З кароткай ці даўжэйшай прадмовы, з уступнага слова аўтара пачынаюцца многія кнігі. Гэтая — «Карагод беларускіх абрадаў» (Мінск, «Беларусь», 2015) — не выключэнне. «Свае, непаўторныя, уласцівыя ёй адной абрады — як сведчанне самабытнасці і этнічнай унікальнасці — ёсць у кожнай, нават самай маленькай нацыі. Што ўжо казаць пра нас, беларусаў. Тут у спрадвечнае кола дзён уплецена вялікае мноства і свят, і абрадаў. Яны зарадзіліся тысячагоддзі таму і не толькі беражліва захоўваліся, але і ўзбагачаліся, перадаваліся з пакалення ў пакаленне».
Можна сказаць, з гэтых слоў (бо найперш, на вокладцы — здымак) пачынаецца новы, поўнакаляровы фотаальбом Анатоля Клешчука, яго расповед пра нашы беларускія святы і абрады. Сярод іх і зімовыя, і вясновыя, і летнія, і восеньскія… Як добра вядомыя і ўсімі любімыя — Каляды, Вялікдзень, Купалле, Дзяды, так і ўнікальныя — «Праводзіны Русалкі», «Пахаванне стралы», «Жаніцьба коміна», «Юраўскі карагод»… Асобныя з іх узяты пад ахову дзяржавы, а «Калядныя Цары» з вёскі Семежава Капыльскага раёна і наогул уключаны ў Спіс культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА.
Вы чамусьці не ведаеце гэтых абрадаў?
Тады фотаальбом прызнанага (нават за мяжой) фотамастака-звяздоўца — для вас, бо пад вокладкай не толькі пэўная інфармацыя (як нашы продкі рыхтаваліся да свят, што елі-пілі, спявалі ды танцавалі), тут адлюстраваны сам, так бы мовіць, працэс. Вось калядоўшчыкі з традыцыйнай казой і звяздой на вясковай вуліцы, вось строй тых «цароў», перад якімі венікам падмятаецца сцежка, вось жаніцьба Цярэшкі, пахаванне стралы і нават… Вясны, вось зажынкі і дажынкі, вось памінанне продкаў і перанос свечкі…
У фотаальбоме, як і трэба чакаць, сотні рэдкіх па сіле гучання здымкаў. Тут і Русалле «над ракой Арэсай», і «Чырачка» з палескай вёскі Тонеж, і Купалле ў мястэчку Ракаў, тут Каляда на дубе ў вёсках Новіны ды Чыжаха, што на Бярэзіншчыне, тут, вядома ж, традыцыйнае гуканне вясны ў знакамітай Вязынцы…
І ўсюды, як той казаў, жыццё, усюды людзі. Недзе — вельмі пажылыя, з абветранымі тварамі і спрацаванымі рукамі, недзе — зусім маладыя, а то і малыя. Ім цікава паглядзець, цікава далучыцца.
Дарэчы, магчыма, што якраз праз гэтую дзіцячую цікавасць, і з’явіўся… фотаальбом. «Некалі мяне яшчэ малога вясковыя цёткі бралі з сабой у поле на зажынкі, — узгадвае Анатоль Кляшчук. — А потым, падросшы, ужо сам разам з іншымі калядаваў ды хадзіў у валачобнікі, скакаў цераз купальскія вогнішчы. І пры гэтым заўсёды хацеў зразумець таямніцу таго ці іншага абраду, адчуць, што канкрэтна ўкладвалі ў яго нашы прашчуры».
Апроч таго, вышываныя кашулі і фартушкі, ручнікі, камізэлькі, брылі, паясы самі, што называецца, «прасіліся» ў аб’ектыў фотамайстра, цягам многіх гадоў клікалі яго ў дарогі, часцяком — у самыя далёкія куткі Беларусі. Сведчанне таму — подпісы да здымкаў. Кшталту «Страла». Фотаздымкі праводзіліся ў 2010, 2011, 2012, 2014 гадах у вёсках Казацкія Балсуны, Стаўбун і Неглюбка Веткаўскага раёна» альбо «Вялікдзень …Здымкі 19 і 20 красавіка 2014 года ў вёсцы Данілевічы (былая назва Данілегі) Лельчыцкага раёна»…
Фотарэпартажы з гэтых і многіх іншых паездак-камандзіровак потым друкаваліся ў газетах і часопісах: найперш, вядома ж, у «Звяздзе», «Роднай прыродзе», дэманстраваліся на многіх фотавыставах (заўважым, не кожны фатограф можа пахваліцца персанальнымі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, у будынку Еўрапарламента ў Бруселі, у Палацы Лігі Нацый у Жэневе, у нашым Нацыянальным музеі, у Бундэстагу).
Цяпер частка здымкаў (на жаль, не вельмі вялікая!) змясцілася пад вокладкай чарговага фотаальбома.
Змясцілася, як заўважае аўтар, не толькі для таго, каб яшчэ раз паказаць, які багаты наш край — сваёй прыгажосцю, сваімі людзьмі, сваімі абрадамі і традыцыямі, але і нагадаць, што на карце Беларусі ўсё менш і менш нашых спрадвечных вёсак і вёсачак. І адпаведна ўсё менш і менш… месца для праяў самабытнасці. Сыходзяць, на жаль, і сапраўдныя носьбіты, сыходзяць шчырыя энтузіясты, а з імі — многія з беларускіх свят і абрадаў, нематэрыяльная спадчына, якую так лёгка страціць…
«А таму, калі хоць нехта, пагартаўшы альбом, успомніць, як некалі ў яго мясцінах хадзілі калядаваць, і паспрабуе вярнуць гэты звычай, я задаволюся», — кажа Анатоль Кляшчук.
Пра задавальненне, якое атрымаюць героі яго здымкаў, іх родныя і блізкія, а таксама шырокае, дасць Бог, кола чытачоў-гледачоў і казаць не трэба.
Валянціна Доўнар
dounar@zviazda.by
Фота Анатоля Клешчука