Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all 277 articles
Browse latest View live

У пакоі старасвецкія зазірнуўшы

$
0
0

Некалі сядзібныя дамы былі яскравым упрыгажэннем беларускай зямлі. Яны з’яўляліся сапраўднымі асяродкамі культуры — сядзібная спадчына стала асновай для развіцця многіх відаў беларускага мастацтва: музыкі, жывапісу, літаратуры. Менавіта ў такіх дамах нарадзіліся і выхоўваліся Міхал Клеафас Агінскі, Напалеон Орда, Фердынанд Рушчыц і іншыя. Больш яскрава ўявіць, як выглядалі сядзібы даўніх часоў, адчуць іх атмасферу цяпер можна на выставе «У пакоі старасвецкія зазірнуўшы», якая 1 кастрычніка адкрыецца ў Дзяржынскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.

Усе прадстаўленыя на выставе экспанаты — са збораў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Там захоўваецца ўнікальная калекцыя мэблі, якая бытавала ў мяшчанскіх дамах і сядзібных уладаннях шляхты ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, а таксама калекцыі прадметаў інтэр’еру, побыту таго часу. Можна ўбачыць, напрыклад, месцы для прыёму гасцей, пакоі для асабістага баўлення часу.

Пляцоўкай для экспанавання выставы невыпадкова былі выбраны залы дзяржынскага музея. Справа ў тым, што менавіта сядзіба ў Койданаве (да 1932 года горад Дзяржынск называўся Койданава) у старажытнасці паклала пачатак фарміраванню горада. Акрамя таго, вакол Койданава размяшчалася вялікая колькасць сядзібных дамоў: у Станькаве, Прылуках, Негарэлым, Коласаве — сядзібы Чапскіх; у Малых Навасёлках — сядзіба Кастравіцкіх; у Гаруцішках — сядзіба Пашкевічаў; у Волме — сядзібы Ваньковічаў, Капылінскіх.

Сядзіба ў яе выпрацаванай стагоддзямі форме сёння ўжо не функцыянуе. Але яшчэ доўга яна будзе важным элементам нацыянальнага самапазнання. Унутранае ўбранне сядзібных дамоў увачавідкі паўстае перад намі праз апісанні, мемуары, інвентары, карціны і малюнкі. І яшчэ болей адкрываецца праз экспанаты выставы, якая будзе працаваць у дзяржынскім музеі да 13 снежня.

Варвара ГОМАН


Тут жыве дух Міхала Клеафаса Агінскага

$
0
0

У Залессі адкрылася адноўленая сядзіба кампазітара.

Многія нашы слаўныя суайчыннікі знайшлі сабе надзейную «прапіску» ў культурах іншых народаў. І мы не можам скардзіцца на суседзяў за тое, што быццам прысвоілі сабе наша. Яны папросту своечасова сабралі ўсе гістарычныя звесткі, што яднаюць дзеячаў з іх зямлёй, адразу ўвекавечылі іх — у памятных дошках, кнігах, назвах вуліц, гэтым паспрыяўшы замацаванню ў свядомасці сваіх народаў. А мы, шчыра кажучы, проста паленаваліся тое зрабіць, добраахвотна аддаўшы сваю спадчыну іншым.

Аднак ёсць герой, якога сапраўды можна лічыць беларускім нацыянальным. Гэта Міхал Клеафас Агінскі. Суседнія народы шануюць яго, але не прэтэндуюць на поўнае валоданне памяццю. Літоўцы і рады б запісаць у шэрагі сваіх дзеячаў Агінскага, ды ў іх краіне жылі толькі яго дзеці і ўнукі. Палякі часам абвінавачваюць Агінскага ў здрадзе за тое, што ён вымушаны быў ісці на паклон да расійскага імператара. Рускія, натуральна, не прэтэндуюць на гэтага дзеяча, які ў межах Расійскай імперыі імкнуўся адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае, нават склаў яго канстытуцыю. Украінцы прызнаюць і шануюць талент кампазітара, аднак з іх зямлёй яго біяграфія пераплецена не надта шчыльна. Затое ў Беларусі ён пражыў самыя шчаслівыя 20 гадоў, менавіта ёй прысвечаны славуты паланэз «Развітанне з Радзімай».

29-14

Ра­ман­тыч­нае на­ва­кол­ле ся­дзі­бы над­звы­чай на­тхня­ла кам­па­зі­та­ра.

Агінскі марыў пра аднаўленне вольнай Бацькаўшчыны. З дзяцінства ён рыхтаваўся да дыпламатычнай кар’еры, ужо ў маладым узросце займаў палітычныя пасады. Але праславіўся ён найперш як кампазітар. Калі Агінскі прыйшоў на прыём да імператрыцы Кацярыны, каб дамагчыся вырашэння сваіх палітычных інтарэсаў, яна заўважыла, што ўсе дваране танцуюць пад яго паланэз. Ва ўсіх музычных салонах Еўропы таксама нязменна гучала музыка гэтага кампазітара.

Планы Агінскага па аднаўленні краіны ў межах Расійскай імперыі не спраўдзіліся. Не ажыццявіліся і яго спадзяванні на Напалеона, які таксама не праявіў цікавасці да аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага. Усё тое, чым жыў наш суайчыннік, абрынулася. Нічога не заставалася яму, як толькі ў родавым маёнтку ў Залессі стварыць сваю маленькую ідэальную краіну. І гэта яму ўдалося.

Калі трапляеш у Залессе, адразу адчуваеш яго асаблівы рамантызм. Нават сам парк вакол сядзібы быццам захоўвае дух кампазітара. Дрэвы растуць на невялічкіх узгорках. Сцежкі то пераплятаюцца адна з адной, то хаваюцца, то зноў выслізгваюць дзесьці наперадзе. Сентыментальныя белыя лавачкі быццам запрашаюць цябе прысесці і паразважаць пра нешта высокае. Да сядзібы вядзе прасторная дарога, абсаджаная высачэзнымі дрэвамі. Аднак гэта толькі частка таго, што было пры творцы. Пасля аднаўлення сядзібы пачалі весці размовы, што наступны крок — аднаўленне парку.

На ўрачыстым адкрыцці сядзібы, якое адбылося ў дзень народзінаў кампазітара — 25 верасня, прысутнічала шмат шаноўных гасцей: прадстаўнікі дыпламатычных місій, нашчадкі творцы, прадстаўнікі літоўскіх гарадоў-пабрацімаў Смаргоні, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і многія іншыя. Якой жа ўбачылі яны адноўленую сядзібу?..

29-15

Ім­пе­ра­тры­ца Ка­ця­ры­на і Мі­хал Кле­а­фас. Са спек­так­ля «Па­ла­нэзы на вяртанне».

Рэстаўрацыя закранула не толькі знешні выгляд колішняга ўладання кампазітара. Адноўлена і ўнутранае аздабленне інтэр’ераў, якое цяпер не саступае Міру і Нясвіжу. У гэтым упэўнена аўтар экспазіцыі — дырэктар Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. Менавіта яе руплівымі рукамі аднаўляліся шыкоўныя пакоі.

Прызнацца, тое, што створана ўнутры палаца, сапраўды ўразіла. Веліч і прыгажосць. Гэта павінен убачыць кожны. Некалькі вестыбюляў, вялікая і малая гасцёўні, кабінет кампазітара, тэатральна-музычная зала. Усталяваны тут нават більярдны стол — ён быў традыцыйным атрыбутам сядзіб таго часу. Маецца нават уласная аранжарэя: кампазітар вельмі любіў экзатычныя расліны, піў гарбату са сваімі гасцямі пасярод такога незвычайнага саду. У адной з галерэй зроблена элегантная кавярня — пасярод высокіх белых калон размешчаны плеценыя столікі са шкляной паверхняй, побач — такія ж крэслы. Наведвальнікі могуць зайсці сюды не толькі на кубачак кавы, але і каб падсілкавацца.

Зінаіда Кучар адзначае, што ўся мэбля, размешчаная тут, тыповая для XІX стагоддзя. Яе замаўлялі па каталогах антыкварных крам.

Таму, завітаўшы ў Залессе, трэба абавязкова не толькі паблукаць па ўзнёслых ваколіцах сядзібы, але і прагуляцца па аранжарэі з экзатычнымі раслінамі, наведаць напоўненую святлом бялюткую кавярню. Дарэчы, падчас адкрыцця нас, акрамя іншых прысмакаў, частавалі выдатнай беларускай стравай — цэпелінамі. Таму будзьце ўпэўнены, што гатуюць у гэтай кавярні вельмі смачна.

Сядзіба толькі адкрылася, а на выхадных тут ужо няспынна, адна за адной, ішлі экскурсіі. Дырэктар сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Людміла Градзіцкая адзначыла:

— У мінулым годзе, калі ў нас працавала толькі адна зала, прынялі 4000 турыстаў. А сёлета да нас ужо завітала 13 000 наведвальнікаў. Верагодна, што пасля адкрыцця адноўленых інтэр’ераў іх будзе ў два разы больш. Людзі ўжо цікавяцца, тэлефануюць. У суботу і нядзелю мы праводзілі экскурсіі праз кожныя 15 хвілін… Тут жыве дух Міхала Клеафаса Агінскага, ён лунае над намі. Тут прысутнічае пэўны рамантызм і людзі сябе вельмі добра адчуваюць. У кнізе водгукаў нашы наведвальнікі часта пакідаюць нават… свае вершы. Мы, мясцовыя, даўно марылі, каб сядзіба адкрылася. І цяпер для нас гэта вялікі гонар.

Нельга не згадаць і пра адну цікавую традыцыю, якая з’явілася падчас адкрыцця сядзібы — дарыць ёй аўтэнтычныя рэчы. Так старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі прафсаюзаў Ганна Джумкова падарыла аўтэнтычную скрыню XІX стагоддзя для лістоў. Цяпер у ёй будзе захоўвацца ліставанне кампазітара. Для таго, каб набыць такі каштоўны падарунак, усе ўдзельнікі арганізацыі рабілі добраахвотныя ўнёскі. Сапраўды добры прыклад для пераймання.

Свята 250-годдзя Агінскага ў Залессі гуло і спявала. Тут прайшлі спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра «Паланэзы на вяртанне», выступленне залескага тэатра «Батлейка». Правялі пленэр па стварэнні сучасных пейзажаў ваколіцы. Гледачы ўбачылі тэатралізаваны паказ конна-спартыўнага клуба «Залатая шпора».

У суботу ў Залессі прайшоў сапраўдны баль. Яго — згодна з усімі традыцыямі і канонамі арыстакратычнага мерапрыемства — правялі вопытныя рэканструктары. Танцавала ў сядзібе кампазітара ў гэты дзень каля 60 гасцей.

29-16

Да­след­чы­ца жыц­ця і твор­час­ці Агін­ска­га Свят­ла­на Не­ма­гай сваё вы­ступ­лен­не на на­ву­ко­ва-прак­тыч­най кан­фе­рэн­цыі су­пра­ва­джа­ла му­зыч­ны­мі «ілюст­ра­цы­я­мі».

Мясцовы настаўнік гісторыі распавёў карэспандэнту «Звязды», што за часам незалежнасці ў Беларусі дзень народзінаў Агінскага ў Залессі заўсёды адзначаўся надзвычай весела. Гэта сапраўднае свята для ўсіх месцічаў. Яшчэ з пачатку 1990-х гадоў залесцы збіраліся тут і ладзілі свае імправізаваныя пастаноўкі. Пасля частаваліся мясцовым напоем, так званай «амброзіяй», і цешылі сябе думкай, што ўжываюць напітак, які даваў маладосць і бяссмерце жыхарам Старажытнай Грэцыі. Заядалі ўсё вялізным пірагом, складзеным з канапэ з хлеба і сала. Да свята заўсёды далучалася 30-40 студэнтаў з Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Дзякуючы такому вясёламу кагалу народзіны кампазітара гулі амаль на ўсю Беларусь.

Сам Агінскі вельмі любіў прымаць гасцей і добра рабіў гэта. Захавалася архіўная кніга з запісамі яго сяброў, у якой шмат допісаў уплывовых і вядомых людзей таго часу. Нездарма сядзібу называлі «Паўночнымі Афінамі» — усе тагачасныя «багі» збіраліся ў кампазітара…

Нельга не прыгадаць і бяссмертны паланэз «Развітанне з Радзімай», напісаны менавіта тут. Агорнуты меланхоліяй і сумам з прычыны неабходнасці пакінуць мілы сэрцу край, кампазітар стварыў свой шэдэўр.

Музычная спадчына кампазітара нарэшце запісваецца і выпускаецца на пэўных носьбітах. Так, фонд «Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага», пры падтрымцы кампаніі «Еўразія», спецыяльна да юбілею выдаў дыск з усімі 27 паланэзамі кампазітара. Сустаршыня фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» Уладзімір Сівуха распавёў, што ў іх запісаны дыск з 19 рознымі выкананнямі паланэза «Развітанне з Радзімай». Аднак абодва дыскі створаны не для продажу, абмежаваным тыражом: іх можна атрымаць толькі ў падарунак.

Уладзімір Сівуха жартам адзначае, што, перасякаючы мяжу, яны заўсёды ўключаюць «Развітанне з Радзімай» — і ні адзін памежнік не мае ніякіх прэтэнзій. Іх кіроўца ўжо так прывык да класічнай музыкі нашага вялікага кампазітара, што катэгарычна супраць слухаць нешта іншае.

Варта прыгадаць, што «Паланэз Агінскага» калісьці разглядалі ў якасці магчымага афіцыйнага гімна нашай краіны. Ён і сапраўды заварожвае, абуджае гонар, адкрывае ў душы схаваную памяць пра тое велічнае і неверагоднае, што ёсць у нашай гісторыі…

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Залескі раён

Спачатку была кніга

$
0
0

Мэр горада над Бугам паабяцаў вярнуць у Брэст поўны экземпляр Бібліі.

Канферэнцыя «Берасцейскія кнігазборы», якая нядаўна адбылася ў Брэсце, здзівіла нават сваім пачаткам. Вітальная прамовы, якія звычайна носяць адценне пэўнай дзяжурнасці, ніколькі не саступалі па цікавасці дакладам і паведамленням. Так, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК паабяцаў правесці тлумачальную і арганізацыйную работу сярод патэнцыйных гарадскіх мецэнатаў, каб набыць для горада поўны арыгінальны асобнік Брэсцкай Бібліі, аддрукаваны некалі Мікалаем Радзівілам Чорным на нашай зямлі.

