Творчасць, якая перадаецца ад настаўніка да вучня.
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў Беларусі да свайго 70-годдзя падышла поўнай творчых сіл. Яшчэ задоўга да гэтага юбілею тыя, хто вучыўся ў акадэміі альбо вучыцца сёння, а таксама выкладчыкі і тыя, хто сочаць за нараджэннем маладой творчасці ў Беларусі, сталі рыхтавацца да яго. Згадвалі пра чаканую дату на выставах ці імпрэзах, гаварылі пра гады сваёй вучобы і ўспаміналі тых, хто дзяліўся сваім майстэрствам. Яны нібыта ўсе радня, тыя, хто скончыў, і тыя, хто толькі пачаў вучыцца. Як артысты з рэжысёрамі, так і мастакі, якія працуюць у самых розных відах, жанрах, тэхніках. Іх творчасць родам адсюль.
Наша творчая акадэмія сама ўзрастала паступова: было ў яе сваё дзяцінства, гады сталення і мудрасці. У 1945-м, згодна з Пастановай Савета Народных Камісараў Беларускай ССР №1217 у горадзе Мінску з’явіўся Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут (яшчэ нават памяшкання свайго не было, у педінстытуце займаліся). Ужо ў лістападзе першыя 27 студэнтаў акцёрскага аддзялення прыступілі да заняткаў. А ў 1949 годзе выпуск акцёраў драматычнага тэатра прыступіў да працы. У 1953-м гэта ўжо Беларускі дзяржаўны мастацкі інстытут, дзе створаны новыя спецыяльнасці — «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура». Далей — больш. Больш спецыяльнасцяў, больш кафедраў, больш факультэтаў, больш студэнтаў. Больш выпускнікоў — яны запатрабаваны ў краіне, якая аднавілася пасля вайны.
А калі краіна стала незалежнай, галоўная творчая ВНУ атрымала новы статус. У 1991 годзе яна была пераўтворана ў Беларускую акадэмію мастацтваў. На сённяшні дзень у ёй працуе пяць факультэтаў: тэатральны, мастацкі, дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экранных мастацтваў, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Кадры ўжо рыхтуюць нават для замежных краін.
Да свайго 70-годдзя Акадэмія рыхтавалася: каб не толькі змест і напаўненне былі сучасныя, будынак галоўнага корпусу вырашылі адрамантаваць. Але вяртання дамоў вельмі чакалі. Вось яно, свята…
Падзяліцца сваёй радасцю ад жадання вучыць і ствараць выкладчыкі і навучэнцы Беларускай акадэміі мастацтваў змогуць яшчэ не раз падчас самых розных творчых праектаў — зацікаўленыя гледачы заўсёды ёсць. У гэтыя дні яны прымаюць віншаванні падчас юбілейных урачыстасцяў. З юбілеем павіншаваў Беларускую акадэмію мастацтва Прэзідэнт Беларусі. Віншаванняў яшчэ да канца года будзе шмат. У снежні БАМ плануе правесці VІ рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю «Дзяржава і творчая асоба». Тэма — на ўсе часы. Яны — творцы — толькі здаюцца закрытымі і самотнымі, насамрэч усё, што яны адлюстроўваюць, паўстае з іх разумення жыцця і адчування будучыні. Таму што творчасць раскрывае ўнутраны зрок і дае магчымасць пераадольваць прасторы і час, разумець, што ёсць добра, што значыць новае, у чым прагрэс. Нельга грамадству без іх.
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by