Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

У Карэліі будзе створана адзіная культурна-асветніцкая аўтаномія беларусаў

$
0
0

Напрыканцы гэтага года адбыўся першы з’езд беларускай дыяспары ў Карэліі. Такую падзею можна лічыць знакавай, бо раней былі зроблены даследаванні і выдадзены кнігі па гісторыі ўкраінцаў, грузінаў у Карэліі; а пра беларусаў — не. І гэта пры тым, што беларуская дыяспара з’яўляецца найбуйнейшай у гэтым краі (пасля рускіх і саміх карэлаў). Пра тое, як трапілі беларусы ў Карэлію і што з гэтага атрымалася, карэспандэнту «Звязды» расказвала доктар гістарычных навук, прафесар БДУ Ірына КАЛАЧОВА — кіраўнік міжнароднага навукова-даследчага праекта па вывучэнні беларускай дыяспары ў Карэліі:
— Працэсы перасялення пачаліся яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны. Але сапраўдным пунктам адліку пераезду беларусаў у Карэлію сталі 1940—1950-я гады. Гэты далёкі край яшчэ заставаўся параўнальна свабодным ад прамысловасці, аднак там меліся багатыя прыродныя рэсурсы. У выніку савецка-фінскай вайны 1939—1940 гг. Савецкаму Саюзу перайшоў Карэльскі перашыек і Прыладажжа — такім чынам змяніліся дзяржаўныя межы. У 1940 годзе быў выдадзены закон аб пераўтварэнні Карэльскай аўтаномнай сацыялістычнай рэспублікі ў Саюзную карэла-фінскую сацыялістычную рэспубліку. У Савецкага Саюза з’явілася новая тэрыторыя, вольная ад людзей: фінаў перасялілі на іх родную тэрыторыю, туды, дзе жыў тытульны этнас. Рабіліся заклікі да людзей з іншых савецкіх рэспублік, каб яны перасяляліся на гэтыя тэрыторыі. Беларусы пасля вайны, натуральна, жылі не вельмі багата, таму, пераязджаючы, разлічвалі, што іх жыццё неяк зменіцца ў лепшы бок. Праводзіліся рэкруцкія наборы, арганізавана набіраліся людзі для перасялення на тыя землі.

— Якім чынам адбывалася ўладкаванне на новым месцы жыхарства?

— Калі беларусы пераязджалі, то сяліліся асобнымі пасёлкамі — гэта давала магчымасць захаваць сваю культурную аднароднасць. Пражыванне такімі групамі — у пэўным сэнсе ахова сваёй унікальнасці. Аднак пасля сітуацыя стала мяняцца… Многія засяліліся ў вельмі добрыя дамы, пакінутыя фінамі. Тыя, каму ўдалося засяліцца ў іх, сталі жыць лепш. Аднак для іншых будаваліся баракі — фактычна, яны пачыналі жыць сярод лесу. Гэта было сапраўднае асваенне новых зямель.

— Наколькі добраахвотна беларусы перасяляліся ў Карэлію?

— З аднаго боку, гэта была дзяржаўная міграцыйная палітыка. З другога, і асабістае жаданне людзей. На сённяшні дзень ёсць звесткі, што 520 тысяч беларусаў жыве ў Расіі, з іх 23 тысячы — у Карэліі. Былі часы піка перасялення — пасля вайны,
у 1950—1960-я гады. Аднак пачынаючы з 1970-х гадоў, многія пачалі вяртацца на радзіму, бо жыццё тут стала лепшым. Сёння беларусы — трэцяя па колькасці этнічная група, больш там толькі рускіх і карэлаў. Важнымі для таго, каб замацавацца, былі якасці беларусаў — працавітасць, добразычлівасць, добрасуседскае стаўленне да іншых, неканфліктнасць.

— Як думаеце, беларускі этнас там асіміляваўся ці захаваўся?

— Самае маштабнае даследаванне з гэтай нагоды праводзілася яшчэ ў 1979 годзе. Яно паказала, што працэс асіміляцыі досыць відавочны. Часта адбываліся шлюбы з прадстаўнікамі іншых народнасцяў. Таму цяпер з нашчадкаў тых беларусаў, якія калісьці перасяляліся ў Карэлію, толькі частка свядома адносіць сябе да нашага народу. Аднак многія даследчыкі, якія пазней вывучалі гэтую тэму, кажуць, што рысы прыналежнасці да беларускага этнасу ўсё-такі ёсць: пераймаюцца традыцыі народнай думкі, захоўваецца песенная культура — аднак пераважна сярод доўгажыхароў. Па-беларуску там ужо не размаўляюць, за выключэннем хіба што ўнутрысямейных стасункаў. Таму перад навукоўцамі стаіць задача вывучыць этнакультурныя працэсы і, вядома, даць адпаведныя рэкамендацыі кіруючым органам, адукацыйным і асветным установам. Бо сёння важна захаваць беларускую дыяспару, яе адметныя рысы, якія выяўляюцца на ўзроўні маўлення, чытання на беларускай мове і іншага.

— Якім чынам будзе ажыццяўляцца такая падтрымка?

— Было вырашана стварыць культурна-асветніцкую аўтаномію беларусаў у Карэліі — адзіную арганізацыю, замест разрозненых і малаколькасных. Яе маштабы досыць істотныя, аднак дзейнічае яна па прынцыпе абсалютнай добраахвотнасці.

— Быць можа, ужо позна ствараць такую арганізацыю? Калі мова не захавалася…

— Так, асіміляцыйныя працэсы выклікаюць пэўны сум, аднак гэта закранае многіх, не толькі беларусаў. Бо калі людзі мяняюць тэрыторыю пражывання, трапляюць у іншы асяродак, ён, натуральна, моцна ўплывае на іх. У пэўным сэнсе гэта адлюстроўвае негатыўны бок нашай самасвядомасці, калі людзі досыць хутка зліваюцца з іншымі. Аднак мы будзем працягваць працу па захаванні беларускага этнасу.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277