Пра ролю кнігі, нават высокую місію ў гісторыі хораша сказаў Аляксандр СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аляксандр Аляксандравіч асаблівы акцэнт зрабіў на будучым святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Прафесар Вацлаў ВАЛЕЦКІ з Ягелонскага ўніверсітэта, што знаходзіцца ў Кракаве, падарыў арганізатарам канферэнцыі ўнікальную кніжку — Брэсцкі катэхізіс.

Чырвонай ніткай па ўсіх выступленнях праходзіць думка, сфармуляваная начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандрам МУРАШКІНЫМ: «Работа па захаванні і вывучэнні нашай спадчыны азначае ўмацаванне падмурка, на якім будуем сваё жыццё і сваю краіну».

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

У Глушу — на кірмаш!

$
0
0

Добры шанц адначасова адпачыць і зрабіць запасы на зіму будзе ва ўсіх, хто завітае ў гэтую суботу на фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок» у Бабруйскі раён. На маляўнічай пляцоўцы, стылізаванай пад даўніну, знойдзецца месца не толькі для майстроў і народных умельцаў, але і для ўсіх тых, хто нешта вырасціў на сваіх падворках ці градках.

— Заяўкі паступаюць кожны дзень, нават з іншых абласцей, — кажа старшыня Глушанскага сельскага Савета дэпутатаў Марыя Сушчанка. — Нядаўна тэлефанавалі з Віцебска, Жодзіна. Мы ўсіх чакаем, усім будзем рады!

У гасцей будзе добрая магчымасць паспытаць стравы беларускай кухні, якія тут гатуюцца на свежым паветры, далучыцца да народнай песеннай спадчыны, бо іскрынка фестывалю — конкурс беларускай песні і прыпеўкі. Наведвальнікаў чакаюць майстар-класы рамеснікаў, выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і сельскагаспадарчай прадукцыі, гульні, народныя забавы і атракцыёны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Як праходзіў Курбан-байрам у Мінску

$
0
0

Курбан-байрам — адно з двух галоўных мусульманскіх святаў. Напярэдадні мусульмане завяршаюць штогадовае паломніцтва — хадж. Курбан-байрам нагадвае пра падзею, якая апісана ў Каране - свяшчэннай кнізе мусульман. Паводле падання, прарок Ібрагім (у Бібліі — Аўраам) аднойчы ўбачыў сон, у якім яму было сказана прынесці ў ахвяру свайго сына Ісмаіла. Заносячы нож над сынам, ён пачуў голас: «О Ібрагім, ты ўжо ажыццявіў свой сон…» Алах паслаў яму ягня, якога і загадаў прынесці ў ахвяру. Такім чынам, Усявышні адчуваў сілу веры Ібрагіма. Таму абавязковым абрадам свята з’яўляецца заколванне ахвярнай жывёлы (барана, казы, вярблюда, каровы або буйвала), якое здзяйсняецца пасля святочнай малітвы. Вернікам рэкамендуецца не толькі самім спажыць у ежу ахвярнае мяса, але і раздаць частку яго ў якасці міласціны і пачастунку. Як сказана ў Каране, Алаху не патрэбныя ні кроў, ні мяса ахвярнай жывёлы, яму патрэбны толькі набожныя людзі, і абрад ахвярапрынашэння накіраваны на тое, каб наблізіць тых, хто ўчыняе яго, да Усявышняга.

get_img (1)

Сёння ў Беларусі жыве каля 100 тысяч мусульман. Па ўсёй рэспубліцы праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Курбан-Байраму. У Мінску (як і ў другіх гарадах Беларусі, дзе жывуць прыхільнікі іслама) свята пачалося гэтак жа, як і ў самой Мецы — святым горадзе для мусульман — з ранішняга намаза. Ледзь сонца ўзышло, як у Саборнай мячэці сабралася больш за дзве тысячы вернікаў. Былі разасланы доўгія дываны, пасля чаго імам запрасіў усіх прысутных на малітву.

Пасля малітвы вернікі змаглі падсілкавацца пловам і традыцыйнымі арабскімі стравамі. У гэты ж час, па традыцыі, бедным і галодным раздавалі мяса. Дарэчы, паколькі ў мусульманскія абшчыны перадалі мяса 50 быкоў, раздачы мяса праходзілі і ў пятніцу, і ў суботу.

03_kurban-bayram_vas_tutby_phsl

Затым, як належыць у дні свята, мусульмане рабілі падарункі блізкім і родным людзям, а таксама наносілі візіты да суседзяў, сяброз, паколькі наведванне падчас Курбан-байрама лічыцца блаславёным і пажаданым.

Бліжэй да вечара адбылося свецкае мерапрыемства, прымеркаванае да свята — дэманстрацыя фільма пра прарока Мухамеда. Перад пачаткам паказу кіраўнік Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфтый Абу-Бекір Шабановіч прывітаў усіх прысутных, павіншаваў усіх са святам, пасля чаго выказаў смутак з нагоды тэрактаў у Емене і цісканіны падчас хаджу ў Мецы. Муфтый падзякаваў жыхарам Беларусі за талерантнасць, за мірнае суіснаванне. Не абмінуў ён і тэму ўспрымання ісламу ў свеце, панаракаўшы, што з-за няправільнага разумення таго, што такое іслам і хто такія мусульмане, людзі здзяйсняюць цяжкія злачынствы, накшталт тых жа тэрактаў у мячэці і на выхадзе з яе.

get_img (2)

Свята працягвалася да нядзелі. Вернікі раздавалі мяса, здзяйснялі намаз, наведвалі суседзяў і сваякоў, дзяліліся з імі ўсім, што гатавалі.

Ілья Катусаў

Месяцовая кераміка

$
0
0

Сям’я Берднікавых, якая «нарадзілася» ў студыі дзіцячай творчасці, — пра тое, як ператварыць хобі ў працу.

Наталля і Віктар ласкава запрасілі мяне ў сваю керамічную майстэрню Moon Ceramіc («Месяцовая кераміка») на духмяную гарбатку. Налівалі яе з мілага імбрыка, зробленага ўласнымі рукамі. Палічкі, спрэс застаўленыя яркімі, рознакаляровымі талерачкамі ды кубачкамі, уздымалі «дажджлівы» настрой і натхнялі на душэўную размову.

1-12

Узяла ў рукі — і палюбіла назаўсёды

— Ці можна сказаць, што менавіта гліна «зляпіла» з вас не толькі сям’ю, але і трывалы творчы саюз? І калі пачаўся «раман з глінай» у кожнага з вас?

Наталля: — Мы пазнаёміліся 5 гадоў таму ў студыі керамікі. Я на той момант ужо актыўна ляпіла, а Віця прыйшоў вучыцца гэтаму рамяству. Так склалася, што мы сустрэліся менавіта ў той час, калі вельмі былі адно аднаму патрэбны (пераглядваюцца).

Віктар: — 5 гадоў таму ў мяне ў жыцці быў пераломны момант: я адлічыўся з аднаго ўніверсітэта і ўжо вучыўся ў іншым на інжынера-праграміста, але зразумеў, што і гэта — не маё. Доўга шукаў, дзе змагу навучыцца працаваць з глінай, і ў выніку прыйшоў у студыю дзіцячай творчасці на вуліцы Славінскага.

Наталля: — Першы кавалачак гліны я ўзяла ў рукі яшчэ ў школе, гадоў у 13. У той момант зразумела, што гэта маё. З таго часу ляплю практычна штодзень. …Калі пажаніліся, мы з Віцем адкрылі ўласную краму хэндмэйду. Прадавалі цацкі і ўпрыгажэнні іншых рамеснікаў. Але цяпер мала бяром чужога. Амаль усё месца займае наш посуд.

Віктар: — Мы палічылі, што нам больш выгадна самім рабіць прадукцыю, чым браць у некага на рэалізацыю. Гэта справа, якой цяпер прысвечаны амаль увесь наш час.

1-14

— Як адважыліся на стварэнне сямейнай керамічнай майстэрні? Ці згодны вы, што для таго, каб дасягнуць поспеху, патрэбна адсутнасць грошай і вялізнае жаданне?

Наталля: — Спачатку мы ляпілі дома і ў дзіцячых студыях у сваё задавальненне і не прадавалі кераміку… І ўвесь гэты час марылі пра сваю майстэрню. У нашай сітуацыі аднаго жадання было мала, бо прыкладны старт для кераміста — $10 000. Гэтыя грошы мы збіралі вельмі доўга і вырашылі ўкласці іх у сямейную справу.

— Што для вас было самым складаным?

Наталля: — Знайсці месца і набыць абсталяванне для майстэрні, бо яно вельмі дарагое. Сёння мы рады, што рызыкнулі.

Віктар: — Самым складаным для нас было асвоіць ганчарны круг. Калі гліна ператвараецца ў пластычную масу, якая рухаецца ў руках. Цяжка навучыцца кіраваць ёй, зрабіць яе паслухмянай. Але калі майстэрства прыходзіць — гэта проста неперадавальнае адчуванне. Мы выкарыстоўваем белую і чырвоную гліны, фарфор і фаянс. Практычна ўсе матэрыялы даводзіцца купляць у Літве, Польшчы і Германіі, бо ў нашай краіне наогул нічога не прадаюць, акрамя чырвонай гліны. У гэтым асноўная складанасць для майстроў па кераміцы.

— Наташа, наколькі ведаю, вы вучыліся на эколага, а гліна з’яўлялася вашым хобі. Ці лёгка было адмовіцца, перакрэсліць гады вучобы па спецыяльнасці і займацца тым, да чаго ляжыць душа?

Наталля: — Мы з мужам ні дня не працавалі па прафесіі. Яшчэ падчас вучобы пачалі займацца рамяством. І зразумелі, што хочам працаваць на сябе. Вось і пачалі збіраць грошы на сваю студыю і адточваць майстэрства, ляпілі вельмі шмат і з любоўю. Можа быць, і добра, што ні я, ні Віця не скончылі ВНУ па спецыяльнасці «кераміка», бо там не вучаць таму, што робім мы…

Віктар: — Наша перавага ў тым, што выкарыстоўваем глазуры і ярка размалёўваем посуд. Магчыма, адвучыўшыся ва ўніверсітэце, мы і не дамагліся б свайго стылю — а тут самі вучыліся, самі асвойвалі новыя тэхнікі. Нацыянальныя тэмы таксама ўзнімаем, але па-свойму. Цяпер вось робім серыю посуду з беларускімі словамі, фразамі і прыказкамі — гэта вельмі натхняе вучыць родную мову.

1-13

Вакол столькі прыгажосці, трэба проста яе ўбачыць

— Сапраўды, сёння на кірмашах вялікая колькасць вырабаў з гліны, але яны збольшага падобныя адзін да аднаго. Вашы ж адметныя. Як прыйшлі да свайго стылю?

Наталля: — Свой стыль яшчэ шукаю, амаль знайшла, але яшчэ ў пошуках (усміхаецца). Для таго, каб асвоіць усе тэхнікі і спосабы работы
з глінай, можа спатрэбіцца ўсё жыццё. Кераміка зацягвае. Табе хочацца пастаянна эксперыментаваць з глінамі і глазурамі, формамі і памерамі, прыдумляць і ўвасабляць у жыццё ўсё новыя і новыя ідэі. Заўсёды ляплю ў розных тэхніках, бо аднолькавае рабіць сумна. Ды і людзі ўсе розныя, і мы хочам, каб кожны, хто штосьці ў нас купляе, знайшоў блізкую яму рэч. Вельмі люблю тонкі роспіс па фарфоры, экапосуд і тэхніку з раслінамі. Збіраем лісце, кветкі. Усё гэта сушым. А потым прыкладваем да гліны, каб застаўся ўзор. Вакол столькі прыгожага, трэба проста ўмець яго ўбачыць!

— Ёсць такая прыказка «Ганчар у чарапку есці варыць, а шавец у атопках ходзіць» — пра вас так можна сказаць? Альбо ў вас дома посуд выключна зроблены сваімі рукамі?

Наталля: — Сваім посудам карыстаемся і любім. З яго заўсёды смачней і прыемней есці (усміхаюцца).

— Дзе чэрпаеце натхненне? Што стымулюе развівацца далей?

Наталля: — Гліна — маё натхненне! Праца з ёй — гэта сапраўднае чараўніцтва. Натхняе сам працэс, калі з бясформеннага кавалачка гліны нараджаецца выраб са сваім настроем, душой і характарам. Шмат усяго гляджу ў інтэрнэце, вучуся ад іншых майстроў. Таксама натхняе музыка. І прырода: кветкі, птушкі, жывёлы, якія ўвасабляюцца ў малюнках на нашым посудзе. Але найбольш натхняе поспех: калі ты бачыш, што тое, што ты робіш, некаму патрэбна, хочацца рухацца далей. Я люблю кожную рэч, якую ляплю. І вельмі прыемна, калі людзі падыходзяць і кажуць, што посуд, які яны купілі ў нас, становіцца іх любімым.

— Ці лёгка сумяшчаць творчасць і бізнес?

Віктар: — Вельмі складана! Калі ты лепіш у задавальненне — цудоўна. Але калі пры гэтым яшчэ і плаціш за арэнду, кучу падаткаў, то ўсё ўскладняецца… Гэта становіцца працай, але любімай. Як і ад любой працы, мы стамляемся. Працуем звычайна больш за 8 гадзін на дзень. Але гэта вельмі прыемна — знайсці справу свайго жыцця!

Наталля: — Усё залежыць ад майстра. Калі ён расце, стараецца і робіць кожную рэч лепш за папярэднюю, то ў яго заўсёды будуць пакупнікі, а калі майстар спыніўся на нейкім узроўні, то людзям надакучыць.

1-11

Гліна дапамагае пачуць сябе

— Як у вашай сямейнай справе размяркоўваюцца ролі? Вы дапаўняеце адно аднаго?

Наталля: — У нашай справе кожны выконвае свае функцыі, якія мы размяркоўваем разам. На мне ляжыць увесь творчы працэс і выкананне ідэй, а Віця прыдумляе, займаецца бухгалтэрыяй і крамай. Без падзелу было б вельмі складана!

— Што параіце тым, хто толькі марыць пра свой бізнес, у прыватнасці пра керамічную майстэрню?

Віктар: — Патрэбны практычныя веды ў працы з глінай! Наўрад ці атрымаецца пачаць усё гэта з нуля, без вопыту. Важныя таксама план і паслядоўнасць дзеянняў! Трэба быць гатовым укласці грошы ў справу, без матэрыяльнага старту амаль ніякі бізнес не пачнеш! Патрэбны яшчэ ўпэўненасць, упартасць і самаўдасканаленне. Мы шмат працуем і верым у сябе і поспех! Гэта не хобі, калі ты сёння хочаш паляпіць, а заўтра — не. Гэта наша праца, з якой мы жывём, таму лепім кожны дзень. Бывае, вядома, што не хапае ведаў у законах або працы з глінай, але мы вучымся і развіваемся дзень пры дні! Марым знайсці сабе больш прасторную студыю з вялізнымі вокнамі (бо цяперашняя майстэрня не здольна змясціць усіх ахвотнікаў навучыцца працаваць з глінай) і ездзіць на выставы ў Еўропу і Расію.

