У «калысцы гарадоў беларускіх» — старажытным Полацку — 20-ты раз праходзіць міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».
— Сёлета ён прысвечаны 30-й гадавіне аргана канцэртнай залы славутага Сафійскага сабора… У фэсце бяруць удзел арганісты з Даніі, Францыі, Беларусі і іншых краін. Апошні канцэрт, які адбудзецца 22 лістапада, прысвечаны 330-й гадавіне з дня нараджэння Баха, — паведамілі «Звяздзе» ў Полацкім райвыканкаме.
Гэты ўнікальны фестываль добра ведаюць ва ўсёй Еўропе. Полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая на ім прадставіць праграму, якую бліскуча выканала ў Францыі. Нядаўна яна першай з беларускіх арганістаў сыграла ў саборы Парыжскай Божай Маці.
Арганізатары пастараліся, каб кошт квіткоў быў даступным: 120 тысяч рублёў. Заўсёды шмат знаходзіцца ахвотных атрымаць асалоду ад праслухоўвання шэдэўраў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
pukshanskі@zvіazda.by