Quantcast
Channel: Zviazda.By »Культура
Viewing all 277 articles
Browse latest View live

Гісторыяй дыхае кожны куток

$
0
0

Карэспандэнты «Звязды» наведалі старадаўнюю вёску Лужкі, з якой звязаны імёны многіх вядомых гістарычных асоб.

Лужкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне — адно з тых старых, багатых на гісторыю беларускіх паселішчаў, якое знаходзіцца на водшыбе ад буйных дарог, гарадоў, і для многіх існуе ў паралельнай рэальнасці. Але калі ты пабываў тут хоць аднойчы, наўрад ці пасля забудзешся пра яго. І сапраўды, ёсць такая асаблівасць у нашых вёсак. Здаецца часам, што трапіў у зусім глухі куток, як раптам з-за павароткі з’яўляецца вежа прыгажуна касцёла, званіцы старой царквы альбо багаты старадаўні парк, які і сёння не страціў свайго хараства. Так, многае, на жаль, у нашых вёсках не захавалася, яго ўжо не адновіш, але і тым, што засталося, ганарыцца варта, клапаціцца трэба. А ў Лужках такіх месцаў для гонару сапраўды хапае.

22-30

Сёння тут, безумоўна, цывілізацыя. Аднак далёка не кожны ведае: яна па ранейшых мерках і больш 200 гадоў таму тут была. Лужкі ведалі па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім! Але аб усім, паважанае спадарства, па парадку.

У Лужках вучылі паэзіі

Упершыню Лужкі ўзгадалі ў 1519 годзе. Тады яны належалі славутым Сапегам, пасля пераходзілі ад аднаго ўласніка да другога. Чапскія, Жабы, Плятэры… Але менавіта Жабы стварылі з гэтага паселішча над рачулкай Мнюта сапраўднае мястэчка. Асаблівым чынам вызначыўся полацкі кашталян Валяр’ян Жаба. Гэта ён запрасіў у Лужкі рамеснікаў, дамогся таго, каб там двойчы на год праходзіў кірмаш, гэта ён дбаў пра навуку: паклікаў славутых сваёй школьнай адукацыйнай працай каталіцкіх манахаў піяраў, што стварылі тут калегіум.

Навуковы курс у іх разлічваўся на 7 класаў. Дысцыпліны ў піярскім калегіуме былі чымсьці падобныя да таго, што вучаць дзеткі ў розныя гады навучання ў сучаснай школе: арыфметыка, мовы, геаграфія, алгебра. Карысталіся вучні нават… мікраскопамі. Вучылі ў калегіуме асновам складання вершаў. Выкладалі прафесары Віленскага ўніверсітэта! Навучанне — бясплатнае. Плату бралі толькі за пражыванне ў інтэрнатах. Пасля паўстання 1830-1831 гг. калегіум закрылі, а піяраў — разагналі.

Запомніўся Валяр’ян Жаба і пабудовай, якую можна лічыць архітэктурнай перлінай Лужкоў. Выкшталцоны барочны касцёл Міхала Арханёла лёгка б упрыгожыў вуліцы любога горада. Калі падыходзіш да гэтай белай святыні, адчуваеш, што фасад выгінаецца перад табой дугой. Такая вось яго асаблівасць. Раней у ім хапала старадаўніх абразоў, але ў час атэізму ўсё вывезлі, тут быў склад мінеральных угнаенняў. Цяпер іконы знаходзяцца ў полацкім музеі, а дапамагаць лужкоўскаму касцёлу з абразамі прыйшлося суседнім парафіям. А вось старая царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Лужках ніколі не закрывалася. Кажуць, у храме ў свой час знаходзіліся абразы пэндзля самога Андрэя Рублёва.

22-31

Але звязаны Лужкі не толькі з хрысціянамі. Як адзначае старшыня Лужкоўскага сельсавета Таццяна КРАСНАДУБСКАЯ, у свой час тут жыло шмат яўрэяў.

— Аб гэтым сведчаць і вялікія могілкі, і руіны сінагогі, у якой таксама працаваў хедэр, пачатковая школа для яўрэяй, — апавядае спадарыня Таццяна і вядзе нас ад цэнтра мястэчка да сінагогі. Шлях займае некалькі хвілін. — Менавіта ў Лужках, у беднай сям’і, нарадзіўся Эліэзэр Бен-Егуда (сапраўднае імя Элізэр-Іцхак Перэльман), адраджальнік іўрыту. Пражыў тут 12 гадоў. Хадзіў у хедэр. Пасля з’ехаў. Прысвяціў жыццё іўрыту. І дамогся таго, каб у Палесціне гэтая мова стала адной з дзяржаўных.

Будынак былой сінагогі (пасля тут была газавая крама) выглядае даволі сумна. Чакаючы рэканструкцыі. Дарэчы, сінагога — гэта не адзінае сведчанне пра яўрэяў у гэтым мястэчку. Да сённяшніх часоў захаваліся дамы, у якіх калісьці жылі яўрэі, а ў цэнтры летась устанавілі дошку ў гонар Бен-Егуды.

— Мы шануем гэтага чалавека, памяць пра яго, — кажа Таццяна Краснадубская. — Ёсць мясціны, звязаныя з яго сям’ёй. На мясцовых могільніках пахаваны яго сваякі, бацькі. Застаўся падмурак ад іх хаты. Дарэчы, спонсарскую падтрымку нам аказала аб’яднанне яўрэйскіх абшчын. На адкрыццё з Ізраіля прыязджаў праўнук Бен-Егуды.

22-29

Палац, які стаў сельскагаспадарчай канторай

Лужкі і суседні Гарадзец раней былі рознымі населенымі пунктамі, але межаў паміж імі не было. Гэта асабліва адчуваецца цяпер, калі ты нават не разумееш, што з Лужкоў трапіў у Гарадзец, які калісьці належаў знакамітаму роду Зібергаў-Плятэраў. Гэта наогул фантастычнае месца. Тут не толькі захаваўся палац, у якім жылі графы, але і астатнія гаспадарчыя пабудовы. Да 1939 года Гарадзец быў уласнасцю Яна Зіберга-Плятэра. Падчас вайны пад свае патрэбы палац узялі нямецкія акупанты, пасля — мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Двухпавярховы палац хоць і знаходзіцца пад аховай закона, добра захаваўся, але такасама патрабуе рэканструкцыі.

Напэўна, адзіны мінус Лужкоў і Гарадца, у чым з намі пагадзіўся Алесь Варыкіш, кіраўнік фонду «Краіна замкаў», нязручнае геаграфічнае становішча. Калі б уся гэтая прыгажосць знаходзілася ў непасрэднай блізкасці ад сталіцы, людзей бы тут было багата. Грошы ад турызму, зразумела, таксама былі б іншыя. Гісторыяй тут пахне літаральна кожны будынак, кожны метр зямлі насычаны ёй. Знаходкі здараюцца і цяпер. Колькі гадоў таму мясцовы краязнавец Эдмунд Гірын вызначыў, што ў Лужках да сённяшніх часоў захаваўся дом, дзе жыў славуты ваенны дзеяч Станіслаў Булак-Булаховіч, які кіраваў гаспадаркай у Плятэраў. Вось такая мясціна, якая патрабуе вялікай увагі турыстаў да сябе. Абяцаем, тэму Лужкоў і падобных мястэчак не губляць і падтрымліваць на старонках нашай газеты надалей.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Шаркаўшчынскі раён.

На фота: царква ў Лужках ніколі не зачынялася; у часы атэізму ў касцёле Міхала Арханёла месціўся склад мінеральных угнаенняў; палац у Гарадцы належаў славутаму роду Плятэраў

Фота Надзеі БУЖАН


Ад журналістыкі да літаратуры — адзін крок…

$
0
0

…праз браму мар.

Журфак БДУ заўсёды быў тым месцам, дзе пачыналі свой творчы шлях не толькі будучыя «акулы пяра», але і пісьменнікі: Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дайнека, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў — гэты спіс можна падаўжаць, здаецца, бясконца. У Інстытуце журналістыкі БДУ і цяпер не забываюцца на сваю цесную сувязь з літаратурай — новых «зорак» тут ужо пяць гадоў шукаюць на конкурсе «БрамаМар», дзе з першапачаткоўцамі працуюць прызнаныя майстры. Пра тое, чым апошні адрозніваўся ад папярэдніх, куды вядуць шляхі новай беларускай літаратуры і якія праблемы турбуюць сучасную творчую моладзь, расказаў адзін з арганізатараў, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Уладзімір КАПЦАЎ.

22-2

Ула­дзі­мір Кап­цаў са сту­дэнт­ка­мі трэ­ця­га кур­са Ін­сты­ту­та жур­на­ліс­ты­кі БДУ
На­дзе­яй Краў­чук і Мар’­яй Ян­ко­віч, якія бу­дуць ар­га­ні­зоў­ваць кон­курс «Бра­ма­Мар» у на­ступ­ным го­дзе.

Стаўка на самых юных

— Штогод у арганізацыі конкурсу нешта мяняецца. Мы адэкватна глядзім на свае магчымасці, адпаведна выбіраем і фармат для «БрамаМар». Сёлета вось вырашылі больш актыўна прыцягваць школьнікаў. У нас і раней была асобная намінацыя для юных аўтараў— «БрамаМар-юні», але ў гэтым годзе яе ўдзельнікі фактычна выйшлі на першы план — як па колькасці твораў, так і па іх якасці. Такая своеасаблівая «хвіліна славы» для школьнікаў.

Самая вялікая арганізацыйная праблема — данясенне інфармацыі да ўдзельнікаў. Для мяне дзіўна, што ў сучасным тэхнічна развітым грамадстве ўзнікае такое пытанне. Нярэдка даводзіцца чуць ад студэнтаў, што яны банальна не ведалі аб правядзенні конкурсу. Аналагічная праблема ўзнікае і са школамі — многія проста не адгукаюцца на нашы запрашэнні. Тым не менш яркіх і таленавітых школьнікаў хапае.

Яшчэ адзін наш сёлетні эксперымент — вызначэнне пераможцаў. Раней тэксты дасылаліся загадзя, мы фарміравалі шорт-ліст, потым праводзілі другі тур з агульнымі творчымі заданнямі для фіналістаў, па выніках якога журы вызначала пераможцаў. Цяпер жа прапанавалі пісьменнікам, якія праводзілі майстар-класы для ўдзельнікаў, прыдумаць свае творчыя заданні. Моладзь іх выконвала, а пераможцу выбіралі, так бы мовіць, на месцы па выніках працы. Можа быць, гэта дадало суб’ектывізму, бо кожнаму патрэбен розны час на тое, каб напісаць штосьці годнае… Але адначасова вырас і ўзровень «драйву», а гэта вельмі важна. Вось у такім спалучэнні амаль спартыўнай канкурэнцыі і літаратуры, як мне падаецца, маладым аўтарам было цікава працаваць.

Калі казаць пра саміх удзельнікаў, дык сфарміраваць нейкі зборны партрэт цяжка. Вядома, больш за ўсё да нас прыходзіць студэнтаў-філолагаў, але і «фізікі» не з’яўляюцца рэдкім выключэннем. Напрыклад, на самым першым конкурсе ў намінацыі «Паэзія» пераможцам стаў хлопец з фізіка-матэматычнага факультэта БДУ. Усё вызначае талент. У той жа час мы, так бы мовіць, «вярбуем» на журфак школьнікаў: сёлета сем удзельнікаў «БрамаМар» сталі студэнтамі нашага факультэта.

Люстэрка «дарослай» літаратуры

— Мы традыцыйна не маем праблем з работамі ў намінацыях «Проза» і «Паэзія» — яны заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. Затое здараюцца неспадзяванкі на іншых «франтах», і гэта адлюстроўвае нашу агульную карціну ў літаратуры.

Узяць, напрыклад, драматургію. Штогод сутыкаемся з тым, што драматычныя творы — гэта адзінкавы тавар на літаратурным рынку. Пятро Васючэнка, які некалькі разоў быў членам нашага журы, кажа, што драматургам можна стаць толькі пасля 40 гадоў. І я разумею, што ён хоча сказаць, — драматургія ці эпічная проза патрабуюць ад аўтара пэўнага жыццёвага досведу. Паэтам можна нарадзіцца на свет і рэалізавацца амаль у любым узросце, узгадаем тую ж Віку Трэнас. Такім чынам, я пагаджаюся са спадаром Васючэнкам, але ад намінацыі мы не адмаўляемся, каб не страцілі свой шанц тыя, у каго ёсць задаткі.

Велізарная праблема і з крытыкай — пэўна, нават большая, чым з драматургіяй. І гэта таксама адлюстроўвае агульны стан — у нас зусім мала сапраўды таленавітых крытыкаў у розных сферах, калі весці размову не пра старэйшае пакаленне, а пра больш маладых. Бо крытык павінен валодаць такім жа талентам, як і пісьменнік. Мы таксама прынцыпова працягваем праводзіць конкурс і па гэтай намінацыі. Сёлета цалкам сканцэнтраваліся на кінакрытыцы і не прагадалі. На другім курсе спецыяльнасці «вэб-журналістыка» знайшліся зацікаўленыя ў гэтым студэнты, яны даслалі з дзясятак работ і «піярылі» намінацыю на сваім сайце. Іх прачыталі прафесіяналы — галоўны рэдактар часопіса «На экранах» Людміла Перагудава, загадчыца нашай кафедры кінакрытык Людміла Саянкова. Пасля гэтага адбыліся і персанальныя размовы паміж імі. Студэнты зразумелі, што яны нешта могуць не толькі ў вэб-журналістыцы, але і ў крытыцы, і калі ўсё будзе ісці як след, яны знойдуць сябе ў гэтай творчай галіне. Калі так здарыцца, я палічу, што конкурс сёлета сваю задачу выканаў. Дарэчы, менавіта ўвядзенне моладзі ў пэўную літаратурную «тусоўку» я лічу адной з галоўных задач «БрамаМар».

