Як вядома, кавальства — рамяство старажытнае, але ў XXI стагоддзі яно не страціла сваёй аўры і прывабнасці. І хоць прафесія гэта сёння не трэндавая, але ж і не забытая. Ды і ў майстэрнях — калі туды завітаць — чуецца і грукатанне молата, і гудзенне сучасных прылад па апрацоўцы металу.
Пераканаліся ў гэтым нашы журналісты, пабываўшы ў невялікай глыбоцкай кузні з рамантычнай назвай «У ажуры».
Сустрэў нас гаспадар Юрый Татарыновіч. З металам ён працуе ўжо даўно. А пачалося гэта, як часта здараецца ў жыцці, выпадкова.
На календары 1985 год. Глыбокае сустракае ганаровых гасцей: у горад з’ехаліся кавалі з усяго свету — падзяліцца вопытам ды падзівіць жыхароў сваімі шэдэўрамі. Назіралі за працай майстроў тысячы людзей, сярод якіх быў і Татарыновіч, на той момант выкладчык Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Натхнёны ўбачаным, Юрый Мар’янавіч прыйшоў дадому і… рукі самі пацягнуліся да працы. Першую работу выкінуў за плот — атрымалася спрытная качарга з ружай. Выкаваў ды і забыўся. Час ішоў, Татарыновіч пачаў працаваць аўтамеханікам, справу часцей даводзілася мець са зваркай, чым з каваннем.
— Толькі праз дваццаць гадоў пасля з’яўлення першай качаргі я ўзяўся за выраб узорыстых варот для свайго дома. Атрымалася нядрэнна. Ад знаёмых, сяброў, сваякоў адразу пасыпаліся заказы. Тады і падумаў: чаму б не заняцца гэтым усур’ёз?
Пяць гадоў таму Юрый Мар’янавіч адкрыў кавальню «У ажуры». За гэты час каманда майстра вырасла з двух чалавек да шаснаццаці, паднабраліся вопыту і ўмення, з маленькага памяшкання пераехалі ў новы цэх. Сёння тут бібікі ніхто не б’е — заказаў шмат, працуюць хутка і спрытна.
Юрый Татарыновіч ведае шмат тонкасцяў і нюнсаў сваёй справы. Ён з запалам расказвае і пра стварэнне ручных вырабаў, і пра сучасныя станкі, якія дапамагаюць скараціць час працы і вырабіць усе элементы з дакладнасцю да міліметра. Узнікае пытанне, ці не страціла прафесія каваля ў сувязі з тэхнічным прагрэсам сваёй спецыфікі?
— Канкураваць з ручной працай мы першапачаткова не збіраліся. Наша задача — прыйсці ў народ з больш таннымі вырабамі. З’яўляюцца і незвычайныя заказы, але іх вельмі мала. Заказчыкі часцей выбіраюць тое, што не вельмі ўдарыць па іх кашальку.
На вуліцах Глыбокага можна сустрэць шмат ажурнай прыгажосці: ад высокіх брам да незвычайных помнікаў. Яны ствараюць непаўторны каларыт, не дзіва, што ў горад як магнітам цягне турыстаў.
Фотаўспышкі камер часцей за ўсё мільгаюць каля помніка вялікаму фантазёру барону Мюнхгаўзену.
— Працавалі мы над ім два месяцы. Наш барон атрымаўся вялікім (тры з паловай метры) і статным. Мы пасадзілі яго на ядро, глядзіш — вось-вось вылеціць з гарматы, — з усмешкай кажа каваль.
Месціцца скульптура непадалёк ад уваходу на старыя могілкі. Месца выбрана не выпадкова: не так даўно тут знайшлі магілу Мюнхгаўзена. Вядома, пахаваны там не сам барон Карл Фрыдрых Еранім, а нехта Фердынанд — ці то цёзка, ці то сваяк. Але легенда ад гэтага не становіцца менш прыгожай і прывабнай, наадварот, толькі прыцягвае ў горад цікаўных.
Нездарма Глыбокае называюць беларускай Венецыяй — азёр тут не злічыць: Кагальнае, Бяглец, Мушкат… Таму, калі будзеце ў гэтых краях, наведайце іх усе і абавязкова прагуляйцеся па алеі ліхтароў, што цягнецца ўздоўж возера Доўгага. Каго вы там толькі ні сустрэнеце: ліхтар з вудай збіраецца на рыбалку, ліхтар-анёлак распраўляе свае крылы, ліхтар-музыка іграе на сваёй скрыпачцы. Безліч крэатыву!
А сваім самым грандыёзным праектам Юрый Мар’янавіч лічыць «каралеўскую» карэту.
— Выкоўвалі яе пяць месяцаў, і сёлета яна ва ўсёй красе з’явілася на вуліцах горада. Маладыя, якія бяруцца шлюбам, і ўсе глыбачане на нейкі час могуць ператварыцца ў каралеўскіх асоб, арандаваўшы гэты старадаўні від транспарту.
У задумах — новыя праекты і ідэі, пашыраецца і геаграфія заказаў. Магчыма, неўзабаве ва ўсім свеце будуць ведаць таленавітых беларускіх майстроў.
Хрысціна Хілько