаў з Беларусі і замежжа, і гэта ўжо сапраўды «брэндавыя» для нашай краіны аб’екты, якія зарабляюць на прыёме і абслугоўванні турыстаў. А зусім нядаўна, да Дня беларускага пісьменства, па сутнасці, далі другое жыццё палацу князёў Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне. Цяпер гэта палац творчасці дзяцей і моладзі, а таксама даволі перспектыўны турыстычны аб’ект.

Але разам з тым нямала і іншых гісторыка-культурных славутасцяў, чый непрывабны выгляд — як маўклівы папрок людзям. Быццам, і можна знайсці адгаворку: маўляў, не ўдаецца ўсё зрабіць за кошт дзяржаўнай казны. І гэта праўда. Але ж не толькі бюджэтнымі сродкамі можна адраджаць аб’екты нашай спадчыны. У гэтым дэпутаты абласнога Савета маглі пераканацца, пабываўшы ў Гродзенскай вялікай харальнай сінагозе, гісторыя якой бярэ пачатак у XVІ cтагоддзі.

— Будынак сінагогі сёння аднаўляецца, так бы мовіць, метадам народнай будоўлі, — паведаміў старшыня савета іўдзейскай рэлігійнай абшчыны г. Гродна Барыс КВЯТКОЎСКІ.

Найбольш дабрачынных сродкаў у гэтую справу накіроўвае фірма «ЗОВ», сярод іншых інвестараў — «Гродна-Азот», «Малочны свет», мясакамбінат, «Гроднажылбуд», «Гроднапрамбуд» і іншыя прадпрыемствы. Работы наперадзе яшчэ шмат, але ўжо практычна цалкам аднавілі два фасады будынка і частку фасада з боку рова, адрамантавалі два памяшканні на першым паверсе. Сінагога зараз з’яўляецца не толькі дзейнай рэлігійнай, але і музейнай установай — створаны музей гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны. Настаўнікі прыводзяць сюды дзяцей на ўрокі талерантнасці, з гісторыяй яўрэйскага народа знаёмяць студэнтаў і ўсіх зацікаўленых. Праходзяць канцэрты, выставы.

— Нам прыемна, што прадстаўнікі іншых канфесій знаёмяцца з нашай мінуўшчынай, а некаторыя пераймаюць вопыт аднаўлення гістарычнага будынка. Напрыклад, часты госць — Уладзімір Татарнікаў, пастар лютэранскай кірхі ў Гродне, якая зараз таксама аднаўляецца, — кажа Барыс Квяткоўскі. — Дарэчы, сінагога за сваю гісторыю неаднойчы цярпела ад пажараў, і апошні здарыўся зусім нядаўна. Але знайшліся добраахвотнікі, прыйшлі і сталі дапамагаць. І моладзь з БРСМ, і студэнты, і прадпрымальнікі… Слядоў пажару ўжо няма.

Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Тое, як выглядаў гэты гістарычны аб’ект яшчэ гадоў пяць таму, і што бачыш цяпер — неба і зямля. Паступова, месяц за месяцам, год за годам робяцца канкрэтныя справы. І ўжо ёсць вынік — гэтае месца стала даволі папулярным сярод турыстаў, якія прыязджаюць з розных рэгіёнаў Беларусі і замежжа. Вось яскравы прыклад, як ініцыятыва грамадскага аб’яднання ажыццяўляецца ў партнёрстве з прыватным бізнесам і дзяржаўнымі структурамі. Дарэчы, музей у будынку сінагогі цяпер з’яўляецца філіялам Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Гэта зрабілі, каб прафесійна падысці да стварэння экспазіцыі.

11-18

Гро­дзен­ская вя­лі­кая ха­раль­ная сі­на­го­га: ад за­пус­цен­ня… да ад­ра­джэн­ня.

А побач…

Непадалёк ад будынка сінагогі, на вуліцы Савецкай, знаходзіцца яшчэ адзін гістарычны аб’ект, які калісьці зацікавіў інвестараў. Былы дом купца Мураўёва 10 гадоў таму прадалі на аўкцыёне Беларускаму народнаму страхавому пенсійнаму фонду (правапераемнік — фірма «Мегаполіс»). А што сёння? Аб гэтым паведаміла дэпутатам намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Святлана РАХМАН.

Названы аб’ект прадалі ўвогуле без указання тэрмінаў рэканструкцыі, умоў па штрафных санкцыях. Толькі праз… 8 гадоў (у 2013-м) уласніка аб’екта нарэшце ўдалося падштурхнуць да дзеянняў — правялі рэканструкцыю фасада. Але на гэтым спыніліся, унутраныя работы ў будынку нават не распачыналі. Горш за тое, не забяспечылі ахову — і летась дах гістарычнага аб’екта пазбавіўся часткі парапета з каляровага металу. Толькі па патрабаванні пракуратуры была забяспечана кругласутачная ахова. Але ненадоўга: цяпер будынак зноў не ахоўваецца. Кіраўніцтва «Мегаполіса» спасылаецца на адсутнасць сродкаў для далейшых работ і ўжо 2 гады заяўляе, што прадае аб’ект. Аднак нічога не робіцца.