Калі размаўляць пра тэматычнае кола, то тут трэба адзначыць галоўнае — удзельнікі пішуць пра ўсё. У іх творах закранаюцца ўсе без выключэння традыцыйныя тэмы. Хутчэй за ўсё, гэта абумоўлена ўзростам. Маладосць — час, калі цябе цікавіць увесь свет, ты не абмяжоўваешся адной ці некалькімі сферамі. З іншага боку, разуменне многіх жыццёвых з’яў у маладых аўтараў бывае максімалісцкім ці занадта спрошчаным. Яны пакуль не бачаць, што некаторыя рэчы складанейшыя, чым яны здаюцца на першы погляд.

Мы неяк спрабавалі спецыяльна задаць адну тэматыку — ваенную, — але не магу сказаць, што атрымалася добра. Было мала «жывых» тэкстаў. І ў гэтым ёсць свая праўда жыцця, бо паэзія таксама грунтуецца на перажытым. А пакаленне тых, хто бачыў вайну, паступова адыходзіць. Моладзь усё менш чуе пра тыя падзеі з першых вуснаў і гэта скажае ўспрыманне.

На якой мове пісаць?

— Моўнае пытанне вельмі няпростае. Умова, якую нам ставяць спецыялізаваныя выданні, — «мы надрукуем толькі па-беларуску». Прозу моцных маладых аўтараў могуць перакласці, праўда, не ўсе разумеюць, колькі нюансаў аўтарскага стылю пры гэтым страчваецца. Мы імкнёмся, каб конкурс быў максімальна раўнапраўным і адкрытым для ўсіх, але атрымліваецца, што ў беларускамоўных аўтараў ёсць прыярытэт.

З іншага боку, самі разумеем, што беларускае трэба падтрымліваць, таму праводзім свае вечарыны на мове. Некалі нават жартавалі, што графаманам прасцей быць, калі пішаш па-руску, чым калі па-беларуску. Але не трэба адыходзіць ад рэальнасці — пераважная большасць моладзі размаўляе па-руску, гэтая мова стала для іх роднай. Калі чалавек піша на рускай мове і робіць гэта таленавіта, то навошта яму замінаць? Магчыма, падтрымка стане для яго прыступкай ва ўсведамленні таго, што беларускі пісьменнік павінен пісаць толькі па-беларуску, асабліва што датычыцца празаікаў. Не трэба разбураць усё ў самым пачатку: «Пішаш па-руску? Ну і пішы сам для сябе».

Калі паэт з Магілёва Дзмітрый Дзмітрыеў адным радком змог перадаць усю гісторыю мінулага стагоддзя, але зрабіў гэта па-руску, гэта не змяншае яго геніяльнасці: «Арийская спичка, сгорев безвозвратно, обнаружит в себе чернокожего брата». Дарэчы, цяпер ён піша і па-беларуску, што толькі пацвярджае маю папярэднюю думку.

Добра, што «БрамаМар» не становіцца зусім «камерным» конкурсам, хоць у самым пачатку і была прапанова праводзіць яго выключна для журфакаўскіх студэнтаў. У нас шырокая геаграфія, вялікая колькасць удзельнікаў… Дарэчы, ёсць нават маленькая традыцыя: фіналісты-журфакаўцы вяртаюцца да нас ужо ў якасці арганізатараў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Джаспер &Эмілі

$
0
0

Ён і творы свае называе заўсёды двума словамі праз гэты злучнік — «Джаспер & Эмілі», «Трубакладчык & Сцяна», «Горад & Маска», — і сам на такі ж манер прадстаўляецца: Аляксандр Змушка & Саша Тэмлейн. Першы — кандыдат біялагічных навук, навуковы супрацоўнік аддзела біятэхналогіі Інстытута пладаводства, другі — пісьменнік, які працуе ў жанрах навуковай фантастыкі, прыгодніцкага, філасофскага і гумарыстычнага фэнтэзі, альтэрнатыўнай гісторыі і дзіцячай казкі.

22-111

Джаспер быў дрэвам.

Ён усё папярэдняе жыццё марыў абярнуцца дрэвам, і вось у яго атрымалася. Джаспер спакойна рос, магутна распасцёршыся над абрывам; яшчэ крыху — і яго карэнне паласкалася б у аблоках і хмарах. У яго зялёнай галаве звіла гняздо нейкая птушачка, але, паколькі ў папярэднім жыцці ў заалогіі ён асабліва не разбіраўся, то не ведаў, што за яна. Але птушачка так смешна вымаўляла раніцай «Пень! Пень!», што Джасперу адразу ж прыйшлася даспадобы. Лістоты ў яго не было — адны толькі трывалыя шыпулькі, а ствол ён меў звонкі і залацісты, як і належыць усялякай добрасумленнай сасне.

Джаспер быў сваім жыццём больш чым задаволены.

Тут ніколі не было суха, а глебы хапала, каб учапіцца вузлаватымі каранямі.

Высока-высока ўгары чорнымі кропкамі луналі птушкі, зрэдку прабягаў горны баран, а ўнізе, пад абрывам, праз жмуты аблокаў віднеўся Горад: маленькі, такі ўтульны і прыгожы, быццам быў выбудаваны з карамелі і зацвярдзелай нугі. Джаспер памятаў, што калісьці ён жыў у ім, але там было занадта шумна, вечна патрабавалася размаўляць і нешта вырашаць, а ён гэтага не любіў.

Тут Джаспер таксама зрэдку гутарыў: калі вецер, які жыве высока ў пячоры на схіле гары, разыходзіўся не на жарт, то хвоі рыпелі і стагналі — скардзіліся адна адной на жыццё, а то і дзяліліся плёткамі або фантазіямі пра тое, што нядрэнна б ім было стаць карабельным лесам, трапіць у лапы лесніка з сякерай, стаць выдатнай стройнай мачтай і пабачыць чужыя краіны.

Джаспер ні пра што гэтакае не марыў.

Ствол яго быў зламаны дзесяць разоў, галіны раскінуліся шырока ў бакі, а карані апляталі скалу, як буйнакалібернае павуцінне. Раз на год, як і належыць, на ім спелі шышкі, і ён скідаў іх уніз; можа, дзесьці там, пад аблокамі, на зялёных лугах, каля ручаёў яны і маглі вырасці ў самых сапраўдных прыгажунь і атрымаць шанец аказацца фарштэўнем, кілем, а то і носам прыгожага карабля.

А яшчэ Джаспер меў сябра.

Гэта была маленькая дзяўчынка, якая нярэдка гулялася ля яго каранёў, нягледзячы на строгую забарону бацькоў. Яна таксама была з Горада, і Джаспер, калі б захацеў, нават мог цьмяна ўзгадаць яе прадзеда — з той пары, калі ён яшчэ быў чалавекам.

Спачатку ўсё ішло добра.

Час цягнуўся, нічога не мянялася, ды Джаспер і не хацеў перамен.

Ён для таго і стаў дрэвам, каб шыпулькі свабодна зелянелі па паветры, на галінах цвыркалі птушкі, а карані магутным доўгім высілкам цягнулі вільгаць з зямлі. Але перамены былі непазбежнымі. Да Горада ўнізе правялі шырокую дарогу, і ён застракацеў намётамі, ларкамі і шатрамі з дарагіх адрэзаў тканіны. Праз Горад праходзіла шмат гасцей: ён рос, разбухаў, як кропля. Знаёмая дзяўчынка — здаецца, яе звалі Эмілі, — таксама вырасла і ператварылася ў нязграбнага падлетка… Упершыню Джаспер адчуў нейкі неспакой: яго задавальняла, калі ўсё ідзе, як ёсць. Няхай ён і не хацеў жыць у Горадзе, але любіў яго такім, якім той быў, і гнеўна глядзеў на пухліну, якая расла ўнізе — крывабокія, абы-як пабудаваныя дамкі.

«А што, калі б я зноў нарадзіўся чалавекам, то мог бы ўсё змяніць?» — падумаў ён, але адразу ж адкінуў гэтую недарэчную думку. Да таго ж Эмілі перастала прыходзіць, і Джаспер павольна старэў на сваёй скале…

Але аднойчы сёе-тое змянілася — зусім.

Джаспер упершыню ўбачыў гэтыя клубы дыму раніцай.

Яны падымаліся над стэпам, быццам нябачаны жоўты пажар, і загарадзілі сабой палову гарызонту. Крывава-чырвонае сонца падымалася ўгору, купаючыся ў гэтым пыле. А затым пыл стаў набліжацца.

І Джаспер убачыў людзей: маленечкія, як мурашкі, са зморшчанымі тварамі, падобнымі да печаных яблыкаў, і зіхоткімі вострымі шаломамі, яны злосна сцябалі сваіх нізкарослых чэзлых конікаў. Яны імчаліся і імчаліся ад гарызонту да Горада, і не было ім ні канца ні краю.

А затым Горад запалаў!

Агонь разліваўся, як вішнёвае варэнне, якое Джаспер так любіў у чалавечым дзяцінстве. З жахам і лютасцю ён глядзеў, як агонь паглынае выродлівыя пабудовы, што сталі яму цяпер такімі дарагімі.

І тады ён убачыў Эмілі. У сукенцы, якую даводзілася прытрымліваць абедзвюма рукамі, яна імчалася па вузкай сцежцы, абдзіраючы рукі ў кроў і збіваючы чаравікі. Спачатку Джаспер падумаў, што яна бяжыць да яго (што за недарэчная думка?!) — але пасля зразумеў: леваруч праз прорву быў працягнуты вераўчаны мост. Калі па ім перайсці, а затым абсекчы канцы…

У руцэ Эмілі быў заціснуты нож.

На няшчасце, да моста вяла не адна дарога, а цэлыя тры!

І першыя дзве ўжо запоўніліся людзьмі. Джаспер у гневе глядзеў на гэтыя плоскія твары, захопленыя звярынай пажадлівасцю і злосцю; на адзенне, што больш было падобна на рыззё; на мячы — крывыя і залітыя крывёй. Эмі моўчкі абхапіла яго ствол рукамі і заплюшчыла вочы. Дыханне вырывалася з яе грудзей з сіпам, нерытмічнымі рыўкамі.

— Вось і ўсё, раптам прамовіла яна голасам маленькай Эмі. — Бывай, дрэва.

І яна адпусціла пальцы.

Джаспер зароў.

Злавіўшы вецер, што заблукаў у вышыні, ён паспешліва сплёў з яго патокаў смяротныя вузлы. Старая плоць выдала нямы стогн. Так, ён па-ранейшаму быў моцным і магутным, і мог бы чапляцца за жыццё яшчэ доўга — але не гэтага хацеў. Карані з агідным віскам выдраліся з зямлі. Вырываліся і падалі ў прорву камяні. Дзікуны стоўпіліся каля моста і са страхам пазіралі на гэта дзейства.

— Ён рос над абрывам, — гаўкнуў адзін з іх. — Напэўна, не вытрымаў свайго цяжару. Жыхары неба забіраюць яго. Ён падае.

У глыбокай пашане яны глядзелі, як каласальны ствол перакрэсліў празрысты, блакітнавата-шызы акіян і прызямліўся дакладна на пляцоўку на тым баку.

— О, божа! — выдыхнула Эмілі. — Ты зрабіла гэта для мяне?! Для мяне, дрэва?!

Джаспер сярдзіта зашумеў ветрам у галінах.

Больш не марнуючы часу, яна папаўзла.

Прыгожы крыналін і шоўк не прызначаліся для поўзання па старым ствале хвоі. Яна разадрала локці і распарола спадніцу. Варвары, апамятаўшыся, з галёканнем лезлі за ёй. Але галіны быццам трымалі іх, сукі лезлі ў вочы, ствол вылузваўся з рук. І калі яна, дрыжучы ад напружання, ступіла на цвёрды пятачок па той бок, дрэва раптам зарыпела.

Ніжнія галіны падламаліся, і ствол, зрабіўшы грацыёзны паварот вакол сваёй восі, з пераможным стогнам строс, як мурашак, наліплых на яго дзікуноў, і павольна ды велічна адышоў уніз…

Падаў ён доўга, вельмі доўга — бездань была такой, што груку падзення Эмі не пачула.

У вар’яцтве пагоні, у крыві паміраючага горада, у роспачы надзеі ёй здалося, што велічэзны ствол упаў не проста так: ён ратаваў яе ад забойцаў і гвалтаўнікоў, і ён жа павёў іх за сабой.

— Ён ахвяраваў сабой дзеля мяне, — шапнулі разбітыя вусны Эмі. — О, якая вар’яцкая думка!

Але, быць можа, яе суцешыла б тое, што Джаспер, працінаючы воблака і разбіваючыся аб каменную пліту ўнізе, зусім пра гэта не шкадаваў.

Аляксандр Тэмлейн

Брэсцкая Біблія як эфектыўны піяр-праект ХVІ стагоддзя

$
0
0

Пра старадаўнія вытокі сёлетняй культурнай сталіцы, а таксама новыя гістарычныя сенсацыі гаворка пойдзе на «Берасцейскіх кнігазборах» — 2015.

