Я як цяпер памятаю маю першую беларускую кнігу. Гэта быў зборнік беларускіх народных казак «Бацькаў дар» з малюнкамі Анатоля Волкава. Я не ведаю, чаму зняла з паліцы менавіта яго (у бацькоўскім доме ёсць шмат беларускамоўнай літаратуры), але гэтае выданне здалося мне нейкім чароўным. Напэўна, з-за вокладкі, а можа, з-за назвы. Я не выбрала тады «Пакінутую на досвітку» Гаўрылкіна ці штосьці іншае — нічога не змяніць: мая першая беларуская кніга — «Бацькаў дар» на матчынай мове.
Але ў нашай краіне чамусьці першая беларуская кніга «здараецца» з многімі толькі ў школе, яе не запамінаюць, яе не будуць перачытваць. Беларускія кнігі мы чытаем часцей за ўсё быццам пад прымусам у рамках абавязковай школьнай праграмы, а для асалоды выбіраем замежныя. Чаму так здараецца? Што рабіць, каб беларуская літаратура для нас не станавілася чужой?
Можа быць, уся справа ў прасоўванні беларускай літаратуры, у тым, як кнігі павінны прыходзіць да чытача? Чаму творы Караткевіча і Шамякіна маглі папулярызаваць? Іх куплялі (як на рускай, так і на беларускай мове), бо было цікава чытаць такую літаратуру. Ці толькі ў адсутнасці правільнай рэкламы праблема? Можа, беларускі чытач проста не гатовы да нашай сучаснай літаратуры? Хто б што ні казаў, але ў нас ёсць і бібліятэкі, і кнігарні (прынамсі ў вялікіх гарадах, у правінцыі з кніжнымі крамамі складаней), і сайты, якія займаюцца распаўсюджваннем кніг. Літаратуру можна знайсці дзе заўгодна — ад букіністычных аддзелаў і паліц буккросінгу (абмену кнігамі) да «спатканняў з кнігай» — акцый, якія ладзяцца ў Мінску даволі часта. Знайсці кнігу, якая зацікавіла, сёння не праблема, было б жаданне.
Прыпынак «Бібліятэка»
Я чула, што ў савецкі час модна было прызначаць спатканні ў бібліятэках — настолькі яны былі папулярныя. Цяпер жа, кажуць, бібліятэкі паміраюць. Кажуць, што гэта проста сховішчы, апошні дом для кнігі. Магчыма, гэта праўда: наколькі часта мы цяпер ходзім у бібліятэкі?
Таіса Шынкевіч працуе ў сталічнай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Здзіўляецца, калі я пытаюся ў яе пра сітуацыю з беларускай літаратурай:
— Не вельмі часта ў нас яе бяруць. А калі і бяруць, то Караткевіча, Быкава, Алексіевіч (не толькі цяпер, але і раней, зараз усё ўвогуле разабралі). Яшчэ з сучаснай літаратуры — Жывалеўскага… Але на беларускай у нас чытаюць мала.
Можа, у сталіцы чытач становіцца больш мабільным, яму няма калі хадзіць на абанемент і шукаць патрэбную кнігу? Але ў правінцыі бібліятэкі да гэтай пары з’яўляюцца ледзьве не адзінай сувяззю з літаратурным светам.
Напрыклад, у Паставах адзіная кнігарня знікла больш за 7 гадоў таму. Застаўся невялікі кніжны аддзел ва ўнівермагу, але асартымент там ніколі не змяняецца, а старыя кнігі ніхто не купляе. Для жыхароў горада адзіным выйсцем становіцца якраз бібліятэка — яе загадчык кажа, што чытаюць там сапраўды шмат — ад класікаў да нашага сучасніка празаіка Андрэя Федарэнкі. Не дзіва, што апошнім часам узрасла цікавасць да твораў Алексіевіч — былі выпадкі, калі людзі запісваліся ў бібліятэку знарок, каб узяць яе кнігі.
Нягледзячы на рознасць меркаванняў, што такое сучасная бібліятэка — кнігасховішча ці рэальная магчымасць знайсці жаданую кнігу, — яны існуюць і гатовыя працаваць з чытачамі. Былі б кнігі.
