Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Навошта жанчыне ператварацца ў мужчыну? Версія Шэкспіра

$
0
0

Страсць, дзеля якой можна гадамі чакаць спагады, а можна наогул забыць сябе і радавацца імгненню, калі знаходзішся побач… Альбо кінуцца насустрач новаму пачуццю, не надта разабраўшыся, да каго яно… Шэкспір — майстар інтрыг, у якіх за пачуццёвым так ці інакш праглядае чалавечае. Вось як у п’есе «Дванаццатая ноч». Спектакль з’явіўся ў афішы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага. Напярэдадні Каляд: менавіта напрыканцы гэтых свят у Англіі была такая дзіўная ноч, калі людзі маглі дазволіць сабе нейкія такія вольнасці…

28-47

Жанчына тут перапранаецца ў мужчыну — у памяць пра брата-блізнюка, якога лічыць загінулым. Гаспадар, якому яна служыць, і не здагадваецца пра тое, што сабой уяўляе гэты «юнак». Тым больш пра яе пачуцці да сябе. У той жа час да яго (яе) пачынае заляцацца прыгожая гаспадыня, рукі якой дабіваецца гаспадар. І гэта пакуль не з’явіўся той самы брат, які насамрэч не загінуў… Тут і сучаснаму чалавеку — разбэшчанаму магчымасцямі розных цялесных трансфармацый — не проста было б разруліць сітуацыю, каб у выніку задаволенымі аказаліся ўсе. Але не быў бы гэта Шэкспір, які жыў у цудоўную эпоху Адраджэння з яе верай у магчымасці чалавека. Магчыма, каб «уваскрэс» той, каго аплаквалі. І таму не здараецца нейкіх пікантных сітуацый, якія ўжо нібыта наспявалі з-за гатоўнасці надта гарачых істот кінуцца ў вір з галавою, усё становіцца на свае месцы: каханне — гэта калі ёсць мужчына і жанчына. О, Шэкспір, чаму ж ты не дажыў да нашага часу? Было б пра што пісаць!..

Але напісана столькі і такога, што пасля славутага лонданскага «Глобуса» ставяць тэатры па ўсім свеце ўжо больш за пяць стагоддзяў. Вось і ў Беларусі «Уільяма нашага Шэкспіра» любілі рэжысёры. І любяць — другая прэм’ера за паўгода ў мінскіх тэатрах. Здаецца, бяспройгрышны варыянт, каб запаўняць залы: закручаны сюжэт, лёгкі стыль, гумар і тое самае вечнае. Мастацкі кіраўнік тэатра імя Горкага і рэжысёр пастаноўкі Сяргей Кавальчык аддаў перавагу не трагедыям, а камедыі — «Дванаццатая ноч», бадай, самая вядомая. Шэкспір наогул такі «раскручаны», што калі ставяць яго п’есу, то важна не тое, якую і пра што (гэта ж даўно вядома), а тое, як рэжысёр інтэрпрэтаваў класіка, які адметны падыход знайшоў у пастаноўцы.

У спектаклі Сяргея Кавальчыка арыгінальнасць рашэння — у вонкавым вобразе з рухомымі дэкарацыямі: іх замяняюць фактычна толькі вешалкі са строямі, якія трансфармуюць прастору, дазваляюць умоўна абазначыць розныя памяшканні, аддзяліць розныя дзеі, якія адбываюцца паміж людзьмі (мастак-пастаноўшчык Алеся Сарокіна). Гэтага хапіла б і для таго, каб абстрагавацца ад шэкспіраўскага часу, прыблізіць падзеі да гледача, бо ўсё ж сучасны тэатр існуе для людзей, якія жывуць цяпер. Але з’яўляюцца галоўныя героі, а разам з імі… прывід Шэкспіра. Не, ён з’яўляецца ў маёй галаве разам з персанажамі ў пышных касцюмах, якія адразу вяртаюць да былых часоў (над эскізамі працавала Марыя Герасімовіч). Арсіна — дакладна не просты чалавек, а герцаг (артыст Сяргей Чакярэс), і не трэба глядзець у праграмку, каб гэта зразумець, таму што відавочна. Дачка графа Алівія (Аксана Лясная), пра якую ўсе яго думкі, — паненка няпростая (такія капялюшыкі ды сукенкі не любая дама можа сабе дазволіць). Ох, і Віёла (Вольга Яравенка-Карпава) пра сукенкі марыць, але ходзіць у мужчынскім строі. Авантурнасць яе натуры, што Шэкспір падкрэсліваў пераапрананнем, цяпер не зусім адчуваецца — у сувязі з тым, што сучасныя жанчыны такі прадмет мужчынскага гардэроба, як нагавіцы, лічаць звычайным (можа, таму патрэбны гэтыя прыгожыя сукенкі, тканіна якіх іграе ў пэўным асвятленні?).