23 верасня ў Брэсце пачынае сваю работу міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання». Гэта ўжо трэці форум, аб’яднаны адной тэмай. Наша сённяшняя гутарка з яго нязменным арганізатарам, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага Алай МЯСНЯНКІНАЙ.

11_0

— Ала Міхайлаўна, давайце згадаем, з чаго пачыналіся «Берасцейскія кнігазборы» і як нарадзілася ідэя вывучаць страчаныя бібліятэкі палацаў і маёнткаў Брэстчыны?

— Гадоў дзесяць таму на адной з навуковых канферэнцый у Мінску я слухала даклад вучонага з Літвы. Там прагучала, што аснову калекцыі старых кніг бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта складае былая бібліятэка палаца Сапегаў у Ружанах. Для мяне гэта было не проста адкрыццё, хутчэй — азарэнне ці момант ісціны. Бо я свята верыла, што ўсё наша кніжнае багацце былых часоў згарэла. Так нас вучылі некалі ў інстытутах.

Пазней я пазнаёмілася з работамі Мікалая Нікалаева, з якіх стала зразумела, што аснову і гордасць Расійскай нацыянальнай бібліятэкі складаюць кнігі, вывезеныя таксама з гэтых тэрыторый. Напрыклад, адна з калекцый вывезена са Скокаўскага палаца Нямцэвічаў. Ёсць, напрыклад, зусім недаследаваны фонд Дабрахотава. І Санкт-Пецярбургскае аддзяленне бібліятэкі Акадэміі навук Расіі мае вывезеныя з Беларусі і Брэстчыны кнігі. Кнігазбораў з нашых тэрыторый у замежжы вельмі і вельмі шмат. Вось тады я напісала першы ліст прафесару Нікалаеву. Прайшлі гады. Вынікам той перапіскі, пасля перамоў у пэўным сэнсе, і стала першая канферэнцыя па кнігазборах.

Праўда, да гэтага мне давялося заразіць сваёй ідэяй калег, заручыцца падтрымкай тагачаснага начальніка ўпраўлення культуры Рыгора Рыгоравіча Бысюка. Разам мы правялі каласальную работу па падрыхтоўцы. І першая канферэнцыя ў Брэсце адбылася ў 2008 годзе.

— Тады, відаць, вы яшчэ не замахваліся на вялікія праекты, якія ўдалося ажыццявіць пазней?

— Ні ў якім разе. Пры падрыхтоўцы першага форуму мы задаваліся пытаннем, ці можна расказаць гісторыю Брэста і Брэстчыны з дапамогай кнігі і бібліятэк? Са школьных гадоў мы ўсе ведаем, што на нашай тэрыторыі некалі развіваліся сельская гаспадарка, прамысловасць, тут ствараліся творы мастацтва. Значыць, многія з далёкіх продкаў былі адукаванымі людзьмі. І калі мы звярнуліся да гісторыі маёнткаў у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім, Іванаўскім і іншых раёнах вобласці, знайшліся сведчанні, што ў кожным была свая бібліятэка. Зразумела, інтэрнэту тады не існавала, тэлебачання не адкрылі, а веды, адукацыю атрымаць можна было толькі з кнігі.

Засталіся каталогі асабістых збораў кніг магнатаў і шляхты. Тады кніга лічылася каштоўным таварам, яе выпісвалі са сталічных крам. Ну а пасля набыцця звесткі пра асобнік занатоўвалі ў каталог. Нават па каталогах можна вызначыць, чым займаўся гаспадар маёнтка. Калі развіваў земляробства, значыць, заказваў выданні па агранаміі; калі ж набываў літаратуру па прамысловасці, відавочна, меў заводзік, а то і не адзін. Жонкі магнатаў, як правіла, выпісвалі выданні па музыцы, модзе, выхаванні дзяцей.

А Сапегі, чыя бібліятэка была самая вялікая, 500 гадоў аказвалі ўплыў на знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы. Хіба ж не цікава, на якіх кнігах яны вучыліся і выхоўвалі новыя пакаленні? Калі ж адштурхнуцца ад кнігі той эпохі, то абавязкова зацікавішся побытам, грашыма, традыцыямі, норавамі, ну і вядома, палітыкай. Куды ж без яе?

библия

— Так з’явілася ідэя віртуальнай бібліятэкі Сапегаў…

— Спачатку ідэя, а потым яе лічбавае ўвасабленне. Пачаткам гэтага цікавага дыска можна лічыць таксама нашу канферэнцыю. Пазней пры падтрымцы калег з блізкага і далёкага замежжа, а таксама бюро ЮНЕСКА ў Маскве выйшла ў свет электронная копія 30 кніг збору. Яе прэзентацыя адбылася ў Ружанскім палацы, частка якога адрэстаўравана за апошнія гады. Такім чынам калекцыя ў пэўным сэнсе вярнулася на радзіму.

Добры пачатак нас натхніў. І вось ужо ёсць віртуальная калекцыя твораў Юзафа Крашэўскага. Крашэўскі — фігура надзвычай цікавая. Самы пладавіты пісьменнік, напэўна, не толькі сваёй эпохі. Хто яшчэ можа пахваліцца шасцю сотнямі тамоў? Так, ён пісаў па-польску. Але ж хіба з гісторыі выкінеш факт, што наша зямля не раз пераходзіла то да Польшчы, то да Расіі? Мы не бяром у разлік мову, але звяртаемся да людзей, якія жылі на гэтай зямлі, насычаліся яе культурай і пакідалі пасля сябе літаратурныя творы. Гэта вельмі цікава вывучаць. Паверце, гэта зацягвае.

— Ці дапамагаюць вам у вашай справе калегі з музеяў, архіваў, іншых устаноў?

— Наша супрацоўніцтва настолькі цеснае, што на сёлетняй канферэнцыі будзе працаваць асобная музейная секцыя. Вядома, аснову навуковых дыскусій па-ранейшаму складае кніга. Але ў нас з’явілася, напрыклад, такая цікавая тэма, як 350-годдзе Брэсцкага манетнага двара. Пра згаданы двор наогул няма ніякіх навуковых звестак. Наша размова прэтэндуе стаць першай ластаўкай згаданага навуковага кірунку. Асобная гаворка пойдзе пра кніжны гандаль мінулых стагоддзяў. Аказваецца, раней, чым бібліятэкі, у нашым горадзе з’явіліся кніжныя крамы са спецыяльнымі аддзеламі. Там за невялікую закладную плату давалі кнігу пачытаць. Нешта падобнае напісана пра крамы-бібліятэкі Парыжа ў «Свяце, якое заўсёды з табой» Хемінгуэя. А ў Брэсце гэта ўзнікла, выходзіць, нашмат раней.

Надзвычай цікавая тэма — 500-гадовы юбілей Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён аказаў значны ўплыў у свой час не толькі на рэгіён, але і на лёс дзяржавы ў цэлым. Гэта была фігура… нават цяжка вызначыць, якога маштабу. Для нас ён найперш цікавы тым, што стаў заснавальнікам першай друкарні на тэрыторыі ВКЛ (на лацінцы) менавіта ў Брэсце.

— І выдаў Брэсцкую Біблію, частку арыгінала якой набыла ваша бібліятэка пасля адной з канферэнцый…

— Усё правільна. Знакавую для нас Біблію мы маем намер вывучаць далей, у тым ліку на навуковых форумах. Дарэчы, на сёлетнюю канферэнцыю адзін з самых вядомых кнігазнаўцаў Еўропы прафесар Вацлаў Валецкі з Кракава едзе з дакладам «Брэсцкая Біблія як найбуйнейшы піяр-праект ХVІ стагоддзя». Так было. Мікалай Радзівіл Чорны выдаў адну з самых прыгожых і багатых кніг свайго часу. Ён дарыў фаліянты каралям і магнатам Еўропы. Пасля гэтага Брэст стаў з’яўляцца на картах Еўропы. Гэта ўжо даказаны факт і прыклад эфектыўнага піяру. Я бачу работу гэтай секцыі ў рамках праекта «Брэст — культурная сталіца». Тут само сабой напрошваецца «Брэст — культурная сталіца, таму што…» і можна пералічваць тое, што гаварылася вышэй. Я вельмі спадзяюся, што мы ўрэшце адшукаем сляды кніжных крам з элементамі бібліятэк. А раптам месцазнаходжанне іх супадзе з адрасамі цяперашніх падобных устаноў? Можна будзе і шыльдачку павесіць.

…З цікавым дакладам чакаем прафесара Нікалаева, адданага сябра нашай канферэнцыі. Заяўлены самыя розныя даклады на тэму развіцця кніжнай справы ў Брэсце.

— Ала Міхайлаўна, ужо стала традыцыяй, што на «Берасцейскіх кнігазборах» здараюцца сенсацыі. Ці будзе так і на гэты раз?

— На адной з канферэнцый брэсцкі краязнаўца Анатоль Гладышчук зрабіў даклад, які стаў сапраўды сенсацыяй. Анатоль Антонавіч тады дакладна паведаміў месца радзівілаўскай друкарні. Цяпер мы зноў чакаем ад Гладышчука адкрыцця, бо ў тэме свайго даклада ён заявіў, што вызначыў каардынаты Брэсцкага манетнага двара, да гэтай пары не вядомыя. А яшчэ ён рыхтуе да выхаду вельмі цікавую кнігу пра Берасцейскі замак. Відаць, пра яе нам нешта раскажа.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Кроплі святла

$
0
0

Сонца Равэны запаліла ў Мінску мазаіка.

23_2

Гэта прыгожа. Дробныя бліскучыя кавалачкі ўтвараюць малюнак, які не столькі хочацца расчытаць, колькі ўвабраць усе іскрынкі, з якіх складаецца вобраз. Проста прыгожа — і трэба глядзець. Як мастацтва старажытнай мазаікі ўпісваецца ў сучаснасць: у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь выстава «Рэтраспектыва 1965-2014» з Фонду Ісмаіла Ахметава па развіцці адукацыі і падтрымцы культуры (Расія). Але насамрэч гэта трошкі Італіі. Трошкі святла з берагоў Адрыятыкі, якое здольна прабівацца скрозь самыя цёмныя колеры жыцця і перамагаць іх.

Мастацтва мазаікі нібыта нарадзілася дзеля гэтага: цудоўная тэхніка дазваляе ствараць светлавыя водбліскі ў самых розных колерах. А калі яшчэ стваральнікі твораў з мазаікі ўмеюць гэтым гуляць, то з’яўляецца ўражанне, што гэта іскрынкі Боскага святла ўпалі на паверхню, а людзі зафіксавалі. Магчыма, таму мазаіку так любілі ў храмах, асабліва візантыйскіх, ды ў некаторых італьянскіх яе можна пабачыць, напрыклад у старажытных будынках Равэны. Там умеюць ствараць мазаіку і зараз, ёсць нават Дзяржаўны інстытут мазаічнага мастацтва імя Джына Севярыні. Там перадаюць веды пра тэхніку стварэння мазаікі, але вучаць самаму важнаму, што дае штуршок мастацтву, — любіць. Тое, што нехта вынайшаў. Тое, што нараджае цудоўныя малюнкі. Тое, што і кожнаму мастаку дадзена магчымасць нараджаць свае малюнкі, не падобныя ні на што з былога мастацтва. Напэўна, гэта можна называць эксперыментам для мазаікі. Так, у 80-я, калі ў гэтым мастацтве толькі пачалі з’яўляцца творы новых форм, з узорамі, якія нагадвалі абстрактныя творы, так і лічылі. Але ў нашы дні ўжо нікога не трэба пераконваць у тым, наколькі вытанчанай і вельмі тонкай з’яўляецца мазаіка: яна дорыць эмоцыі, якія трымаюцца ў сэрцы, можа праз тое, што цяпло заключана ў самой тэхніцы, якую зберагалі ў Равэне. Мастакі, чые творы прыехалі ў Мінск, усе там вучыліся: Марка Бравура, Марка Дэ Лука і Вердыяна Марцы. Усе адметныя, вядомыя, актыўныя ўдзельнікі сучасных біенале і выстаў. Але мастацтва мазаікі кожны з іх узбагаціў у залежнасці ад уласнага адчування і разумення: творы могуць складацца не толькі з маленькіх іскрыстых кропель смальты, але і з ракавінак, перлінак, каменьчыкаў, мармуру, нават кавалачкаў цэглы. Творы могуць нараджаць самыя розныя вобразы, і часам здаецца, што бачыш нараджэнне Сусвету з яго галактыкамі, планетамі і вечным святлом, без якога немагчыма жыццё.

Выстава «Рэтраспектыва 1965-2014» — гэта праект, які сабраў больш за 100 твораў сучаснага мазаічнага мастацтва: кропелькі святла, якія лучаць розныя народы і розных людзей, — у кожнага трапіць свой праменьчык.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Па тры бакі палону

$
0
0

Кніга, якая выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», расказвае аб лёсах савецкіх, польскіх і нямецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі.

Пераліваюцца цымбалы, гучыць адзінокая скрыпка… У такой атмасферы была прэзентавана кніга «Цяжкае бярэмя палону: ваеннапалонныя і інтэрніраваныя Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі 1939 — 1951 гг.», якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».

24-31

ў­та­ры кні­гі Ана­толь ШАР­КОЎ і Але­на МОХ-ДА­КУ­НО­ВА.

Каб абмеркаваць новы твор, у гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна сабраліся гісторыкі і эксперты ў галіне ваеннай гістарыяграфіі. Галоўнымі героямі сустрэчы сталі аўтары кнігі — прафесар, доктар гістарычных і кандыдат юрыдычных навук Анатоль Шаркоў і кандыдат гістарычных навук Алена Мох-Дакунова.

