Упершыню сучасныя беларускія мастакі і скульптары прадстаўлены ў «Гранд Пале».
У вялікім палацы на Елісейскіх палях у рамках буйной міжнароднай выставы Art Capіtal працуе павільён з работамі сучасных айчынных творцаў. Выстава адкрылася 24 лістапада, і ў самы першы дзень беларускі павільён наведалі каля 500 гасцей, пра што паведамілі ў Беларускім пасольстве ў Францыі.
Прадстаўляюць Беларусь на выставе ў Францыі 11 мастакоў як са сталіцы, так і з розных рэгіёнаў нашай краіны: Віктар Альшэўскі, Юрый Анушка, Ганна Белавусава, Алена Вентрыён-Макарэвіч, Ларыса Журавовіч, Максім Петруль, Сяргей Парцянкоў, Павел Семчанка, Аляксандр Слепаў, Алесь Фалей, Валянціна Шоба. Творы розных жанраў і відаў выяўленчага мастацтва абраны для таго, каб даць уяўленне пра стан сучаснага беларускага мастацтва. Адметна, што ёсць магчымасць знаёміць з ім менавіта Францыю, Парыж, куды імкнуліся многія нашы творцы-землякі. Там у ХІХ стагоддзі знайшоў спачын рамантык Валенцій Ваньковіч, а на пачатку мінулага стагоддзя працавалі выхадцы з Беларусі Марк Шагал, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Леў Бакст і іншыя.
Арганізацыю беларускага павільёна ўзялі на сябе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі пры супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі, Аркадзь Валадось, наш суайчыннік, які жыве ў гэтай краіне. Акрамя таго, падтрымаў задуму Прыёрбанк.
На думку пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі, беларускае мастацтва мае глыбокія карані і свае традыцыі, яму ёсць кім ганарыцца: Іван Хруцкі і Марк Шагал, Міхаіл Савіцкі, Заір Азгур, Андрэй Бембель і іншыя. Але цяпер французская публіка можа адкрываць для сябе багацце сучаснага выяўленчага мастацтва нашай краіны. Беларускі павільён на Art Capіtal — гэта выдатная магчымасць прадставіць наша мастацтва на адной з прэстыжных выставачных пляцовак свету.
Сапраўды, прэстыж пацверджаны ўвагай, якая надаецца выставе з боку дзяржавы: яна праводзіцца вось ужо 60 гадоў пад патранатам прэзідэнта Францыі і Міністэрства культуры гэтай краіны. Месца правядзення «Гранд Пале» — «Вялікі Палац вытанчаных мастацтваў», пабудаваны ў 1897 годзе для Сусветнай выставы, якая праходзіла ў Парыжы ў 1900-м. У выставе Art Capіtal сёлета бяруць удзел больш за 2000 мастакоў і скульптараў з больш чым 40 краін свету. Свае павільёны прадставілі Іспанія, Швецыя, Канада, Кітай, Японія, Паўночная Карэя (галоўны госць выставы). Беларусі дэбют каштоўны тым, што адкрывае новыя магчымасці для нашых мастакоў і скульптараў: Францыя — гэта яшчэ і радзіма знакамітага «Восеньскага салона». Чаму б і не?..
P.S.
У рамках выставы Art Capіtal у Парыжы мастачка з Гродна Валянціна Шоба і скульптар з Гомеля Сяргей Парцянкоў адзначаны прэміяй Тэйлара. Асацыяцыя імя барона Тэйлара, якая працуе з 1844 года, мэтай сваёй працы бачыць падтрымку мастакоў і стымуляванне развіцця мастацтва. Штогод гэтая прэмія прысуджаецца мастаку і скульптару. Лаўрэатаў вызначаюць шляхам галасавання. Упершыню прэміяй адзначаны беларускія творцы. Прычым праца Сяргея Парцянкова прыехала ў Парыж літаральна ў апошні дзень перад адкрыццём…
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by