28-48

У нашым варыянце камедыя застаецца камедыяй, з акцэнтам на камедыйных момантах, драбніцах і персанажах — яны на месцы: і дзядзька графіні інтрыган сэр Тобі (Аляксандр Вергуноў), і няўдачлівы жаніх Эндру (Аляксандр Ждановіч). І яшчэ падумаць, хто тут больш камічны — яны ці блазен Фесце (Уладзімір Глотаў). Падобна, што на жартачкі гэтых асоб публіка рэагавала асабліва чуйна: шатландская спадніца Эндру для нас — ужо «прыкол», таксама як і Аляксандр Вергуноў на сцэне вельмі стараецца працаваць у адпаведнасці з жанрам. Хохма з дварэцкім Алівіі і яго сексуальным пераапрананнем — яшчэ адзін трук для публікі, якая прыйшла разняволіцца. Тэатр стараецца яе не расчараваць: тут і танцы, і песні, і музыка (яе для спектакля ствараў Цімур Каліноўскі), іграюць музыканты скрыпічнага квартэта тэатра.

Праўда, праглядае жаданне надаць дзеі філасафічнасці, падкрэсліць вечнае, чаму падпарадкаваныя ўсе сітуацыі, якія здараюцца з людзьмі ў жыцці,  як добрыя, так і трагічныя ці дзіўныя — цудоўныя.

Брат Себасцьян жывы, але яго з’яўленне яшчэ больш усё заблытвае ў адносінах паміж героямі. Іншая справа, што ў кожным з персанажаў мы бачым абсалютна розныя разуменні кахання, праз якое праглядае індывідуальнасць, таму што праз гэтае пачуццё выяўляюцца самыя лепшыя якасці людзей. За што, відаць, і любяць гэтага драматурга дагэтуль. Усе перашкоды паміж тымі, хто сапраўды закаханы, аказваюцца ілюзіямі. Герцаг Арсіна, які спачатку чакае Алівію, адчувае вялікую патрэбу ў каханні, і калі для гэтага знаходзіцца сапраўды блізкі і шчыры чалавек, то ён вельмі хутка (нават так хутка, што не верыцца, ці надоўга) пераключае сваю ўвагу на Віёлу. Алівія, якая напачатку гаворыць пра забарону для самой сабе пачуццяў у сувязі з жалобай, дзейнічае рашуча, калі ў сэрцы запалілася іскрынка. І яна дасягае сваёй мэты хутчэй за іншых — Себасцьян, можа, і не зусім зразумеў, што адбылося. Віёле прыйшлося складаней за іншых, нават праз дуэль прайсці (захацелася пабываць у мужчынскай скуры — атрымай усе прыемнасці іх ладу жыцця на той час). Наогул, галоўныя гераіні гэтай п’есы, як і спектакля, — жанчыны. Мужчыны ад іх залежаць. Яны падпарадкаваныя, проста «плывуць» услед за падзеямі. Доказ — амаль раптоўная перамена дамы сэрца ў Арсіна. Жанчыны — тая сіла, якая здольная рабіць гэты свет шчаслівым. Атрымліваецца, што менавіта яны «робяць» свет. У канкрэтным свеце спектакля ўсё закручваюць жанчыны, усё зблытваюць, але дасягаюць свайго, хоць і рознымі метадамі. Каханне «працуе», і калі яно ёсць, то ці ідзі напрасткі, ці «шыфруйся» і ціха пакутуй, але чакай свайго, не адступай — і ўсё павінна быць добра. Як жа людзям гэтае «ўсё добра» патрэбна, у любыя часы.

Сонца і Месяц круцяць гэты шарык, на якім людзі сустракаюцца, губляюць адно аднаго, знаходзяць, кахаюць. І гэта галоўная мэта, дзеля якой варта жыць, нешта рабіць. Сонца і Месяц з’яўляюцца як персанажы маўклівыя, але шэкспіраўскія — нават вонкава. Нібыта жывыя скульптуры. (Так і ёсць! Удзельнічае студыя жывых статуй «Залаты рэжысёр» Аляксея Стукіна, «Чердачный театр» Кацярыны Чакатавай.) Статуі сустракалі гасцей яшчэ перад пачаткам прэм’еры ў фае, а потым запаўнялі паўзу антракта — было адчуванне суцэльнага, бесперапыннага дзеяння. А нехта, можа, зразумеў: тэатр — гэта свята, якое рассоўвае нават межы паміж эпохамі. У ім ёсць інтрыга заўсёды, незалежна ад інтрыг у п’есе. Таму людзі ў нас ходзяць у тэатры: чакаюць узрушэння. Сыходзілі вясёлыя: забаўна. Шэкспір як Шэкспір.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277