Па выніках пасяджэння Беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па справах культурнай спадчыны, якое прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве, было дасягнута пагадненне аб рэалізацыі праекта па стварэнні інвентару рукапісаў з бібліятэкі Радзівілаў, якія сёння захоўваюцца ў бібліятэках Беларусі, Польшчы і Францыі.

Пратакол аб супрацоўніцтве падпісаны намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем Сушам і намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы Катажынай Сьляскай.
Як вядома, нясвіжскі кнігазбор Радзівілаў быў адным з самых вялікіх і найбольш каштоўных ва Усходняй Еўропе. Сёння ўжо зроблена нямала для ўліку і захавання друкаваных кніг, якія паходзяць з бібліятэкі Радзівілаў. Аднак рукапісная спадчына, надзвычай каштоўная і рэдкая, дагэтуль заставалася па-за ўвагай і сістэматычнымі даследаваннямі спецыялістаў.
У некаторай ступені вядомы асобныя рукапісы, якія захоўваюцца ў расійскіх зборах. Напрыклад, славуты Радзівілаўскі летапіс ці вядомыя «Радзівілаўскія акты са збораў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі». Аднак сістэматычны аналіз бібліятэчных фондаў на прадмет наяўнасці рукапісаў з радзівілаўскіх збораў яшчэ чакае сваёй рэалізацыі.
Як мяркуецца, ініцыятыва беларускіх і польскіх калег будзе падтрымана Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Аднак ужо сёння дасягнутая дамоўленасць дзвюх нацыянальных бібліятэк аб супольнай працы ў гэтым кірунку.
Чакаецца, што ў 2016—2017 гадах будуць апрацаваны рукапісы, якія знаходзяцца ў зборах Беларусі, Польшчы і Францыі, пасля чаго праца можа быць працягнута з калекцыямі бібліятэк Расіі, Літвы, Украіны і іншых краін.
Варвара ГОМАН