— Мы шмат пісалі пра герояў, пра гераічныя ўчынкі, але не трэба забываць, што найперш вайна — гэта трагедыя, — лічыць Анатоль Шаркоў. — І найбольш трагічны лёс напаткаў ваеннапалонных. Прычым усіх ваюючых бакоў. Да нядаўняга часу аб гэтай з’яве і ўвогуле аб людзях, якія трапілі ў палон, не прынята было гаварыць. Але гэта таксама было, і пра гэта трэба ведаць.

Калі для Анатоля Шаркова праца над кнігай стала не першым пісьменніцкім досведам, у тым ліку па гэтай тэме, то для Алены Мох-Дакуновай гэта дэбют. Як расказала даследчыца, праблематыкай Вялікай Айчыннай вайны яна займаецца яшчэ са студэнцкіх гадоў.

— Прычым вялікая колькасць даследаванняў закранае лёс маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — гаворыць Алена Мох-Дакунова. — Мой дзядуля ваяваў на фронце, бабуля была сагнана ў Германію. Такім чынам, асабісты вопыт перарос у навуковае даследаванне, прысвечанае лёсам былых савецкіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў нямецкіх лагерах.

24-33

У кні­зе «Цяж­кае бя­рэ­мя па­ло­ну» зме­шча­ны ўні­каль­ныя кад­ры, зной­дзе­ныя ў ар­хі­вах.

У кнізе «Цяжкае бярэмя палону» адлюстраваны лёс як савецкіх, так польскіх і нямецкіх ваеннапалонных. Параўнаць умовы іх утрымання ў лагерах, жыццё пасля заключэння і ўвогуле акунуцца ў атмасферу зняволення можна дзякуючы дакументам і ўспамінам былых вязняў.

Барыс Папоў, адзін з герояў кнігі, прайшоў праз пакуты канцлагераў Дразды, Масюкоўшчына, лагераў у Гомелі і Мюльбергу (Германія). «Лагеры былі розныя, — успамінае Барыс Антонавіч. — Самы страшны — Дразды. Гэта першы лагер, гэта сотні тысяч салдат і афіцэраў… Нічога не было падрыхтавана для забеспячэння жыццядзейнасці такой колькасці людзей. Я там знаходзіўся 12 дзён,
10 з якіх нас не кармілі. Пілі толькі ваду з забруджанай ракі. Не ведаю, як выжыў…»

А між іншым, Барысу Антонавічу ідзе 94 год! І ён у гэтай зале, сярод прысутных. Прыйшоў, каб павіншаваць аўтараў з кнігай, якая, на іх погляд, павінна стаць сімвалам міру, узаемапаразумення паміж народамі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Аляк­санд­ра ШАБ­ЛЮ­КА

Захапіце жменьку збожжа для «Багача»

$
0
0

Трэці раз Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзяць у Вязынцы «Багач». Сёлета свята адбудзецца 27 верасня, у адзін дзень з Узвіжаннем.

У народным календары «Багач» прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю («к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата») і першаму запальванню хатняй васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Абрад скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы, сямейнага ладу. Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага «Багача», таму арганізатары просяць усіх гасцей захапіць з сабой па жменьцы зярнят.

Сёлета на свяце праспяваюць урачыстыя дажынкавыя песні гурты «Рутвіца», «Мярэжа», «Горынь», «Дайнава» і «Варган», а танцавальную вечарынку зладзяць музыкі і танцоры клуба традыцыйнага танца «Сіта». Апроч таго, будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, а для дарослых запланаваны тэматычныя лекцыі і майстар-класы. Як заўжды, будзе дзейнічаць традыцыйная кухня і кірмаш.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

«Звяздоўскі» падарунак — кітайскаму цэнтру даследаванняў Беларусі

$
0
0

У 2-м Пекінскім дзяржаўным універсітэце на факультэце рускай мовы працуе Цэнтр даследаванняў Беларусі.

Літаральна ў мінулую сераду ў цэнтры адбылася прэзентацыя звяздоўскай бібліятэкі, падоранай кітайскім сябрам Выдавецкім домам «Звязда». Кнігі і літаратурна-мастацкія часопісы дастаўлены ў Пекін дзякуючы падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітаі.

— Цяпер у нас ёсць магчымасць знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай, — гаворыць дэкан факультэта спадарыня Чжан Хойцынь. — Яшчэ раней беларускае пасольства, якое вельмі шмат зрабіла для адкрыцця цэнтра, перадало нам серыю кніг «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі». Калі раней, зазіраючы ў шматтысячнае ўніверсітэцкае кнігасховішча, мы ведалі толькі Міхася Лынькова па рамане «Векапомныя дні», Васіля Быкава па аповесцях «Сотнікаў», «Трэцяя ракета», то сёння можам смела дадаць літаральна некалькі дзясяткаў невядомых раней імёнаў і твораў. А гэта якраз і будзе спрыяць развіццю літаратурных сувязяў, усталяванню кантактаў у галіне мастацкага перакладу.

У цэнтры ў галерэі партрэтаў славутых беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ганаровае месца займаюць Францыск Скарына, Купала і Колас, Васіль Быкаў і Аляксандр Мядзведзь… А дапамагаюць дапоўніць уяўленне пра Беларусь фігуры беларуса і беларускі ў нацыянальных строях. Не лішнім у гэтым зборным вобразе нашай Айчыны стане і падораны «Звяздой» ручнік з беларускім арнаментам.

Кастусь ЛАДУЦЬКА,

г. Пекін, Кітай


Кіно пра Аляксеева

$
0
0

Напэўна, вы ўжо бачылі кранальны кадр з фільма расійскага рэжысёра Міхаіла Сегала, на якім герой Аляксандра Збруева Мікалай Аляксееў з пяшчотна-шчаслівым тварам прытуліўся да акна ў вагоне хуткага цягніка. Але на пачатку фільма былы паэт-песеннік, бард, інтэлігент, у якога за плячыма насычанае марамі, падзеямі і поспехамі жыццё, прадстаўляецца тым, хто стомлена і абыякава дажывае свой век.

25-15

Некалі ён вывеў формулу, якую эмацыйна-надрыўна даводзіў закаханай у яго дзяўчыне сярод лясных дрэў: «Кахаць — значыць даць чалавеку менавіта тое, што яму патрэбна ў гэты момант». А яшчэ: «Каханне — гэта не калі, а што». Сам Аляксееў, напэўна, любіў увесь свет, таму што па вялікім рахунку плыў спакойна па прызначаным яму цячэнні, калі прасілі — даваў, а праз творчасць казаў любіць яго такім, які ён ёсць.

У фільме два часы: сённяшні, у якім упершыню для гледача з’яўляецца разгублены састарэлы Аляксееў, і мінулы, што паказвае дысануючае сваёй жывасцю і насычанасцю мінулае жыццё героя, дзе і Андрэй Таркоўскі, і Юрый Гагарын, і Уладзімір Высоцкі…

Па сюжэце былога барда Мікалая Аляксеева, таго, які стомлена і абыякава дажывае свой век, запрашаюць на радыё, у адмысловую начную праграму, як музыканта, песні якога і сёння напявае моладзь, аўтара, што пакінуў пэўны след у айчыннай музыцы, паўплываў на яе развіццё. Ён, вядома, спачатку нічога не разумее, толькі паступова ўліваецца ў працэс да салодкага ўсведамлення: ён не забыты. Усё шчаслівае мінулае здольна вызначыцца за час адной невялікай праграмы.

Ва ўсім, праўда, ёсць свае «але», і начное радыё таксама можа мець пэўную частку ілюзорнасці. Паглядзім. Затое простая мараль надзвычайнай гісторыі аднаго забытага музыканта і рэцэпты, як зрабіць так, каб чалавек расцвіў і на яго твары праступіла пяшчотнае шчасце, — на паверхні.

Міхаіл Сегал пачынаў свой творчы шлях у поўным метры якраз на кінастудыі «Беларусьфільм», куды быў запрошаны здымаць фільм «Франц+Паліна» пра гісторыю кахання беларускай вясковай дзяўчыны і нямецкага салдата падчас Вялікай Айчыннай. Потым быў паспяховы саркастычны фільм «Расказы», зняты ўжо ў Расіі, які, дарэчы, удзельнічаў у конкурсе мінскага кінафестывалю «Лістапад». На мінулы «Лістапад» трапіла і «Кіно пра Аляксеева».

Адчуць эмацыянальнасць і незваротна ўцягнуцца ў канву фільма нескладана — пераходы ад мінулага да сучаснага і наадварот, першапачатковая загадкавасць запрашэння на радыё і неверагодная ігра Аляксандра Збруева чапляюць. Тут і музыка дапамагае, і легендарныя асобы ў сюжэце, і нечаканы фінал. Крытык Марыя Куўшынава сказала, што «Кіно пра Аляксеева» — раман «У пошуках страчанага часу», напісаны з выкарыстаннем слоўніка ў 300 слоў. Магчыма. Толькі гледачу гэта не перашкодзіць адчуць тую самую, чалавечую цеплыню.

Фільм пакажа тэлеканал TV1000.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Да Міхала

$
0
0

Дзень нараджэння Агінскага: вітанне з радзімы.

Яму 250 — і ўявіце: гэта свята для ўсяго свету. Для самога Агінскага тое ніколькі не было б дзіўным. Увесь свет быў адкрыты для яго пры жыцці: арыстакрат, дзед і бацька якога былі віленскімі ваяводамі, дзядзька Міхал Казімір Агінскі быў віленскім ваяводам і вялікім гетманам літоўскім. І сам ён пачаў палітычную кар’еру яшчэ ў 19 гадоў: дэпутат сейма, потым пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі і Вялікабрытаніі, падскарбій Вялікага Княства Літоўскага. Яго прымалі манархі Еўропы. І нават Кацярына ІІ не адмаўляла сабе ў асалодзе паслухаць музыку Агінскага, да якога асабіста ставілася з прыязнасцю, хоць і разумела, што гэты ліцвін застанецца пры сваіх поглядах. Ён быў чалавекам і па-чалавечы імкнуўся клапаціцца пра сябе і сям’ю (калі адстойваў у імператрыцы маёнткі), але мог ахвяраваць усім, што меў, дзеля самых высокіх мэт: падтрымаў паўстанне нязгодных з падзеламі Рэчы Паспалітай 1794 года матэрыяльна, маральна, духоўна і нават фізічна — камандаваў атрадам. Ахвяраваў на паўстанне, разумеючы, што яго жонка Ізабэла прывыкла да раскошнага жыцця і можа не дараваць. І хоць пасля паўстання Касцюшкі ў іх нарадзіліся двое сыноў, сям’я ўсё адно распалася. Другі шлюб з італьянкай Марыяй Нэры быў больш працяглы (і чацвёра дзяцей), але таксама скончыўся разводам. Надзеі (і спробы) на разуменне пазіцыі часткі ліцвінскай шляхты з боку імператара Аляксандра І таксама не прынеслі плёну. Не жыццё, а суцэльнае расчараванне (нездарма ж з’ехаў з Залесся ў Фларэнцыю), неяк так падаецца.

Ды ну… Як жа тады яму ўдалося прымусіць танцаваць пад свае мелодыі нават ворагаў і цэлы свет? Ці не ёсць гэта сведчанне перамогі яркай асобы, ідэі якой застаюцца актуальнымі на некалькі стагоддзяў? Ідэі могуць быць выкладзены словамі: у Агінскага шмат мемуараў. Але ў яркай канцэнтраванай форме яны могуць выяўляцца ў некалькіх нотах — прыгожых і сумных, якія адгукаюцца ў сэрцы. Ідэаліст, летуценнік, рамантык Агінскі быў верны сабе нават тады, калі яму засталася музыка, у якой можна было самому ствараць сваю краіну. Краіну мар. Але хто ведае, ці ёсць тэрмін даўнасці на здзяйсненне мар? І, можа быць, для таго, каб яны аднойчы здзейсніліся, павінен быць нехта, хто закіне іх у вялікую прастору Сусвету? Колькі часу яна будзе ТАМ разглядацца і чыімі рукамі ўвасобіцца, ужо іншая размова. Аднак Агінскі ўсім сваім няпростым і пакручастым лёсам увасабляў гэтую мару. І вось — КРАІНА ўдзячная Агінскаму.

25-32

Час Агінскага, поўны падзей, надзей, авантур і вялікіх спраў, людзей, якія ўсведамлялі сябе грамадзянамі і засталіся ў гісторыі асобамі. Пра іх пойдзе гаворка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 25 верасня, у дзень нараджэння Міхала Клеафаса. Канцэрт-прынашэнне падрыхтаваў Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь. Праграма «Час Агінскага: таленты і геніі» патлумачыць, з якімі геніямі ён кантактаваў у жыцці і якія на яго ўплывалі — пра гэта паклапацілася даследчыца жыцця і творчасці Агінскага, кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай. Дырыжор канцэрта, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў, мастацкі кіраўнік фестывалю «Год Агінскага ў Залессі» распавядае:

— Мы ўзялі тыя творы, якія могуць быць цікавыя для вялікай залыі з яе аўдыторыяй. Таму ў праграме ёсць маштабныя аркестравыя творы. Найперш — самога Міхала Клеафаса Агінскага. А ён, у прыватнасці, быў аўтарам оперы «Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры». Паводле музыкі Міхала Клеафаса да гэтай оперы зроблена сімфанічная сюіта. Рэдакцыю гэтай музыкі, арыгінал якой уяўляе з сябе, хутчэй, накіды, ператварыў у асобны цэльны твор малады кампазітар Павел Шведаў. Мы канцэптуальную оперу сціснулі, зрабілі «экстракт» вобразаў, тэм, цікавых нумароў.