1-15

— Ведаю, што вы праводзіце майстар-класы для іншых. А чаму асабіста вас навучыла, вучыць гліна?

Наталля: — Гліна вучыць цярпенню. Выраб адной рэчы ў сярэднім займае каля трох тыдняў. Працэс доўгі, але вельмі займальны. Спачатку талерку або кубак лепяць, потым каля дзесяці дзён сушаць пры мінімальным доступе паветра, затым абпальваюць у печы, пасля фарбуюць і зноў абпальваюць… Для нас усе працэсы, звязаныя з глінай, напоўнены сэнсам. Калі мы пачалі выкладваць фота нашай студыі, многія сталі пісаць нам: «Мы б таксама хацелі паспрабаваць, не маглі б вы навучыць нас ляпіць з гліны?» Так і нарадзілася ідэя праводзіць майстар-класы. За курс звычайна лепім 3-4 рэчы. Попыт настолькі вялікі, што для вучняў Moon Ceramіc купілі другую печ для абпалу. Я імкнуся зрабіць так, каб людзі палюбілі гліну так, як люблю яе я. І паказаць, што з гэтага матэрыялу можна зляпіць што заўгодна. Працаваць з глінай можа навучыцца кожны, трэба толькі даверыцца ёй і сваім рукам.
І не баяцца эксперыментаваць.

Віктар: — Гліна жывая. Яна не толькі адлюстроўвае ўнутраны свет чалавека, але і дапамагае пачуць і зразумець самога сябе. У гліны ёсць свая хуткасць. Таго, хто спяшаецца, яна спыняе, павольнага — падганяе. Гліна гарманізуе. Нам вельмі пашанцавала — мы знайшлі справу свайго жыцця. Шукайце і вы, працуйце над гэтым. Так важна мець справу, якая па душы! Тады ўсё будзе рабіцца з любоўю.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Фота з архіва сям’і БЕРДНІКАВЫХ

4

3

2

1

Экслібрыс ад класіка

$
0
0

Пятро Глебка пакінуў нам у спадчыну не толькі сваю творчасць, але і ўнікальны кнігазбор.

Па старым стылі юбілей Пятра Глебкі прыпадае на 23 чэрвеня. А 23 верасня праз 110 гадоў пасля нараджэння пісьменніка, вучонага, грамадскага дзеяча, перакладчыка і журналіста Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Акадэміі навук ушанавалі яго памяць успамінамі, прадстаўленнем каталога «Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905-1969)» і адкрыццём выставы.

1-35

Месяц таму навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа наведаў грамадзянін Расіі, які палічыў сваім абавязкам знайсці месца, дзе захоўваецца спадчына Пятра Глебкі. Аказалася, яго бацька некалі сябраваў з пісьменнікам і шмат распавядаў сыну пра яго чалавечнасць і дапамогу, аказаную іх сям’і ды іншым людзям яўрэйскай нацыянальнасці. Госць падарыў бібліятэцы дзве кнігі: зборнік яўрэйскіх паэтаў на яўрэйскай, беларускай, рускай, польскай і беларускай лацінкай мовах, выдадзены ў 1940 годзе ў Беластоку, і выданне 1951 года «Под небом Родины».

На жаль, гэтыя кнігі не паспелі трапіць у каталог «Бібліятэка акадэміка П.Ф. Глебкі (1905-1969)», прадстаўлены на святкаванні юбілею пісьменніка «І закрасуе скрозь шыпшына…» (названага так у гонар першага паэтычнага зборніка Пятра Глебкі «Шыпшына»). Затое падарунак сведчыць пра тое, што каталог своечасовы і патрэбны.

Сапраўды, Пятро Глебка пакінуў нам у спадчыну не толькі сваю творчасць, але і ўражальны ўласны кнігазбор, які налічвае амаль чатыры тысячы рэдкіх і каштоўных кніг. Па жаданні самога Глебкі пасля яго смерці збор перададзены ў дар Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, дзе і захоўваецца пазначаным адмысловым экслібрысам і сёння.

«Каталог, які мы прэзентуем, традыцыйны, на паперы, — распавядае загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Аляксандр Стэфановіч. — Гэтым мы працягваем існуючыя традыцыі. Ён уяўляе з сябе навуковае апісанне кніг з унікальнага кніжнага збору Пятра Глебкі. Тут жа размешчаны публікацыі, прысвечаныя, напрыклад, жыццю і творчасці пісьменніка ці экслібрысам, што рабіліся спецыяльна для яго бібліятэкі. Магчыма, каталог не быў бы завершаны, калі б мы ў свой час не далі абяцанне дачцэ Пятра Глебкі Ларысе Пятроўне. Гэта праца не аднаго года, і мы прыклалі шмат намаганняў, каб давесці яе да канца. Тут апісаны кніжны збор, але ў бібліятэцы ёсць і багатая калекцыя перыёдыкі, першыя выданні беларускіх газет і часопісаў. Мы мяркуем, што ў другое выданне каталога ўвойдзе перыёдыка і багаты рукапісны матэрыял Глебкі, якім мы валодаем».

Бібліятэка паклапацілася таксама і пра выставу, заснаваную на кнігах уласнага кнігазбору Пятра Глебкі і матэрыялах з яго архіва, які захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі. Тут пастараліся адлюстраваць напрамкі, якімі цікавіўся пісьменнік, што, дарэчы, аказалася складана зрабіць — настолькі разнастайнымі і шматлікімі аказаліся інтарэсы ўладальніка.

Калі ў 1928 годзе Пятро Глебка пераехаў у дом на вуліцы Розы Люксембург, большую частку яго пажыткаў складалі кнігі, і з тых часоў яго асабісты кнігазбор толькі пашыраўся, калекцыя разрасталася дзякуючы экзэмплярам з дароўнымі подпісамі.

Часам Глебка траціў у кнігарні апошнія грошы, часта кнігі яму дарылі сябры, беларускія пісьменнікі — маладнякоўцы, узвышаўцы, аўтары старэйшага пакалення, што заходзілі ў госці. У бібліятэцы Пятра Глебкі маюцца кнігі з кароткімі подпісамі ад Янкі Купалы, якога той лічыў настаўнікам, ад блізкага сябра Кандрата Крапівы, які прэзентаваў як невялікія п’есы, так і шматтомныя зборы твораў, ад Петруся Броўкі (яны пасябравалі яшчэ ў студэнцкія часы і назваліся Пятро і Пятрусь, каб іх не блыталі), Валерыя Маракова, падарункі ад літаратараў ледзь не ўсіх рэспублік Савецкага Саюза.

Часткі прыватных і дзяржаўных кнігазбораў губляліся падчас вайны, але бібліятэка Пятра Глебкі захавалася цалкам і ў пасляваенны час дапамагла напісанню вялікай колькасці навуковых работ.

Пятро Глебка быў загадчыкам аддзела лексікалогіі ў Інстытуце мовазнаўства, потым фактычна заснавальнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Пры яго ўдзеле пачалася праца над шматтомным зборам беларускага фальклору. Пісьменнік працаваў у Акадэміі навук 25 гадоў і заўсёды клапаціўся аб падтрымцы беларускіх вучоных, прыкладаў намаганні, каб больш людзей ішлі па шляху навукі.

Дачка Пятра Глебкі Ларыса Пятроўна, якая прысутнічала на мерапрыемстве, самым дарагім падарункам для сябе назвала кнігі, атрыманыя ад бацькі, і ўспомніла гару дысертацый, што ён чытаў падчас працы ў Акадэміі навук: «Неяк маці сказала: «Што ты ўсё чытаеш, ты б сам абараніў дысертацыю». На што бацька адказаў: «Мне не трэба самому станавіцца вучоным, мне трэба, каб у Беларусі было многа вучоных».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Залатыя мелодыі «Залатога шлягера»

$
0
0

У Магілёў прыедуць зоркі амерыканскага джаза.

Учора на сцэне абласнога Палаца культуры зноў прагучалі пазыўныя міжнароднага музычнага фестывалю «Залаты шлягер». Юбілейны, дваццаты па ліку, форум пачаўся канцэртам «Усё найлепшае для Вас…» інтэрнацыянальнага квартэта тэнараў з Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя Леаніда Іванова.

— Пра тое, што гэты фестываль па-ранейшаму цікавы людзям, сведчаць амаль цалкам прададзеныя квіткі, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — А дзякуючы Белтэлерадыёкампаніі, якая будзе весці здымкі ўсіх канцэртаў, іх убачаць усе ахвотныя.

Разыначкай фестывальнай праграмы стане канцэрт зорак сусветнага і айчыннага джаза, у якім выступяць Мэла Уолдран, Тавіс Мінер, Premіer Orchestra, іншыя выканаўцы. Як адзначыў мастацкі кіраўнік фестывалю Андрэй Каліна, без спонсарскай падтрымкі гендырэктара прадпрыемства «Сервалюкс» Яўгена Баскіна гэты канцэрт быў бы немагчымы. Андрэй Уладзіміравіч сябруе з бізнесменам з дзяцінства, і абодва захапляюцца джазам. Дзякуючы гэтаму сяброўству «Залаты шлягер» ужо не першы раз радуе прыхільнікаў джазавай музыкі.

Усе канцэрты сёлетняга фестывалю адбудуцца на сцэне Палаца культуры вобласці. Менавіта тут 20 гадоў таму пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі яму быў дадзены старт. Андрэй Каліна лічыць, што гэта адна з найлепшых залаў краіны наогул. «Я шмат дзе быў і ведаю, што кажу, — запэўніў ён. — Такой акустыкі няма нідзе. І ўсё гэта дзякуючы тым славутым медным трубачкам, якія ўманціраваны ў сцены. Яны паглынаюць гук і адначасова ўпрыгожваюць залу».

Фестывальная атмасфера будзе панаваць у горадзе да 4 кастрычніка. Гледачоў чакаюць сустрэчы з Аляксандрам Івановым і яго групай «Ронда», рэтраканцэрт з удзелам кампазітара Рыгора Гладкова, для магіляўчан спяюць народная артыстка Расіі Галіна Нянашава, Мікалай Трубач, Вячаслаў Малежык.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by


Такое кіно

$
0
0

Культавыя героі Квенціна Таранціна і энергічны танец Афоні. Сцэна сыходу доктара ў «Люстэрку» Андрэя Таркоўскага і трукі Бруса Лі. Калі ад гэтага пераліку вам захацелася ў кіно — ідзіце ў тэатр.

1-34

Чаго хоча моладзь?

На пачатку восені ў Маскве прайшоў ІІІ маладзёжны тэатральны форум-фестываль «АРТМІГРАЦЫЯ». Мэта фестывалю — сабраць найлепшыя спектаклі, створаныя маладымі рэжысёрамі, што закончылі слынныя тэатральныя навучальныя ўстановы Масквы ды Санкт-Пецярбурга і не пабаяліся паехаць працаваць у рэгіёны Расіі. Глядзець іх збіраюцца не толькі маскоўскія гледачы, але і ўдзельнікі форуму з краін СНД, Балтыі і Грузіі, што ўмацоўвае ідэю творчай мабільнасці і наладжвання творчых кантактаў, закладзеную ў назву — «Артміграцыя».

Нагод для разваг пасля «Артміграцыі» ўзнікае шмат. Напрыклад, хочацца прымераць вопыт расійскага Саюза тэатральных дзеячаў да нашага тэатральнага працэсу: наколькі здольныя творча міграваць рэжысёры і акцёры пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў? Чым найперш стане такі вопыт для іх — шанцам праявіць сябе ў менш агрэсіўным канкурэнтным асяродку ці выпрабаваннем на стойкасць і крэатыўнасць у імклівай распрацоўцы жыццёвага плана «Як адсюль збегчы?»

Трапляе ў фокус увагі і пэўная змена цікавасці маладых рэжысёраў да драматургіі. У праграме «Артміграцыі-2014» выразна дамінавала сучасная расійская драматургія: чатыры спектаклі з пяці. Сёлета ж фестываль аб’яднаў спектаклі, пастаўленыя па культавых тэкстах савецкага самвыдату («Школа для дурняў» Сашы Сакалова і «Масква — Петушкі» Венядзікта Ерафеева), казку Карла Гоцы, новую драму Васіля Сігарава і сцэнар Квенціна Таранціна.

Аднак самай цікавай, на мой погляд, з’яўляецца выразная тэндэнцыя звароту маладых рэжысёраў да выкарыстання мовы кіно ў тэатры. І менавіта праз тыпалогію тэатральных кінавыказванняў хочацца разгледзець усе пяць спектакляў асноўнай праграмы «Артміграцыі».

Шэсць адценняў крыві

Нам вядома безліч прыкладаў, калі тэатральная п’еса станавілася добрай кінастужкай. Адваротны парадак пераўтварэння, здавалася б, не такі характэрны для сучаснага мастацтва. Аднак у сучасным працэсе ўзаемадзеяння тэатра і кіно папулярнасць набываюць абодва варыянты. Тэатразнаўцы ўсё часцей адзначаюць такую рысу сучаснай драматургіі, як кінематаграфічнасць; часопіс «Искусство кино» з нумара ў нумар звяртаецца да сучаснага тэатральнага працэсу, разглядаючы яго праз «кінаоптыку». Іван Вырыпаеў увасабляе свае тэатральныя тэксты ў тым ліку і як кінарэжысёр. А Кірыл Сярэбранікаў ладзіць у «Гогаль-цэнтры» серыю пастановак паводле сцэнарыяў еўрапейскіх фільмаў (напрыклад, «Ідыёты» Ларса фон Трыера). У такім кантэксце зварот рэжысёра Сяргея Чэхава да кінадраматургічнага матэрыялу і пастаноўка ў Незалежнай тэатральнай кампаніі-лабараторыі «Асфальт-тэатр» (Новасібірск) спектакля паводле сцэнарыя дэбютнага фільма Квенціна Таранціна «Шалёныя сабакі» ўспрымаецца як працяг пэўнай традыцыі, уласцівай расійскаму тэатральнаму працэсу.

