Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all articles
Browse latest Browse all 277

Магчыма

$
0
0

Вобраз сучаснай Беларусі ў тэатры.

Што за… Тэатр без сюжэта і нейкай выразнай гісторыі? У ім можа не быць нейкага героя, вакол якога закручваецца інтрыга, ды і інтрыга не абавязковая, але пры гэтым некалькі фіналаў (ці варта лічыць?), ды і тэкст можа быць ці не быць галоўным кампанентам, таму што асобным выказваннем з’яўляецца форма. Постдраматычны тэатр — так гэта назваў нямецкі даследчык Ханс-Ціс Леман напрыканцы ХХ стагоддзя, калі гэтая з’ява ў заходняй тэатральнай практыцы стала звычайнай, яе замацавалі нават асобным тэрмінам. Не проста плынь, а новая тэатральная рэчаіснасць. Тэатр жа — люстэрка жыцця, выяўляе яго імклівасць, уплыў тэхнікі, асаблівы эмацыйны фон. Аднак былі дзесяцігоддзі, калі такі тэатр лічыўся эксперыментам. У нас дык лічыцца дагэтуль, у другім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя.

17-17

Сцэна са спектакля «Мабыць?» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Тое, з чаго сёлета складзена праграма Belarus Open у рамках міжнароднага тэатральнага форуму «ТэАрт», — наша наватарскае. Кожную пастаноўку можна разглядаць у кантэксце таго, што прывозілі на фестываль госці — так і імкнуліся паказаць тэатральную Беларусь арганізатары форуму. Яны маюць рацыю.

Асобныя спробы ці пастаноўкі ствараліся ў Беларусі ў падобнай стылістыцы ўжо на мяжы стагоддзяў, праўда, адзінкавыя. У асноўным тымі рэжысёрамі, якія былі ў кантэксце развіцця сусветнага тэатра, ездзілі на фестывалі ў Еўропу, а потым стваралі спектаклі, «фестывальныя» (як сказалі б аматары кіно). Праўда, часта насуперак чаканням айчынных гледачоў, якія ў большасці сваёй працягваюць жыць у кантэксце тэатра драматычнага, дзе ўсё зразумела, па паліцах, пажадана з прыгожымі касцюмамі, без залішніх разумнасцяў ці абстракцый — з імі ж не разняволішся, увесь час сядзі і нешта думай, выводзь… Сам.

Што за?.. Тэкст кавалкамі, асобнымі маналогамі, фразамі. Нібыта падслуханымі ў жыцці — на вуліцы, па тэлевізары ці яшчэ дзе. Вонкавы вобраз — нейкая ілюзія. Нават класіку не пазнаць — за што ж так з нашым гледачом, шчырым і ўдзячным па сутнасці? Ён жа можа не вытрыма-а-аць. Не, даказана: наш перажыве, застануцца самыя цікаўныя, хто ў пошуку. Чулыя і адкрытыя да новых формаў тэатра, адпаведна, да новых формаў жыцця. Таму што ў сучасным тэатры (дзе ўжо праяўляе сябе постпост эстэтыка) прастора настолькі гнуткая, што лішнія дэкарацыі могуць толькі замінаць эмацыянальнаму эфекту, які дасягаецца не толькі словамі, але рухамі, святлом, музыкай (усё часцей жывой), ці нават відэарадам і іншымі тэхнічнымі «наваротамі». Форма — гэта своеасаблівы тэст на адносіны да рэчаіснасці, з аднаго боку. А з другога, і гэта не аксіёма, калі гаворка пра Беларусь. Але дакладна: тыя, каго ў нас прыцягвае форма, яшчэ больш схільныя шукаць у ёй сэнс.

Калі паглядзець спектаклі запрошаныя — то відавочна, што такі глядач у нас ёсць, ён хоча іншага. У яго ёсць шанц — наперадзе тыдзень, калі яшчэ можна паглядзець спектаклі «ТэАрта». І будзе старацца. Таму што сярод беларускай тэатральнай рэчаіснасці пануе ў асноўным рэпертуарны тэатр, больш традыцыйны — і гэта таксама наша адлюстраванне жыцця праз сцэну. Традыцыйны драматычны, у якім акцёры разыгрываюць уцямную гісторыю, — наша ўсё. Ён такі жывучы і запатрабаваны, таму што адпавядае сутнасці беларускага жыцця з яго кансерватызмам, калі большасць пагаджаецца з пратактнымі і праверанымі падыходамі да ўсяго.

Але не значыць, што няма ці не прапануецца альтэрнатывы, у якой рэжысёр мае права быць розным (рамкі рамкамі, але ж мастацтва заўсёды імкнулася выйсці за іх). Такі, як Аляксей Ляляўскі ці Яўген Карняг, Вячаслаў Іназемцаў ці Таццяна Траяновіч, запрошаныя Саўлюс Варнас (які ў Беларусі гне сваю лінію) і Іскандэр Сакаеў (не прагінаецца пад шырокія густы), Аляксандр Марчанка ці Вольга Лабоўкіна і іншыя. Ужо не адзінкі. Рэжысёры ствараюць тэатр у залежнасці ад жыццёвага пункта, у якім знаходзіцца грамадства, якое яны прадстаўляюць. А яно ўсё ж у руху (хуткасць — іншае пытанне). З гэтага пункту гледжання і трэба ставіцца да тых прац, якія былі адабраныя ў беларускую праграму, пра якую гаворка будзе ісці ў наступным выпуску. Таму што бываюць нагоды дзівіцца тым сілам, якія праяўляюцца ў беларускім тэатры і даюць гледачу права выбару, што ўжо значна. Глядач можа не разумець, навошта яму гэта вось такое, але ў яго з’яўляецца шанц аднойчы трапіць на нейкі такі спектакль, калі захочацца сказаць: «Што за!..» І ўбачыць сваю краіну ў тэатры іншымі вачыма.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by


Viewing all articles
Browse latest Browse all 277