Опера была навеяна рамантычнымі надзеямі Агінскага, думкамі пра вызваленне краіны (але да напалеонаўскіх абяцанняў яшчэ было далёка), яго, хутчэй, захапляла моцная асоба, якая натхняла многіх творцаў, і яшчэ не было расчаравання… Але сярод вялікіх палотнаў у праграме ёсць маленькія перлінкі, дыяменцікі. Сярод іх — музыка самога Міхала Клеафаса, але яшчэ яго настаўніка музыкі Восіпа Казлоўскага і дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага. Мы зрабілі яе максімальна прадстаўнічай па жанрах і стараліся напоўніць архіўнымі знаходкамі. Гэта праграма адкрыццяў — і з пункту гледжання факталогіі, якая павінна ўзмацніць адчуванне саміх твораў.

— Таму што трэба будзе тлумачыць, напрыклад, чаму ў гэты вечар гучыць твор Моцарта?

— Так, яго Сімфонія №21 напісана (а значыць, і выконвалася, бо Моцарт у стол не пісаў) у 1772 годзе, калі Андрэй Агінскі (бацька Міхала Клеафаса) з сям’ёй адпраўляецца ў Вену з найважнейшай дзяржаўнай місіяй — перамовы з аўстра-венгерскай каронай пра захаванне альбо пераўтварэнне нашай агульнай з Польшчай дзяржавы Рэчы Паспалітай. На гэтыя перамовы вельмі спадзяваўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіраваў Андрэя Агінскага як свайго спецыяльнага пасла — з надзвычайнай місіяй. Нам вядомы наступствы гэтых перамоў, што ўсё-такі не ўдалося захаваць дзяржаву ў яе цэласнасці, адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Але доўгі час, пакуль сям’я жыла ў Вене, Андрэй Агінскі спрабаваў дамовіцца, у рэшце рэшт прыйшлося ісці на кампраміс дзеля прымірэння, даць адкусіць кавалак, каб не з’елі ўсё цалкам. Акрамя таго, што 21-я сімфонія напісана ў гады прыезду ў Вену, яна ілюструе вясёлае, радаснае падарожжа дзіцяці, якое яшчэ не заклапочана сур’ёзнымі праблемамі старэйшых.

Міхалу Клеафасу ішоў тады сёмы год, і ён мог ужо нешта ўсведамляць. Я думаў, якую сімфонію Моцарта выбраць, але яго твор быў неабходны для гэтай праграмы. Па-першае: Моцарт — гэта Моцарт, ён заўсёды стварае непаўторны настрой. Але важней тое, што эпоха Моцарта — гэта эпоха Агінскага, і наадварот. Яны жылі ў розных прасторах, але часам іх дарогі перасякаліся ў прамым і пераносным сэнсе. Уплыў Моцарта быў грандыёзны, ён уразіў Агінскага. Моцарт — гэта сімвал эпохі класіцызму, увасабленне атмасферы Вены, у якой правёў шмат часу Андрэй Агінскі з дзецьмі, а потым і сам Міхал Клеафас, а таксама Міхал Казімір бываў тут. Кантакты з культурай, авеянай Моцартам, былі сталымі і грунтоўнымі. Для нас важна было даць адчуць на слых смак Вены, яе культуры, можа быць, адчуць паралелі музыкі тых аўтараў, якія сустрэліся на нашым канцэрце.

—Інтрыгуе яшчэ адно імя — Ёзэф Вёльфль…

— Гэта кампазітар, з якім Міхал Клеафас сустрэўся ўжо маладым чалавекам, якому быў патрэбны выдатны настаўнік музыкі. Ён запрашае аднаго з самых вядомых аўстрыйскіх кампазітараў, вучня Леапольда Моцарта (бацькі Вольфганга Амадэя), які становіцца вельмі папулярным, запатрабаваным настаўнікам для арыстакратаў. Удалося знайсці ўнікальную рэч — яго Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам. А ў гэтым канцэрце ўсе інтанацыі эпохі, венскіх класікаў, таго ж Моцарта. Але ў фінале сімфоніі классіцызму, у трэцяй частцы, мы чуем паланэз. Амаль што ўнікальная з’ява, таму што гэта ўжо не бахаўскі паланэз… І мне здаецца, што тут вельмі блізкая паралель з Агінскім. Таму што і сам вучань ужо быў цікавым чалавекам — такі адукаваны, такі арыстакратычны з фенаменальнымі ведамі па розных навуках. З такім вучнем сустракаецца юны настаўнік Вёльфль. І хто ў каго больш узяў? Можа быць, з тэхнікі руху пальцаў, кампазіцыі — Агінскі. Але нейкія ідэі, творчыя задумы, у прыватнасці думка стварыць трэцюю частку паланэзам, як зрабіў Вёльфль у гэтым канцэрце, могуць быць сведчаннем уплыву Агінскага. Сенсацыйная знаходка, але і найпрыгажэйшы канцэрт. Гэта прэм’ера, таму што дагэтуль у нас быў толькі рукапіс, партытуры не існавала, толькі галасы. Усё гэта мы доўга і рупліва збіралі ў аркестравы твор.

Але ёсць у праграме і сучасны твор — балет, які напісаў беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў. Ён створаны на тэмы танцаў Міхала Клеафаса, якія для нас не столькі танцы для ног, колькі танцы для душы. Харэограф Наталля Фурман з артыстамі праз рухі выяўляе ідэі — гэта ў духу Агінскага. Праграма насычана мастацкімі і музычнамі навінкамі.

— Які твор стаў для вас асабіста сенсацыяй ці адкрыццём?

— З мініяцюр мяне вельмі ўразіў твор не Міхала Клеафаса (іх я ведаў усе), а знаходка твора Міхала Казіміра Агінскага «Што з табой, о, Таміра?». Пампезны, у стылі класіцызму, у той жа час вельмі характэрны вобраз, які ў нашым канцэрце будзе прадстаўлены выдатным барытонам, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым. І цікавая музыка ў рэдакцыі Паўла Шведава. Для мяне гэта было маленькае па форме, але вялікае па значнасці адкрыццё, таму што твораў Міхала Казіміра захавалася не так многа, мы ведаем, што ён пісаў оперы, балеты, працаваў у розных жанрах. Такія знаходкі — каштоўныя крупінкі, якія даюць магчымасць адчуць, наколькі адораны талентамі былі прадстаўнікі гэтага роду.

Міхал Клеафас быў адзін з Агінскіх. Ён акумуляваў усе спадзяванні і надзеі, уласцівыя некалькім пакаленням грамадзян адной краіны, многія сталі ў выніку грамадзянамі свету.

Госці «Паўночных Афін»

Дыпламат Агінскі нават цяпер спрыяе дыялогу людзей і паразуменню народаў. У яго «рэзідэнцыю» ў Залессе прыехалі сёння прадстаўнікі дыпламатычных місій Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, Італіі і іншых краін — павіншаваць гаспадара (няхай яго сядзіба належыць народу) з днём народзінаў. Асаблівая ўвага да Агінскага з боку тых, хто ўвасабляе ў нашы дні яго радзіму: гэта беларускія дыпламаты, якія працуюць за мяжой, супрацоўнікі дзяржаўных структур, у тым ліку Міністэрства культуры Беларусі.

Юбілей святкуецца пад патранатам ЮНЕСКА. Але ёсць народы, кожны з якіх можа лічыць яго спадчыну «сваёй», гэта ўжо не падстава для спрэчак нават для навукоўцаў, якія сабраліся ў Залессі на міжнароднай канферэнцыі «Спадчына М.К. Агінскага ў культуры трох народаў».

Годнаму чалавеку — годны юбілей. А што, калісьці тут умелі прымаць гасцей. Агінскі з сям’ёй стварылі ў сядзібе такую атмасферу, што сюды завітвалі выдатныя людзі эпохі, нават проста дзеля таго, каб правесці час для душы, памузіцыраваць разам — былы дзяржаўны дзеяч, калі адышоў ад спраў, працягваў увасабляць эліту краіны. Святкаванне дня народзінаў у сядзібе, дзе прайшлі апошнія гады на радзіме, доўжыцца 5 дзён, і нават з удзелам яго нашчадкаў, якія павінны прыехаць з Польшчы. У іх ёсць магчымасць адчуць дух сядзібы, таму што цяпер, як тады: сустрэчы з сябрамі, інтэлектуальныя размовы, тэатралізаваныя дзеі, музыка. Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі творы Агінскага іграў у розных гарадах, але 25 верасня іх гукі напоўняць Залессе. 27 верасня ансамбль салістаў «Класік-авангард» таксама нагадае пра класіка, які дагэтуль у авангардзе іншых творчых асоб Беларусі. І, вядома, баль у Агінскіх — з мазуркамі, вальсамі, паланэзамі.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Лезгінка і не толькі

$
0
0

У Мінску ўпершыню пройдзе грузінскі фестываль «Тбілісоба».

Дзень Тбілісі ў Грузіі шырока адзначаецца ўсім горадам, расцягваецца на некалькі фестывальных дзён. У гэтыя ж дні завяршаецца збор ураджаю, што традыцыйна адзначаецца народнымі гуляннямі. Цяпер «Тбілісоба» — гэта і гарадскі фестываль аўтэнтычнай грузінскай культуры з гарачымі танцамі, прыгожымі песнямі, рэкамі віна і найсмачнейшымі стравамі нацыянальнай кухні. Вось ужо некалькі гадоў, як ён выйшаў за межы грузінскай тэрыторыі і ладзіцца ў многіх гарадах свету.

Ле­тась «Тбі­лі­со­ба» ўпер­шы­ню прай­шла ў Кі­е­ве на Анд­рэ­еў­скім спус­ку.

Ле­тась «Тбі­лі­со­ба» ўпер­шы­ню прай­шла ў Кі­е­ве на Анд­рэ­еў­скім спус­ку.

У Мінску падчас свята, якое ў гонар свайго 125-годдзя ладзіць кампанія «Баржомі», можна будзе пазнаёміцца як з традыцыйнай, так і з сучаснай грузінскай культурай. Як абяцаюць арганізатары, гасцей парадуе разнастайнае меню ад грузінскіх рэстаранаў: найсмачнейшыя хачапуры, хінкалі, шашлык і іншыя шэдэўры нацыянальнай кухні, духмянае віно, соусы, апроч таго — «смачныя» забавы і конкурсы. Грузінскія шэф-кухары падзеляцца сакрэтамі прыгатавання страў у найлепшых нацыянальных традыцыях, а госці фестывалю самі навучацца рабіць хінкалі і чурчхелу падчас майстар-класаў. Наведвальнікаў чакае і ўнікальнае відовішча стварэння віна, якое пачынаецца з традыцыйнага выціскання соку з вінаграду.

Фестываль «Тбілісоба» адбудзецца 26 верасня з 13 да 18 гадзін у самым сэрцы Мінска — на плошчы Свабоды (каля Пасольства Грузіі). Уваход на мерапрыемства вольны.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Пад уладай тэатра

$
0
0

Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», што пройдзе ў Мінску з 29 верасня па 23 кастрычніка, у гэтым годзе адзначае маленькі юбілей. Ужо пяты раз Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў Art Corporatіon ладзіць свята для заўзятых тэатралаў і стварае праграму з шэрагу выбітных замежных пастановак.

Міжнародная праграма стала не проста магчымасцю для аматараў тэатра паглядзець у Мінску гучныя, авангардныя, шалёныя пастаноўкі з замежжа (убачыць якія наўрад ці атрымаецца па-іншаму), але і набыла функцыю стварэння кантэксту для беларускага тэатра. У мінулым годзе на форуме ТЭАРТ стартавала праграма «Belarus Open», на гэты раз, па словах дырэктара Art Corporatіon Анжэлікі Крашэўскай, яна будзе больш насычанай і спрасаванай да таго, што часам будзе змяшчаць некалькі спектакляў у адзін дзень.

Увогуле, пяты фестываль тэатральнага мастацтва прадставіць 25 пастановак. Прывабныя спектаклі са Швейцарыі, Германіі, Італіі, Латвіі, Расіі, а таксама створаныя ў капрадукцыі; знакамітыя рэжысёры (Даніэле Фінцы Паска са Швейцарыі з пастаноўкай «Донка — пасланне Чэхаву») і рэзанасныя аўтары (Цімафей Кулябін з Новасібірска, які паставіў у выніку забаронены «Тангейзер»). З’язджаюцца і тэатры з Брэста і Магілёва, свае эксперыменты пакажуць сталічныя творцы.

Існаванне ТЭАРТа набывае яшчэ глыбейшы сэнс у тым плане, што ў беларускай сталіцы, акрамя праграмы «Belarus Open», няма ніводнага фестывалю беларускага тэатра. Таму можна сказаць, што форум рухаецца ў правільным кірунку, асабліва са стварэннем беларускай праграмы.

Каардынатар праграмы «Belarus Open» тэатральны крытык Людміла Грамыка заўважае, што пры састаўленні праграмы арганізатары не падзялялі тэатр на праектны і рэпертуарны, а проста хацелі сабраць усё самае цікавае і вартае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фестывалі кажуць «WelcomE!»

$
0
0

Беларускія стужкі міжнароднага ўзроўню.