Шасцёра мужчын з мянушкамі-колерамі рабуюць ювелірную краму, але ў пэўны момант ідэальная схема злачынства дае збой і ўсё пачынае ісці не так. Паводле Таранціна гэта значыць: з літрамі крыві, адрэзанымі часткамі цела і асаблівым гумарам. Сяргей Чэхаў захоўвае фірменны таранцінаўскі стыль, заліваючы падлогу лужынамі штучнай крыві, і дакладна, да падрабязнасцяў касцюма, узнаўляе «Шалёных сабак» у прасторы камернай чырвонацаглянай пляцоўкі «Баярскіх палат».

Бадай, адзінае, што адрознівае спектакль ад фільма, — пачатак, які, на мой погляд, і з’яўляецца ключом да тлумачэння тэатральнага пераказу вядомай кінагісторыі. На пачатку героі ў звычайнай паўсядзённай вопратцы выходзяць да гледачоў і распавядаюць некалькі рэальных дваровых гісторый: дзе, што і як курылі; дзе і з кім біліся. Гэтымі гісторыямі яны нібыта сцвярджаюць сваю далучанасць да сусветнай хлапечай супольнасці, у якой хлапечыя гульні, у прынцыпе, не змяняюцца, але зброя, на жаль, з драўлянай пераўтвараецца ў рэальную. Героі рыхтуюцца да рытуальнага пераказу гісторыі і імкнуцца, пераказваючы, не адыходзіць ад канона.

Так не бывае, але бывае

Вядомая тэатральная легенда сцвярджае, што Карла Гоцы прыдумаў свае славутыя ф’ябы (тэатральныя казкі для дарослых) у выніку спрэчкі з драматургам Карла Гальдоні, падчас якой імкнуўся давесці калегу: камедыя масак і досыць просты сюжэт, нягледзячы ні на якія змены часу і эпох, будуць мець поспех у гледачоў. Здаецца, пры выбары драматургічнага матэрыялу рэжысёр Іван Арлоў кіраваўся падобнай гарэзлівасцю. І рэдкае глядацкае сэрца не падпадзе пад абаянне спектакля «Крумкач» паводле п’есы Карла Гоцы, які Арлоў паставіў на сцэне новасібірскага тэатра «Глобус».

Мне здаецца, да месца тут будзе ўзгадаць яшчэ адну легенду, кіношную. Пабачыўшы, як на паказ стужкі «Чужая Белая і Рабы» ў залу зганяюць салдат, каб запоўніць вольныя месцы, рэжысёр Сяргей Салаўёў паставіў перад сабой мэту: зняць такое папулярнае ў гледача кіно, каб у залу было не прабіцца. Культавую «Асу» Салаўёў, па яго ўласным сведчанні, стварыў паводле законаў індыйскага кіно. Іван Арлоў ва ўвасабленні «Крумкача» не супраціўляўся законам папулярнасці. Сюжэт ф’ябы падобны да галівудскай меладрамы? Значыць, на сцэне будзе Галівуд. З сапраўднымі цітрамі на пачатку і ў фінале спектакля. Саўндтрэкамі Дэвіда Боўі. Цытатамі з фільмаў Таранціна, братоў Коэнаў (так, незалежнаму кіно таксама знойдзецца месца ў тэатральным Галівудзе) і ўсіх, каго вы здолееце распазнаць. І выразна падкрэсленым пасылам фінальнай пятай часткі дзеяння «Так не бывае», але хэпі-энд па законах жанру непазбежны…

Пакажы мне дарогу да наступнай цытаты

Для адных эпоха постмадэрнізму скончылася, для іншых — нават і не пачыналася. Аднак, нягледзячы ні на што, адным з самых папулярных спосабаў узаемадзеяння кіно і тэатра застаецца выкарыстанне цытат. «Артміграцыя» сцвердзіла, што ў маладых рэжысёраў у пашане прамое цытаванне відэафрагмента. Часцей як зварот да калектыўнай свядомасці ці выяўлення архетыпічнага вобраза.

Так, напрыклад, у спектаклі «Гупёшка» Васіля Сігарава (рэжысёр Вікторыя Пячэрнікава, Калужскі абласны драматычны тэатр) адным з персанажаў стаў тэлевізар, на экране якога да пачатку дзеяння і часткова падчас дзеяння дэманстравалася нарэзка з самых вядомых праграм, тэлесерыялаў і фільмаў дзевяностых: «Каханне з першага погляду», «Качыныя гісторыі», Брус Лі, Сярожа з поўным ротам «Мамбы» ды іншыя.

А ў спектаклі «Школа для дурняў» паводле рамана Сашы Сакалова (рэжысёр Максім Сакалоў, Пермскі тэатр юнага гледача) з дапамогай кінацытат часткова вырашаецца праблема ўвасаблення адмысловай рэальнасці, створанай пісьменнікам, дзе няма ні пэўнага часу, ні пэўнай прасторы, ні пэўнай асобы, якая іх апісвала б. І ўманціраваны ў дзеянне фрагмент фільма Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», дзе Анатоль Саланіцын у ролі доктара сыходзіць па хвалістай траве, выглядае як першае знікненне з гэтай зямлі географа Нарвегава (потым ён знікне яшчэ раз) і ўдалае сцэнічнае ўвасабленне аднародных членаў сказа, якія так даспадобы Сашы Сакалову.

Пастаноўка «Масква — Петушкі» па Венядзікту Ерафееву (рэжысёр Дзяніс Азараў, Расійскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы імя Фёдара Волкава), апроч культавага самвыдатаўскага тэксту, увасобленага ў хоры Венічак, прапануе гледачам кароткую гісторыю савецкага кінаалкагалізму. Дзеянне спектакля рытмізавана музычнымі нумарамі ў стылі кабарэ. На фоне экрана, дзе дэманструюцца фрагменты п’янак і іх наступстваў («Масква слязам не верыць», «Афоня» і г.д.), пад жывую музыку адзін з акцёраў выконвае песні кшталту «Alabama song» Брэхта і Вайля, якая шырокаму слухачу больш вядома ў выкананні «The Doors». Такім чынам, кінафрагменты адначасова спрацоўваюць як архетыпічныя вобразы, ствараюць пэўную ілюзію асаблівага цячэння часу, неабходную для спектакля, і выступаюць элементамі сцэнаграфіі.

Новае кіно ў тэатры

Вядома, з’яўленне мовы кіно на тэатральнай сцэне не навіна. Безліч рэжысёраў карыстаюцца, напрыклад, экранам, відэапраекцыямі ці прынцыпамі кінамантажу. Аднак праграма «Артміграцыі», дзе «кінападабенства» пастаноўкі не з’яўлялася крытэрыем адбору, выявіла заўважнае выкарыстанне мовы экрана, заставіла задумацца пра істотнае абнаўленне адносін паміж кіно і тэатрам ды з увагай сачыць за далейшым развіццём падзей.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Фота Андрыса РУЦІНЬША

Бяседа ў «мажоры» і «міноры»

$
0
0

Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» вядомы ў першую чаргу тым, хто любіць і разумее каштоўнасць беларускай песні. Той, якая распавядае пра гісторыі мінулага, пра тое, чым жылі яшчэ нашы продкі. Кожная з іх кранае сэрцы, нараджаючы або спагаду і сум, або жаданне даць сабе волю ў весялосці. Чарговы раз у рамках акцыі тэлеканала «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якая праводзіцца пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда», адбыліся канцэрты калектыву ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі.

2-17

«За хві­лі­наю хві­лін­ка ў бя­се­дзе пра­ля­та­юць…»

«Любіць Беларусь» — менавіта пад такім дэвізам праходзіць гастрольны тур «Бяседы» па гарадах Беларусі. Стартаваўшы ў Гродне, ансамбль ужо выступіў у гарадах Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей. У пачатку кастрычніка артыстаў чакаюць у Брэсце і Століне, а завершыцца тур 10 кастрычніка ў Мінску. Канцэрты «Бяседы» ў Паставах і ў аграгарадку Юнькі сталі працягам акцыі на Віцебшчыне. У абодвух населеных пунктах нас сустрэла дажджлівае надвор’е, але гэта не перашкодзіла гледачам прыйсці і паслухаць знаёмыя песні ў выкананні любімага калектыву. У пастаўскім Доме культуры ў фае перад пачаткам канцэрта яблыку не было дзе ўпасці.

— Мяне сюды прывялі любоў да народнай музыкі і прафесійны інтарэс, — дзеліцца ўражаннямі выкладчыца Варапаеўскай музычнай школы Святлана Шыкавец. — У нас ёсць свой народны ансамбль, таму стараюся адсочваць, як працуюць розныя калектывы, каб нешта ўзяць сабе на заметку. І сам ансамбль «Бяседа» мы ведаем даўно, сочым за яго творчасцю ў інтэрнэце. Але кожны раз, калі выпадае магчымасць трапіць на канцэрт, — гэта сапраўднае свята для нас. У іх заўсёды яркія выступленні, прыгожыя касцюмы і, што вельмі важна, рэпертуар складаецца з беларускамоўных песень. Слухаеш нашу меладычную і прыгожую мову і думаеш: «Чаму ж самі так рэдка размаўляем па-беларуску?» Наогул, цікавасць да народнай музыкі ў мяне ад сям’і, бо мае цёткі, бабулі, маці — усе спяваць любілі. Раней жа без песні не абыходзіліся, а цяпер ужо рэдка пачуеш яе.

Публіка, трэба сказаць, была пераважна жаночай, і часцей сустракаліся тут людзі сталыя, але і моладзь прысутнічала. Дырэктар Пастаўскага раённага дома культуры Ала Чарнюк гэта тлумачыць проста:

— Сюды прыйшлі найперш тыя, хто вырас на народнай песеннай культуры і не страціў любові да яе. «Бяседа» сабрала тую аўдыторыю, якую не часта ў нас сустрэнеш на іншых канцэртах, бо іх цікавіць у першую чаргу песня, якую яны чулі ад сваіх матуль ці самі спявалі ў маладосці. Ім хочацца ўзгадаць пра нешта, з настальгіі вярнуцца да сваіх вытокаў.

2-16

У Юнь­ках мож­на бы­ло на­быць су­ве­нір на па­мяць.

Хоць і хапае ў народных песнях твораў «у міноры», не менш і такіх, ад якіх хочацца забыцца на ўсе клопаты і пайсці танцаваць. Ужо з першымі песнямі, падоранымі «Бяседай», узнікла такое жаданне… Спачатку прагучала кампазіцыя «Хлеб ды соль», а потым — такія знаёмыя мелодыі, як «А ў Марусі хата на пагосце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты», «Вечарынка»… Варта адзначыць, што сёння ў калектыве працуе некалькі артыстаў, якія самі родам з Віцебшчыны: Ганна і Мікалай Алешкі, Сяргей Бяльцоў.

— Заўсёды з радасцю прыязджаеш кудысьці з канцэртам, але асабліва прыемна выступаць на роднай зямлі. Бо трапляеш туды, дзе прайшло дзяцінства, дзе былі маладымі твае бацькі… І калі ёсць узаемаразуменне, кантакт і радасць з боку гледачоў, то нас, артыстаў, эмоцыі таксама перапаўняюць, — кажа ўдзельніца ансамбля Ганна Алешка. — Народная музыка — гэта душа любога народа. І ў нашым калектыве на кожным канцэрце мы дзелімся ёю з людзьмі і, дзякуючы зваротнай рэакцыі публікі, нават стомленасці не адчуваем пасля выступленняў.

Працягваўся канцэрт, і не зніжаўся ўзровень эмоцый у глядзельнай зале: апладысменты, кветкі, крыкі «брава!». Са сцэны прагучала «Беларускае сала», «А ў садзе рэчанька» і многія іншыя кампазіцыі. Не абышлося і без прэм’ер — песню «Муза ты мая» прысвяцілі ўсім дзяўчатам-прыгажуням у зале. А вось падчас выканання кранальнай кампазіцыі «Бацькоў не забывай» (напісана мастацкім кіраўніком калектыву Леанідам Захлеўным) многія думкамі вярнуліся ў родныя мясціны…

Ты са мною заўсёды, вясковая вуліца,

Дзе дзяцінства далёкага мары жывуць,

Дзе на ўзгорку бярозка высокая свеціцца

І над рэчкай дзявочыя песні плывуць…

— Хочам, каб народ падхопліваў і працягваў спяваць нашы песні. Каб народнай песняй цікавілася падрастаючае пакаленне, — зазначае саліст «Бяседы» Валянцін Кірыленка. — Галоўнае — памятаць, што ўсё ў нашым жыцці трымаецца на любові. А народная песня — гэта сэрца народа. Праз яе можна перадаць усё тое, чым жывуць людзі.

…Аграгарадок Юнькі ў дзень канцэрта жыў сваім святам. Тут адзначалі Дажынкі. Ужо з раніцы тут ладзіліся розныя мерапрыемствы. Можна было і падсілкавацца чымсьці смачненькім, і паглядзець вырабы, прадстаўленыя супрацоўнікамі Пастаўскага дома рамёстваў. Днём прайшло спаборніцтва паміж маладымі сем’ямі, на якім, напрыклад, мясцовыя жыхары Пётр і Дар’я Шыбко занялі трэцяе месца. А пасля разам з трохгадовай дачкой Настассяй яны прыйшлі глядзець выступленне «Бяседы». Як і на папярэднім канцэрце, публіка прымала гасцей цёпла, дэманструючы сваю любоў (спявалі разам і нават падтанцоўвалі некаторыя). І зноў мелодыі гучалі адна за адной, яднаючы людзей, якія радаваліся свайму святу. Побач танцавалі маладыя дзяўчаты, дзеці… Паўтары гадзіны праляцелі вельмі хутка…

Трэба прызнацца, трэба сказаць:

рады былі сюды завітаць,

І з пачуццём, разам спяём тое,

што хочам вам пажадаць:

Мы вам жадаем, каб да вашых хат

Сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат.

І каб было вам на ўсім вяку

Лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку…

Песня сціхае, артысты развітваюцца з гледачамі. Паступова сцэна і зала апусцелі, і я цікаўлюся ў салісткі «Бяседы» Юліі Саўчанкі, што адчувае яна пасля такіх канцэртаў.

«Гледачы падтрымліваюць, не шкадуюць эмоцый, і гэта для нас стымул яшчэ больш працаваць і радаваць нашу публіку сваёй творчасцю», — адказала яна.

P.S. Застаецца толькі нагадаць, што магчымасць трапіць на канцэрт ансамбля народнай музыкі яшчэ ёсць — 3, 4 і 10 кастрычніка «Бяседа» запрашае ўсіх прыхільнікаў на сустрэчу ў Брэсце, Століне і Мінску. А тыя, хто не трапіць на канцэрт, можа сачыць за падзеямі гастрольнага тура на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Фота аўтара

Паркоўка на мётлах забаронена. Працуе эвакуатар

$
0
0

Смех як стратэгія перамогі над злом паводле спектакля Яўгена Карняга.