Прыпынак «Кніжная крама»
Калі звярнуцца да статыстыкі па выпуску беларускай літаратуры, якую я атрымала ў Міністэрстве інфармацыі, то можна даведацца, што за 9 месяцаў бягучага года ў Беларусі выдадзена 840 назваў кніг і брашур агульным накладам 2,57 млн экзэмпляраў (у параўнанні з мінулым годам — гэта на 1,6% больш па назвах). Удзельная вага беларускай кнігі за гэты перыяд па назвах — 11,4% ад агульнай колькасці, па накладу — 15,5%. Але тыраж выхаду беларускай літаратуры за апошнія 3 гады не змяняўся — ён застаецца на мяжы 2,6 мільёна экзэмпляраў.
Ці адлюстроўваюць гэта кнігарні? Дзяржаўныя, прыватныя, вядомыя і толькі што адчыненыя — іх безліч. Але і кнігарні не гарантуюць поспеху ў пошуках жаданага. З уласнага досведу: кнігу аднаго сучаснага беларускага аўтара я не знайшла ні ў адной з крам (абышла тады іх не менш за 5). Але ж наяўнасць кніг залежыць ад чытацкіх запытаў.
Марына Апёнак з кнігарні «Светач» кажа, што 80% беларускіх кніг, якія тут купляюць, — гэта падарункавыя выданні і альбомы, а на мастацкую літаратуру застаецца 15%. Але асабліва можна вылучыць гістарычны кірунак, на які прыпадае 5%: добра разыходзяцца кнігі Анатоля Бутэвіча, Міколы Ермаловіча, Людмілы Рублеўскай, Віктара Праўдзіна.
— У нашай краме шмат пакупнікоў беларускіх кніг, асабліва моладзі ў апошні час. І кніг вельмі шмат на беларускай мове, у тым ліку і дзіцячых. А для моладзі ёсць серыя «Мая беларуская кніга» — яна вельмі паспяховая, бо і кошты дэмакратычныя, і ўсю класіку перачытаць можна. Напэўна, моладзь пачынаюць выхоўваць у духу любові да сваёй радзімы, — мне здаецца, гэта сапраўды так, інакш патлумачыць іх цікаўнасць да беларускай літаратуры не магу. Людзі цяпер любяць чытаць на беларускай мове, у нас пераклады амаль не купляюць — толькі на беларускай! Можа, таму што беларускае рэкламуем — праводзім сустрэчы з пісьменнікамі, — да нас прыходзілі Бутэвіч, Шніп, Гальпяровіч, — кажа Алена Тарасюк, загадчыца крамы «Белкніга», што на праспекце Незалежнасці ў сталіцы.
Ёсць погляд, што на беларускай літаратуры зарабіць немагчыма. Таму ў кнігарнях выбар сучаснага беларускага не такі разнастайны, ды і класіка ёсць не паўсюль. Але ёсць месца, дзе прадстаўлены амаль усе навінкі сучаснай беларускай літаратуры — гэта кнігарня «Ў». Юлія Бондар, прадавец крамы, кажа, што ў беларускай літаратуры ёсць усе шанцы, каб стаць папулярнай:
— Можна вешаць на білбордах цікавыя цытаты, уводзіць у школьную праграму цікавыя творы, паказваць маладым, што ў нас ёсць незвычайная літаратура. Варта імкнуцца любіць і паважаць сваё, уводзіць людзей у беларускамоўнае асяроддзе.
Аднойчы, я ўпэўнена, прыйдзе час, калі за беларускай будуць ганяцца, як у кнізе «Мова». Пра мову будуць дбаць, на мове захочуць гаварыць, на мове пажадаюць чытаць… Але пакуль чым можна патлумачыць, што на кніжным кірмашы на Нямізе няма беларускіх кніг? Хочаш 100 рэцэптаў страў з морквы — калі ласка, хочаш новую кнігу Вудзі Аллена — трымай, але ніводнай кнігі на беларускай мове не знайсці. Шукаем далей…
Букіністычныя аддзелы заўсёды здаваліся мне таямнічымі — у кожнай кнігі тут свая гісторыя: чаму яе здалі, хто яе прынёс? Магчыма, пераацэнка каштоўнасцяў, магчыма, хочуць падзарабіць.