Беларускія рэжысёры ўпісваюць свае імёны ў гісторыю замежных кінафорумаў, пра што і сведчаць апошнія навіны. «Кінашок», што прайшоў у Анапе з 13 па 20 верасня, адзначыў узнагародай праект Андрэя Кудзіненкі; працягваецца трыумфальнае шэсце дакументальнай стужкі Настассі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне», анімацыйны фільм «Казкі старога піяніна. Шапэн» Ірыны Кадзюковай атрымаў прыз на Міжнародным фестывалі анімацыйных фільмаў у Варне.

25-33

«Каз­кі ста­ро­га пі­я­ні­на. Ша­пэн».

Адкрыты фестываль кіно краін СНД, Літвы, Латвіі і Эстоніі «Кінашок», адзін з найбуйнейшых расійскіх кінафорумаў, прадставіў некалькі беларускіх праектаў: напрыклад, запрасіў да ўдзелу кароткаметражку «Пугач» Сяргея Каласоўскага і адкрыўся нашым нацыянальным фільмам «Мы, браты» рэжысёра Вільяма дэ Віталя (некалькі гадоў таму ён перамог у конкурсе кінапраектаў Міністэрства культуры і атрымаў з бюджэту каля 20 мільярдаў рублёў). Але галоўнае — «агульнабеларускі» кінапраект «Хранатоп» Андрэя Кудзіненкі ўзяў галоўны прыз у конкурсе кінаальманахаў «Омнібус».

Праект «Хранатоп» уяўляе з сябе зборнік кароткіх — па 5-7 хвілін — гісторый пра сучасную міфатворчасць (сам аўтар па зразумелай аналогіі называе праект твітэр-серыялам), рэжысёр жа вядомы як сваёй працай на «Беларусьфільме», так і ўдзелам у расійскіх праектах. Апошнім часам Андрэй Кудзіненка перайшоў да незалежнага кіно, і «Хранатоп» як яго прыклад ужо прыносіць добрыя вынікі.

Яшчэ адзін незалежны кінапраект, дакументальны фільм «Перакрыжаванне» Настассі Мірашнічэнкі (мы пра яго неаднаразова пісалі), сярод 22 іншых карцін намінаваны на ўзнагароду фестывалю «Prіx Europa», што пройдзе з 17 па 23 кастрычніка ў Берліне. На ўдзел у конкурсе было пададзена 664 заяўкі.

Раней фільм «Скрыжаванне» атрымаў прыз «Спецыяльная згадка журы» і «Прыз глядацкіх сімпатый» у конкурсе поўнаметражнага дакументальнага кіно Варшаўскага міжнароднага фестывалю, разам з фільмам «Афганістан. Я памятаю» Халімы Хасанавай перамог у намінацыі «Найлепшы дакументальны фільм» нацыянальнага конкурсу мінскага кінафестывалю «Лістапад». Акрамя гэтага, на фестывалі дакументальнага кіно «РАСІЯ» перамог у намінацыях «Найлепшы фільм пра чалавека-стваральніка», «Найлепшы дэбют» і «Прыз глядацкіх сімпатый», удзельнічаў у конкурсе Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно ў Бруселі (Бельгія), у фестывалі еўрапейскага кіно «Сrоssіng Еurоре» ў аўстрыйскім Лінцы. Прычым гэта няпоўны маршрут вандравання фільма па замежжы.

Нарэшце, фільм Ірыны Кадзюковай «Казкі старога піяніна. Шапэн» — праект кінастудыі «Беларусьфільм» і расійскай студыі «МІР» — атрымаў узнагароду «За выдатную сінхранізацыю малюнка і музыкі, што дае публіцы паняцце пра музыку Шапэна і яго жыццё» на фестывалі ў Варне (Балгарыя), які арганізуецца Міжнароднай асацыяцыяй анімацыйнага кіно. Карціна пра Шапэна — толькі частка серыі «Казкі старога піяніна», у якую ўваходзяць фільмы пра Шумана, Дэбюсі, Пракоф’ева, Баха, Бетховена і іншых яскравых кампазітараў.

У гэты ж час анімацыйны фільм «Вясна восенню» Таццяны Кубліцкай, зняты па казцы Уладзіміра Караткевіча, збіраецца ў Хемніц (Германія) на XX Міжнародны кінафестываль для дзяцей і юнацтва Schlіngel. Форум пройдзе з 5 па 11 кастрычніка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Полька пад «Бяседу»

$
0
0

У Магілёве заслужаны калектыў закідалі кветкамі.

Народных любімцаў, удзельнікаў акцыі тэлеканала «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якая праходзіць па Беларусі пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда», у Магілёве сустракалі па сямейнаму цёпла. Сярод таленавітых выканаўцаў праслаўленага калектыву Беларусі шмат ураджэнцаў Магілёўскай вобласці. У тым ліку і яго яскравая салістка Таццяна Лазоўская.

За паўгадзіны да пачатку канцэрта яна размаўляла са сваімі прыхільнікамі ў фае Палаца культуры вобласці і раздавала аўтографы. «Заўсёды вельмі прыемна выступаць перад землякамі, — шчыра прызналася яна. — Гэта самыя адданыя слухачы, вельмі шчодрыя на эмоцыі. Наогул, прыемна адчуваць, што народная песня сёння карыстаецца такім попытам, што людзі адгукаюцца на яе ўсім сваім сэрцам».

Ле­а­нід За­хлеў­ны ў за­хап­лен­ні ад сва­іх та­ле­на­ві­тых вы­ка­наў­цаў.

Ле­а­нід За­хлеў­ны ў за­хап­лен­ні ад сва­іх та­ле­на­ві­тых вы­ка­наў­цаў.

Яркія самабытныя касцюмы, добрыя галасы, папулярны рэпертуар — гэтыя складнікі вабілі найбольш за ўсё. Тое, што на канцэрт гэтага калектыву прыйшлі яго адданыя слухачы, было відаць адразу. Артыстаў называлі па імёнах, нават ведалі, адкуль яны родам. З задавальненнем прымалі ад актывістаў арганізацыі «Белая Русь» сцяжкі з лагатыпамі арганізатараў праекта. І ўсім сваім выглядам дэманстравалі дачыненне да акцыі, якая займаецца папулярызацыяй каштоўнасцей нацыянальнай культуры, беларускай мовы, песеннай творчасці.

— Я вельмі рада, што трапіла на гэты канцэрт, — прызналася магіляўчанка Святлана Прылужная. — Сама я з вёскі, і ўсё тое, пра што спявае гэты калектыў, вельмі блізкае майму сэрцу. Калі чуеш іх, пачуцці б’юць цераз край. І як бы гэта пафасна ні гучала, адчуваеш сваю прыналежнасць да народа, да нашых агульных каранёў.

«Бяседа» — калектыў, які не мае патрэбы ў прадстаўленні. Ён, лаўрэат і ўдзельнік шматлікіх міжнародных фальклорных фестываляў, з поспехам прадстаўляе нашу культуру і песенныя традыцыі за мяжой, без яго не абыходзяцца значныя беларускія святы.

— Мы рады завітаць у Магілёўскую вобласць, спяваць для яе жыхароў беларускія, славянскія песні і дарыць добры настрой. Мы ганарымся тым, што жывём у квітнеючай Беларусі, — мастацкі кіраўнік, кампазітар, лаўрэат дзяржаўнай прэміі, народны артыст Беларусі Леанід ЗАХЛЕЎНЫ не скупіўся на добрыя словы ў адрас прыхільнікаў ансамбля «Бяседа». — Пасля кожнага канцэрта да нас падыходзяць людзі і дзякуюць. Бабулькі кажуць: «Вы нам жыццё прадоўжылі на 10 гадоў, я нават памаладзела». Наша праграма светлая, святочная, з бадзёрасцю і, што самае галоўнае, на беларускай мове. Іншых адчуванняў і быць не можа. Мы жадаем, каб ва ўсіх пасля нашых сустрэч свяціліся сэрцы і твары. Каб людзі прыйшлі, адпачылі і сказалі, што гэта дапамагае і ў жыцці.

Наколькі калектыў запатрабаваны, сведчыць тое, што ў студзені ён будзе адзначаць 25-годдзе. «У нас беларуская народная песня жывая, мы нічога ў ёй не мяняем, проста апранаем у прыгожае музычнае афармленне, каб людзі разумелі, што гэта жамчужына нашай беларускай творчасці, — дзяліўся сакрэтам даўгалецця ансамбля Леанід Захлеўны. — У Мінску штогод адбываецца каля 8 нашых канцэртаў. Прычым касавых, на якія чалавек прыходзіць і плаціць за талент нашых артыстаў рублём. І на іх вельмі шмат моладзі. Яны з задавальненнем спяваюць пад нашу музыку і танцуюць. Маладыя людзі разумеюць, што беларуская мова і беларуская песня з’яўляюцца адным з асноўных складнікаў нашага менталітэту».

Гар­мо­нік у ру­ках Мі­ко­лы Алеш­кі быў ні­бы жы­вы.

Гар­мо­нік у ру­ках Мі­ко­лы Алеш­кі быў ні­бы жы­вы.

У Магілёўскай вобласці «Бяседа» праехала з турам па трох гарадах — Шклове, Магілёве і Бабруйску. Леанід Захлеўны ўзгадаў, як цёпла некалькі гадоў таму жыхары Шклова прымалі ансамбль, канцэрт тады адбыўся пад адкрытым небам. Людзі падпявалі, дарылі кветкі, дзякавалі за тое, што ім зрабілі свята. На гэты раз артыстаў сустракалі тут як даўніх добрых сяброў. «Адзін малады чалавек на працягу канцэрта Таццяне Лазоўскай тройчы дарыў кветкі, — адзначыў маэстра. — Гэта не толькі самая вялікая адзнака для артыста, але і прыклад таго, што яго справа патрэбна людзям. Мы вельмі ўдзячны нашым слухачам, усюды, куды мы прыязджаем, сустракаем нашых сяброў, сваіх прыхільнікаў. А ўсіх нас аб’ядноўвае любоў да беларускай песні, да беларускай зямлі».

Арганізатары паклапаціліся, каб ніводны канцэрт не быў падобны да іншага. У Магілёўскай вобласці, напрыклад, саліравалі ўраджэнцы шчодрага на таленты краю — Таццяна Лазоўская, Юлія Саўчанка, гарманіст з Горацкага раёна Ігар Міхалькоў. У свой час у Магілёўскім вучылішчы культуры вучылася і салістка ансамбля Святлана Суседчык. «Мы ўсюды падкрэсліваем, што гэта вашы салісты, вашы землякі, і мы імі ганарымся, — кажа Леанід Захлеўны.

— Нашы артысты — практычна ўсе выхадцы з вёскі. Яны прыходзяць у калектыў і прыносяць песні з той мясцовасці, дзе нарадзіліся. З малаком маці яны ўвабралі гэты дух, пах збажыны і кветак».

Гледачоў доўга не трэба было разаграваць. Амаль усе песні вядомы кожнаму з дзяцінства, бо ніводнае хатняе свята не абыходзіцца без усенародна любімых «Чаркі на пасашок», «Марусі», «Хлеб ды соль». А ад віртуозных перабораў на гармоніку Міколы Алешкі ногі самі прасіліся ў скокі. Пасля кожнай песні артыстам неслі на сцэну ахапкі кветак. І не трэба было доўга запрашаць патанцаваць пад гукі знакамітай полькі. Самыя смелыя нават падымаліся на сцэну. Ну, а падпявалі артыстам, напэўна, амаль усе ў зале.

— Я некалькі разоў слухала гэты ансамбль — мне ён вельмі падабаецца, — падзялілася эмоцыямі намеснік старшыні Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Зінаіда ПЯНЬКОВА. — Па-першае, яны шмат пяюць на нашай роднай мове. Па-другое, калектыў мае неверагодную здольнасць з паўабароту «заводзіць» залу. Артысты вельмі тэмпераментныя, энергічныя. Гледзячы на іх, немагчыма не прытанцоўваць. Гэты калектыў, як ніякі іншы, адлюстроўвае нашу сутнасць. Таму, напэўна, і месцаў у зале не хапае. Я сама назірала, як людзі падыходзілі і прасіліся прапусціць іх на канцэрт. Казалі, што квіткоў не хапіла, а ўбачыць вельмі хочацца.

— Білеты на канцэрт раскупілі яшчэ за тры тыдні да яго, — прызнаецца дырэктар Палаца культуры вобласці Вольга УЛАСАВА. — Нам званілі да апошняга дня, прасілі знайсці лішні квіток. Яно і не дзіўна, напрамак, у якім працуе калектыў, вельмі блізкі народу. Таму такая цікавасць і жывы водгук.

— Гэты калектыў раскрывае нашу беларускую душу, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль СІНКАВЕЦ. — Артысты падкупляюць сваёй шчырасцю і самааддачай. І асабліва прыемна, што касцяк калектыву — нашы землякі з Быхаўскага, Асіповіцкага раёнаў. Як мы можам не ганарыцца такім прыгожым суквеццем? Людзі ішлі на канцэрт з задавальненнем. І аншлагі ў Шклове, Магілёве і Бабруйску не вынік нейкіх там адміністрацыйных намаганняў, а менавіта народнай любові. Леанід Захлеўны наогул пастаянны госць на ўсіх нашых фестывалях. І, што самае прыемнае і ганаровае для нас, не перастае знаходзіць на Магілёўшчыне ўсё новыя і новыя таленты.