Не, я не такая… Чорная сукенка з аголенай спінай ажно да таго месца, дзе пачынаюцца ногі, — усё ж занадта. Хоць і эфектна… Але не маё. Я добрая: мне шкада забітых немаўлят, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі ад Мацвея. І я люблю маму (чуеш, родненькая?). І яшчэ: мне не 3000 гадоў (згодна з пашпартам).

2-27

Можна выдыхнуць: я не вядзьмарка. Але логіка не ратуе, таму што недзе глыбока свярбіць пытанне, колькі гэтай вядзьмарскай энергіі можа насіць у сабе асобна ўзятая істота, нават не здагадваючыся. Але пры пэўных абставінах яна можа і выбухнуць, атручваць свет, псаваць жыццё іншым, прыводзіць да вялікіх чалавечых трагедый. Можна збягаць ад пытання ці хаваць адказ для сябе. Але яно прагучала ад імя рэжысёра Яўгена Карняга ў спектаклі «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і ўсё не адпускае. Нібыта разважанні на жаночую тэму (так падаецца па ходзе спектакля) выглядаюць лагічным працягам карнягаўскіх «Латэнтных мужчын», але разам яны ўтвараюць дыпціх, паводле якога М+Ж далёка не заўсёды можа азначаць Л. Наадварот, пачварнажаночае ў камплекце з латэнтнамужчынскім вядуць да разбурэння любові. Усё, «хана» чалавечай гармоніі ў такім свеце.

Нездарма ж нават вонкава ўсё чорнае ў спектаклі «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі». Як ні дзіўна, чарната адзення нават падкрэсліваецца цёмным фонам. Сцэнаграфія Таццяны Нерсісян пакідае толькі галоўнае — саміх гераінь, стол-трансформер і тое-сёе з вядзьмарскага антуражу. На нейкай хвіліне, наогул, прыгадалася байка з дзяцінства, якую мы любілі распавядаць у піянерлагерах, калі выключалі святло і клаліся спаць: «У чорным-чорным горадзе, на чорнай-чорнай вуліцы…» Напрыканцы такіх гісторый, як правіла, гучаў смех. І насамрэч, гэта цудоўная зброя разумных людзей, каб перамагаць (маральна) у, здавалася б, безнадзейных бітвах. Перамога дабра — закон любой байкі-казкі, дзе можа быць некалькі злых герояў адначасова. Тут іх тры. Сучасныя, прывабныя.

Яны распавядаюць гісторыі, вельмі падобныя на казкі. Толькі ў казках злосныя персанажы не галоўныя, а тут ім раздолле, процілеглых наогул няма. Асновай спектакля сталі казкі братоў Грым, некаторыя з іх вядомыя, але ў іх дабаўлены спасылкі на рэальную гісторыю, дзе зло праяўляла сябе з розных бакоў і вызначала паводзіны людзей (дастаткова ўзгадаць толькі адно мінулае стагоддзе з яго войнамі). Гісторый гучыць шмат, у кожнай з трох актрыс нібыта жыве некалькі персанажаў адначасова, хоць усё ж пазначаны архетыпы. Тры ўмоўныя гераіні — своеасаблівыя носьбіты жаночага: гром-баба, жанчына-маці і дзеўка, зацыкленая на ўласнай прыгажосці. Адна ненавідзіць дзяцей (варыць з іх ежу), другая шчасце мацярынства прамяняла на магчымасць шантажу караля забойствам яго (і сваіх) дзяцей дзеля выгады, трэцяя настолькі занята сабой, што на сустрэчы з мужчынамі не мае часу, таму ніяк не пазбавіцца ад цнатлівасці, хоць і сапраўдная ведзьма — як жа яна заварожвае самой магчымасцю ўзляцець на стойцы мікрафона (мётлы даўно саступілі месца сучасным прыладам, таксама як і карэты для папялушак).

Мікрафон трэба было яшчэ адбіць у сябровак, якім таксама хацелася падзяліцца сваімі поглядамі на жыццё. У пачатку спектакля вам будзе здавацца, што гераіні наогул пазнавальныя і рэальныя. Але гэтая гульня ў пазнавальнасць дае прастору для вольнасцей: рэплік, дзеянняў, эпізодаў, якія расстаўляюць патрэбныя сэнсавыя акцэнты і не даюць патануць у чарнаце дзякуючы гумару, разраджаюць сітуацыю (чытанне гараскопа ўспрымаецца як гумарэска, напой з трэцяй станоўчай выглядае як сок, пошук цнатлівай жанчыны ў зале пераадрасуе пытанне: і хто тут вядзьмаркі?).

Форма інтэрв’ю дазваляе персанажам раскрыцца ва ўсёй іх шматаблічнасці, таму што жанчыны гавораць шчыра, як на духу, а з сярэдзіны размова наогул ідзе як з даўнімі знаёмымі. Тым не менш, інтэрв’юер кожны, хто прысутнічае на спектаклі, а пытанні маюцца на ўвазе (вядзьмаркі іх вымаюць з нашых галоў дзякуючы сваім звышзлосным магчымасцям). А вось звышчалавечымі магчымасцямі павінны валодаць актрысы, якія выконваюць складаныя рэжысёрскія задачы: спяваюць, кантактуюць з залай, іграюць драму, ператвараюць яе ў камедыю. Гэта актрысы Ганна Гаспадарык, Наталля Кот-Кузьма, Святлана Цімохіна.

Вераснёўская прэм’ера Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек мела поспех адразу (можна сказаць, на стадыі продажу квіткоў), спектакль быў адабраны для паказу ў рамках фестывалю «ТэАрт». Хто ведаў папярэднія працы Яўгена Карняга, той разумеў, на што ідзе. У рэжысёра ўжо ёсць свая публіка, якая такі тэатр прымае раз і назаўсёды. А калі не прымае адразу, то прыходзіць яшчэ, каб усё ж зразумець: ну пра што гэта? Таму што чапляе ўсё роўна — цісне на падсвядомасць, выцягвае эмоцыі, правакуе разумовую дзейнасць (нават калі думаеш, што прыйшоў расслабіцца), ужо самой формай гледача ўключаюць у дзею.

Тут няма выразнага сюжэту, дзе закручваецца інтрыга, таму што інтрыга ў кожнай дробязі, дэталі, у асобных слоўцах — іх трэба лавіць. Дзея складваецца з кавалачкаў, з маналогаў, кожны з якіх можа існаваць сам па сабе, як і гераіні. Яны нагрувашчваюць гісторыі, павышаюць тэмпературу напалу, і калі адна з іх выходзіць з бітай, то зразумела: у гэтым, відаць, тая першасная эмоцыя, з прычыны якой добрая дзяўчынка і дачка стала вядзьмаркай.

Усе гісторыі трэба складваць у карцінку, у якой звязваюцца не толькі асобныя маналогі, а кантэксты, эпохі. Яўгену Карнягу хацелася даследаваць вядзьмарскую сутнасць з розных бакоў, разгледзець яе пад лупай ва ўсіх падрабязнасцях. Ён прэпарыруе самыя розныя праявы зла, выварочвае, паказвае нутро і тлумачыць, адкуль яно бярэцца. Нараджаецца разам з чалавекам, вырастае з яго дзіцячых праблем, прыходзіць з адваротнага боку люстэрка, у якое глядзіцца прыгожая жанчына, якая бачыць наогул толькі сябе. Зло можа і не выглядаць злом, яно можа быць мілым, прыкідвацца дзіўнаватасцю і дурасцю, якую ў дробязях прасцей не заўважыць, вось так і культывуецца. Аднойчы не заўважыць, потым прамаўчаць, не спыніць — і канцэнтрацыя зла на душу насельніцтва спараджае вялікую глабальную бяду для чалавецтва, калі адны імкнуцца выжыць цаной жыцця іншых.

Нельга сказаць, што рэжысёр вядзе нас да канкрэтызацыі і гэта яго галоўная мэта. Але без канкрэтызацыі сама тэма была б вельмі абстрактнай і таму выключна забаўляльнай. На гэты спектакль прыходзяць не для таго. Сюды трэба прыходзіць думаць пра тое, як быць асцярожнымі і разгледзець вядзьмарскае ў сабе. Таму выкарыстоўваецца гіпербалізацыя: у некаторых сітуацыях нават вядзьмаркі могуць зніякавець. Сам рэжысёр, каб не стала зусім тужліва, расстаўляе нажыўкі для гледача, умее спыніць слязу і справакаваць смех, які і ёсць той самы напамін пра дабро, якога няма на сцэне (можа быць Карняг робіць так дзеля таго, каб яно перамагло ў нашых галовах).

У выніку зло не столькі прыцягвае, колькі надакучвае, відаць, і самім гераіням. Душа памерлай мамы, якая з’яўляецца дачцэ, адлятае на паветраных шарыках пад песню «На трибунах становится тише…». Яна можа зноў вярнуцца, ведаюць вядзьмаркі. І кожная з іх разумее, што, гуляючы з іншымі, сама рызыкуе аказацца лялькай у руках лёсу. Ад гэтай думкі неяк… хораша.

Але не, я ж не такая…

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выжывуць толькі палюбоўнікі

$
0
0

Істэрыя па сюжэтах з вампірамі пачалася пасля паспяховай экранізацыі кніг Стэфані Маер, першая з якіх, як і фільм, называлася «Змярканне». Выканальнікі не толькі галоўных роляў, але і эпізадычных, аказаліся ў цэнтры ажыятажу з прычыны раптоўнай любові да абсалютна іншага вобраза істоты. Вампіры ўжо не героі фільмаў жахаў і нават не інтэлігентна крыважэрныя, як, напрыклад, у фільме «Інтэрв’ю з вампірам» Ніла Джордана. Яны выключна гуманныя, бясконца адукаваныя і, вядома ж, прыгожыя.

2-24

Фільм «Выжывуць толькі палюбоўнікі» Джыма Джармуша («Зламаныя кветкі», «Больш дзіўна, чым у раі», «Мярцвяк», «Кава і цыгарэты») выйшаў у 2013 годзе і ідэальна ўпісаўся ў кан’юнктуру. Праўда, рэжысёр рыхтаваў праект сем гадоў, таму некаторае павярхоўнае супадзенне вобразаў персанажаў абсалютна выпадковае. Героямі карціны сталі вампіры Адам і Ева, кожнаму з якіх некалькі сотняў гадоў.

Яны не забіваюць і не ядуць людзей, добра ўпраўляюць сваім апетытам і маюць наладжаную сістэму харчавання, што ахвяраў не прадугледжвае. Адам у дэпрэсіі. Ева прыемна разважлівая. Яны любяць адно аднаго. Ева, якую сыграла Цільда Суінтан, — фанат літаратуры (калі яна рыхтуецца да пералёту, бярэ з сабою кнігі). Адам (Том Хідлстан) аказваецца таленавітым музыкантам.

Рэтраспекцыя на мінулае спрацоўвае на карысць як вобразам герояў, так і фільму. Татара-мангольскае іга, інквізіцыя, паэты часоў Шэкспіра, пакаленне бітнікаў — гэта стагоддзі развіцця чалавека, якія навісаюць над намі ўсведамленнем цяжару мінулага, якому мы таксама нечым абавязаны (узяць ад яго найлепшае і не паўтарыць найгоршае). Спакойнае наладжанае жыццё палюбоўнікаў парушаюць дэпрэсія Адама, нечаканае з’яўленне Авы, сястры Евы, і ўлюбёная для Джармуша тэма смерці.

Цільда Суінтан, якая запомнілася ролямі халодных, бяздушных, абыякавых жанчын («Пасля прачытання спаліць» братоў Коэн ці «Каралеўства поўнага месяца» Уэса Андэрсана), у «Палюбоўніках» выступіла якраз у «цёплым» вобразе, нягледзячы на сутнасць сваёй гераіні. Яшчэ адна актрыса — Мія Васікоўска, што выканала ролю Авы, — наадварот, сыграла ў сваім найлепшым амплуа: бязглуздай і крыху ненармальнай дзяўчыны.

Рэжысёр Джым Джармуш — адзін з галоўных (пры гэтым паспяховых) прадстаўнікоў незалежнага амерыканскага кіно. Ён, зразумела, супрацоўнічае з буйнымі прадстаўнікамі кінабізнеса, але можа сабе дазволіць пазбягаць чужога ўплыву на сваю творчасць. Джармуш — пасталелы госць і ўдзельнік Канскага кінафестывалю, і фільмы яго можна па няведанні аднесці да еўрапейскага кіно.

Прэм’ера фільма «Выжывуць толькі палюбоўнікі» прайшла на Канскім кінафестывалі 2013 года, дзе карціна ўдзельнічала ў асноўным конкурсе і прэтэндавала на Залатую пальмавую галіну.

«Выжывуць толькі палюбоўнікі» пакажа тэлеканал «TV1000».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Колеры «Паланэзу»

$
0
0

…Ідэі не толькі візуалізуюцца, але і набываюць гучанне, нават водар, смак. Так, як гучыць «Паланэз» у Палацы мастацтваў — рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага.

2-30

Час, магчыма, мае сваё гучанне — пра гэта яшчэ на першым паверсе нібыта намякае інсталяцыя Ірыны Кузняцовай: на чатырох вешалках вісяць быццам бы расплаўленыя пласцінкі ад патэфона, на якіх — фотаздымкі, намаляваны гадзіннік і выведзены прыгожымі літарамі рэквіем.

Далей гукаў больш. Мастакі, магчыма, натхняліся музыкай Агінскага. І асабліва гэта адчуваецца ў пейзажах. Мяне кранулі сугучныя мяккія адценні блакітнага, зеленаватага і жаўтаватага ў «Поўдні» Аляксея Несцерава. Гэта ці не самы «спакойны» твор на выставе. Мікола Бушчык у «Натхнёным палёце» экспрэсіўна выявіў музыку Агінскага праз яркія фарбы і рэзкія мазкі. Здаецца, што сам Міхал Клеафас знаходзіцца ў самым сэрцы кампазіцыі, ён цалкам паглыбіўся ў свой твор. Здаецца, некаторыя мастакі паставілі перад сабой задачу — «напісаць» фарбамі альбо выявіць графічна мелодыю. Віктар Нікалаеў перадаў прастору белага гуку. На карціне — белыя вертыкальныя плямы, сярод якіх выглядвае карычневатае, быццам запыленае адценне. Толькі гэта не гукі, а паўза: ад твора ідзе цішыня. Назва «Прастора белага гуку» надае твору адметны сэнс. Калі мы слухаем музыку, менавіта паўза дае магчымасць нашай душы адгукнуцца на тое, што пачулі.

