Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Народная паэзія Багушэвіча

$
0
0

Адзін з лепшых гісторыкаў Лідчыны ХХ стагоддзя Міхал Шымялевіч пісаў у сваіх успамінах пра папулярнасць вершаў Францішка Багушэвіча ў Лідзе яшчэ да выдання яго кніг.

Пішучы пра аднаго з лідскіх старажылаў — Казіміра Вісманта на пачатку ХХ стагоддзя, гісторык паведаміў, што стары Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста, і ажно чатыры дачкі. Да Казіміра Вісманта вечарамі хадзіла на вячоркі лідская моладзь, бо, зразумела, у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо «ўбіваецца ў пёры». Моладзь гуляла ў гульні, распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі, альбо пра чары і незвычайныя з’явы. Часам дэкламавалі «Легенду пра Ківона, божага пакутніка» альбо такія вершы, як «Панскае ігрышча» ці «Aдказ на панскае ігрышча» і іншыя, «якія праз нейкі час былі надрукаваны ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка». З гэтых некалькіх радкоў вынікае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання яго кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.

Вядома, што Багушэвіч быў знаёмы з пісьменніцай Элізай Ажэшкай і наведваў яе ў Гродне. Ажэшка пісала ў пісьме да Яна Карловіча з Гродна 2 лістапада 1887 года: «Тры тыдні таму быў у мяне добры Ваш знаёмы з Вільні п. Багушэвіч. Вельмі прыемна правяла я з ім некалькі гадзін. Ён мне чытаў сваю беларускую паэзію дый нават даў мне тэксты з асобным вершыкам, гэтаксама па-беларуску… Ці ж не праўда, што гэтыя рэчы вельмі харошыя, маюць нейкае асаблівае хараство, і мяне вельмі цікавіць, ці здолеюць іx зразумець дый засмакаваць у іx нашыя сяляне? Будучым летам папрабую чытаць іx маім міневіцкім знаёмым».

Як бачым, напрыканцы 1887 года вершы Багушэвіча яшчэ невядомыя на радзіме і Эліза Ажэшка толькі плануе іх «пусціць у народ» — перадаць сялянам свайго маёнтка ў Мінявічах. А першая кніга паэта, «Дудка беларуская», выходзіць у Кракаве толькі ў 1891 годзе. Таму падзеі, якія апісвае Міхал Шымялевіч, можна датаваць — паміж 1888 і 1891 гадамі.

Важна адзначыць відавочнае «выбуховае» распаўсюджанне вершаў Багушэвіча: фактычна за некалькі гадоў вершы набываюць папулярнасць і пачынаюць жыць у беларускім народзе сваім жыццём. Такім чынам, мы бачым, што паэзія Багушэвіча была па-сапраўднаму народнай.

Леанід Лаўрэш


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277