Не падвялі магіляўчане і з веданнем беларускай мовы. На пачатку канцэрта вядучая праграмы «Размаўляем па-беларуску» на тэлеканале «Беларусь 3» Алена Трацэнка правяла невялічкую віктарыну. З усімі трыма заданнямі запрошаныя на сцэну слухачкі справіліся на выдатна, нават не памыліліся ні разу. І трэба было бачыць, наколькі актыўна дапамагала ім зала. Абедзве каманды атрымалі ў падарунак кнігі беларускіх аўтараў на роднай мове.

Завадная музыка, шчырыя тэксты, прыгожае беларускае слова — канцэрт праляцеў як адно імгненне. Сваю любоў да народнай песні, да роднага краю гледачы дэманстравалі праз апладзіраванне стоячы.

— Акцыя для нас незвычайная, мы ўдзячны Белтэлерадыёкампаніі і грамадскай арганізацыі «Белая Русь», што абралі для гэтага нас, — прызнаваўся Леанід Захлеўны. — У нас амаль уся праграма складзена на беларускай мове, шмат песень адлюстроўвае пачуцці народа да Беларусі. Мы імкнёмся далучыць нашых слухачоў да вытокаў народных песень, каб усе разумелі, што мы значная, прыгожая, таленавітая нацыя».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Перадпрэм’ерны паказ фільма “Белавежская пушча. Спрадвечны лес” адбыўся сёння ў Мінску (+ФОТА)

$
0
0

Створаны Міністэрствам інфармацыі Беларусі сумесна з тэлеканалам Animal Planet (Europe) Discovery і пры падтрымцы Ўпраўлення справамі Прэзідэнта, Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” і кампаніі “Космас ТБ”, ён прызваны паказаць дзівосны свет беларускай прыроды, пазнаёміць гледачоў з унікальнай флорай і фаунай запаведных тэрыторый і турыстычным патэнцыяле нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Па словах міністра інфармацыі Ліліі Ананіч падчас паказу, у Беларусі прадстаўлена больш за 200 замежных каналаў. “Мы зацікаўлены, каб, прадстаўляючы добрыя праграмы, замежныя тэлеканалы выраблялі якасны прадукт пра Беларусь. Гэты праект, рэалізаваны з найбуйнейшым сусветным брэндам – з каналам Animal Planet, думаю, стане першай ластаўкай”, – сказала міністр.

У бліжэйшыя дні фільм “Белавежская пушча. Спрадвечны лес” пакажуць у школах і кінатэатрах краіны. А яго сусветная прэм’ера адбудзецца на тэлеканале Animal Planet (Europe) Discovery у нядзелю, 27 верасня. Прыгажосцю і непаўторнасцю прыроды беларускага запаведнага краю змогуць палюбавацца тэлегледачы з усіх краін Еўропы, еўрапейскай часткі Расіі і, безумоўна, самой Беларусі.

Фотакарэспандэнт “Звязды” Анатоль Кляшчук таксама любіць бываць у нацыянальным парку “Белавежская пушча”. І яго фотаздымкі ў чарговы раз пацвярджаюць – гэта адно з самых каштоўных багаццяў краіны, і ўнікальны і прыгожы куток беларускай прыроды, якім нельга не ганарыцца.


Мы можам пахваліцца традыцыйнай культурай

$
0
0

Сёння ў Астраўцы праходзіць рэгіянальны фестываль «Скарбы Гродзеншчыны».

У дзеі прымаюць удзел найлепшыя фальклорныя калектывы вобласці, народныя тэатры, майстры народнай творчасці раённых дамоў культуры і цэнтраў рамёстваў і іншыя творчыя калектывы рэгіёнаў. Раней фестываль праходзіў у Лідзе і аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна, а сёлета «пераехаў» на Астравеччыну.

26-25

Удзел у абласным фестывалі змаглі прыняць усе ахвотныя майстры традыцыйных рамёстваў — тыя, хто займаецца вышыўкай, ткацтвам, роспісам яек, саломапляценнем і многім іншым. Іх працы прадстаўлены на падворках традыцыйнай культуры «Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі», што размешчаны ў гарадскім лесапарку. Там можна набыць для сябе цудоўныя сувеніры, пакаштаваць традыцыйныя стравы і ўбачыць дэманстрацыю народных касцюмаў гэтай мясцовасці.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Сянюць адзначыла:

— Ушанаванню і развіццю традыцыйнай культуры ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Захаваць нашу спадчыну — цікавыя народныя традыцыі і абрады — адна з галоўных задач сучаснага пакалення. Гродзеншчына, у тым ліку і Астравецкі раён, могуць пахваліцца рознымі відамі і жанрамі традыцыйнай культуры: фальклорам (песенным, музычным, танцавальным), рамёствамі, рэгіянальнымі касцюмамі, традыцыйнымі стравамі — і таму ў 2013 годзе галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама вырашыла даць пачатак новаму творчаму праекту «Скарбы Гродзеншчыны», каб кожны аматар народнай творчасці мог прадэманстраваць свой талент.

Вельмі радуе тое, што мы маем яшчэ адзін рэгіянальны фестываль. Бо менавіта на такіх святах раскрываецца душа народа, бо мясцовыя таленты атрымліваюць магчымасць праявіць сябе, паказаць шырокай публіцы тое, на што здольныя. Традыцыйная культура павінна жыць і перадавацца наступным пакаленням.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Браты сказалі сваё слова

$
0
0

Мы чакалі гэту падзею доўгія тры гады — з таго часу, як праект фільма кампаніі «Нонстоп МЕДЫЯ» перамог у конкурсе Міністэрства культуры і атрымаў стапрацэнтнае фінансаванне. Мы назіралі за тым, як стваралася творчая група, адбіраліся акцёры, адцягваліся тэрміны выхаду ў пракат — і нарэшце дачакаліся. Фільм «Мы, браты» (першапачаткова «Авель», а для замежных пракатчыкаў «Код Каіна») рэжысёра Уільяма Дэ Віталя і сурэжысёра Дзяніса Собалева прыйшоў у мінскі кінатэатр «Масква», дзе 24 верасня адбылася ўрачыстая прэм’ера самага нацыянальнага кінапраекта.

26-15

На стварэнне карціны Міністэрства культуры выдаткавала 20 мільярдаў рублёў, здымкі праходзілі ў беларускай сталіцы і іншых гарадах краіны, на грамадзянскіх, прамысловых і ваенных беларускіх пляцоўках, у Злучаных Штатах. Каманда, што працавала над фільмам — сапраўды інтэрнацыянальная. Ролі выканалі беларускія акцёры Руслан Чарнецкі, Алеся Грыбок, Уладзімір Гасцюхін, Яўген Шмарлоўскі (з беларускімі каранямі), амерыканцы Наташа Алам, Эрык Робертс, рускі Аляксей Серабракоў і іншыя. Тыя, хто не змог прыехаць на прэм’еру, запісалі для гледачоў відэазварот, у якім пахвалілі прафесіяналізм беларускіх кінатворцаў і пажадалі прыемнага прагляду.

Фільм — баявік і драма — у нейкай ступені яшчэ і фантастычны дзякуючы прысутнасці ў ім таемнага ордэна авелітаў і людзей, пазначаных метафізічнай меткай (кодам) Каіна. Тытры папярэджваюць: усе падзеі фільма выдуманыя і персанажы не маюць прататыпаў. Затое сюжэт будуецца на рэальных здарэннях (і значна змяняе іх сэнс дзеля канвы свайго апавядання), што адбыліся ў Беларусі: няшчасныя выпадкі на заводзе МТЗ, беспарадкі ў снежні 2010 года, тэракт на станцыі метро «Кастрычніцкая» і нават узгаранне гарадскога аўтобуса на наступны дзень.

Ролі двух братоў — Ягора і Паўла — выконваюць Руслан Чарнецкі і Яўген Шмарлоўскі, адзін з іх пазначаны кодам Каіна, а гэта па легендзе фільма можа прывесці да глабальных змен не толькі ўнутры сям’і, але і ў цэлым грамадстве. Аднойчы гэта ўжо, можна меркаваць, здарылася. У гісторыі дзядоў братоў, адзін з якіх шчыра зненавідзеў другога. Гэта было бліжэй да сярэдзіны XX стагоддзя.

Урачыстая прэм’ера фільма «Мы, браты» адбылася 13 верасня: карцінай адкрыўся кінафестываль «Кінашок», адзін з найбуйнейшых расійскіх форумаў. Пракат карціны пройдзе ў больш як сарака краінах — на тэрыторыі СНД, Еўропы, у ЗША і Кітаі. «Атрыманне такой вялікай аўдыторыі — гэта складаны шлях. Мы прадстаўлялі фільм на кінарынках Берлінскага і Канскага кінафестываляў, у Лос-Анджэлесе. Дзякуючы доўгай карпатлівай працы фільм быў заўважаны. Пасля прагляду людзі казалі: «Гэта глабальна». Яны не адзначалі спецэфектаў ці трукаў, вялікі натоўп (чатыры тысячы без графікі), а казалі, што фільм змяшчае актуальную ідэю і падзеі, адлюстраваныя ў карціне, могуць адбывацца і адбываюцца ў любым пункце свету — братазабойства, тэракты, кровапраліцце», — пракаментаваў прадзюсар, суаўтар сцэнарыя і кампазітар Сяргей Ждановіч.

Фільм «Мы, браты» будзе паказвацца ў кінатэатрах «Масква» і «Беларусь» з 1 кастрычніка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Зоркі «запальваюць»

$
0
0

Анегін, добры сябар Башмета і Хабенскага.

Музычны год праходзіць пад знакам Чайкоўскага… І чаго чакаць ад фестывалю Юрыя Башмета ў Мінску? Правільна: оперы Пятра Ільіча Чайкоўскага (паводле рамана Аляксандра Пушкіна) «Яўген Анегін» на адкрыццё. 28 верасня, Палац Рэспублікі, Вялікая зала. Выконваюць: Дзяржаўны сімфанічны аркестр «Новая Расія» пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, салісты з Вялікага тэатра Расіі, «Марыінкі», з Зальцбурга. Не аднымі спевамі вылучаецца аўтарская версія Юрыя Башмета гэтай оперы. Тут яшчэ дадаюцца драматычныя артысты. Урыўкі з Пушкіна чытаць запрошаны артыстка Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава (які тэатр!) Вольга Літвінава і народны артыст Расіі Канстанцін Хабенскі (якая «зорка»!).

Вось каго мы чакалі. Аднойчы ўжо мелі магчымасць пабачыць Хабенскага на сцэне разам з гэтым аркестрам. Відаць, тая сустрэча запала глыбока ў сэрца і выступоўцам. Зрэшты, у імянітых артыстаў ёсць свае прычыны прыязджаць у Мінск на гэты фестываль. Напэўна, адна з іх — узаемнае прыцягненне зорак. Заадно і тлумачэнне таму, што фестываль Юрыя Башмета так прыжыўся ў Беларусі: сёлета яму 10 гадоў. У яго рамках кожнае выступленне разглядаецца як зоркавае.

І маштаб навідавоку: напрыклад, сёлета выступіць Уральскі філарманічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Дзмітрыя Ліса — амаль 100 чалавек едзе да нас спецыяльна на гэты канцэрт. У салістах — лаўрэат конкурса імя Чайкоўскага Аляксандр Бузлоў (віяланчэль) і лаўрэат конкурсу імя Вяняўскага Аліса Маргуліс (скрыпка). І яшчэ адным аркестрам — міжнародным — збіраецца ўразіць мастацкі кіраўнік фестывалю піяніст Расціслаў Крымер. Тым больш што ён жа выйдзе на сцэну ў якасці галоўнага дырыжора EAST-WEST CHAMBER ORCHESTRA. Праўда, у гэтым канцэрце Венскай класікі галоўная ўвага да вядомага яе інтэрпрэтатара — піяніста Паўля Бадуры Шкоды.

Славуты расійскі «Церам-квартэт» таксама робіць, па сутнасці, інтэрпрэтацыі класікі на народных інструментах. Як гучыць у іх Бах ці Шуберт, не ўяўляеце? Вось гэта прапусціць нельга, «запальвае».

Наогул, калі зоркі «запальваюць», то гэта патрэбна некаму. Для Мінска зорка аўстрыйскага скрыпача Юліяна Рахліна павінна была заззяць сёлета. Упэўнена: авацыі зладзяць, нават калі ён выйдзе ў канцэрце закрыцця дырыжыраваць Нацыянальным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Іграць на скрыпцы замест яго будзе цудоўны расійскі музыкант, якога ў нас даўно любяць, народны артыст СССР Віктар Траццякоў. Але Рахлін не адмовіўся прыехаць на свой адзіны канцэрт, нягледзячы на тое, што нядаўна зламаў руку і перанёс аперацыю. Сустрэча з Мінскам, відаць, для яго шматабяцальная і чаканая. А нам абяцалі, што ён усё ж прывязе з сабой скрыпку Страдывары. Як мы ўсё гэта любім…

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

«Неаготыка бярэ не золатам, а архітэктурнай прыгажосцю»

$
0
0

Чым сёння жыве адзіная ў краіне лютэранская кірха.

Лютэранства — адна з традыцыйных для нашай краіны канфесій. У Гродне, напрыклад, яно з’явілася яшчэ пры каралі Станіславе Аўгусце Панятоўскім, які ў 1793 годзе запрасіў сюды майстроў з Германіі. Разам з імі на землі Заходняй Беларусі трапілі ідэі лютэранства — рэфармаванай царквы. А пачалося ўсё з Марціна Лютэра, які прыбіў да дзвярэй касцёла свае знакамітыя 95 тэзісаў, у якіх, сярод іншага, выступаў за адмену індульгенцый, за тое, каб набажэнствы вяліся на зразумелай прыхаджанам мове. Ідэі былі падхоплены, бо адпавядалі настроям часу, і Рэфармацыя закрочыла па свеце. У Беларусь яна прыйшла найперш з кальвінізмам, які распаўсюджваў Мікалай Радзівіл Чорны. Менавіта на час Рэфармацыі ў нашай гісторыі прыпадае «залаты век» Беларусі. Даўнія часы прамінулі, многае змянілася. Што сёння засталося ад таго лютэранства?..