2-31

Генадзь Мацур у сваім графічным дыптыху «Развітанне з Радзімай» («Міхаіл Клеафас Агінскі. Кампазіцыя І», «Міхаіл Клеафас Агінскі. Кампазіцыя ІІ») увасобіў музыку ў лініях. На першы погляд — проста чорныя лініі на белым фоне. Але гэтыя лініі, на маю думку, «закадзіраваны» музыкай Агінскага. Думаецца, што аўтар хацеў злавіць рытм музыкі і зафіксаваць яго. Гэта як ноты, але ноты не музычныя, а графічныя. Ноты для мастакоў. Захапляюць і творы Соф’і Піскун і Сяргея Баленка. Цікава яшчэ паразважаць: чым звязаныя музыка і габелен? Зусім, здавалася б, розныя віды мастацтва. Але ж яны — своеасаблівыя тэксты. І габелен Святланы Баранкоўскай «…І адзіны вобраз ажывае…» хавае ў сабе інтэртэкстуальнасць — гэта і колер нітак, і ноты… Тут кожны будзе «Зачараваны» — як паказвае тонкая скульптура Аляксандра Шапо. Такім чынам, выстава «Паланэз» таксама мае сваё гучанне, усе творы гарманічна перацякаюць адзін у адзін, зліваюцца ў «сэнсавую прастору», прасякнутую музыкай Міхала Клеафаса Агінскага.

Вольга Ропат

Фота аўтара

Полацк — другая сталіца?..

$
0
0

Пра гэта сёння мараць грамадскія актывісты і навукоўцы.

Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. І калыска нашай веры. Менавіта тут жыў першы беларускі князь Рагвалод з дачкою Рагнедай. Яна, у сваю чаргу, першай прыняла хрысціянства. Тут сваю асветніцкую дзейнасць наладзіла жанчына, першая сярод усходніх славян прылічаная да святых, — Еўфрасіння Полацкая. З гэтага горада родам і першадрукар Францыск Скарына. Падаецца, гэтага дастаткова, каб горад мог прэтэндаваць на тое, каб быць значным пунктам на беларускай карце. Аднак спецыялісты з болем канстатуюць, што сучасны Полацк — усяго толькі раённы цэнтр, дзе мала што нагадвае пра былую славу і веліч. Горад варты большага, чым мае сёння, аднагалосна пагаджаюцца археолагі і архітэктары, горадабудаўнікі і гісторыкі, прадстаўнікі ўлады і грамадскія актывісты.

13-17

Праблемы аднаўлення старажытнага горада разглядалі ў Нацыянальным мастацкім музеі на пасяджэнні, якое арганізавалі Беларускі фонд культуры і Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) на чале з Уладзімірам Гілепам і Грамадская назіральная камісія пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якую ўзначальвае Анатоль БУТЭВІЧ. Вяліся гарачыя спрэчкі, абмяркоўваліся розныя падыходы да магчымага аднаўлення і захавання горада.

Палачанін Уладзімір Цялежнікаў шэсць гадоў патраціў на тое, каб распрацаваць уласную канцэпцыю рэгенерацыі горада. Усё задуманае ён прадставіў у выглядзе наглядных малюнкаў і схем. А таксама з дапамогай фотаздымкаў праілюстраваў тое, што сёння знаходзіцца на некалі значных месцах. Перад вачыма паўстала не самая радасная карціна: абрысы старога замчышча не праглядаюцца, дзесьці на ім стаяць гаспадарчыя пабудовы. Калісьці прывабная для прагулак набярэжная цяпер схавана ад вольнага вока выпадковымі дамамі. Аўтар канцэпцыі прапануе свой план расчысткі тэрыторыі. Пазначае ён і тыя будынкі, якія сёння, чыста тэарэтычна, могуць быць адбудаваны наноў.

Спецыялістамі гэта новая канцэпцыя ўхвалена не была, бо пры яе падрыхтоўцы адсутнічалі навуковыя абгрунтаванні і даследаванні. Аднак усімі яна была ўспрынята як выклік: нешта трэба рабіць, каб вярнуць Полацку той статус, які належыць яму па праве.

— Калі я прыйшоў на гэту працу, зразумеў, што паўнавартасная дакументацыя па аднаўленні гістарычнага цэнтра Полацка адсутнічае, многія пункты існуючай праграмы не ўзгоднены з адпаведнымі спецыялістамі, — адзначыў галоўны архітэктар Полацка ў 2008—2013 гадах Андрэй БАРАВІК, які спецыяльна прыехаў на абмеркаванне. — Таму найперш свае высілкі мы накіравалі на карэкціроўку дэталёвага плана. Мы рады, што сёння маем магчымасць абмеркаваць гэту праблему ў сталіцы, бо на месцы нам часта не хапала супрацоўнікаў, якія маглі б рэалізаваць гэты праект. Магчыма, удасца стварыць рабочую групу і атрымаць пэўную падтрымку ў выкананні праграмы.

13-18

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі канстатуе:

— Варта адзначыць, што канцэпцыя, прапанаваная Уладзімірам Цялежнікавым, — гэта ўжо трэцяя ці нават чацвёртая падача матэрыялу па Полацку. Першая — гэта дзяржаўная праграма развіцця Полацка і полацкага запаведніка. Другая — сучасная праграма развіцця Полацка. Гэтыя праграмы сёння не рэалізуюцца цалкам, выконваюцца пэўныя іх пункты, але ж не да канца. Была ідэя стварыць турыстычны маршрут «Сцежка Еўфрасінні Полацкай» — слушная прапанова, аднак і ёй трэба грунтавацца на навуковых звестках: захавалася яшчэ шмат элементаў, за якія можна «зачапіцца» і нават паставіць усё на добрую камерцыйную аснову. Полацк — шматпластавы горад. Ёсць вельмі старажытныя сведчанні гісторыі, ёсць бліжэйшыя да нас. Таму пачынаць працу трэба з гісторыка-архітэктурнага апорнага плана, пачынаючы з XІ—XІІ стагоддзяў і нават больш ранніх часоў.

Пра адсутнасць дастатковых навуковых даследаванняў казалі і іншыя спецыялісты. А без іх ніякае аднаўленне ўявіць папросту немагчыма. Прарэктар Полацкага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс ДУК заўважае:

— Усе мы вельмі хацелі б бачыць Полацкі Сафійскі сабор у такім выглядзе, у якім ён быў у XІ—XІІ стагоддзях, але аднавіць яго менавіта так у нас не атрымаецца. Бо няма дакладнай інфармацыі пра тое, як ён выглядаў. Ёсць дзве навуковыя канцэпцыі аднаўлення сабора, аднак нават яны не стасуюцца паміж сабой. Калі мы правялі археалагічнае даследаванне падмуркаў Свята-Мяфодзьеўскай царквы, то зразумелі, што тое ўяўленне пра яе колішні выгляд, якое мы мелі, не адпавядала рэчаіснасці, — высветлілася, што царква была зусім іншай. Таму найперш, чым нешта аднаўляць, трэба праводзіць гістарычныя даследаванні… А любыя іншыя дзеянні нам папросту не даруюць нашчадкі.

Ёсць у Полацку і тое, што перайшло ад старажытнасці да сучаснасці і ўсё-такі захавалася. Гэта гістарычны ландшафт — акурат такі, якім яго бачылі Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына. Вельмі важна яго зберагчы, не зруйнаваць неабдуманымі дзеяннямі. І, вядома, добраўпарадкаваць тэрыторыю, каб нішто не замінала любавацца старажытнымі валамі, дарогамі і вуліцамі. Сёння шматлікія краявіды горада папросту заслонены іншымі аб’ектамі. Нават Сафійскі сабор выглядае не надта велічна побач з усім тым, што яго атачае. Таму прапановы па раскрыцці, расчыстцы некаторых відавых пунктаў падаюцца надзвычай актуальнымі і, магчыма, патрабуюць не так шмат выдаткаў.

На пасяджэнні некалькі разоў гучала прапанова стварыць полацкую археалагічную экспедыцыю. Ёсць і адпаведная база для яе — Полацкі ўніверсітэт, яго прарэктар прафесар, доктар навук Дзяніс Дук, вакол якога маглі б гуртавацца іншыя даследчыкі. Аднак сам Дзяніс Дук заўважыў, што на базе ўніверсітэта археалагічнымі даследаваннямі Полацка яны займаюцца ўжо не адзін год — праўда, без ніякай фінансавай падтрымкі.

Напрыканцы можна прыгадаць тое, што ў суседніх з намі краінах існуе адразу па дзве сталіцы: гэта Масква і Санкт-Пецярбург у Расіі, Варшава і Кракаў у Польшчы. Іх жыхары надзвычай ганарацца гэтым. Ці не пара і нам пачаць працаваць на тое, каб Полацку, гістарычнай сталіцы беларускай дзяржаўнасці і хрысціянства, вярнуць былую веліч і належнае прызнанне сёння?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Дзяніс Марціновіч: «У асабістым жыцці Караткевіча былі велізарныя трагедыі»

$
0
0

Пераможца Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Літаратурная крытыка» адкрывае малавядомыя старонкі біяграфіі пісьменніка.

Кніга, дзякуючы якой вікторыя ўсміхнулася гэтаму маладому даследчыку, называецца «Жанчыны Уладзіміра Караткевіча». Карэспандэнт «Звязды» вырашыла запытацца ў Дзяніса Марціновіча, якія таямніцы яму ўдалося адкрыць у прыватным жыцці Караткевіча?..

Аўтар расказаў, што пісаць кнігу вырашыў невыпадкова. Яму на вочы трапіліся некаторыя супадзенні ў асабістым жыцці герояў Караткевіча некалькіх твораў. Галоўныя гераіні рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» і аповесць «У снягах драмае вясна» мелі аднолькавае імя Алёнка. Больш за тое, яны траплялі ў падобныя сітуацыі. Гэта адразу зацікавіла даследчыка, яму захацелася высветліць: з’яўляецца гэта супадзеннямі ці праўдай, і падобнае, магчыма, адбывалася з пісьменнікам.

У архіве ён знайшоў ліставанне Уладзіміра Караткевіча з яго сябрам, якое ніколі не публікавалася. Там было вельмі шмат фрагментаў пра жанчыну, якую з упэўненасцю можна было назваць прататыпам Алёнкі. Марціновіч убачыў, што фрагменты са свайго ліставання пісьменнік уключаў у раман, амаль не змяняючы. Такім чынам высветлілася, што Караткевіч напісаў гісторыю свайго ўласнага кахання.

«Увогуле я вельмі люблю даведвацца, што было ў сапраўднасці, — гаворыць Дзяніс Марціновіч. — Напрыклад, усе ведаюць, што Ганна Карэніна кінулася пад цягнік. Аднак у рэальнасці жанчына, якая была яе прататыпам, развялася з мужам і жыла са сваім абраннікам. Мне было цікава паглядзець, што насамрэч адбылося ў жыцці нашага класіка».

Пасля выхаду ў 2004 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» серыі публікацый пад назвай «Паляванне на Алёнку» стала зразумела, што з гэтага можа атрымацца цэлая кніга. Аўтар узяўся за працу: часам пісаў больш актыўна, часам запавольваўся.

Паступова пачалі з’яўляцца дадатковыя звесткі. «Ёсць невялікая колькасць кніг пра Караткевіча. Напрыклад, успаміны Адама Мальдзіса, пэўныя іншыя крыніцы, і я выкарыстоўваў іх, — гаворыць Марціновіч. — Да таго ж працаваў у архівах — Беларускім дзяржаўным музеі-архіве літаратуры і мастацтва і аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук».

Выкарыстаў аўтар таксама і інтэрв’ю з жанчынай, якая вучылася з жонкай Караткевіча ў адным класе. Яна ўзгадала некаторыя дэталі.

Увогуле кнізе, якая сёлета перамагла на Нацыянальнай літаратурнай прэміі, папярэднічала іншая, якая выйшла ў 2012 годзе і называлася «Дон-жуанскі спіс Караткевіча». Дзяніс Марціновіч адзначае:

— Караткевіч у асабістым жыцці быў не такім шчаслівым чалавекам, як нам падаецца. Цікава чытаць яго раманы, дзе апісваецца каханне… Аднак ён узяў шлюб толькі ў 40 гадоў. У яго асабістым жыцці былі велізарныя трагедыі. Ён збіраўся ажаніцца, але нявеста загінула ў аўтакатастрофе літаральна перад вяселлем. Была другая гісторыя, калі ён меў універсітэцкае каханне, у Кіеве, але яны развіталіся. Праз пэўны час гэта жанчына сама напісала яму, прапанавала аднавіць стасункі. Караткевіч адчуў эйфарыю, шчасце, бо ўсе гады памятаў былую сяброўку. Але неўзабаве атрымаў ліст ад яе знаёмай, у якім паведамлялася, што яго каханая выйшла замуж за іншага.

У рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» апісваецца каханне да Ніны Молевай — рэальнай жанчыны, якая жыве дагэтуль у Маскве. Яна была сапраўды ракавой прыгажуняй, таму Караткевіч перажываў супярэчлівыя пачуцці. «Яго вельмі натхнялі жанчыны, — адзначае Марціновіч. — Але ён не быў шчаслівым. Толькі калі пісьменнік нарэшце знайшоў жонку, усё змянілася. Аднак парадокс заключаецца ў тым, што яго найлепшыя тэксты прыпадаюць акурат на той час, калі ён быў нешчаслівы. Яго натхнялі душэўныя пакуты».

Калі знойдуцца новыя цікавыя факты, Дзяніс Марціновіч працягне распрацоўваць тэму асабістага жыцця Уладзіміра Караткевіча.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by


Неядомыя «калачы» і крыжы памерам з далонь. Як выглядалі галаўныя ўборы і ўпрыгажэнні беларусак стагоддзе таму?

$
0
0

Сучасныя дызайнеры выкарыстоўваюць у сваіх калекцыях капелюшы і хусткі, каб дапоўніць жаночы вобраз. Нашы продкі таксама насілі гэтыя аксесуары, але ў сваім выбары кіраваліся хутчэй не модай, а традыцыяй. Дзе на Беларусі жылі самыя экстравагантныя жанчыны, чаму на галаву адзявалі «гняздо бусла» і навошта так актыўна ўпрыгожвалі шыю?

13-15

Дзяў­чы­на ў кап­ту­ры. Ма­ла­дзе­чан­скі ра­ён.

