Кнігу «Народнае дойлідства Беларусі», якая сёлета пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», можна прылічыць да сапраўды нацыянальных праектаў. Гэта фундаментальная навуковая праца, выкананая вядомым даследчыкам гісторыі беларускай архітэктуры, доктарам навук, прафесарам Сяргеем Сергачовым.
На падставе вывучэння дакументаў мінуўшчыны, іх навуковага аналізу і аўтарскай рэканструкцыі аўтар упершыню прадставіў беларускае дойлідства у такім выглядзе, у якім яно існавала шмат стагоддзяў таму. На рэдкіх здымках з аўтарскага архіва паказаны сялянскія хаты, гаспадарчыя пабудовы, грамадскія ўстановы. Дэталёва апісаны асаблівасці канструктыўнах элементаў пабудоў.
Ніхто да сёняшняй пары не пісаў пра мастацтва дойлідаў з такой дасведчанасцю і любоўю… Адораныя Богам, кемлівыя будаўнікі-сяляне выдатна разумелі эканоміку будаўніцтва, матэрыялазнаўства, тэхналогію выканання работ. Сакрэты іх майстэрства перадаваліся ў спадчыну, яно славілася далёка за межамі нашага краю.
Гэта выдатна аформленае выданне, у якім знайшлося месца і сучаснаму будаўніцтву на вёсцы. Не толькі дапаможнік па гісторыі архітэктуры, але і тая кніга, што дапаможа лепш зразумець душу народа.
Віктар Хурсік