Віялета яшчэ не памерла, але сэрца ўжо напаўняецца жалем. І музыка яшчэ ж такая журботная — адпаведна інтрыгам і драме. І ўвесь фінал конкурсу оперных выканаўцаў трымалася інтрыга: хто?..
Расіянка Надзея Паўлава ў фінале ІІ Мінскага опернага конкурсу разам з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым спявала ўрывак з оперы Джузэпэ Вердзі «Травіята». Яе Віялета была трапяткой, пяшчотнай, рамантычнай асобай — ніяк не назавеш «дарагой утрыманкай». Прыстойная дзяўчына, якая апынулася ў складаных жыццёвых абставінах. Менавіта так гэта і адчула публіка, якая вельмі спачувала эфектнай прыгажуні ў той час, калі тая ў спевах высвятляла адносіны з Жэрмонам. Відаць, разыгранай драмай было ўражанае журы: Музыка Вердзі дапамагла Надзеі Паўлавай здабыць гран-пры Мінскага опернага конкурсу і 10000 долараў прэміяльных. Дапамог вопыт: за плячыма шмат конкурсаў, перамог і актыўная тэатральная праца. Выпускніца Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі цяпер працуе ў Пермскім тэатры оперы і балета. Але партыю Віялеты спявала ў «Травіяце» Латвійскай нацыянальнай оперы, пастаўленай Андрэйсам Жагарсам, які вылучаецца інтэрпрэтацыямі опернай класікі.
У конкурсе было важна, каб спевакі паказалі сябе яшчэ і артыстамі, менавіта таму фінал стаў не проста канцэртам з нумароў, за вечар перад гледачамі прайшлі адразу некалькі міні-спектакляў: артысты выконвалі ўрыўкі з опер ў дуэце з беларускімі салістамі. І, можа быць, «сцены» дапамагалі нашаму тэнару Віктару Мендзелеву, якога адзначылі ІІ прэміяй. Ён саступіў украінскаму тэнару Міхаілу Малафію, якому паводле рашэння журы прысуджана І прэмія ў Мінску. Але абодва тэнары атрымалі ў дадатак цікавыя прапановы наконт развіцця артыстычнай кар’еры. Украінскі спявак паедзе на конкурс вакалістаў у Францыю. Наш Віктар Мендзелеў запрошаны выступіць у тэатры «Лірыкарэогра 20» у канадскім Манрэале. У лік лаўрэатаў трапіла і сапрана Алена Сціхіна з Расіі — ІІІ прэмія за эфектна разыграную трагедыю «Тоскі».
Прыгожы фінал, цікавыя артысты. Прыгожая музыка класічных опер. Але… Калі оперны конкурс ладзіць наша краіна, то, можа быць, трэба было б прадставіць і оперную Беларусь — усё-такі ёсць наша музычная спадчына, творы беларускіх кампазітараў. Вядома, канкурсант выбірае тое, дзе ён найбольш выйгрышна выглядае. Але нейкі перадконкурсны «пралог», свайго роду ўверцюра з фрагментаў твора (-аў) каго-небудзь з беларускіх кампазітараў магла б дадаць нацыянальных фарбаў у фінальны канцэрт, тым самым дазволіўшы публіцы пераканацца ў тым, што сам конкурс у нашым тэатры ўзнік нездарма, для яго быў створаны падмурак гістарычным развіццём самога тэатра, і ёсць творчая глеба — існаванне беларускай музыкі, якая, між іншым, ствараецца і ў наш час, яна жыве! Але можа адчуць сябе жывой, калі запатрабаваная, гучыць, калі і яе выконвае сучаснае пакаленне артыстаў для цяперашніх гледачоў.
Таму што ўсё, што ні робіцца ў тэатры сёння, робіцца ў першую чаргу для айчыннай публікі. Ёй спадабаліся больш за іншых Надзея Паўлава і Міхаіл Малафій — упершыню глядацкі прыз у Мінску прысуджаны гэтым двум канкурсантам. Але конкурс — толькі нагода для знаёмства. Таму што далей маладыя галасы ўдзельнікаў можна будзе пачуць у спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by