Пазнаць зямлячку па хустцы

Традыцыйны жаночы галаўны ўбор не толькі прыкрываў галаву ад холаду ці спякоты. Па ім пазнавалі сацыяльны статус і сямейнае становішча беларусак. Вянкі, якія ніяк не хавалі доўгіх валасоў, насілі незамужнія дзяўчаты. На вяселле жанчына адзявала вянок у апошні раз і мяняла яго на намітку. Сваю прыгажосць замужнія кабеты паказвалі толькі дома, а таму іх галаўным уборам былі ўласцівы стрыманасць і сталасць.

— Вышыня ўбору, грувасткасць сведчылі аб высокім статусе. Валасы маглі падкладацца, як каркас, каб стварыць аб’ём, — расказвае мастацтвазнаўца Алеся ДЗЕМІДЗЕНКА, аўтар дысертацыі «Жаночыя галаўныя ўборы ў традыцыйных строях усходняга Палесся канца XІX — пачатку XX стагоддзя».

Самымі распаўсюджанымі ўборамі былі, вядома, хусткі і наміткі. Але ў кожным рэгіёне яны адрозніваліся кампазіцыяй арнаментаў і тым, як павязваліся на галаве. Жанчыны скручвалі хусткі ў чубы, намотвалі наміткі на каркас, пакідалі «хвост» тканіны са спіны. У асобных мястэчках насілі «калач» — хустку, скручаную ў валік. Цёплая хустка-абхінатка, якая закрывала галаву і стан жанчыны па пояс, грэла беларусак узімку. Дызайн убораў часам падказвала сама прырода. Напрыклад, хусткі-буслянкі. Праз махры, якія навісалі над ілбом, яны сапраўды былі падобныя да гнязда бусла.

Для вырабу галаўных убораў выкарыстоўвалі лён, воўну і бавоўну.

— Самай якаснай лічылася тоненькая, як марля, ільняная тканіна, якая ішла на выраб святочнай сярпянкі, — адзначае мастацтвазнаўца. — Такое далікатна апрацаванае палатно выкарыстоўвалі мяшчанкі. Звычайная жанчына не імкнулася часта мяняць строй, таму для вырабу паўсядзённага адзення ёй больш падыходзіла тоўстая шчыльная тканіна, якая мела лепшую носкасць.

13-14

Тра­ды­цый­ныя ўбо­ры да­выд-га­рад­ча­нак. 1930-я га­ды.

Падушкі і кашы на галаве

Для абрадаў у беларусак былі асобныя галаўныя ўборы. Падчас вяселля дзявочы вянок здымалі і надзявалі «завівала». Фактычна гэта вялікая намітка, памерам два на тры метры (увогуле даўжыня намітак магла дасягаць пяці метраў). Убор пакрываў галаву і насоўваўся на вочы. Канцы «завівала», накручаныя на «скалкі», падтыкалі за гарсэт, каб стварыць сілуэт з поўнымі высокімі грудзямі.

Вянок сустракаецца і на пахаванні. У беларускай традыцыі дзяўчат, якія не паспелі выйсці замуж пры жыцці і заўчасна памерлі, апраналі ў вясельны строй. Арнамент на адзенні і ўборы быў маркерам роду і нацыянальнасці. Лічылася, што паводле арнаменту жанчын пазнаюць на тым свеце сваякі. Пахаванне, дарэчы, адбывалася ў белым адзенні.

Цікавы звычай — падвязваць наміткі пад бараду. Можа і жарт, але некаторыя кажуць, што гэта рабілася, каб прыкрыць рот балбатлівым жанчынам.

Самымі эксцэнтрычнымі былі мяшчанкі з Давыд-Гарадка. Пад свае высокія галаўныя ўборы, «падушачку» і «галовачку», яны падкладалі ўзбітыя валасы, каркас і нават сапраўдную падушку. Жанчыны маглі надзець на галаву плецены кош, а па ім завіць намітку. Убор давыд-гарадчанак і сёння застаецца загадкай для даследчыкаў. Ёсць думка, што такая традыцыя пайшла ад татар, якія некалі жылі ў гэтай мясцовасці.

— Цікавая з’ява — рагацістыя галаўныя ўборы, — кажа Алеся Дземідзенка. — Рабіліся каркасы пэўнай формы, хусткі падвязваліся так, каб тырчалі «рожкі». Беларусы ўводзілі казу і карову ў кола святочных персанажаў — узгадайце звычай пераапранацца на Каляды. Жанчыны, напэўна, хацелі асацыяваць сябе з такімі жывёламі.

13-13

Пад­віч­ка (зле­ва) і хуст­ка ў Ля­ха­віц­кім строі.

Толькі прыродныя матэрыялы

Упрыгожваць сябе жанчыны пачыналі з абшывання кашулі. Навошта бранзалеты, калі можна аздобіць рукавы брыжыкамі, а гарлавіну — каўняром? Гэта не пустое ўпрыгожванне, якое яно, магчыма, для сучаснага чалавека, а абярэгавае. Кожны чырвоны радок на кашулі ці фартушку засцерагаў чалавека ад злога. Нашы продкі верылі, што нават калі яны апранутыя, на целе застаюцца ўваходы для нечага нячыстага і бруднага. Таму невыпадкова гэтыя ўваходы — падол адзення, месцы заканчэння кашулі — актыўна насычалі чырвоным арнаментам, які дапамагаў адпужваць хваробы.

Модныя сёння накладныя каўнерыкі беларускі насілі яшчэ стагоддзе таму. Жанчыны таксама любілі надзяваць крыжыкі, ланцужкі з медальёнамі, каралі, пацеркі з пафарбаваных каменьчыкаў. Жыхаркі Брагінскага раёна ўпрыгожвалі шыю «пляцёнкай» — стужкай тканіны, на якую нашывалі бісер пэўным узорам (звычайна чырвона-белыя ромбы).

13-16

Жан­чы­на па­каз­вае, як на­дзява­лі «за­ві­ва­ла».

— Матэрыялы, з якіх рабілі ўпрыгажэнні, — гэта бурштын, каменьчыкі, гліна, падсушаныя ягады, косткі, дрэва. Усё, што магла даць прырода, — тлумачыць мастацтвазнаўца.

Вялізныя аксесуары насілі багатыя давыд-гарадчанкі. Жанчыны надзявалі крыжы памерам з далонь, якія звісалі да пояса ці падтыкаліся, як у святароў. Полыя ўнутры крыжы вырабляліся з латуні або серабра і аздабляліся стылізаванай выявай Хрыста.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Крылы майстроў

$
0
0

Днямі, калі адзначалі 75-годдзе сістэмы прафтэхадукацыі ў Беларусі, увагу мінчан і гасцей сталіцы прыцягвала выстава-кірмаш, размешчаная каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Колькі там было паказана дзівосаў — твораў маладых майстроў разьбы па дрэве, саломапляцення, мастацкага роспісу, керамікі, інкрустацыі!.. Расказвалася тут, і як атрымліваюць рабочую прафесію будучыя муляры, тынкоўшчыкі, сталяры, цесляры.

13-5

А ў каго пераймаюць гэта майстэрства навучэнцы? З такім пытаннем я звярнуўся да Ганны Бойкі, дырэктара прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі. У адказ пачуў расповед пра калектыў выдатных вопытных настаўнікаў. Пад іх кіраўніцтвам у майстэрнях і вучэбных кабінетах учарашнія школьнікі атрымліваюць глыбокія тэарэтычныя і практычныя веды. У каледж паступае моладзь з няпоўнай і поўнай сярэдняй адукацыяй, таму і вучэбны курс тут разлічаны на тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Каб засвоіць тэхніку інкрустацыі міліметровымі кавалачкамі саломкі ці кладку важкіх цаглін у сцяну будынка, патрэбны спецыяльныя вучэбныя месцы. Так, на адпаведных стэндах адточваюць сваё майстэрства будучыя тынкоўшчыкі, муляры. Для керамістаў адведзена прасторная майстэрня, такія ж умовы створаны для мастакоў роспісу па дрэве, цесляроў.

13-4

Па словах кіраўніка навучальнай установы, клапоцяцца тут не толькі пра прафесійную адукацыю моладзі, але і пра яе далейшае працаўладкаванне. Так, напрыклад, сёлета каледж заключыў дагавор з ЖРЭА Савецкага раёна Мінска, згодна з якім навучальная ўстанова дасць адпаведную прафесійную адукацыю групе навучэнцаў. У час вучобы моладзь будзе мець магчымасць праходзіць практыку побач са спецыялістамі, а пасля выпуску атрымае гарантаваныя працоўныя месцы ў камунальных установах гэтага раёна.

13-3

І яшчэ адзін яскравы факт да расказу пра сённяшні дзень найстарэйшага сталічнага каледжа: побач з вучэбным корпусам адкрыўся вучэбны салон-магазін «Праф-майстар», дзе можна набыць мастацкія творы, зробленыя ў вучэбных майстэрнях. Прыбыткі ад гэтага новаўвядзення яшчэ належыць падлічыць эканамістам, а для пакупнікоў — выгада відавочная. Сёння тут можна танна набыць арыгінальныя творы маладых майстроў — магчыма будучых вядомых мастакоў, дызайнераў.

Яўген Пясецкі. Фота аўтара

На здымках: 1. Настаўніца, член Саюза майстроў Беларусі Алена Гурэцкая, са сваімі вучнямі; 2. Майстар вытворчага навучання Вольга Дзінгілевіч і навучэнец Мікіта Аціцкі ў майстэрні, дзе займаюцца будучыя муляры і тынкоўшчыкі; 3. Настасся Грышчанка паспяхова авалодвае прафесіяй мастака-настаўніка

Свет сучаснай кнігі

$
0
0

Распачаўшы рэспубліканскую акцыю «Сямейнае чытанне» (заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз жанчын, Выдавецкі дом «Звязда»), яе арганізатары і актыўныя ўдзельнікі вырашылі адказаць на самае галоўнае пытанне: а што ж чытаць? Якім павінен быць выбар галоўнай ці проста цікавай і патрэбнай кнігі? І ў пошуку адказаў на гэтае пытанне «Звяздзе» дапамогуць выдаўцы, бібліятэкары, пісьменнікі, а часам і проста чытачы. Сённяшні суразмоўца — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт і празаік Алесь Бадак.

13-25

— Завяршаецца чарговы год. Чым ён быў найбольш цікавы для «Мастацкай літаратуры»? Якая самая яркая кніга, на ваш погляд, характарызуе выдавецтва ў гэтым годзе?

— Думаю, адказаць на гэтае пытанне не проста складана, а нават немагчыма. І не толькі таму, што выбіраць трэба з цэлай сотні найменняў. Але яшчэ і таму, што выдавецтва актыўна працуе ў розных кірунках. Мы выдаём і класіку, і сучасных аўтараў, мастацкую літаратуру і дакументальную, дарослую і дзіцячую. Але, безумоўна, у першым шэрагу кніг, выдадзеных у гэтым годзе, стаяць чарговыя тамы Збору твораў Уладзіміра Караткевіча (нядаўна з’явіўся дзясяты) і «Залатой калекцыі беларускай літаратуры», якая на днях папоўнілася томам Кузьмы Чорнага. Калі ж гаварыць пра сучасную літаратуру, то, як можа ні дзіўна камусьці падасца, я ў першую чаргу назваў бы кнігу «Мой дзень пачынаецца», якую склалі вершы і апавяданні 45 маладых аўтараў. Вось мы часта гаворым пра тое, што сённяшнім маладым куды лягчэй выдавацца, чым гэта было, скажам, у 70-я ці 80-я гады мінулага стагоддзя. Вядома, яно так і ёсць, але ва ўсе часы і ў літаратуры былі тыя, хто ўмеў неяк прапіхнуць сябе, выдацца і раз, і два, і тры, хоць і таленту асаблівага ў іх можа не было. І ва ўсе часы былі тыя, якія не ўмелі абіваць парогі выдавецтваў і рэдакцый, хоць, магчыма, якраз яны і вартыя самай пільнай увагі ці, прынамсі, большай падтрымкі з разлікам на тое, што з іх з часам могуць атрымацца вельмі цікавыя і арыгінальныя пісьменнікі. Тое ж адбываецца і сёння. Таму хацелася, каб у зборніку «Мой дзень пачынаецца» было прадстаўлена як мага больш аўтараў. Ну а пасля такая аўтарская шматлікасць дазваляе скласці найбольш цэласнае ўяўленне пра маладую літаратуру.

— Алесь Мікалаевіч, а калі гаварыць пра асноўную плынь выдавецкай дзейнасці, асноўныя кірункі «Мастацкай літаратуры», то нечым яны адрозніваюцца апошнім часам?

— Я хутчэй сказаў бы, што сёння мяняецца сам падыход да фарміравання выдавецкіх планаў. Мы вельмі ўважліва ставімся да таго, што патрэбна нашым бібліятэкам, што найбольш запатрабавана Саюздрукам. Зразумела, гэта ніякім чынам не разыходзіцца з нашай выдавецкай палітыкай, якая скіравана найперш на выданне якаснай мастацкай літаратуры. Такія пастаянныя кантакты, аналіз вельмі дапамагаюць нам у вызначэнні тыражу той ці іншай кнігі, нават у стварэнні новых серый. Напрыклад, мы задумалі ў наступным годзе пачаць дзве новыя серыі: «Бібліятэка выбраных твораў» і «ПазаКласнае чытанне» («К» з вялікай літары, бо мы спадзяёмся, што гэтыя творы падлеткі, якім яны і адрасаваны, сапраўды, палічаць класнымі). Перад тым як распрацоўваць гэтыя серыі, мы, безумоўна, раіліся з бібліятэкамі.

— Сёння шмат гавораць пра рэйтынгі… Вы на іх зважаеце? Якія кнігі «Мастацкай» у рэйтынгу найбольш чытэльных выданняў ці ў ліку найбольшых продажаў у кнігарнях?

— Безумоўна, рэйтынгі — гэта заўсёды цікава, карысна, гэта тое, што нельга абыходзіць увагай. Але пры гэтым трэба не забываць, што рэйтынгі бываюць розныя. Правядзіце аднолькавае апытанне сярод філолагаў, гэта значыць, сярод тых, для каго мастацкая літаратура мае непасрэднае дачыненне да іх прафесіі, а значыць, і літаратуру яны ацэньваюць, не ў апошнюю чаргу, з пункту гледжання яе навізны, арыгінальнасці, і людзей, для якіх літаратура — гэта магчымасць «забіць» некалькі хвілін вольнага часу, напрыклад, у дарозе. Вынікі, хутчэй за ўсё, будуць вельмі адрознівацца. Не сакрэт жа, што для адпачынку трэба што-небудзь просценькае, што не вельмі напружвае: лёгкі дэтэктыў, лёгкая фантастыка, лёгкі любоўны раман — прычым творы, якія ствараюцца па адным клішэ, нібы пад капірку. А арыгінальная літаратура не церпіць паўтораў, копій.