— Часам на вокладках можна знайсці аўтограф самога Караткевіча, але іх купляюць імгненна, — кажа загадчыца букіністычнага аддзела ў кніжным доме «Веды» Галіна Сямёнаўна.
Прыпынак «Інтэрнэт»
У час інтэрнэту мы ўжо лянуемся выходзіць з кватэр па некалькі сотняў друкаваных аркушаў, мы хочам, каб іх да нас прывозілі, як гэта робіць, напрыклад, ОZ.BY.
Але тут беларуская літаратура не карыстаецца асаблівай папулярнасцю:
— Верагодна, адбіваецца недахоп рэкламы. Прыклад таму — кніга «50 адценняў шэрага», якая за кошт рэкламы шмат месяцаў была лідарам продажу. Але і ў беларускай літаратуры ёсць шмат добых твораў, таму мы гатовыя прадаваць беларускую літаратуру нават з нізкай рэнтабельнасцю, каб падтрымліваць культуру нашай краіны, — тлумачыць РR-менеджар ОZ.BY Валерыя Мельнікава.
«Чытач» — канцавы прыпынак
Чытачоў беларускай літаратуры, можа, не шмат, але яны ёсць. І гэта людзі, якія адразу скіраваныя на нешта пэўнае, гэта людзі сучасныя, інтэлектуалы. Можна іх умоўна падзяліць на групы, як той казаў, «па інтарэсах».
Ёсць людзі, якія цікавяцца сваёй краінай, тым, што тут адбываецца — гэта так званыя чытачы-інтэлектуалы, носьбіты культурнага менталітэту, у якіх спецыфічныя запатрабаванні — яны шукаюць, напрыклад, кнігі Бахарэвіча.
Ёсць тыя, хто любіць «жыццёвую» літаратуру, каго цікавіць не столькі закручаная кампазіцыя твора, колькі паводзіны героя ў абставінах, блізкіх чытачу — мы ж заўсёды шукаем у кнігах сябе. Адсюль і прага «бытавой» прозы Батраковай і Лісіцкай.
А ёсць асобная частка грамадства — дзеці, а калі дакладней, то іх бацькі, якія арыентуюць дзяцей паважаць сваю краіну, любіць родную мову. Хутчэй за ўсё, яны будуць купляць «Сумны суп» Вольгі Гапеевай.
У пошуках дзіцячай літаратуры беларускага чытача заўсёды напаткае поспех — дзіцячае ў нас купляюць і любяць, адсюль і разнастайнасць выбару. За дзіцячай літаратурай, напрыклад, дакладна можна ісці ў «Кніжную шафу» — уладальнікі ўжо ведаюць, што кнігі для самых маленькіх карыстаюцца попытам, таму і выданняў тут хапае:
— Прыходзяць мамы і таты, якія прывучаюць дзяцей да беларускай мовы. Жывыя, з бліскучымі вачыма. Такіх людзей адразу пазнаеш. Аднойчы прыходзіла жанчына, якая шукала кнігі для ўнукаў, якія жывуць у Амерыцы. Іх бацька хацеў навучыць дзяцей менавіта беларускай мове, — распавядае ўладальніца «Кніжнай шафы» Настасся.
Але і з дзіцячымі беларускімі кнігамі ў крамах часам бываюць праблемы — іх не хапае! Здаецца, калі гэтыя кнігі карыстаюцца папулярнасцю, то чаму нашы пісьменнікі і выдаўцы не робяць высноў для сябе? Адказу няма, але ёсць факт: беларусы гатовыя купляць дзецям любую літаратуру на роднай мове — у тым ліку перакладную замежную, напрыклад вершы Пушкіна па-беларуску.
Напэўна, апошнія і вызначаюць будучыню беларускай кнігі, калі выхоўваюць на ёй дзяцей. Малыя запомняць сваю першую кнігу, такое чытанне стане для іх натуральным. Беларускім сучасным пісьменнікам трэба пра іх падумаць: што заўтра захочуць чытаць тыя, хто вырас на беларускамоўных кніжках? Ці хопіць ім толькі таго, што ўжо напісана? А галоўнае — калі гэтыя дзеці, выгадаваныя на родным слове, стануць прасіць больш і больш беларускага, можна будзе адразу сказаць, што наша літаратура — іt’s а nеw blасk (гэта крута)!
Маргарыта ДЗЯХЦЯР