Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Мы любім маму і Чэхава

$
0
0

Вы можаце адрозніць сапраўдную архідэю ад штучнай? Пасля спектакля Піпа Дэльбона мне здаецца, што людзі, якія бачаць вонкавыя адрозненні, спасціглі сэнс жыцця. Але я такіх не сустракала… Міжнародная праграма форуму «ТэАрт» пачалася з аўтарскага тэатра, дзе драматургічнай асновай спектакля становіцца не п’еса ў звыклым для нас разуменні (злева — хто кажа, справа — што кажа), а асабістае выказванне рэжысёра. Ланцужкі асацыяцый і думак паядноўваюць любоў да маці і любоў да Чэхава, трукі на трапецыі і непазбежнасць смерці, надзвычайную прыгажосць і фізічную недасканаласць. Якое вашае апошняе моцнае перажыванне?

14-3

Сцэ­на са спек­так­ля «Дон­ка — па­слан­не Чэ­ха­ву».

Караблекрушэнне ў чаравіках

Гэта не тэатр, гэта цырк. Дакладней, не зусім тэатр і новы цырк. Спектакль «Донка — пасланне Чэхаву» Даніэле Фінцы Паска — тэатральны мантаж асацыяцый-эцюдаў, прысвечаны славутаму драматургу. Яго могуць выканаць толькі цыркавыя артысты (настолькі дзеянне патрабуе фізічнай спрактыкаванасці). Акцёры Фінцы Паскі — гэта яшчэ і жанглёры, паветраныя акрабаты, гімнасты, клоўны. У ланцужку эпізодаў-карцін, які яны ствараюць перад гледачом, усплываюць то асацыяцыі з творамі Антона Паўлавіча, то з ягоным асабістым жыццём. Рэжысёр акцэнтуе ўвагу на тэме хваробы, слабасці чалавечага цела і сілы духу ды развітання з жыццём. Вось чалавек круціцца ў коле пад дажджом з чырвоных пялётскаў. Божухна, які няўстойлівы гэты свет! А вось тры сястры спрабуюць утрымацца на трапецыі: моцныя, спрытныя, але ж без трывалай глебы пад нагамі…

Донка — гэта вуда з бубенчыкам. Фінцы Паска ўзгадаў і пра захапленне Чэхава рыбалкай. Акцёры нібыта выцягваюць адна за адной свае гісторыі-рыбіны і перажываюць: ці ўдалося нам сёння злавіць сапраўдную, здольную развярэдзіць душу? «Душа, — прызнаецца адна з выканаўцаў, — жыве ў чаравіках. Мы спрабуем зладзіць буру ў чаравіках». І гэта гучыць пэўным цыркавым парафразам знакамітага чэхаўскага: «Людзі абедаюць, толькі абедаюць, а ў гэты час складваецца іх шчасце і разбіваюцца іх жыцці».

Бура і сапраўды здараецца. У фінале першага дзеяння перад гледачом з’яўляецца жырандоля з лёду, а пад ёй акцёры з ледзянымі шарамі ў руках. Пасля папярэдніх сцэн ніхто ў зале не сумняваецца ў іх майстэрстве жангліраваць, напачатку яны і сапраўды са спрытам гэта робяць. Але вось наўмысна разбіваецца адзін шар, потым другі, потым на сцэне з’яўляюцца іншыя ледзяныя прадметы і таксама б’юцца. У фінале, перад тым як быць канчаткова аслепленай сафітамі, зала бачыць, што акцёры разбіваюць жырандолю, ступаючы па крошыве з лёду басанож, без аніякіх чаравікаў…

Дайце мне атмасферы!

Памятаеце пачатак фільма Андрэя Таркоўскага «Люстэрка»? Ігнат бачыць па тэлевізары, як доктар лечыць гіпнозам хлопца з моцным заіканнем. Некалькі разоў яна паўтарае яму: «Я магу гаварыць! Я магу гаварыць!» Пасля хлопец гаворыць. Такое метафарычнае сцвярджэнне ініцыяцыі ў грамадстве кожнага з нас і адначасова сцвярджэнне пэўнай творчай манеры для мастацкага выказвання. Нешта падобнае адбываецца з гледачамі і на спектаклі Піпа Дэльбона «Архідэі». Але механізм гіпнатычнага ўздзеяння надзейна схаваны ў двухгадзінным дзеянні і замест «гаварыць» у яго ўстаўлена слова «адчуваць».