З іншага боку, калі гаварыць пра розныя рэйтынгі, то няцяжка прыйсці да высновы, што сёння не самым вялікім попытам карыстаецца паэзія. Але мы не можам яе не выдаваць, паколькі гэта адзін з самых важных літаратурных жанраў, які, нават пры, здавалася б, невялікіх тыражах, вельмі ўздзейнічае, уплывае на наша духоўнае, культурнае жыццё.

А ўвогуле, вельмі радуе, што ў ліку самых папулярных у продажы па-ранейшаму творы гістарычнай літаратуры — гэта сведчыць пра тое, што беларусы неабыякавыя да сваёй гісторыі. Праўда, тут усё-ткі, як і некалі, самы папулярны аўтар — Уладзімір Караткевіч. Вельмі шмат званкоў — ці выйшаў чарговы том яго Збору твораў, дзе можна набыць… Мне здаецца, сучасным аўтарам трэба актыўней шукаць менавіта сваю нішу ў гістарычным жанры, а не ісці па слядах папярэднікаў.

— Вельмі часта сёння ў друку гаворыцца пра прарыў дзіцячага кнігавыдання. Ды некалі «Мастацкая» далучыла да сябе такое аўтарытэтнае выдавецтва, як «Юнацтва»… Свет сучаснай дзіцячай кнігі, якім ён уяўляецца з вокнаў выдавецтва?

— Мяне вельмі радуе, што гэты свет вельмі разнастайны. Сёння можна гаварыць і пра дзіцячую прыгодніцкую літаратуру, і пра дзіцячую фантастыку, і пра дзіцячы дэтэктыў, і нават пра дзіцячую інтэлектуальную літаратуру. Пачытайце кнігі Раісы Баравіковай, Георгія Марчука, Пятра Васючэнкі, каб у гэтым пераканацца. А ёсць жа і больш маладыя аўтары, якія па-свойму малююць гэты свет — напрыклад, тая ж Алена Мальчэўская.

— Якога рукапісу вам як выдаўцу сёння нестае?

— Напэўна, рукапісу, які меў бы вельмі вялікі чытацкі попыт, пра які ўсе гаварылі б, спрачаліся ў інтэрнэце, на старонках нашых літаратурных выданняў і які пры гэтым быў бы высокамастацкай літаратурай.

— Такая важкая дзялянка, як пераклады чужых нацыянальных літаратур на беларускую мову… Работа над выданнем перакладной літаратуры заўсёды была ў полі зроку «Мастацкай». Выходзілі альманахі «Братэрства», «Далягляды». Як складваюцца абставіны ў гэтых абсягах цяпер?

— Калі перакладная дзіцячая літаратура ў нас выходзіць досыць рэгулярна, то перакладная дарослая, на жаль, ад выпадку да выпадку. На гэта ёсць свае прычыны: і тое, што не заўсёды проста вырашыць праблемы з аўтарскімі правамі, і тое, што папулярныя замежныя аўтары ў большасці сваёй ужо прысутнічаюць на нашым кніжным рынку на рускай мове. Але, я ўпэўнены, гэтая сітуацыя паступова будзе выпраўляцца, паколькі любы пераклад адметных твораў замежнай літаратуры толькі дапамагае далейшаму развіццю сваёй літаратуры. Якім бы ні быў насычаным кніжны рынак, месца на ім хопіць усім, проста трэба больш актыўна і самааддана працаваць.

— Значыць, трэба выбіраць «класнае чытанне»?..

— А чаму б і не?!

— І з яго павінен пачынацца дзень…

— І завяршацца ў сям’і ў цёплай і ўтульнай атмасферы, калі кніга, чытанне яднаюць пакаленні, саграваюць думкамі, вобразамі, уражаннямі.

— Нельга не пагадзіцца з вамі, Алесь Мікалаевіч.

Гутарыў Сяргей Шычко.

Як пасляслоўе. А вы, шаноўныя чытачы, якіх кніг чакаеце ад айчынных выдавецтваў? Дзяліцеся з намі сваімі думкамі, выкладайце іх з разлікам, што вас пачуюць і яны могуць стаць падставай для новых творчых здзяйсненняў. Да новых сустрэч! Прыемнага чытання!

Фота Наталлі Аляксандравай

Помнік міласэрнасці

$
0
0

Прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры выклікала шырокі розгалас у свеце. Водгукі пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў розных краін змешчаны і на інтэрнэт-старонцы «Созвучие: литература и публицистика стран СНГ» (httр://sоzvuсhіе.zvіаzdа.bу).

13-26

Расійскі пісьменнік Дзмітрый Быкаў лічыць, што адзнака Святланы Алексіевіч «занадта прадказальны варыянт». Бо яна «лідзіравала ва ўсіх апытаннях яшчэ з мінулага года. І ў букмекерскіх канторах, наколькі я памятую, стаўкі былі 1 да 5. Гэта вельмі прадказальнае рашэнне. Яно, безумоўна выклікае гонар і адабрэнне».

Празаік Амантай Ахметаў з Казахстана выказаўся наступным чынам: «Для Святланы Алексіевіч фронт барацьбы за мірную будучыню свайго народа не завяршыўся адной кнігай. Яе багаты журналісцкі вопыт і дакладная пазіцыя непрыняцця зла дазволілі ёй раскрыць і іншы боль народа…»

Камран Назірлі, перакладчык і празаік з Азербайджана, гаворыць пра вядомасць Святланы Алексіевіч у Азербайджане. «Ганаруся тым, што жыву, дыхаю і пішу ў адным стагоддзі з ёю», — зазначае Камран Назірлі, выказваючы гатоўнасць працаваць над перакладамі яе твораў на азербайджанскую мову.

Літаратуразнаўца з Калмыкіі Рыма Ханінава нагадвае: «Калі помніць, што многія сённяшнія пісьменнікі выйшлі з СССР, як і новы нобелеўскі лаўрэат, то Святлана Алексіевіч — шосты лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў той літаратуры, якая стваралася і ствараецца на рускай мове». Відаць, з такой логікай складана пагадзіцца, угледзеўшыся ў жыццёвыя біяграфіі ўсіх папярэднікаў Святланы Аляксандраўны — Івана Буніна, Барыса Пастэрнака, Міхаіла Шолахава, Аляксандра Салжаніцына, Іосіфа Бродскага. І далей Р. Ханінава заўважае: «Шматгалосая творчасць пісьменніцы — сапраўды помнік міласэрнасці і мужнасці нашых народаў, якія прайшлі суровыя выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сталінскіх рэпрэсій, але не страцілі веру ў дабро і справядлівасць ісціны».

Сваё слова на старонцы «Созвучие» пра Святлану Алексіевіч сказалі і пісьменнікі, літаратуразнаўцы Георгій Прахін, Алесь Кажадуб (Масква), Атнер Хузангай (Чабаксары), Лула Куні (Грозны), Леанід Чыгрын (Таджыкістан, Душанбэ), Севіндж Нурукызы (Азербайджан), Агагельды Аланазараў (Туркменістан), Святлана Ананьева (Казахстан), Міхайла Слабашпіцкі, Галіна Тарасюк (Украіна) і шмат хто яшчэ.

Мікола Раўнапольскі

Юшка з душой, або у Глушы як дома. Малая радзіма Алеся Адамовіча.

$
0
0

На малую радзіму вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча ў Глушу прыехалі тыя, хто любіць і паважае беларускія традыцыі. Унікальнасць фестывалю «Глушанскі хутарок» у тым, што ладзіцца ён на энтузіязме тых, хто тут жыве і працуе. Адны вязуць на продаж ураджай агародніны-садавіны, іншыя — мясную прадукцыю, трэція едуць паспяваць і сябе паказаць. Няхай яны і не сусветна вядомыя зоркі, але завесці публіку могуць з паўабароту. Бо шчырасць ідзе ад сэрца, а рэпертуар — з бабуліных і дзядулевых скарбонак.

13-19

На­тал­ля Ада­мо­віч пры­вез­ла на свя­та тво­ры свай­го баць­кі.

 

Усё адбываецца на маляўнічай пляцоўцы цэнтра народных рамёстваў, або так званага «хутара багача і бедняка». Сярод соснаў і дубоў узвышаюцца старадаўнія пабудовы. Непадалёк стаіць стараверская драўляная царква, дзе захоўваецца цудадзейны абраз святой Варвары. А крыху побач за дрэвамі хаваецца старадаўні млын. Калісьці тут збіраліся адкрыць вялікі этнаграфічны комплекс, але нешта не атрымалася. Затое месца для фестывалю народных промыслаў і рамёстваў лепш не прыдумаеш.

Далёка чуваць гукі гарэзлівага гармоніка і смачныя пахі прыгатаваных на свежым паветры беларускіх страў. Гэта галоўны арыенцір для тых, хто трапіў на свята ўпершыню.

— Налятай, гаспадынькі, на рыбу! Танней не знойдзеце. Тавар на зайздрасць — і сом, і таўсталобік, і белы амур — усе, як на падбор. Глядзіце, які шчупак, усяго 40 тысяч за кіло. Дзе вы яшчэ такія цэны бачылі? — ногі самі нясуць на заклікі гаваркога хлопца, які пад шыльдай «Ціхі вір» дэманструе зайздросныя на выгляд рыбіны.

Дарэчы, аграсядзіба «Ціхі вір», якой кіруе Рыгор Храмеля, вельмі папулярны ў раёне аб’ект. Асабліва ў аматараў рыбалкі. «З закінутага балота мы зрабілі цудоўнае возера плошчай каля 22 сотак, вакол паставілі альтанкі, — хваліцца гаспадар. — А кухня ў нас наогул усім на зайздрасць. Такой смачнай юшкі нідзе не знойдзеце». Зварыў яе Фёдар Бязручка, чалавек шырокай душы, генератар ідэй і кухар ад Бога. Запамінайце рэцэпт. Спатрэбяцца вада, некалькі сярэдніх памераў бульбін, пажадана нярэзаных, чорны перац. Ставіце кацёл на вогнішча і чакаеце, калі крыху падварыцца бульба — яна пачне падскокваць уверх. Потым кідаеце ачышчаную цэлую цыбуліну і прыкладна праз 15 хвілін апускаеце рыбу. За некалькі хвілін да гатоўнасці дадаяце лаўровы ліст і молаты перац. Юшка павінна яшчэ крышачку патаміцца перад тым, як яе падаць на стол. «Але калі вы не паклалі ў яе кавалачак сваёй душы, смачна не будзе», — смяецца гаспадар.

Аляксандр Буйко з вёскі Дойнічава — вядомы ў раёне гарманіст, без яго жартоўных прыпевак не абыходзіцца ніводнае свята. На сёлетнім конкурсе ў Бабруйску «Грай гармонік» гарманіст заняў першае месца. «Раней са сваёй праграмай працаваў на вяселлях, аб’ездзіў увесь раён і нават праехаўся ад Гомеля да Калінінграда, — кажа ён. — Цяпер на такія падарожжы грошай не хапае, але форму трымаю. Аляксандра Буйко прызнаецца, што любіць свята «Глушанскі падворак» за народны каларыт.

13-21

Ідэй­ны на­тхняль­нік Ма­рыя Су­шчан­ка ад­свят­ка­ва­ла яшчэ і дзень на­ро­дзі­наў.

Наогул цікавых асоб на «хутарку» дастаткова. На вочы трапляе дзядуля, які з лазы пляце лапці. Цікаўлюся, колькі каштуе гэта прыгажосць. «Усяго 50 тысяч?» — не веру сваім вушам і раблю заказ. Адзін лапаць ужо ёсць, якраз майго памеру, другі майстра абяцае зрабіць праз паўгадзіны. Хутка высвятляецца, што я своечасова да яго звярнулася. Па вырабы Аляксандра Гайшуна, жыхара вёскі Пятровічы, нават чэргі выстройваюцца. Вязаць лапці ён навучыўся яшчэ ў сваёй маці. Пасля вайны разам з трыма сваімі братамі хадзіў у школу выключна ў матуліных лапцях.

Аляксандр Арлоў — мясцовая славутасць. Яго майстэрня якраз і ёсць той дом ганчара, які ўпрыгожвае «Глушанскі хутарок». Па слядах бацькі пайшоў яго старэйшы сын Мікалай. Хлопцу 20 гадоў, і ён самы юны член Саюза мастакоў. Гліняны посуд і свістулькі Арловых разыходзіліся на фестывалі з вялікай хуткасцю. «Мы кожны раз прыдумваем нешта новае, — дзеліцца Аляксандр сакрэтам. — Аднойчы зрабілі з гліны герояў мультсерыяла «Ледавіковы перыяд». Размялі імгненна». Дапамагалі свайму настаўніку рэкламаваць тавар яго вучні. Пад кіраўніцтвам майстра працуе 14 школьнікаў з Глушы і дзвюх навакольных вёсак.

Ганаровы госць фестывалю Наталля Адамовіч, дачка пісьменніка, не прапускае ніводнага свята. На гэты раз яна прэзентавала мясцовай бібліятэцы нядаўна перавыдадзеныя кнігі свайго бацькі. Сярод землякоў на іх вялікі попыт. Тым больш што перавыдадзена найлепшае са спадчыны, з дапаўненнямі і каментарамі, рэдкімі фотаздымкамі. Прывезла яна таксама англамоўнае выданне. «У Лондане «Хатынская аповесць» выйшла пад назвай «Хатынь»,— дэманструе Наталля англамоўны асобнік у мяккай абгортцы. — Амерыканскі гісторык і спецыяліст па Усходняй Еўропе Цімаці Снайдэр напісаў да яе такую добрую рэцэнзію, што зацікавіліся нават французы і таксама збіраюцца выдаць кнігу на сваёй мове. У Брытаніі фільм «Ідзі і глядзі», які зняты па гэтай аповесці, лічыцца адным з лепшых кінатвораў ХХ стагоддзя».

— Свята выклікае вельмі цёплыя ўражанні, тут наогул не заўважаеш, як ідзе час, — прызналася Наталля Адамовіч. — У Глушы я адчуваю сябе як дома.

У свой час гэты фестываль як мясцовую ініцыятыву прапанавала старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка. Праект атрымаў фінансавую падтрымку ПРААН. Свята спадабалася і стала традыцыйным. Сёлета гасцей тут сустракалі ў шосты раз.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Бабруйскі раён.

Viewing all 277 articles
Browse latest View live