Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Ці прывязуць у Мінск творы Казіміра Малевіча?

$
0
0

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў ужо некалькі гадоў працуе ў будынку па вуліцы Някрасава, але афіцыйнай датай заснавання дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу цяпер будзе лічыцца 1 кастрычніка гэтага года. У лістападзе прадстаўнікі Міністэрства культуры, самога цэнтра і іншых аб’яднанняў адпаведнай сферы сабраліся, каб абвясціць свае планы на будучыню.

І самае цікавае з гэтых планаў звязана са святкаваннем у 2020-м стагоддзя віцебскага аб’яднання УНАВІС («Утвердители Нового Искусства»), аўтараў якога можна назваць піянерамі не проста авангарднага мастацтва Беларусі, а паняцця «сучаснае мастацтва» ўвогуле. Віцебская школа, імёны Казіміра Малевіча і Марка Шагала, гарадское вулічнае мастацтва дазваляюць лічыць Беларусь адной з роданачальніц авангарду. Сучаснае мастацтва — натуральнае для нас, і таму стварэнне цэнтра, прызначанага збіраць у сваіх праектах розныя напрамкі сучаснага беларускага мастацтва, невыпадковае.

На тэрмін з 2015 да 2020 года створана вялікая праграма мерапрыемстваў, прымеркаваная да юбілею УНАВІСа: на 2017 год запланавана выстава маладых аўтараў, а сам юбілейны год будзе адзначаны экспазіцыяй Казіміра Малевіча, творы якога ў Беларусі адсутнічаюць увогуле.

Каб адзначыць піянераў авангарду, зразумела, трэба працягваць іх справу, таму дзейнасць НЦСМ і накіравана на шуканне і падтрымку новых, эксперыментальных, часам нечаканых тэндэнцый у сучасным мастацтве, адкрыццё імёнаў сярод маладых таленавітых аўтараў, якія прагнуць выказацца. «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў павінен стаць пляцоўкай для праяўлення талентаў і здольнасцяў творчай моладзі», — кажа першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

На сёння цэнтр, што займаецца не толькі выяўленчым, але і музычным, тэатральным сучасным мастацтвам, ужо адзначыўся каштоўнымі праектамі, якія сталі добра вядомымі мінчанам і гасцям сталіцы — гэта, напрыклад, фестываль вулічных тэатраў ці скульптуры пэўнага фармату ў гарадской прасторы «Арт-астравы», што былі прадстаўлены на адным з астравоў Камсамольскага возера. «Тэатральныя, музычныя фестывалі, перформансы, пластычныя, вулічныя тэатры — гэта нармальна, гэта еўрапейскасць, гэта выклікае спрэчкі, кранае за жывое — усё гэта існуе ў нашым культурным асяроддзі, — каментуе дырэктар НЦСМ Наталля Шаранговіч. — Новае мастацтва адрозніваецца ад ранейшага, ва ўсе часы моладзі хацелася праявіць сябе па-свойму. Калі ў грамадства ёсць цікавасць да гэтага, чаму б не даць магчымасць маладым выказацца?»

Цэнтр плануе пашыраць і насычаць новымі творамі ўласную музейную калекцыю, а выставачная дзейнасць установы актуальная не толькі ў межах Беларусі, але і іншых краін. Тыя ж праекты, што некаторы час можна было лічыць эксперыментальнымі, будуць развівацца і набываць новыя рысы і новых, замежных, удзельнікаў. На свае плечы НЦСМ узяў складаную задачу не толькі адшукання і адбору найлепшых сучасных твораў краіны, але і прасоўванне іх на замежных пляцоўках.

І так, Цэнтр сучаснага мастацтва нарадзіўся не толькі фактычна, але і афіцыйна. Абяцанне выставы Казіміра Малевіча дарагога вартае, але звярніце ўвагу — магчыма, на гэтых пляцоўках сёння нараджаецца таксама нешта ўнікальнае, бо мастацтва развіваецца цыклічна. А значыць, надыходзіць наш час.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277