Кінапаказ «Звязды», што адбыўся на мінулым тыдні, быў прысвечаны рускаму кінематографу. Насамрэч, хоць стэрэатыпы кажуць аб адваротным, можна шмат чаго паказаць, каб годна прадставіць кіно нашых суседзяў. Але мы спыніліся на атмасферна-настальгічным, паэтычным, метафарычным фільме Мікіты Міхалкова «Раба любові».
Асэнсавана я перакладаю назву карціны, выкарыстоўваючы менавіта слова «любоў», а не «каханне». Хоць назва «Раба любви» можа падацца прэтэнцыёзнай і адсылаць да сентыментальнай недарагой меладрамы, рэзюмэ пасля прагляду можа значна паглыбіць і ўзмацніць яе сэнс.
Перад пачаткам карціны трэба прыкласці намаганні і абстрагавацца ад негатыўнага вобраза асобы рэжысёра, за якім апошнім часам цягнецца шлейф скандалаў і абураных спрэчак на тэлевізійных ток-шоу.
Фільмы Міхалкова — «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», «Раба любові», «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», «Радня» і іншыя — так ці інакш услаўляюць рускае кіно. Карціна «Стомленыя сонцам» атрымала прэмію Оскар у 1995 годзе як найлепшы фільм на замежнай мове (іншыя яго фільмы таксама намінаваліся). Часопіс Varіety ў 2013 годзе аддаў Міхалкову трэцяе месца ў міжнародным рэйтынгу пятнаццаці расійскіх рэжысёраў. Яго ўклад у рускі кінематограф складана аспрэчыць, абвергнуць, адмяніць.
Некалі малады Мікіта Міхалкоў узяў сцэнарый Фрыдрыха Гарэнштэйна і Андрэя Міхалкова-Канчалоўскага ў рэжысёра Рустама Хамдамава, які здымаў карціну «Нечаканыя радасці», ды так і не зняў. На гэтай жа сцэнарнай аснове ў Міхалкова атрымаўся, як мне падаецца, даволі асабісты і шматгранны фільм.
Карціна «Раба любові», знятая ў 1975 годзе, расказвае пра здымачную групу, што з’ехала з занятай бальшавікамі Масквы ў Крым, каб працаваць над фільмам. Галоўную ролю ў ім выконвае знакамітая актрыса Вольга Вазнясенская, якую сыграла Алена Салавей. Пачуццёвая, успрыімлівая, пяшчотная, манерная жанчына (кажуць, правобразам Вазнясенскай з’яўляецца Вера Халодная) увасабляе ў сабе глабальны вобраз Расіі, цэлай краіны, што ў лёсавызначальны час вагаецца паміж мінулым і будучыняй, белым і чырвоным колерамі, церпіць ахвяры і боль, разрываецца і пакутуе ад шчырай любові і нарэшце знікае ў туманнай далечыні. У будучыні.
Карціна ад летняй цёплай ідыліі з тужлівым параўнаннем травы розных мясцін паступова крочыць да амаль апакаліпсічных змен. Хустка, якую зносіць ветрам, Вольга, якая бяжыць у пыл, таямнічае знікненне аператара прадказваюць хуткія перамены ці нават катастрофу, але дакладна — нешта вельмі важнае.
Нават самая што ні на ёсць эпізадычная роля ў карціне Міхалкова выкрывае талент яе выканаўцы. Такая канцэнтрацыя добрай акцёрскай ігры, на шчасце, не зацямняе метафарычнасці эпізодаў, што ствараюць мініяцюру дзяржавы на зломе эпох, адлюстроўваюць страту нечага важнага і прыход прыцягальнага новага.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
katsyalovich@zviazda.by