Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў адзначае 40-годдзе з дня заснавання.
У адной з галоўных творчых ВНУ краіны адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды круглай даты. Адно з іх шэрагу прайшло днямі на малой сцэне Палаца Рэспублікі, дзе сустрэліся людзі, лёс якіх так ці інакш звязаны з універсітэтам.
— Насамрэч, першы корпус тады яшчэ Інстытута культуры адкрыўся раней, 6 кастрычніка 1975 года, — распавядае першы прарэктар БДУКМ Аліна КОРБУТ. — І сённяшнее мерапрыемства — толькі адно з ліку тых, што мы запланавалі. Некалькі дзён таму адбылося пасяджэнне вучонага савета. Неўзабаве пройдзе навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да гэтай падзеі. Сёння ж адбудзецца ўрачыстае ўшаноўванне і ўзнагароджанне нашых вядучых супрацоўнікаў, людзей, якія шмат зрабілі для развіцця адукацыі і культуры ў Беларусі. У госці да нас прыйдуць выкладчыкі ўніверсітэта, як цяперашнія, так і ветэраны; студэнты; прадстаўнікі ўстаноў, з якімі мы цесна супрацоўнічаем. А ў падарунак усе атрымаюць канцэрт, падчас якога выступяць нашы студэнцкія калектывы.
— Гісторыя нашай вельмі маладой па сусветных мерках установы — гэта гісторыя паступовага развіцця, стварэння новага, — падзяліўся думкамі рэктар універсітэта культуры і мастацтваў Юрый БОНДАР. — Мы з аптымізмам глядзім і ў наступныя 40 гадоў. Універсітэт імкнецца адэкватна рэагаваць на патрэбы грамадства, на спецыфіку постіндустрыяльнай эпохі. Але галоўнае — у нашай краіне, як і раней, вельмі шмат таленавітай моладзі, якой мы дапамагаем знаходзіць сябе і развівацца. Конкурс у БДУКМ застаецца стабільна высокім, на некаторыя спецыяльнасці — да пяці чалавек на месца; студэнты прыходзяць матываванымі да вучобы, а ў краіне цяжка знайсці ўстанову, дзе не працавалі б нашы выпускнікі. Ды і творчыя дасягненні ўніверсітэта цяжка не заўважыць. Напрыклад, летась адбылася прэм’ера мюзікла «Дуброўскі», створанага намаганнямі нашых студэнтаў. Цяпер прыступаем да рэалізацыі яшчэ аднаго маштабнага праекта, таксама мюзікла. Спадзяюся, гэтыя тэндэнцыі захаваюцца і надалей.
Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання распачалася з агучвання віншавання кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, якое прысутным зачытаў міністр культуры Барыс Святлоў (дарэчы, у мінулым — рэктар БДУКМ). Падзякі ад Міністэрства культуры супрацоўнікам універсітэта ўручаў намеснік міністра Аляксандр Яцко, ад Міністэрства адукацыі — першы намеснік міністра Вадзім Богуш. Павіншавалі ВНУ і сталічныя дэпутаты ў асобе старшыні Мінгарсавета Васіля Панасюка. Не магла не крануць прысутных прамова акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені, які ўзгадаў, як стваралася навучальная ўстанова. А выпускнік інстытута культуры 1983 года, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, перадаў у бібліятэку БДУКМ першыя тамы факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны».
Завяршаў свята канцэрт, які падрыхтавалі студэнты розных спецыяльнасцяў універсітэта. Спевы і танцы — у такой кампаніі бавілі вечар госці. Сімвалічна, што вядучымі канцэрта былі выпускнікі ўніверсітэта культуры і мастацтваў — тэлевядучая Вольга Рыжыкава і спявак Тэа (Юрый Вашчук).
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
lyskavets@zvіazda.by
Фота Канстанціна ДРОБАВА