Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Майстрыха алмазнай вышыўкі

$
0
0

Загадчыца ФАПа з вёскі Азіна Полацкага раёна ў вольны час займаецца… «алмазнай» вышыўкай, вязаннем і шыццём. Яе прысядзібны ўчастак — самы добраўпарадкаваны ў вёсцы. Ці не нагода завітаць у госці?

14-7

Вось такі сімпатычны падворак.

На падворку Алены Глінскай — драўляны млын, казачны дамок, альтанка… Такую прыгажосць цяжка не заўважыць, калі праязджаеш міма.

— Загадчыца нашага ФАПа Алена Анатолеўна — спецыяліст вышэйшай катэгорыі. Пра такіх кажуць: прафесіянал з вялікай літары. Вяскоўцы яе за гэта вельмі паважаюць. А яшчэ ў яе залатыя рукі, а двор самы прыгожы не толькі ў вёсцы, але і ў раёне. Алена Анатолеўна двойчы была пераможцай у раённым рэйтынгу: па лепшым домаўладанні і добраўпарадкаванні і па творчых работах. І сёлета, упэўнена, ёй ёсць чым здзівіць. Убачыце яе творы — самі ўсё зразумееце, — расказвае старшыня Азінскага сельскага Савета Алена Чувашэнка.

— У гэтым рэйтынгу штогод вызначаюцца самыя адораныя людзі, найлепшыя населеныя пункты і гэтак далей. І часам адказныя асобы самі здзіўляюцца таленту і крэатыўнасці сваіх землякоў. Пераможцы атрымліваюць прызы, заахвочваюцца па месцы жыхарства, — дадае Валянціна Уласенка, прэс-сакратар Полацкага райвыканкама.

Гаспадыня запрасіла нас у дом. Калі выказалі захапленне ўбачаным, патлумачыла, што шмат з гэтага зрабілі бацька і муж, які працуе мантажнікам на наваполацкім прадпрыемстве. Дарэчы, пакоі ў доме таксама вельмі стыльныя, утульныя.

— Ды нічога асаблівага, мы ж у вёсцы жывём, — пажартавала гаспадыня.

Усім бы так жыць. Творы Алены Анатолеўны можна выстаўляць у музеі.

14-8

Алена ГЛІНСКАЯ (справа) з дачкой.

— Мне проста падабаецца нешта рабіць сваімі рукамі. Лічу, што кожная жанчына, калі б захацела, змагла ствараць такое ж. Раней шыццём і вязаннем займалася. А летась купіла набор для вышыўкі стразамі… Калі правільна казаць, такая тэхніка мае назву «алмазная вышыўка». І наборы для вырабу прадаюцца. Вось на гэтую ікону спатрэбілася 12,7 тысячы стразаў. Не магу дакладна сказаць, колькі часу патрабуецца, каб зрабіць карціну, бо не кожны дзень удаецца вышываць, — распавядае Алена Глінская.

У ФАПе яна і фельчар, і акушэр, і аптэкар. Абслугоўвае жыхароў 12 вёсак. Бывае, дамоў прыходзіць бліжэй да ночы. Таму, зразумела, часу на творчасць мала, бо трэба ж паспець і хатнія справы парабіць. Яшчэ адно яе хобі — прыгатаванне нацыянальных беларускіх страў. Пачаставала беляшамі, дык ледзь язык не праглынуў.

На развітанне папрасіў паказаць увесь прысядзібны ўчастак. Гаспадары вырошчваюць на ім не толькі садавіну, агародніну, але і шмат кветак… Прыемна, што зямля беларуская, як калісьці, багатая не толькі на працавітых, але і на творчых людзей. Такіх не вабіць шум вялікіх гарадоў. Яны жывуць у глыбінцы ў гармоніі з сабой, прыродай і людзьмі. Вучаць аднавяскоўцаў таму, што пры жаданні можна зрабіць сваё жыллё прыгожым — такім, куды заўсёды хочацца вяртацца…

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота аўтара

Полацкі раён


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277