Піпа Дэльбона, паводле ўласнага прызнання, не любіць гэты свет, але іншага месца для таго, каб жыць, няма, і ён стараецца максімальна палепшыць умовы існавання. Перадусім навучыўшыся адрозніваць штучнае ад сапраўднага і спасцігнуўшы пачуццё любові.

Калі «Донка — пасланне Чэхаву» — гэта візіянерскі мантаж (мантаж візуальна прыгожых карцін), то апісаць структуру сцэнічнага выказвання Піпа Дэльбона куды больш складана. Гледачы то апынаюцца перад пустой цёмнай сцэнай і чуюць толькі голас рэжысёра, што распавядае ў мікрафон пра сучаснае захапленне чалавецтва гаджэтамі, пра ўласнае дзяцінства, пра сваю маці, нейкія выпадкі з жыцця. То назіраюць за рознымі відэашэрагамі (часам за кадрам ім чытаюць маналог з Чэхава, пасля маналог з Шэкспіра). То сочаць за дзіўным танцам. То становяцца сведкамі развітання рэжысёра з хворай маці, якое ён засняў на відэа і ўманціраваў яго ў спектакль.

Трансляваць, перадаваць такое асаблівае адчуванне свету зможа не кожны акцёр, і трупа ў Піпа Дэльбоны таксама асаблівая. У адным з інтэрв’ю рэжысёр коратка апісаў яе частку: Бабо (да таго, як стаць акцёрам, ён 45 гадоў правёў у псіхіятрычнай клініцы, дзе і адбылося выпадковае знаёмства з рэжысёрам); Джанлука Баларэ, чалавек з сіндромам Даўна, вучань маці Піпа Дэльбоны; румынскі скрыпач; танцоўшчыца з Афрыкі і танцоўшчыца з Гранд-оперы. Калі ад гэтага пераліку ў вас склалася адчуванне пэўнай дабрадзейнасці рэжысёра, то давядзецца вас расчараваць: творчае крэда Піпа Дэльбоны — шчырасць. Так, бяздомны ці бежанец можа патрапіць у яго спектакль, але толькі у тым выпадку, калі будзе цалкам адпавядаць шчырасці выказвання. Проста Піпа Дэльбона надзвычай адкрыты свету, і ў поле яго зроку можа патрапіць як чалавек з дыпломам тэатральнай школы, так і выпадковы мінак. І, здаецца, ён умее адрозніваць штучныя архідэі ад сапраўдных.

Але спектакль «Архідэі» — расповед не толькі пра штучнасць і сапраўднасць. Адной з галоўных гераінь пастаноўкі — маці рэжысёра — ужо няма на гэтым свеце. «Да таго ж «Архідэі» нарадзіліся з той вялізнай пустэчы, дзе я апынуўся, калі не стала маёй маці. Я больш не быў нічыім дзіцем. Ніхто больш мяне не любіў», — раскрывае таямніцу нараджэння ідэі пастаноўкі рэжысёр. Ён хоча вярнуць любоў: выходзіць на сцэну, танчыць — і падабаецца; гаворыць за сцэнай пра асабістае — і падабаецца. Але ж толькі падабаецца, бо ніхто ў гэтым свеце не здолее любіць яго так, як маці… Свет без мацярынскай любові малапрыдатны да жыцця, але што рабіць — іншага месца няма.

Пакутуючы ад уласнай неўладкаванасці, сутыкнуўшыся з немагчымасцю быць любімым сынам, Дэльбона выяўляе ў нас нейкую надзвычайную шчырасць, адкрытасць. Гледачы выходзяць з залы з упэўненасцю «Я магу адчуваць!» і абяцаюць сабе не згубіць гэтай упэўненасці, нават калі прыйдзецца ісці басанож па лёдзе.

Алена Мальчэўская


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277