29-22

Сустракаюцца ў Беларусі лютэране і сёння, праўда, іх няшмат. Раней у кожным абласным горадзе працаваў адзін ці некалькі лютэранскіх храмаў — кірхаў. На сёння іх засталося толькі тры, аднак нават яны не выкарыстоўваюцца па сваім непасрэдным прызначэнні. У брэсцкай кірсе раней размяшчаўся кінатэатр «Змена», цяпер памяшканні здаюцца ў арэнду. У Полацку ў будынку храма знаходзіцца краязнаўчы музей. І толькі адна кірха — у Гродне — выкарыстоўваецца па сваім непасрэдным прызначэнні. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з яе пастарам Уладзімірам ТАТАРНІКАВЫМ, каб распытаць, чым жыве адзіны ў сваім родзе храм.

Адметна, што гэты пастар вельмі малады — яму ўсяго 29 гадоў, і гэта пры тым, што свой сан ён атрымаў 6 гадоў таму. Яго добра ведаюць гарадзенцы, нават не прыхаджане. Да пастара можна папросту зайсці на гарбату, пагутарыць пра жыццё і шчыра пасмяяцца. Ён адкрыты для кожнага, як і яго кірха.

«Мэблю, люстры, арган… забралі для партыйных кабінетаў»

Пастар расказаў, што храм з’явіўся ў 1793 годзе, аднак з таго часу неаднаразова перабудоўваўся, бо прыход рос. Лютэранская супольнасць у Гродне ў той час складалася з немцаў, якія валодалі тут фабрыкамі, заводамі, — гэта былі забяспечаныя людзі, якія шмат дапамагалі ў будаўніцтве і аздабленні храма.

Тая кірха, якую мы бачым сёння, была пабудаваная ў 1912 годзе, у стылі неаготыкі. Храму належаў таксама дом пастара — цяпер у ім знаходзяцца жылыя кватэры. Меліся і храмавыя могілкі, аднак пасля вайны на іх месцы пабудавалі дзіцячы садок.

З моманту пабудовы храма ў пачатку XX стагоддзя ён моцна пацярпеў — спачатку праз Першую сусветную, пасля Вялікую Айчынную войны. У 1941 годзе Сталін выдаў указ аб дэпартацыі ўсіх людзей нямецкага паходжання — іх вывозілі ў Сібір. А храм было загадана забраць на карысць абласнога архіва, які неўзабаве сюды завезлі.

Такім чынам, з 1944 па 1993 год у гарадзенскай кірсе знаходзіўся архіў. Мэблю, люстры, арган, што меліся тут, загадалі забраць для залы пасяджэнняў гарсавета, партыйных кабінетаў і філармоніі. Усё, што знаходзілася ў храме, было забрана. Да сённяшняга дня невядома, дзе ўсё гэта знаходзіцца. Старажылы кажуць, што арган быў разабраны і разбураны, бо ў той час уся ўвага была сканцэнтравана на аднаўленні краіны пасля вайны, а справа захавання культурных каштоўнасцей мала каго хвалявала. Магчыма, арган быў проста знішчаны надвор’ем.

Ні люстры, ні мэблю, ні агароджу, якая стаяла вакол кірхі да 1970 года, адшукаць не ўдалося. Нават не захавалася архіўных дакументаў, якія б сведчылі пра ўнутранае аздабленне. Магчыма, каштоўныя прадметы былі вывезеныя нямецкімі салдатамі падчас вайны ці знаходзяцца ў нейкіх іншых архівах, прыватных калекцыях. Некаторыя старыя рэчы прыносяць людзі, аддаюць кірсе.

З аўтэнтычнага аздаблення храма, якое ўсё-такі захавалася, — гадзіннікавы механізм 1913 года, звон 1912 года (падарунак ад праваслаўнай царквы лютэранскай грамадзе), купель, дзе адбываецца хрышчэнне, і алтарныя бакавыя вітражы.

29-21

«Шпіль аднавілі па старых фотаздымках»

Сучасная гродзенская лютэранская абшчына аднавілася ў 1993 годзе. У 1995-м ім у карыстанне быў перададзены будынак кірхі. За гэтыя 20 гадоў абшчына змагла правесці невялікі рамонт унутры храма. Знайсці фінансаванне для рэстаўрацыі фасада было вельмі складана. Аднак зрабіць гэта давялося, бо грунтавыя воды падточвалі сцены храма, да таго ж побач пабудавалі фабрыку, з прычыны чаго ў сценах царквы з’явіліся трэшчыны. Аднак гэтым летам, дзякуючы падтрымцы ўлад, прыватнага бізнесу, у кірсе была завершана рэстаўрацыя.

З часоў аднаўлення храма ў 1912 годзе да сённяшніх дзён ён дайшоў істотна змененым. Быў страчаны самы галоўны элемент — шпіль. Ёсць тры версіі таго, як гэта адбылося. Першая — у ім падчас вайны сядзеў снайпер або кулямётчык, і таму шпіль збілі. Другая — ён быў вышэйшы за праваслаўны Пакроўскі сабор, таму яго «падкарацілі». Трэцяя — за часам атэізму храм павінны былі знесці, таму зрэзалі шпіль. Яго аднавілі па старых фотаздымках, якіх захавалася дастаткова. Усяго ж на кірсе 10 шпіляў. Усе яны набылі завершаны выгляд, для кожнай адлілі свой крыж.

Пастар адзначае, што раней у кірсе было шмат ляпніны. Неаготыка бярэ не золатам, а архітэктурнай прыгажосцю — усё даволі строга, але прыгожа. Перад рэстаўратарамі стаяла задача перадаць гэта. Правялі хіміка-фізічнае даследаванне, якое дапамагло ўстанавіць першапачатковы колер храма. Аказалася, што кірха была бела-шэрай. Яе патынкавалі, і яна набыла менавіта такі колер. Былі вырашаны і першачарговыя задачы — прыбралі грунтавыя воды, якія падточвалі падмуркі, ліквідавалі ўсе трэшчыны.

«Гучыць арган, іграюць класіку»

Паступова стала вяртацца і ўнутранае аздабленне храма. З Германіі ў дар сюды прывезлі лаўкі. А ў мінулым годзе быў набыты арган, які яшчэ больш абудзіў жыццё лютэранскай грамады.

Цяпер тут рэгулярна праходзяць канцэрты арганнай музыкі. У ліпені ўпершыню быў праведзены першы міжнародны фестываль арганнай і камернай музыкі. Плануецца, што ён стане штогадовым. Было вельмі нечакана, заўважае пастар, што шмат музыкаў з розных краін самі пажадалі паўдзельнічаць у ім.

Арганныя канцэрты ў гарадзенскай кірсе ладзяцца ледзь не кожную суботу. З іх раскладам можна азнаёміцца на сайце luther.by. Часам гучыць не арган, а, напрыклад, віяланчэль і скрыпка, фартэпіяна. У хуткім часе чакаюць выканаўцаў з Францыі, Даніі, Германіі і Фінляндыі.

Пастар заўважае, што на іх канцэрты прыходзіць вельмі шмат моладзі. Можна ўбачыць нават прадстаўнікоў нефармальных плыняў (панкаў, готаў), якіх на звычайных канцэртах класічнай музыкі наўрад ці сустрэнеш. Прыходзіць шмат дзяцей, маладых сем’яў.

У кірсе выдатная акустыка. Пераўзыходзіць яе ў гэтым толькі Каложская царква, у сценах якой замураваны галаснікі.

«Працаваць па наканаванні»

На нядзельныя службы ў кірху рэгулярна прыходзіць каля 60 прыхаджан. Часта з’яўляюцца новыя людзі. На пытанне, як у такім маладым узросце стаў пастарам, Уладзімір Татарнікаў адказвае, што кожны чалавек павінен ісці працаваць па наканаванні. Важна, каб падабалася тое, чым займаешся. А калі гэта яшчэ і карысць прыносіць, увогуле выдатна. Пастар, напрыклад, ганарыцца тым, што пры ім адбылася рэстаўрацыя кірхі, бо гэта быў няпросты працэс дыялогу са спонсарамі.

Уладзімір Татарнікаў нарадзіўся ў Вілейцы, скончыў школу ў Віцебску, потым паступіў у тэалагічную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, адкуль быў накіраваны пастарам у Гродна. Адукаваных лютэранскіх святароў не хапае, адзначае ён. Да прыходу Уладзіміра гродзенская лютэранская грамада развівалася сама па сабе, не маючы таго, хто б яе ўзначаліў.

Касцёл, царква, сінагога і кірха…

Можна марыць пра тое, што аднойчы і полацкая, і брэсцкая кірхі адродзяцца. Малады пастар кажа:

— Вопыт паказвае, што будынкі павінны выкарыстоўвацца па сваім непасрэдным прызначэнні. Калі гэта храм, у ім не могуць размяшчацца фірмы ці музей. Для музеяў трэба будаваць свае будынкі. А храмы створаны для таго, каб у іх ладзіць малітвы, праводзіць набажэнствы. Тое ж і з арганам. Калі ён выкарыстоўваецца ў філармоніі, то чуецца і ўспрымаецца зусім іначай, чым бы гэта адбывалася ў царкве, бо яго прызначэнне — быць інструментам для храма. Тое ж і са звонам: калі яго выкарыстоўваць на якой-небудзь гарадской вежы, эфект будзе зусім іншым. Я лічу, гэта справа часу — вяртанне будынкаў кірхаў тым абшчынам, якія ёсць у іх гарадах (а яны там дзейнічаюць, толькі ў іншых памяшканнях). Ёсць людзі, якія цікавяцца лютэранствам і маюць карані ў традыцыйным пратэстантызме… Мы ганарымся тым, што мірна жывём у краіне, дзе суіснуюць розныя канфесіі. У Гродне на невялікай адлегласці дзейнічаюць касцёл, царква, сінагога і кірха — і няма падзелаў на прыватныя тэрыторыі. Трэба адраджаць, узнаўляць, захоўваць нашы каштоўнасці. І мы ганарымся тым, што занялі сваё годнае месца ў Гродне, у культурным і духоўным плане.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Гродзенскі раён

Бізнес-план для гістарычнага Мсціслава

$
0
0

Беларусь далучылася да сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы «Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў» (COMUS), падпісаўшы адпаведны пратакол аб супрацоўніцтве ў Тбілісі. Гэты праект арыентаваны на аднаўленне малых гістарычных гарадоў з прыцягненнем маштабных інвестыцый як унутры краіны, так і па-за яе межамі. У Беларусі пілотным гістарычным горадам абраны Мсціслаў.

Цяпер удзельнікамі праекта з’яўляюцца шэсць краін: Беларусь, Украіна, Малдова, Азербайджан, Арменія, Грузія. Кожная вызначыла гістарычны горад, які стане пляцоўкай для сустрэч экспертаў, арганізацыі семінараў, майстар-класаў замежных спецыялістаў.

У 2015-2016 гадах у Мсціслаў будуць прыязджаць замежныя спецыялісты, дзяліцца вопытам, практычнымі напрацоўкамі. Удзельнікамі такіх мерапрыемстваў змогуць таксама стаць спецыялісты іншых рэгіёнаў Беларусі, якія атрымаюць магчымасць пераймаць вопыт найноўшай практыкі кіравання малымі гістарычнымі гарадамі.

Чакаецца, што гэты праект будзе цікавы не толькі для асобнага горада, але і для іншых, паколькі дасць дадатковыя веды па распрацоўцы бізнес-планаў у адпаведнасці з патрабаваннямі еўрапейскіх фінансавых устаноў. Гэта дазволіць таксама ўдзельнічаць у іншых праектах, накіраваных на вылучэнне грантаў для правядзення мерапрыемстваў у галіне культуры.

Намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Віталь Старчанка адзначае, што пытанням захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў раёне надаецца вялікая ўвага. Праводзяцца рамонтна-аднаўленчыя работы на помніках архітэктуры і археалогіі горада і раёна. У апошнія пяць гадоў, у прыватнасці, праведзены работы па рамонце Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора, царквы ў гонар Тупічаўскай іконы Божай Маці, вядуцца работы па рэканструкцыі Пустынскага манастыра, адрамантаваны будынак езуіцкага калегіума, рэканструяваны гідралагічны помнік мясцовага значэння «Кагальны калодзеж». Вядуцца падрыхтоўчыя працы для правядзення рамонтна-аднаўленчых работ у Траецкай царкве, дзе плануецца пазней адкрыццё праваслаўнай нядзельнай школы. Пачаты работы па рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні музейных комплексаў: музея жывой археалогіі і жывога рамяства пад адкрытым небам на помніку археалогіі «Замкавая гара». «Аднак, каб горад стаў турыстычным аб’ектам, неабходны комплексны падыход у вырашэнні шэрагу пытанняў, у прыватнасці забеспячэнне дынамічнага развіцця інфраструктуры», — адзначае Віталь Старчанка. Таму вопыт удзелу ў праекце COMUS можа быць надзвычай карысным.

Viewing all 277 articles
Browse latest View live