Таксама без вызначэння ўмоў і мер адказнасці па дагаворы прадалі яшчэ адзін гістарычны будынак у абласным цэнтры — па вуліцы Гараднічанскай, 23. І ўжо 6 гадоў ён ніяк не дачакаецца рэканструкцыі. Больш за тое, без узгаднення з Міністэрствам культуры дэмантавалі міжпавярховыя перакрыцці, збілі тынк з галоўнага фасада. Уласнікі аб’екта браты Скокі пастаянна мяняюць планы па яго выкарыстанні (то «аздараўленчы цэнтр», то «гасцініца», то «бізнес-цэнтр»), што ставіць пад сумненне рэальнасць іх намераў. І пры гэтым ўласнікаў не прымусіш распачаць аднаўленчыя работы, бо ў дагаворы… няма тэрмінаў. Таму зараз ацэньваецца тэхнічны стан будынка і па выніках праверкі будзе вырашацца пытанне аб яго вяртанні дзяржаве.

— Мы не лічым, што вяртанне ў дзяржаўную ўласнасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў — універсальны сродак вырашэння праблем, — кажа Святлана Рахман. — Прадаваць іх на аўкцыённых таргах можна і трэба, але прадугледзеўшы абавязковыя ўмовы для пакупнікоў: мэтавае прызначэнне, тэрміны завяршэння рэканструкцыі і ўводу ў эксплуатацыю, штрафныя санкцыі за іх парушэнне. Пры гэтым неабходна вывучаць фінансавае становішча патэнцыяльных уласнікаў, рэальнасць іх намераў.

Але ж не ўсё вырашаюць грошы.

11-35

Па­ла­ц кня­зёў Друц­кіх-Лю­бец­кіх у Шчу­чы­не.

Дарогу асіліць той, хто ідзе

— Думаю, што пасля рэстаўрацыі Стары замак стане адным з найлепшых турыстычных аб’ектаў Беларусі, — сказаў на сесіі абласнога Савета дэпутатаў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый КІТУРКА.

Даследчыя работы паказалі вельмі дрэнны стан сцен палаца і ўязной вежы. Плануюцца тры этапы рэстаўрацыі, праектаванне першага з іх зараз завяршаецца. Паколькі гэта дзяржаўная ўласнасць, то разлічваць на нейкія прыватныя інвестыцыі не даводзіцца. А затраты на рэстаўрацыю патрабуюцца вялізныя. Тым не менш дарогу, як вядома, асіліць той, хто ідзе. Юрый Кітурка лічыць, што самае галоўнае для Старога замка — каб работы не спыняліся.

Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ. Паступова, крок за крокам, Стары замак будзе аднаўляцца. Сёлета пры ўсіх складанасцях на справу аднаўлення гэтага гістарычнага помніка накіравалі некалькі мільярдаў рублёў.

— У кожным рэгіёне дэпутаты, старшыні раённых Саветаў разам з выканаўчай уладай павінны распрацаваць план дзеянняў па захаванні нашай спадчыны, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Прычым у разліку не толькі на бюджэтнае фінансаванне, але і на іншыя крыніцы. Такія магчымасці ёсць — трэба іх актыўна выкарыстоўваць.

Як, напрыклад, гэта зрабілі па аднаўленні сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, дзе бюджэтныя затраты падмацавалі і сродкамі міжнароднага праекта. Увогуле, у рамках розных праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва, у тым ліку звязаных з гісторыка-культурнай спадчынай, турызмам, на Гродзеншчыну інвеставана каля 40 мільёнаў еўра. Аднак такімі магчымасцямі карыстаюцца не ўсюды.

— Ёсць цэлы шэраг міжнародных праграм, па якіх можна атрымаць фінансаванне. Але трэба граматна аформіць заяўку. І тут мы пачынаем «буксаваць», не бяром грошы, якія нам прапаноўваюцца, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

Як сказаў рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй КАРОЛЬ, ва ўніверсітэце маюць адпаведны вопыт і гатовы аказаць падтрымку. Былі б толькі добрыя ідэі і жаданне іх ажыццявіць.

Павел СКРАБКО, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Калі трэба навесці парадак каля таго ці іншага аб’екта (прыбраць зараснікі, смецце), то хіба ж абавязкова звяртацца ў райвыканкам? Можна зрабіць гэта самім. У тым жа сельсавеце ёсць школы, розныя грамадскія арганізацыі, краязнаўцы, якіх трэба падключаць да гэтай работы. Калі ж бачыце, што на аб’екце, які з’яўляецца помнікам архітэктуры, хтосьці пачынае праводзіць нейкія работы (рэстаўрацыйныя, рамонтныя і г.д.), просім нам паведамляць. Бо, здараецца, гэта робіцца без адпаведнага дазволу, узгаднення з Міністэрствам культуры.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА, Над­зеі БУ­ЖАН


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277